АЛЕНА ПЯТРОВІЧ

Калі паміраюць

Насьледаваньне У.Караткевічу

Калі паміраюць зоры —

на зямлі згасае цяпельца, што грэе вандроўніка,

I чорныя глюгі страшаць разьятраным крыкам.

Калі памірае вецер —

ён назаўжды засынае ў струхлелым лаўжы,

А спруцянелыя дрэвы жагнаюцца, стоячы ў скрусе,

Трызьнячы, бачаць, як ветах у змроку канае.

Калі паміраюць птушкі —

пунсовы заранак заб’е свой апошні цьвік

У труну з апалага прэлага ўбогага лісьця.

Калі паміраюць камяні —

вярыгамі іхнымі стануцца ігрышчы ў шале

I роля ахвярніка плягаю будзе й караньнем давеку.

Калі паміраюць геніі…

Гавеюць камяні на аблогу жыцьця

перад споведзьдзю сьцішнай,

Машастовай крывёю ўскарміўшы аголены дол,

У вырай ўзьнімаюцца душы

зьнякрыленых птушак —

Каб зямлёй на зямлі не зрабіліся іхныя сьпевы,

У сырадоі туману спакваля распускаецца вецер,

Парываецца нізка зор, і адна за адною, назіркам,

Адыходзяць на выварат неба.

Іх зараз ня бачна з гарышча.

ЯЎГЕНІЯ МАНЦЭВІЧ

Анатолю Сысу

На сэрцы і целе — раны.

Ахапак гвазьдзікаў нясу:

Пятнаццаць — дзядам-вэтэранам,

І два — Анатолю Сысу.

А лівень спыняцца ня стане.

Аскепкі сьцякаюць з труны.

На белых пакетах сьмятаны:

«Нам шэсьцьдзесят год ад вайны».

Нам шэсьцьдзесят год разам з мамай.

І сорак — нам разам зь сястрой.

Вясной паміраць — надта рана.

У час — перамога вясной.

ТАЦЯНА НЯДБАЙ

* * *

Я — шэрая мыш. Кыш-ша!

Я Вас атручу сама.

За сьценкаю — ціша, ціша…

За сьценкаю — ноч, зіма.

А я патрабую сыр.

І Ваш патрабую дом —

Мае трапяткія вус…

ы

Каб не прымарозіць ільдом.

Вясёлая мыш — іш як! —

Скачу на Вашым стале!

Вы хочаце, каб — ціша?! —

За сьценкаю цішы стае,

А я пасялілася ў Вас.

(Таксама люблю сыр!

І каву. І нават — ва…

льс!)

Ой! Колюцца Вашы вус…

ы.

…І вось — пакідаю Вас.

Надыдзе вясна, шторм…

Я буду прыгадваць ва…

льс

Пад чыімсьці сталом.

І, можа, калі ўпрост

Зірнеце на поўню Вы,

Убачыце мой хвост

І поўні аскепак крывы.

Вы ўбачыце: ён канае —

Грызу яго, быццам сыр.

І кубак кавы кранаюць

Мае трапяткія вус…

ы.

СЯРГЕЙ ПРЫЛУЦКІ

Рыскія сэкстэты

Вось манах ідзе у рызе

па старой каменнай Рызе

пад трамвайны перазвон.

Замак, Домская катэдра,

рэстараны ў стылі «рэтра»,

«sorry», «ja», «alas», «pardon».

Мадэрновыя будынкі,

лес латыскае лацінкі

ды падлеткавы жаргон.

За гаворкай у пасажах

пані й спадары паважна

праганяюць кавай сон.

Ты выходзіш на Barona,

турыстычная варона,

пераходзіш цераз мост:

зьлева — статуя Свабоды

(водгульле паганскіх стодаў)

азіраецца на Ost.

Вось — музэй народных казак,

крамкі сувэніраў, масак,

пяцізоркавы гатэль.

Вокны бюргерскіх кватэрак

сузіраюць гнуткі бераг,

супэрмаркетаў арцель.

У паветры — водар мора,

пад зямлёй — піўніцы-норы.

Голкі шпіляў, баржы прас.

Ноч. Пустыя амбасады.

Паркі, цёмныя прысады.

Valdemara. Brivibas.

Тут жывуць, глядзяць у неба,

лічаць золата і срэбра,

фабрыкуюць новы міт.

Эўрапейскі задні дворык,

дзе таксама, як і Ёрык,

адыходзяць у нябыт.

АЛЕНА РЫБІК

* * *

Тваім сьвятлом напоены пакой,

у кубках астываюць нашы думкі,

і сонца зь ценем крохкія карункі

з павекаў не змахнуць ніяк рукой.

І гукі заплятаюцца ў спакой,

і дзьверы не прапусьцяць іншых крокаў,

і да ўсяго-ўсяго яшчэ далёка,

і толькі да цябе — падаць рукой.

АЛЕСЬ СУШЧЭЎСКІ

* * *

Дзень заакіяніўся і зьнік,

Морак праглынуў адлюстраваньні.

Націнае кілямэтравасьць цягнік,

Каб прачнуцца зябласьцю сьвітаньня.

Ціха-ціха — ўсе суседзі сьпяць.

Пахі перапоўненай прасторы

Сьпелаю страфою — не пазнаць!

Не дагнаць і не перапісаць! —

Набрыняе аркуш кожнай порай.

Да пары ня стане прысьпяшаць

Час, закінуты няўмольна пад паліцу…

Ціха-ціха — ўсе суседзі сьпяць…

Я ня сплю,

цягнік

і правадніца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0