Антыкварны дом Paragis стварыў сэнсацыю: на аўкцыённы продаж выстаўлена адзіная ў Беларусі аўтэнтычная карціна Марка Шагала.

Жывапісны твор Шагала ня мае назвы і ўяўляе сабою экспрэсіўную выяву пеўня, за якой бачныя чалавечыя постаці. Стартавая цана карціны, напісанай на трох дубовых дошках, — чвэрць мільёна даляраў. Рэкорд для Беларусі.

Калі мастак у 1920 годзе пакінуў Беларусь, большая частка яго тутэйшага даробку расьцерушылася па сьвеце. Віцебскі пэрыяд Шагала найбольш поўна прадстаўлены ў зборах Расеі. У Беларусі ж перахоўваюцца толькі некаторыя зь ягоных графічных работ паваеннага, францускага пэрыяду, падораныя мастаковымі сваякамі Цэнтру Шагала ў Віцебску. А пра існаваньне ў Беларусі ягонае карціны ня ведаў ніхто. Сэнсацыя навідавоку. Адзіную карціну Марка Шагала, што зьберагалася ў Беларусі, можна ўбачыць штодзень ад 9.00 да 19.00 у памяшканьні Тэатру беларускае драматургіі (Крапоткіна, 44) да 29 траўня. А ў той апошні дзень кожны з нас мае шанец узяць удзел у таргах. Тамака ж будуць экспанавацца й прадавацца творы Міколы Селешчука, а таксама Ісачова, Зьверава, Савіча, Бархаткова, Бушчыка. Аўкцыён 29 траўня будзе відовішчным. А да гэтага часу любы наведнік выставы можа ўбачыць сапраўдныя шэдэўры — пакуль бясплатна — ды прыкінуць свае фінансавыя магчымасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0