«Апрель» . (с) «J_Mopc», 2005. (p) «J_Mopc», 2005. «Вэст Рэкардс-плюс»

Альбом гурту «J_Mopc» «Апрель» можна выдаваць з падзагалоўкам: «Каханьне й шоў-бізнэс у эпоху інфармацыйна-кампутарнай цывілізацыі».

У тэкстах песень прыгадваюцца мабільнікі і MMS, правайдэры і лінкі, прадусары і вокладкі модных часопісаў. Гэта зьбянтэжыць неабазнанага слухача, але відавочна прывабіць дасьведчанага.

Парадаксальнае суседзтва «флэшак для ціноў» і «віславухіх прынцэс» у лірыцы «J_Mopc» надае ёй адмысловы шарм. У спалучэньні з характэрным вакалам Уладзімера Пугача гэты шарм падвойваецца і не дазваляе гурту сасьлізнуць у бок пашлаватага патасу тыповых хлапчуковых камандаў.

Зрэшты, цалкам унікнуць небясьпечнага крэну групе не ўдалося: песьню «Работа над ошибками» паспалітае вуха ўраз пераблытае з даробкам Валерыя Меладзэ.

У параўнаньні з папярэднім, у новым альбоме паболела беларускай і сэрбскай мовы. Па-беларуску гучаць гітовыя кампазыцыі «Яна» (аб паньне сэрца, што здатная дапамагчы, «нават калі не кахае цябе») і ужо вядомая «Так-цік-так». Па-сэрбску гаворыць дзяўчына ва ўступе да песьні «Снилось», якая апявае юную фанатку, што толькі-толькі закінула цацкі ды імкнецца далучыцца да сьвету дарослых кактэйляў і зоркавага сьмецьця.

Паравіны году ў песьнях «Апрель», «Мятное лето» і «Вместе навсегда» («100 дорог») сутыкаюцца процілегласьцю настрояў: вясновая беспрычынная радасьць ад карамэляў, бесклапотнасьць летніх басэйнаў на гатэльных дахах, восеньская задуменнасьць пра няўлічаныя вынікі сьцісканьня сусьвету. Але тое самае сьцісканьне не змагло сапсаваць кавэр на савецкі касманаўцкі гіт «Трава ля дому».

«J_Mopc» ступіў у стадыю медных трубаў. Наступны альбом павінен будзе засьведчыць, наколькі музыкі змогуць абстрагавацца ад накатанай каляіны вытворчасьці гітоў і прэзэнтаваць нешта сьвежае і арыгінальнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0