Калі супрацоўнік міліцыі прадыктаваў кіраўніцтву поўны зьмест подпісу пад партрэтам Скарыны «Панежа ад прыражэньня зьвяры знаюць ямы свае…» на старабеларускай мове, з рацыі прагучала: «Брава! Пажадайце ім удачы!»

Менск пратэстуе супраць перайменаваньня праспэктаў Машэрава і Скарыны.

Флэшмоб пратэсту на Кастрычніцкай плошчы быў зладжаны 10 траўня. Празь дзень маладыя людзі размалёўвалі крэйдай асфальт уздоўж праспэктаў Скарыны і Машэрава.

У нядзелю, 15 траўня, на галоўным праспэкце быў арганізаваны рухомы «жывы ланцуг» пад дэвізам «Абаронім Скарыну». Акцыю ладзілі моладзевыя арганізацыі «Вока», «Вольная моладзь», «Моладзь Ліцэю», а таксама «Моладзь БНФ». Удзельнікі прайшлі па праспэкце Скарыны ад станцыі мэтро «Купалаўская» да плошчы Якуба Коласа, несучы ў руках кветкі і партрэты беларускага першадрукара. Некаторыя ўдзельнікі былі апранутыя ў стылізаваныя пад XVI ст. строі, а да моладзі далучыліся людзі сталага веку.

З самага пачатку акцыю суправаджала машына ДАІ. Каля плошчы Перамогі міліцыянты спынілі ўдзельнікаў акцыі і папрасілі растлумачыць яе сэнс. Супрацоўнік міліцыі прадыктаваў свайму кіраўніцтву поўны зьмест подпісу пад партрэтам Скарыны «Панежа ад прыражэньня зьверы знаюць ямы свае…» на старабеларускай мове. «Што зь імі рабіць?» — спытаўся ён. Зь міліцэйскай рацыі прагучала: «Пажадайце ўдачы!»

Толькі на плошчы Я.Коласа, падуладнай славутаму Савецкаму РУУС, узброеныя міліцыянты пад кіраўніцтвам чалавека ў цывільным папрасілі моладзь збочыць з праспэкту на бульвар Мулявіна. Удзельнікі акцыі ж рушылі на пляцоўку ля Філярмоніі. Тады пачаліся затрыманьні. Але з пастарунку юнакоў выпускалі без складаньня пратаколаў.

Аб’яднаная грамадзянская партыя выступіла з ініцыятывай правядзеньня рэфэрэндуму аб стаўленьні менчукоў да ініцыятывы прэзыдэнта. У адказ на запыт сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў, што для правядзеньня плебісцыту патрабуецца 120 тысяч подпісаў гараджан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0