23 траўня а 10-й у судзе Цэнтральнага раёну Менску пачнецца працэс над Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам.

Іх вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаваных вулічных акцый пасьля леташняга рэфэрэндуму. Паводле арт.342 КК, ім пагражае штраф, або арышт да шасьці месяцаў, або абмежаваньне волі да трох гадоў, або пазбаўленьне волі на той самы тэрмін. Гэта ня першая для гэтых палітыкаў крымінальная справа. Севярынец у 1997 годзе адседзеў месяц на Валадарцы, а Статкевіча цягалі пасьля Маршу Свабоды 1999 году. Напярэдадні новага суду з палітыкамі пагутарыў карэспандэнт «НН».

«НН»: Суд над Вамі ўспрымаецца як выразна палітычная справа. Як вы зьбіраецеся дзейнічаць на судзе?

Павал Севярынец: Раскажу, чаму пасьля 17 кастрычніка тысячы беларусаў выйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Гэта былі людзі, абураныя тым «рэфэрэндумам». І тое, што з гэтай палітычнай справы робяць крымінальную, ярка характарызуе сёньняшні рэжым.

Мікола Статкевіч: Я не лічу гэта судовым працэсам — гэта палітычная расправа. Па палітычна матываваных справах у нас незалежнага суду быць ня можа. Таму я адмовіўся ўдзельнічаць у гэтай камэдыі. Я адмовіўся ад адваката, ад даваньня паказаньняў, ад азнаямленьня з справай. У суд я прыду, бо іначай будуць назаляць сям’і, але ўдзельнічаць у камэдыі ня буду.

«НН»: Што можна параіць тым, хто захоча падтрымаць вас?

ПС: У судзе, што на вуліцы Багдановіча, 10, ёсьць заля месцаў на 50 — спадзяюся, яна будзе запоўненая.

МС: Прэзыдыюм нашай партыі рыхтуе зварот да грамадзтва, каб людзі прыйшлі ў суд — гэта галоўнае. Але для мяне вельмі важна, каб падтрымалі партыю, якая апынулася пад ударамі з двух бакоў. Ня толькі з боку ўлады, што было прадказальна, але і з боку недзяржаўных СМІ.

«НН»: Калі прысуд будзе дэмантратыўна-жорсткім?..

ПС: Маральна я да гэтага гатовы. Мяне больш хвалюе Суд Божы, а не чалавечы. Тым больш — гэтай улады.

МС: Калі распачалі крымінальную справу, я адразу сказаў Паўлу, што скончыцца пазбаўленьнем ці абмежаваньнем волі. Прынамсі, для мяне. Думаю, Паўлу як чалавеку маладому прысуд будзе мякчэйшы… Ня думаю, што для мяне скончыцца хаця б адтэрміноўкай прысуду, — ня дзеля таго ўся справа рабілася. Выбары ўжо ператварыліся ў фарс, і ўлада баіцца толькі вулічнай дэмакратыі. Таму мяне пабаяцца нават пакінуць у Менску. Але Беларусі я не пакіну!

Хачу праз вашу газэту перадаць людзям: ня трэба баяцца! Мы бачым панічныя настроі ўлады. І нават самыя страшныя прысуды, якія могуць вынесьці нам, не павінны палохаць грамадзтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0