XII ст. Каваль Баліян (Арланда Блум), пазашлюбны сын барона Годфры (Лаям Нісан), пасьля забойства сьвятара далучаецца да крыжакоў і адпраўляецца ў Сьвятую Зямлю. У захопленым рыцарамі Ерусаліме — хісткі мір, але «ястрабы» — як з боку хрысьціян, так і з боку сарацынаў — мараць яго парушыць.
«Царства нябеснае» саступае па шыку багата-батальнаму «Аляксандру» Стоўна, але выйграе ва ўцямнасьці й чалавечнасьці. Хоць Рыдлі Скот ужо разыгрываў бойкі ў псэўдагістарычным «Глядыятары» і сучасным «Дэсанце «Чорнага ястраба», у «Царстве нябесным» яго больш цікавяць найлепшыя бакі рыцарства — абарона слабых, сумленьне, годнасьць. Дарэчы, аднолькава годным выглядае cултан Саладзін, які таксама кіруецца «рыцарскім статутам».
Ганарлівасьць, сквапнасьць, фанабэрыстасьць парушаюць мір — і малады рыцар Баліян мусіць прайсьці выпрабаваньне.
Са знакавых актораў нельга не назваць Джэрэмі Айранса (вайсковец Тыбэры) і Эдварда Нортана — у срэбнай масцы, які грае хворага, але мудрага караля.
Батальныя сцэны ўражваюць суворай і відовішчнай праўдаю: як у баевіках Дж.Ву — кроплі крыві ў рапідзе (падобныя на агнявыя камяні, якімі абстрэльваюць Ерусалім), але няма эстэтызацыі гвалту — ёсьць раны і ёсьць вайна.
Р.Скот падкрэсьлівае аналёгіі з сучаснасьцю, а на апошніх тытрах наўпрост абвяшчае, што, як і тысяча год таму, няма міру на Сьвятой Зямлі.
«Дзе знаходзіцца царства нябеснае?» — шмат разоў задаюць пытаньне героі фільму. І даюць адказ: «У сэрцы, у сумленьні, у рыцарскіх учынках — згодна з сумленьнем».
«Царства нябеснае» («Kingdom of Heaven»)
ЗША—Гішпанія—Вялікабрытанія, 2005, каляровы, 145 хв.
Жанр: гістарычная драма, ваенны фільм
Адзнака: 6 (з 10)