Анжаліка Борыс: Іншых зьездаў ня будзе. Зьвернемся ў Вярхоўны суд, зьвяртаемся таксама да ўладаў Беларусі, Польшчы, Эўразьвязу аб тым, што зьнішчаюцца нашы правы як меншасьці.

Усё пачалося з рашэньня Міністэрства юстыцыі, якое на мінулым тыдні прызнала VI Зьезд Саюзу палякаў Беларусі — праз два месяцы пасьля яго правядзеньня — нелегітымным, а яго рашэньні, у тым ліку выбары новага кіраўніцтва, — несапраўднымі. Паводле Мінюсту, гэта было зроблена ў адказ на «шматлікія асабістыя і калектыўныя скаргі» членаў СПБ, у тым ліку і дэлегатаў апошняга зьезду.

У Саюзе палякаў напачатку адчулі сапраўдны шок, зьбіраліся абскардзіць рашэньне ў Вярхоўным судзе. Але потым высьветлілася, што яно не зьяўляецца абавязковым да выкананьня і мае рэкамэндацыйны характар. Хоць і адчуваецца ў ім ультыматыўны стыль: «Грамадзкаму аб’яднаньню прапанавана паўторна правесьці зьезд, для чаго Галоўнай радзе, выбранай на V Зьезьдзе СПБ, належыць у двухтыднёвы тэрмін вызначыць парадак дня, месца і дату правядзеньня зьезду… У адпаведнасьці са Статутам СПБ, да перавыбраньня органаў і асоб на пасадах СПБ паўнамоцтвы захоўваюць органы і асобы на пасадах СПБ, выбраныя на папярэднім зьездзе СПБ».

Лёгіка зразумелая: Саюз палякаў нічым ня лепшы за іншыя грамадзкія і адначасова недзяржаўныя арганізацыі, яго трэба ўзяць назад пад кантроль, а калі ня ўдасца — ліквідаваць. Менавіта так успрынялі некаторыя сябры СПБ дзеяньні ўладаў. А тыя падмацавалі перакананьне тэлешэдэўрам «Хто замовіў Саюз палякаў?», паказаным на БТ. Галоўныя героі фільму — былы старшыня СПБ Тадэвуш Кручкоўскі ды ягоныя прыхільнікі з саюзу. А антыгероі — новыя кіраўнікі Саюзу палякаў ды некаторыя польскія дыпляматы, якія, маўляў, хочуць уцягнуць яго ў палітыку, у барацьбу з рэжымам на баку апазыцыі.

Фільм зрабіў на сяброў СПБ уражаньне выбуху бомбы з памыямі, «кіно» расцанілі як спробу распаліць этнічную і рэлігійную варожасьць.

На наступны дзень ў Горадні сабралася Галоўная рада СПБ, каб абмеркаваць, што рабіць з рашэньнем Міністэрства юстыцыі. Але ўсе былі пад уражаньнем вышэйзгаданага вырабу БТ, таму ў рашэньні тры з чатырох пунктаў датычылі менавіта стужкі «Хто замовіў Саюз палякаў?»

«1. Адмовіцца ад выкананьня незаконных патрабаваньняў Міністэрства юстыцыі РБ. 2. Асудзіць антыпольскую дзейнасьць былых кіраўнікоў СПБ Т.Кручкоўскага, К.Тарасевіча, К.Знайдзінскага, В.Богдана, С.Трацьцяка і Д.Караля. 3. Запатрабаваць ад Беларускага тэлебачаньня абвяржэньня паказаных паклёпніцкіх выдумак фільму «Хто замовіў Саюз палякаў?». 4. Прасіць Пракуратуру РБ прыцягнуць аўтараў і ўдзельнікаў фільму «Хто замовіў Саюз палякаў?» да крымінальнай адказнасьці». Пад пастановай стаіць подпіс старшыні Галоўнай рады Тадэвуша Малевіча.

Старшыня Саюзу палякаў Анжаліка Борыс пасьля заканчэньня пасяджэньня Рады зазначыла наступнае: «Сябры Рады былі на тым зьезьдзе, і яны папросту абураны рашэньнем, якое дазваляе сьцьвярджаць, і мы гэта сцьвярджаем, што беларуская дзяржава ўмешваецца ў справы грамадзкай арганізацыі і парушае нашы правы як меншасьці. Мы не займаемся палітыкай і ніколі ёй ня будзем займацца. Але ў гэты момант мы жадаем выкананьня нашых правоў як меншасьці.

У той перадачы, якая была ўчора па БТ, была абвінавачана я і шэраг іншых сяброў Саюзу — уся арганізацыя — спадарамі Кручкоўскім, Тарасевічам, Знайдзінскім, Трацьцяком. Гэтыя спадары кампрамэтуюць усю арганізацыю — Саюз палякаў. Яны самі арганізавалі зьезд і цяпер сьцьвярджаюць аб яго неправамоцнасьці, выкарыстоўваючы пры гэтым органы ўлады.

Рашэньне Рады: ня можа быць ніякага іншага зьезду. Зьезд адбыўся, і ніякі іншы зьезд склікацца ня будзе. Зьвернемся ў Вярхоўны суд, зьвяртаемся таксама да ўладаў Беларусі, Польшчы, Эўразьвязу аб тым, што ў гэты момант рукамі некалькіх чалавек з папярэдняга скліканьня, якім важна зноў сюды вярнуцца, зьнішчаюцца нашы правы як меншасьці.

Калі ўладзе патрэбна зьнішчыць палякаў, дык яна і так зьнішчыць. Але мы ў гэты момант павінны змагацца за свае правы як меншасьці. Зьезд адбыўся, рашэньні былі прынятыя, і іншых зьездаў ня будзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0