Ці будзе прыпыненая ліцэнзія «БелСэлу»?

Рынак сотавай сувязі «трасе» часта, што ня дзіўна: там, дзе круцяцца вялікія грошы, заўсёды ёсьць месца вялікім інтрыгам, прычым апошнім часам рэй у галіне вядзе дзяржаўны інтэрас. З найноўшых сэнсацый такога кшталту можна назваць стварэньне новай кампаніі «БеСТ», якая пужае канкурэнтаў плянамі аказваць танныя паслугі мабільнай сувязі. Трапляюцца і звычайныя газэтныя «вуткі» — так, пляны стварэньня першай беларускай мабільнай слухаўкі, адносна якіх у свой час было шмат спэкуляцый, пакуль нікім усур’ёз не разглядаюцца.

А вось да якога разраду зьвестак можна аднесьці інфармацыю пра магчымае прыпыненьне ліцэнзіі апэратара мабільнай сувязі «БелСэл», пакуль невядома. 5 траўня міністар сувязі і інфарматызацыі Ўладзімер Ганчарэнка заявіў журналістам, што прыпыненьне ліцэнзіі — ня больш чым чуткі. Разам з тым ён паведаміў, што «БелСэл» мае значную крэдыторскую запазычанасьць.

Праблема гэтая абвастрылася пасьля выхаду ў сакавіку «Трастбанку» (былога «Інфабанку») са складу суўладальнікаў «БелСэлу». Тады 17% акцый «Трастбанку» былі перададзены «Белтэлекаму». У якасьці кампэнсацыі «БелСэл» мусіць аддаць «Трастбанку» крэдыты, якія той даваў апошнія два з паловай гады на разбудову новай сеткі сувязі. Відаць, менавіта гэтая запазычанасьць і выклікала праблемы.

Паводле слоў міністра, цяпер камісія са спэцыялістаў Мінсувязі, «Белтэлекаму» ды самога «БелСэлу» вывучае фінансавы стан кампаніі. Канчатковае рашэньне адносна прыпыненьня ліцэнзіі будзе прынятае да ліпеня. Пры гэтым Мінсувязі настойвае, што «цяжар плацяжоў не павінен цалкам класьціся на «Белтэлекам». «Калі замежны інвэстар не забясьпечыць прыток у краіну інвэстыцыяў, дык цяпер ужо будаваць і эксплюатаваць мы навучыліся самі», — заявіў міністар, маючы на ўвазе галяндзкую кампанію «CIB BV», сузаснавальніка «БелСэлу».

У «БелСэле» адмовіліся дадаць нешта да слоў міністра. «Чуткі ніхто ніяк вам камэнтаваць ня будзе, гэта дакладна», — адказала карэспандэнту «НН» прэс-сакратарка кампаніі Кацярына Ўладзімерава. «А крэдыторская запазычанасьць і праверкі «БелСэлу» — таксама чуткі?» — «Вы ведаеце, я не ўпаўнаважаная камэнтаваць гэтую навіну якім-небудзь чынам. Маё кіраўніцтва дало мне ясна зразумець, што гэта чуткі, і камэнтаваць іх мы ніяк ня будзем».

Кампанія «БелСэл» — белая варона беларускага мабільнага бізнэсу. Ад іншых кампаній яна адрозьніваецца бадай усім, нават сваім надзіва маладым дырэктарам Арцёмам Аранжам, былым прадстаўніком «CIB BV», які быў выбраны кіраўніком «БелСэлу» 15 жніўня 2002 г. Менавіта пры ім у 2003 годзе быў уведзены новы стандарт сувязі CDMA2000 (у разбудову якога і інвэставаў «Інфабанк»), а таксама новы брэнд кампаніі — «Diallog», чыім сымбалем зрабіўся аранжавы шарык-апэльсін на зялёным тле.

«БелСэл» – адзіны апэратар, які дазваляе гадзінамі задарма размаўляць па тэлефоне ва ўласнай сетцы, але затое мае нятанныя цэны на апараты, якія да таго ж розьняцца ў залежнасьці ад выбранага тарыфнага пляну. І да таго ж «БелСэл» (скарачэньне ад ангельскага «Belarusian Cellular») — найстарэйшы апэратар мабільнай сувязі ў краіне. Зьвесткі пра магчымае прыпыненьне яго ліцэнзіі — ня самы прыемны падарунак на 12-годзьдзе, якое кампанія адсьвяткавала 7 траўня. Нават тады, калі яны сапраўды акажуцца толькі чуткамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0