Юбілейныя дні Купалы праходзяць пад акампанэмэнт дажджоў. Яны зацягнуліся на чатыры дні, а дзённая тэмпэратура паветра не перавышае 15—20 градусаў. Тым ня менш Купалавы акцыі ў суботу прайшлі.

Тэмпэратура паветра ад суботы да панядзелка будзе стабільна ад 15 да 20 градусаў цяпла. Уначы яшчэ халадней: 8—12 градусаў цяпла.

У пачатку наступнага тыдня, у панядзелак, дажджы яшчэ будуць сыпацца ў цэнтры і на ўсходзе краіны. У аўторак надвор’е палепшыцца. Праўда, ненадоўга. У сераду чакаецца яшчэ адна хваля дажджоў.

Тым ня менш шэраг імпрэзаў да 125-годзьдзя Купалы ладзіцца як у памяшканьнях, так і на адкрытым паветры.

8 ліпеня ў Купалаўскім тэатры можна будзе пабачыць прэм’еру «Сны аб Беларусі» паводле п’есы Ўладзімера Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» і выбраных твораў Янкі Купалы.

5 ліпеня ў «Фальварку «Добрыя мысьлі» (вуліца Магілёўская, 12) адкрылася выстава графікі вядомага беларускага мастака Міколы Купавы «Постаці зямлі беларускай», прысьвечаная 125‑годзьдзю з дня нараджэньня Купалы і Коласа.

7 ліпеня а 12:00 у Вязынцы пачалося афіцыйнае сьвяткаваньне, якое ладзіцца мясцовымі ўладамі і чаргінцоўскім саюзам пісьменьнікаў. Як паведамляе радыё «Свабода», «на ўваходзе ў мэмарыяльны комплекс Янкі Купалы міліцыянты правяралі рэчы наведнікаў, пыталіся пра незарэгістраваную сымболіку, улёткі і транспаранты». Таксама 7 ліпеня ў менскім парку імя Янкі Купалы адбылося сьвята паэзіі. Яго арганізавала ўпраўленьне культуры гарвыканкаму. Выступілі перапрацоўшчык дзяржаўнага гімну паэт, заснавальнік ГА «Белая Русь» Уладзімер Карызна, дырэктарка Музэю Янкі Купалы Алена Мацевасян, сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. Вершы, прысьвечаныя Янку Купалу, прачыталі Віктар Шніп, Раіса Баравікова, Мікола Мятліцкі і Міхась Пазьнякоў.

Сябры руху «За Свабоду» заклікалі сваіх прыхільнікаў прыехаць у Вязынку. І сабралася там іх 200 чалавек. Сьпяваў гурт «Рэха».

7 ліпеня увечары ля помніку Купалу адбудуцца невялікія "народныя чытаньні", прысьвечаныя Янку Купалу. Будуць некалькі сучасных паэтаў. Пасьля ўдзельнікі зьбіраюцца пускаць вянкі на Сьвіслач.

Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ зьбіраюцца 8 ліпеня у 13:30 ля помніка Купалу ў парку імя Янкі Купалы.

Тым часам у Тракелях каталікі Гарадзеншчыны ўшаноўваюць Маці Божую Тракельскую. А ў Віцебску славянафілы праводзяць «Славянскі базар», вялікі фэстываль постсавецкай папсы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?