Дыпляматычны мардабой

«Гэта параноя», — так у сераду пракамэнтаваў кіраўнік МЗС Польшчы Адам Ротфэльд высылку дарадцы польскага пасольства ў Менску Марка Буцькі. Беларускае МЗС выступіла з афіцыйнай заявай толькі ўвечары ў сераду, прапанаваўшы польскаму дыплямату пакінуць Беларусь цягам месяца. Высылка тлумачыцца «крокамі па дэстабілізацыі беларускага грамадзтва»: у абавязкі сп.Буцькі ўваходзілі кантакты з палітычнымі партыямі, грамадзкімі арганізацыямі і Саюзам палякаў Беларусі.

Польскае замежнапалітычнае ведамства рыхтуе крок у адказ, аднак захады будуць скіраваныя, паводле Ротфэльда, ня супраць беларускага грамадзтва, а супраць беларускага рэжыму. Варшава забароніць уезд усім беларускім чыноўнікам, якія будуць мець дачыненьне да рэпрэсій супраць СПБ.

Апісалі маёмасьць Скрабца

У экс-дэпутата парлямэнту Сяргея Скрабца,A што знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Берасьці і каторы дзень трымае галадоўку, апісана маёмасьць. Мэбля ды іншыя прадметы хатняга ўжытку апісаны ў кошт пагашэньня яго судовай запазычанасьці: у сакавіку гарадзенскі суд аштрафаваў палітыка на 4,8 млн руб. за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў.

Забароненыя «Саша і Сірожа»

Заплянаванай на 19 траўня ў клюбе «Рэактар» прэзэнтацыі музычнага альбому ві-джэяў Сашы і Сірожы «Ска-Ты!» ня будзе. Паводле іх слоў, кіраўніцтва клюбу «Рэактар» па тэлефоне нечым напалохалі і тыя адмовіліся праводзіць канцэрт. «Мы лічам, што ва ўсім вінаваты калдыры, хоць і кажуць, што званок быў з Адміністрацыі прэзыдэнта — установы прыстойнай», — зазначаюць Саша і Сірожа. Адначасова стала вядома пра забарону на наступны канцэрт «Крамбамбулі». У красавіку ў «Рэактары» ўжо адмянялі канцэрты «Нэйра Дзюбэлю» і «Крамы».

Лукашэнка Фядуты

У Маскве накладам 10 тысяч асобнікаў пабачыла сьвет кніга «Лукашэнка: палітычная біяграфія». Паводле словаў аўтара Аляксандра Фядуты, у кнізе ён спрабаваў «асэнсаваць, чым ёсьць Аляксандар Лукашэнка ў нашым жыцьці, у жыцьці краіны. Зразумець, чаму ён прыйшоў да ўлады, чаму ён аказаўся здольным утрымаць уладу да гэтай пары, больш за дзесяць гадоў». Выданьне адразу азначылася скандалам. А.Фядута зьвінаваціў А.Казуліна, што той зьмясьціў у кнізе інфармацыю пра рух «Воля Народу».

Каталікі моляцца аб вяртаньні сьвятыні

Ужо месяц пасьля імшы ў Менскай катэдры на ганку касьцёлу Сьв.Язэпа (вул.Кірылы і Мятода), у якім цяпер знаходзяцца архіў, а 19.15 зьбіраюцца вернікі, каб маліцца аб вяртаньні сьвятыні. У зьвязку з рэканструкцыяй гістарычнага цэнтру Менску лёс сьвятыні выклікае непакой. Паводле адных зьвестак у разьмешчаным побач былым кляштары бэрнардынаў будзе створаны бізнэс-цэнтар.

АГ, radiozet.pl, charter97.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0