Паверыць у тое, што шэфы расейскай ФСБ і беларускага КДБ самі вераць у тое, што гавораць, немагчыма. Але ж дзеля чагосьці падобныя рэчы прамаўляюцца. Ці дзеля кагосьці.

Піша Віталь Тарас.

У выніку мінулагодняга цунамі ў Азіі загінула больш за 300 тыс. чалавек. Пры Пол Поце ў Кампучыі чырвоныя кхмэры выразалі ў працэсе «перавыхаваньня» прыблізна мільён чалавек. У СССР падчас Другой cусьветнай вайны загінула звыш 20 мільёнаў грамадзян. А ў Беларусі — кожны чацьвёрты. Колькі людзей загінула ў выніку сталінскіх рэпрэсій, пачынаючы ад калектывізацыі, — увогуле дагэтуль няма пэўнай лічбы. Мільёны?..

Калі лік ідзе нават не на мільёны — на тысячы, а то і меней, — ніхто не патрабуе дакладных лічбаў: хіба ўсіх назавеш пайменна? Мабыць, толькі стваральнікі музэю Галакосту ўпершыню паспрабавалі зрабіць гэта… Але ж тое выключэньне. Як правіла, да ахвяр генацыду й злачынстваў супраць чалавечнасьці ставяцца як да ахвяр стыхійнага бедзтва. Ну, вось нейкая марская хваля сьцерла зь зямлі паселішчы зь людзьмі. Ну, нейкі тыран загадаў зьнішчыць газамі некалькі паселішчаў курдаў. У Андыжане трупы забітых, паводле слоў відавочцаў, вывозілі грузавікамі. Па зьвестках афіцыйнага Ташкенту, падчас апошніх падзей у Андыжане загінулі дзевяць ці адзінаццаць чалавек. Магчыма, пазьней назавуць іншую лічбу. Як у Маскве пасьля гераічнага штурму спэцназам тэатру на Дуброўцы. Лічылі-лічылі — потым спыніліся. Улады пастанавілі: лічба 129 канчатковая — і ня сьмець сумнявацца!

Колькі ахвяр пахавана ў Курапатах і ці дакладныя лічбы называў Пазьняк, нават і не правяралі ўсур’ёз. Але ж адразу «ўсумніліся» — у дзяржаўных газэтах. Маўляў, не НКВД страляла ў бязьвінных людзей, а — немцы ў «гамбурскіх габрэяў» (з падтэкстам: гэта ж, лічы, і ня людзі, дзеля чаго асабліва перажываць?).

Расстрэл людзей ва Ўзбэкістане ў СМІ быў успрыняты з халодным спакоем. На афіцыйным узроўні ў Маскве прагучалі толькі словы «ўнутраная справа Ўзбэкістану» і «мы ўважліва сочым». Рабаваньне ўнівэрсамаў у кіргіскай сталіцы ў расейскіх мас-мэдыя выклікала куды больш увагі. Ды што там хваляваньні ў Бішкеку! Мітынг на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве выклікаў у Масквы шок, амаль гістэрыку. Страшна ўладам ня тое й не тады, калі гінуць людзі, а калі яны заваёўваюць свабоду. Ды яшчэ, крый божа, калі гэта адбываецца мірным шляхам…

Ніхто з дакладнасьцю ня скажа цяпер, што адбывалася ў Андыжане — пратэст дробных прадпрымальнікаў, мітынг апазыцыі, бунт тамтэйшых арыштантаў, проста галодны бунт? А мо ўсё гэта супала разам?

Ніхто й ня будзе шукаць, насамрэч, адказу на гэтае пытаньне — прынамсі, не ў Маскве і Менску. Для іх важнейшы вынік. Зьверская расправа — вось і ўвесь адказ «апазыцыі». Вось яны, лекі супраць «каляровых рэвалюцый», нарэшце! Патэнтаваны сродак! Знойдзены ён быў, праўда, яшчэ ў Расейскай імпэрыі за часамі Мураўёва-вешальніка.

Некалькі месяцаў таму нехта з дэпутатаў Дзярждумы прапанаваў назваць адну з плошчаў Масквы імем Мураўёва — у адказ на наданьне вуліцы ў Варшаве імя Джахара Дудаева. Вар’яцтва? Чарговы прыступ імпэрскае гістэрыі? А хіба выступ старшыні ФСБ Патрушава ў той жа Думе наконт «экспарту рэвалюцыі» ў Беларусь не нагадваў гістэрыку?

Праўда, гістэрыка была добра абдумана загадзя. Лічба ў пяць мільёнаў даляраў, выдзеленых адкрыта, праз галасаваньне Кангрэсу ЗША, была, паводле Патрушава, нібыта разьведаная расейскімі чэкістамі ў нейкіх патаемных варожых крыніцах!

А беларускія калегі з КДБ адразу паправілі старэйшага таварыша: ня пяць мільёнаў, а пяцьдзясят! І не на рэвалюцыю, а на… інтэрвэнцыю супраць Беларусі. І ў сумежных эўрапейскіх краінах пад выглядам канфэрэнцый ды сэмінараў рыхтуюць падрыўныя элемэнты, а на адмысловых базах ужо нават навучаюць баевікоў. Ну чым не Ўзбэкістан! Засталося нанесьці прэвэнтыўныя ўдары па гэтых базах у мэтах барацьбы з тэрарызмам і наркатрафікам… Ды правесьці прэвэнтыўныя арышты «баевікоў».

Паверыць у тое, што шэфы расейскай ФСБ і беларускага КДБ самі вераць у тое, што гавораць, немагчыма. Але ж дзеля чагосьці падобныя рэчы прамаўляюцца. Відаць, важна ня столькі тое — дзеля чаго, колькі дзеля каго. Маскве, мабыць, здаецца, што, толькі напалохаўшы як сьлед свайго вернага й апошняга хаўрусьніка на постсавецкай прасторы — у Менску, можна заручыцца ягонай цьвёрдай падтрымкай. Страх — трывалы падмурак для яднаньня народаў, што і казаць. Досьвед Савецкага Саюзу яшчэ ва ўсіх на памяці. Толькі страх таксама ня вечны. Варта ўспомніць Тбілісі 1989-га, Баку 1990-га, Вільню 1991-га. Некаторыя ўздыхаюць дагэтуль — эх, не хапіла тады жорсткасьці Гарбачову, трэба было тапіць усё ў крыві. Так, як гэта было цяпер у Андыжане? Або перад тым у Чачэніі?

Гэтымі днямі прыйшло яшчэ адно паведамленьне. Былы начальнік тайнай паліцыі Чылі выдаў Піначэта — ён, выяўляецца, асабіста кіраваў усімі зьнішчэньнямі й перасьледам апазыцыянэраў. Усё, так бы мовіць, трымаў на асабістым кантролі. Час выйшаў, і, нягледзячы ні на якія былыя заслугі, дыктатара судзяць. Але ж судзяць і тых, хто выконваў тады злачынныя загады. Кажуць, на сваіх памылках вучацца толькі дурні. А на памылках гісторыі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0