Сухая статыстыка пратаколаў, гэтая ўлюбёная мужчынская чытанка за сьняданкам, ня здольная адэкватна адлюстраваць маштаб падзеі: у Беларусі склаўся свой пазнавальны, відовішчны стыль настольнага тэнісу.

Піша Андранік Антанян.

З 30 красавіка да 6 траўня ў Шанхаі праходзіў чэмпіянат сьвету па настольным тэнісе. Асноўная інтрыга спаборніцтва, як і меркавалася, заключалася ў тым, колькі мэдалёў спартовыя ўлады КНР дазволяць ўзяць прадстаўнікам іншых краінаў. Дазволілі ня так і шмат. За межы Паднябеснай выехала ўсяго пяць мэдалёў, зь іх — ніводнага залатога.

Саступілі мацнейшым

Вынікі выступленьняў беларускіх спартоўцаў можна трактаваць па-рознаму. Нейкіх вонкавых прычынаў для гонару за нашых спартоўцаў для шараговага заўзятара нібы й не назіраецца. Нязьменны лідэр беларускага тэнісу Ўладзімер Самсонаў, які ўпэўнена пачаў турнір, а ў 1\16 фіналу ў прыгожым стылі 4:0 перамог легендарнага швэдзкага тэнісіста Яна Увэ Вальднэра, што нягледзячы на свае вельмі паважныя для вялікага спорту гады (трыццаць дзевяць!) застаецца небясьпечным супернікам. Але ўжо ў наступным этапе Самсонаў ва ўпартай барацьбе (4:3 лік па партыях) прайграў у матчы за выхад у лік васьмі наймацнейшых будучаму мэдалісту Ох Сан Юню з Паўднёвай Карэі.

Маладыя Андрэй Чумакоў і Павал Платонаў спынілі выступленьні яшчэ на стадыі кваліфікацыйнага адбору, ня здолеўшы канвэртаваць свае спартовыя амбіцыі ў прыкметныя вынікі.

Найлепшай з жаночай паловы каманды была Вікторыя Паўловіч, якая здолела ўвайсьці ў лік васьмі найлепшых тэнісістак плянэты. Яе сястра Вераніка не змагла прайсьці далей за трэці круг спаборніцтваў, саступіўшы адной з асноўных прэтэндэнтак на мэдалі Гуо Янь з Кітаю.

Тацяна Кастраміна, паказаўшы годную гульню, на тым жа этапе спатыкнулася ў матчы з узыходзячай зоркай японскага настольнага тэнісу 16-гадовай Аі Фукухары.

За такія лічбы ў афіцыйных пратаколах спаборніцтва ў Міністэрстве спорту і турызму не выпісваюць прэмій, кіраўнік краіны ня выдзеліць і хвіліны на сустрэчу зь імі, а твары спартоўцаў ня будуць фігураваць на рэклямных шчытах у Менску. Але сухая статыстыка пратаколаў, гэтая ўлюбёная мужчынская чытанка за сьняданкам, не зусім адэкватна адлюстроўвае маштаб падзеі.

Двойчы на пік формы не выходзяць

Вядома, упэўненая перамога Ўладзімера Самсонава на чэмпіянаце Эўропы, што праходзіў месяц таму ў дацкім Орхусе, давала беларускім заўзятарам права спадзявацца на яго посьпех і ў Шанхаі. Але заўзятары толькі дзякуючы веры ў перамогу і жывуць. У спорце цягам аднаго месяца двойчы выйсьці на пік формы — задача звычайна нерэальная. Цуд не адбыўся і гэтым разам.

Выступленьне ж беларусак у Шанхаі дазваляе рабіць больш аптымістычныя высновы. Вядома, тое, што Вікторыя Паўловіч была адзінай прадстаўніцай некітайскай школы настольнага тэнісу, якой удалося на гэтых спаборніцтвах прабіцца ў лік васьмі мацнейшых, і прайграла ў матчы за выхад у паўфінал лідэру толькі сусьветнай кваліфікацыі і будучай пераможцы Жан Інін, — безумоўна, вялікі посьпех і яе, і трэнэраў нацыянальнай каманды Аляксандра і Тацяны Пяткевічаў. Ацаніць яго могуць толькі тыя, хто разумее, да якой ступені жаночы кітайскі настольны тэніс вырваўся наперад у параўнаньні з астатнім сьветам.

Гульня ў першасным значэньні

Назіраючы за выступленьнямі беларусак, я заўважыў прыемныя прыкметы таго, што ў Беларусі склаўся свой пазнавальны, відовішчны (і пакуль што непаўторны) стыль настольнага тэнісу. Сутнасьць яго палягае ў даволі лягічным, але ў сучаснай гульні рэдка практыкаваным прынцыпе — унівэрсалізьме. Аддаючы ініцыятыву ў розыгрышы праціўніцы, паралізуючы яе атаку магутнымі падрэзкамі і блытаючы іх тым, што мячы вяртаюцца з розным вярчэньнем, пры першай жа магчымасьці беларускі хутка і дакладна атакуюць па месцы. Такая гульня, з доўгімі розыгрышамі, калі на першы плян выходзяць не адпрацаваныя да аўтаматызму дзеяньні каля стала, сэнс якіх як мага хутчэй перайсьці ў атаку і першым ходам згуляць на перамогу, але гульня ў яе першасным значэньні, калі кожны розыгрыш цягнецца звычайна не адзін дзясятак хадоў, калі ініцыятыва неаднаразова пераходзіць з рук у рукі і калі само валоданьне ініцыятывай не азначае роўна нічога. Калі ані шараговы глядач, ані адмыслоўца ня можа з пэўнасьцю сказаць, чыёй перамогай скончыцца той ці іншы розыгрыш. Гэтай гульнёй беларускія спартоўкі ўразілі шматлікую аўдыторыю аматараў настольнага тэнісу, якая назірала за спаборніцтвамі ў Шанхаі.

Адыход ад клясычнага абарончага стылю, калі ў задачу тэнісісткі ўваходзіць толькі чаканьне памылкі з боку праціўніцы, дазволіў нашым тэнісісткам стаць аўтаркамі прыкметнай сэнсацыі. На вялікі жаль, прыгожыя аблокі яшчэ не прынесьлі дажджу. Цудоўна разумею, што мы столькі разоў чулі пра важнасьць ўдзелу, а не перамогі, што ўжо немагчыма паверыць у тое, што толькі праз аналіз паразаў і няўдачаў уласна і палягае шлях да перамогі. Але ў спорце інакш не бывае.

Папялушка беларускага спортуa

Пісаць пра перамогі лёгка і проста. Прыводзіш вынікі і дадаеш на свой густ неабходную колькасьць клічнікаў, ну і картачку пераможцы апублікаваць не зашкодзіць. Аднак нават тое, што Ўладзімер Самсонаў стаў сёлета ў трэці раз чэмпіёнам Эўропы ў настольным тэнісе ў асабістым разрадзе (а калі ўлічыць яго перамогі ў парных і камадных спаборніцтвах, то гэты залаты мэдаль быў ужо шостым у

фэерычнай спартовай кар’еры беларуса), ня выклікала асаблівага ажыятажу на старонках агульнанацыянальных выданьняў.

Такія «дробязі» бягучага спартовага жыцьця, як срэбны мэдаль, заваяваны ў парным разрадзе Вікторыяй Паўловіч разам з аўстрыйцам Чэнам Вісінам, і «срэбра» ў парных спаборніцтвах Уладзімера Самсонава разам з грэкам Калінікасам Крэангам мала хто палічыў важкай інфармацыйнай нагодай.

Пытаньне: «а чаму?» тут абсалютна будзе дарэчы. Ці шмат відаў спорту зь ліку тых, якія культывуюцца ў нашай краіне, рэгулярна прыносяць краіне мэдалі з эўрапейскіх спаборніцтваў? Калі ў краіне існуе культ біятлёну, то ўзьнікае пытаньне: а колькі ж людзей зь ліку адэптаў гэтага культу бегала па лесе на лыжах з дробнакалібэрнай стрэльбай за сьпінай і як часта яны падобным чынам бавяць свой вольны час? Слаба верыцца ў тое, што іх у разы больш, чым тых, хто хоць аднойчы трымаў у руках ракетку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0