14 траўня Сьвіслач між Траецкім прадмесьцем ды праспэктам Машэрава зрабілася на гадзіну прасторай свабоды. Катамараны ды лодкі плавалі пад нацыянальнымі сьцягамі.

Міліцыя не палезла ў халодную ваду. Акцыю ладзілі ініцыятывы «Правы альянс», «Вока» ды «Вольная моладзь». Карэспандэнт «НН» Алесь Кудрыцкі гутарыць са старшынём «Правага альянсу» Юр’ем Карэтнікавым.

«НН»: Як вам такое прыйшло ў галаву?

Юры Карэтнікаў: Мы хацелі такім чынам адзначыць угодкі Ганебнага рэфэрэндуму. Нас было 30 чалавек. Мы ўзялі напракат 10 катамаранаў ды човен. Некаторыя дзяжурылі на Высьпе Сьлёз, каб, калі што, перадаць ім сьцягі.

«НН»: Што такое ваш «Правы альянс»?

ЮК: Мы спачатку гуртаваліся як менская арганізацыя, але цяпер маем прадстаўнікоў ва ўсіх рэгіёнах. Нас больш за сто чалавек. Наш грунт — правая нацыянальная ідэя. Наша мэта — пабудова нацыянальнай дзяржаўнасьці, дзе нацыянальныя інтарэсы і каштоўнасьці будуць прыярытэтам.

«НН»: Што вы разумееце пад правай нацыянальнай ідэяй? Беларус — хто гэта ў вашым разуменьні?

ЮК: Для нас беларус — гэта нашчадак крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў. Наш патрыятызм сягае ў глыбіню вякоў.

«НН»: А мурын можа быць сябрам вашай арганізацыі?

ЮК: Наўрад ці. Мы не ксэнафобы, але калі мы будзем прымаць у арганізацыю людзей іншых колераў скуры ці сьветапоглядаў, то можам дыскрэдытаваць ідэю на самым пачатку.

«НН»: Ці можаце вы назваць палітыкай тое, чым займаецеся?

ЮК: Мы выхоўваем моладзь, удзельнічаем ва ўсіх палітычных працэсах, якія адбываюцца ў краіне. Так, мы гатовыя ахоўваць нацыянальнага кандыдата ў прэзыдэнты.

«НН»: Што з помнікам Каліноўскаму, які з вашай ініцыятывы летась улады паабяцалі паставіць?

ЮК: Справа не заглухла, мы знайшлі скульптара. Але ня ўсё залежыць ад нас.

«НН»: У вас ёсьць ідэі наступных акцый?

ЮК: Так, чакайце нечаканага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0