У №18 ад 13 траўня заўважыў прыкрую памылку. На апошняй старонцы надрукаваны фатаздымак, на якім бачны фасад Белдзяржцырку з партрэтамі дваіх вэтэранаў, а пад фота — подпіс: «Фальш, цынізм і афіцыёз»…

Я разумею, што чалавек, які не валодае пэўнай інфармацыяй, можа меркаваць, што напярэдадні 9 траўня партрэты вэтэранаў разьвешвалі па ўсім Менску з адной думкаю — каб як мага болей людзей убачылі, як улада шануе і падтрымлівае франтавікоў. Але я з упэўненасьцю заяўляю (бо партрэт зьлева належыць маёй бабулі), што вэтэраны на цырку разьмешчаны ня проста так, а з-за таго, што яны працавалі ў ім (а спадар справа — і сёньня працуе) не адзін дзясятак гадоў і шчыраю працаю заслужылі ўсеагульнае ўшанаваньне.

Алесь Мазанік, каардынатар моладзевае ініцыятывы «Вока»

Ад Рэдакцыі. Думаем, больш адпаведным месцам для партрэтаў вэтэранаў быў бы стэнд у фае зь неабходнымі тлумачэньнямі. То Вам, спадару Мазанік, зразумелы сэнс партрэтаў вэтэранаў пад надпісам «Цырк» побач з выявамі тыграў і мядзьведзяў. А хто не знаёмы з гісторыяй пытаньня, думае, што гэта проста бяздумнае выкананьне загаду. Так яно і ёсьць, зрэшты. Гэта як вульгарныя надпісы «60 гадоў Перамогі» на пакетах з кефірам. А сэнс таго загаду — сказіць гісторыю і адцягнуць увагу ад сёньняшніх парушэньняў закону ў краіне. Патлумачце гэта таксама сваёй бабулі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0