Памяркоўна ці з пазіцыі моцнага? Родители делятся разными подходами к воспитанию детей на белорусском языке 67

Памятаеце той матэрыял, у якім былі сабраныя сведчанні бацькоў пра стан беларускамоўнай адукацыі ў краіне? 

Чытайце: Становішча беларускамоўных дзяцей: шакуючыя сведчанні

Шмат тады нараканняў і крыўдаў было агучана, але мы вырашылі падысці да праблемы з іншага боку, паказаць і ўдалы досвед, каб бацькі не апускалі рук, не думалі, што прасцей будзе насамрэч зрабіць «как все» — менавіта гэтыя словы найчасцей гучаць ва ўпраўленнях адукацыі. 

Мы апыталі тры сям'і: Вітушкаў, Харланчукоў і Дынькоў. Нашы суразмоўцы, якія выгадавалі ці гадуюць дзяцей па-беларуску, стаяць на розных пазіцыях: нехта ўпэўнены, што гаварыць можна толькі з пазіцыі моцнага, перамагаючы сістэму ў лоб, нехта ж кажа, што дасягаць мэтаў можна і памяркоўным шляхам, а нехта стварыў для дзяцей альтэрнатыўную сістэму адукацыі. 

У сям’і эксперта па бізнес-адміністраванні Крысціны Вітушка і доктара, кандыдата медыцынскіх навук Андрэя Вітушкі расце 14-гадовы Мірон.

Мірон неаднаразова выйграваў рэспубліканскія алімпіяды па англійскай мове, па інфарматыцы. Таксама ён паспяховы тайскі баксёр.

Вітушкі лічаць, што пры сутыкненні з праблемамі трэба не плакацца ў фэйсбуку, а вырашаць іх. І вырашаць не з пазіцыі дыскрымінаванага, а з пазіцыі моцнага.

Вядомы доктар Андрэй, Крысціна і Мірон Вітушкі

«Да нараджэння дзіцяці трэба рыхтавацца, і я тут маю на ўвазе не толькі набыццё рэчаў: калі вы хочаце, каб у свет прыйшоў беларус, то трэба рыхтаваць сям’ю да прыняцця беларуса, — расказвае пра выхаванне сына Крысціна. — Дзіцё вашае. Ніхто, апроч вас, не вырашыць, у якую ўстанову яму ісці, з якімі людзьмі камунікаваць. Калі вы вырашаеце выхоўваць дзіцё не дома, падбіраеце садок, то глядзіце на рэчы цвяроза — не думайце, што свет зменіцца дзеля вас. Збірайце групу аднагодак, аднадумцаў.

Я памятаю, як гэта рабіла я: яшчэ да нараджэння дзіцяці я даведалася, дзе існуюць якія беларускія групы. Таму скажу, што шыльда не значыць нічога — пад назвай беларускіх могуць існаваць садкі, дзе слова ніхто не ўцяміць, а можа быць і наадварот. У свой час мы з аднадумцамі абралі занядбаны садок у не самым прэстыжным раёне. Нічога не было там — нават пяску ў пясочніцы, кніжак не было. Мы самі там усё дабудоўвалі і дафарбоўвалі, актыўна дапамагалі выхавацелям, казалі, што яны могуць разлічваць на любую дапамогу — каб не было адмазкі, што нам нечага не хапала і таму мы зрабілі па-руску.

Настойвалі, каб людзі, якія займаюцца музыкай, фізкультурай, нават кухары — каб яны гаварылі па-беларуску — дапамагалі ім з лексікай. Усё гэта кантралявалася вельмі жорстка. Важна стварыць для дзіцяці цалкам беларускую атмасферу. Я асабіста выстаўляла з групы прадстаўнікоў санстанцыі за тое, што яны нешта гучна абмяркоўвалі па-руску.

Канечне, бацькі тых дзяцей, якія трапілі ў садок па прапісцы, былі ў шоку пару гадоў. Але потым пайшлі разам з намі ў беларускія гімназіі. Я мяркую, што ў ХХІ стагоддзі не можа быць адмазкай тое, што бліжэйшы да вас беларускі садок знаходзіцца на іншым раёне — калі вы не можаце праехаць пару прыпынкаў, то так яно вам трэба. Мяняйце кватэру, калі трэба».

Крысціна Вітушка ўпэўненая, што нельга мірыцца з парушэннем моўнага рэжыму ў садках.

«Трэба — сварыцеся. Іначай вы даеце прыклад свайму дзіцяці: маўляў, вось тут правілы парушаюцца, а бацькі маўчаць, значыць, гэта нармальна, значыць, гэта проста такая гульня. Потым гэта можа адбіцца ў падлеткавым узросце, калі дзеці ставяць пад сумнеў каштоўнасці бацькоў», — кажа яна.

Мірон Вітушка.

«Калі казаць пра наведванне паліклінік, нейкіх спецыялістаў… Ведаеце, вывучэнне беларускай мовы ў Беларусі абавязковае. І калі вы не можаце праверыць кваліфікацыю спецыяліста, то ўзровень яго агульнай эрудыцыі праверыць можаце. Калі чалавек не здольны падтрымаць размову па-беларуску з дзіцём (!), то памылкай будзе думаць, што ён можа быць прафесіяналам у сваёй спецыяльнасці. Ён не засвоіў базавыя веды і пераскочыў на нешта высокае? Такога не бывае. Бяжыце ад такога спецыяліста — ён не нараіць вам нічога карыснага, для яго няма апраўданняў. Ідзіце да загадчыка і патрабуйце кампетэнтнага доктара. І гэта я кажу не тэарэтычна — гэта ўсё праходзілася не раз. Вы тут не канфліктуеце, а забяспечваеце тое, што належыць дзіцяці па законе.

Ёсць і кампрамісныя варыянты — вы, да візіту да доктара, самі да яго прыходзіце, даяце яму слоўнік паняццяў, прагаворваеце пытанні, каб ён мог задаць іх дзіцю».

У Крысціны Вітушкі цвёрдая пазіцыя і да людзей з вуліцы, якія могуць палічыць патрэбным даць параду.

«Што датычыць хворых людзей, якія могуць дачапіцца ў транспарце, што яны могуць да чаго заўгодна прычапіцца: да колеру вачэй ці валасоў таксама. І што, калекцыянаваць гэтыя гісторыі? Казаць, што дзіця не гаворыць па-беларуску, бо цётка ў трамваі нешта сказала? Гэта абсурд. Патлумачце дзіцю, што гэты чалавек хворы.

А наконт сяброў, то сёння сітуацыя такая — дзеці ў асноўным камунікуюць у інтэрнэце з аднадумцамі, знаходзяць сяброў у гуртках. Вы самі здольныя стварыць дзіцяці такі асяродак. Калі ж у вас саміх праблемы з сацыялізацыяй і вашае дзіцё боўтаецца ў двары, то я вам спачуваю».

Сям'ёй на этнічным фестывалі.

Як праходзяць трэніроўкі сына на тайскім боксе?

«Трэнер у нас не беларускамоўны, але ставіцца з павагай — запісвае яго ў пратаколах па-беларуску, форму яму такую шыюць. У гэтым спорце прынята паважаць беларусаў, бо яны шмат чаго дасягнулі. Падкрэслю — беларускамоўных беларусаў, — кажа Вітушка. — З алімпіядамі па вучэбных прадметах гісторыя тая ж самая — калі сын удзельнічае, то пад яго робяць заданні па-беларуску, гэта патрабавалася першы час, цяпер ведаюць самі. Так што беларускамоўнасць не замінае, а хутчэй стымулюе развіццё, стварае падмурак для поспеху ў іншых сферах. У сына няма страху размаўляць з чужымі людзьмі, страху публічных выступаў», — падсумоўвае яна.

Як Крысціна выхоўвала сына першыя гады, калі ў Беларусі бракавала дзіцячай літаратуры?

«Так, 14 год таму з дзіцячымі выданнямі былі праблемы. Мы сцягвалі размалёўкі з інтэрнэта і давалі сыну размаўлёўваць. Куплялі кніжкі ва Украіне, Расіі, Польшчы. Заклейвалі тэкст раздрукаванымі перакладамі па-беларуску, прывучалі візуальна, нават калі ён яшчэ не ўмеў чытаць. А сёння і мастакоў, і беларускіх дзіцячых аўтараў хапае».

Таксама мы звярнуліся да зорнай акцёрскай пары Харланчукоў, якія выхоўваюць пяцярых дзяцей! Старэйшаму — Піліпу, 15 год, малодшай — Паўліне, 3 гадкі. Двое з дзяцей — прыёмныя.

Ганна Харланчук-Южакова расказала пра свой досвед. Яна кажа, што ніколі не сутыкалася з праблемамі ў дзіцячым садку, бо дзяцей туды проста не вадзілі.

Шматдзетная сям'я Харланчукоў-Южаковых. Фота zviazda.by

«Наша з мужам пазіцыя была такая, што дзяцей мусяць выхоўваць бацькі. Таму ў садок мы не хадзілі, у школу таксама не хадзілі — да шостага класа сын вучыўся дома. Сацыялізацыя адбывалася ў розных гуртках — чым ён толькі не займаўся, нават картынгам! А потым мы разам з аднадумцамі вырашылі стварыць такую бацькоўскую кааперацыю, назвалі гэта культурна-адукацыйнай прасторай «Горад сяброў». Гэта такая дастаткова вялікая арганізацыя, падобная да школы. Дзеці там вучацца кожны дзень, па ўсіх прадметах.

Я там выкладаю, у тым ліку. Адукацыя — па-беларуску, арганізацыя дня — як у школе плюс гурткі. Тэатр у нас там ёсць, напрыклад. Гэта такая асобная гісторыя, бо ў Беларусі няма дыстанцыйнага навучання, таму мы дэ-юрэ прыпісаныя да расійскай школы, дзе двойчы на год дзеці праходзяць атэстацыю ведаў. Можна было б прыпісацца да ўкраінскай школы, але ў іх там абавязковая ўмова — вывучэнне ўкраінскай, таму мы заключылі пагадненне з расіянамі. Альтэрнатыўныя школы ў Беларусі існуюць такім чынам», — расказала Ганна.

«Бабулі і дзядулі ў нас рускамоўныя, самі з Расіі. Таму дзеці часта сутыкаюцца з рускай мовай, яны білінгвы. Асаблівых праблем у камунікацыі з іншымі не было: лагапед, напрыклад, пачуўшы беларускую мову, перайшоў таксама. А старэйшы сын, бывае, гаворыць па-руску з сябрамі. Я не настойваю, што ён павінен гаварыць толькі па-беларуску. Але ведаеце, сваіх сяброў ён беларусізуе. Неяк ягоны сябра сказаў мне «Цёця Ганна, дзякуй, я перастаў баяцца гаварыць па-беларуску», вось так.

А што датычыць малодшых дзяцей, то вельмі цяжкая сітуацыя з мульцікамі — у перакладзе іх вельмі мала, глядзім і па-англійску. А літаратуры дзіцячай, хаця і хацелася б больш, але ўжо хапае», — сказала яна.

У рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Дынько трое дзяцей. Старшы сёлета паступае ва ўніверсітэт, сярэдняя сканчае 9-ы клас і хоча перайсці з гімназіі ў ліцэй, а малодшаму — тры месяцы. «Мы ўсюды і ў любых сітуацыях з дзецьмі гаварылі і гаворым па-беларуску. І ні разу за ўсё жыццё не сутыкаліся з негатыўнай рэакцыяй на мову. Здзіўленне — так, бывала.

Помню, на станцыі Анусіна адзін стары чалавек заплакаў ад замілавання: малыя, а па-беларуску гавораць, на мове майго маленства, божа ж мой!

Але каб варожасць — такога не было. Быў адзін камічны выпадак, гадоў 12 таму. Мы гулялі каля дэпутацкага дома, на Казарменным завулку, дзе была вельмі сучасная дзіцячая пляцоўка на беразе Свіслачы. І там дэпутат Касцян з унукам гуляў, дзеяч Славянскага камітэта. Як пачуў, што мае дзеці па-беларуску гавораць, ён за ўнука — і ўцякаць. Ну але малыя дзеці такога не заўважаюць. Уцёк дзядзя і ўцёк. Бяжы, дзядзя».

Якуб і Юстына Дынько.

«Не ўсе любяць, калі нехта звяртае ўвагу на тваю мову. Але гэта рэальнасць: звяртаць увагу будуць. Але гэта пазітыўная ўвага», — кажа Дынько.

«Мяне заўсёды дзівіць, калі кажуць пра варожасць да беларускай мовы, бо я з такіх не сутыкаюся. Маю дзве парады: стаўцеся да людзей прыязна і тактоўна. І другое, некаторыя людзі, перайшоўшы выключна на беларускую мову, стараюцца быць пурыстамі і ўжываць такія рэдкія словы, якія людзям незразумелыя. Ну, не сустракаецца слова «гарбата» ў школьным курсе і ў большасці гаворак. Ну то прасіце чай, не ўпірайцеся ў гарбату».

«Я чалавек бесканфліктны па натуры, таму і канфлікты мяне абыходзяць бокам, у тым ліку на моўнай глебе», — кажа рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько.

«Мы стараліся шмат падарожнічаць па Беларусі», — кажа Андрэй Дынько. На фота: сэлфі на гары над Дзвіной у Віцебску.

Менск прыязны да мовы, кажа Дынько. «Праблема ў іншым — што ніякай дапамогі ад дзяржавы няма, ніякай. Мультфільмы і камп’ютарныя гульні на беларускую мову не перакладаліся, развіваючых матэрыялаў — таксама. Усё гэта існуе адзінкава — калісьці электравенік Франак Вячорка «Шрэка» арганізаваў, мае дзеці яго глядзелі-пераглядзелі. Дзяржава ж дае на беларускамоўную прадукцыю капейкі: ёсць трохі спектакляў на мове ў тэатрах, кніжачкі выдаюцца, «Вясёлка» — але ва ўсім гэтым шмат несучаснага. Дзеці хочуць мультыкаў, камп’ютарнага кантэнту — а яго няма. Хочуць, напрыклад, фэнтэзі — а дзяржава ніякіх такіх перакладаў не фінансуе. Шэін выдаў раскошную кнігу «Сем камянёў», якая рэальна падабаецца дзецям — дзяржава хоць капейкай паспрыяла таму, каб гэтая кніга разышлася, трапіла ў кожную школу?»

Што рабілі Дынько, каб кампенсаваць гэты дэфіцыт? «Ну мне то як трохі філолагу проста, пакуль яны былі малыя. Я браў кніжкі на расейскай, украінскай, польскай, англійскай мовах і чытаў дзецям іх па-беларуску. А вось калі падраслі, то не было рады. Проста імкнуліся ўраўнаважыць расейскамоўнае, якое ўсюды, іншымі мовамі. Прывозілі ўсё цікавае на ўкраінскай мове — выданні «Аба-ба-га-ла-ма-гі» выклікалі ў іх фурор, а блісткамі з укладкі ва ўкраінскую кнігу пра піратаў яны ўсю кватэру засыпалі. Стараліся ўключаць мультыкі па-польску, па-англійску. Калі ты беларускамоўны, твае дзеці растуць шматмоўнымі воленс-ноленс. Я ўпэўнены, што гэта дасць ім козыры ў дарослым жыцці».

«Каб дзеці любілі мову, трэба, каб яны любілі сваё жыццё, сваю сям’ю і сваю краіну, — адзначае Дынько.

— Дзеці шмат часу праводзілі ў бабаў і дзедаў у родавых мясцінах. А яшчэ мы шмат падарожнічалі па Беларусі. Прычым не толькі па «паштовачных мясцінах». Памятаю, колькі шчасця было дзецям у заапарку ў Віцебску. Ну а Свіцязь у нас штогод была абавязковым пунктам летняй праграмы».

«Досвед навучання ў беларускамоўных садках, гімназіі і ліцэі быў розны, — кажа Дынько. — Мая выснова такая: каб беларуская мова дамінавала ў групе ці класе, патрэбныя 1) адданасць педагога, 2) крытычная маса, каб большасць дзяцей была з беларускамоўных сямей. Дзве гэтыя ўмовы супадаюць рэдка. Першаму замінае фінансавае забеспячэнне адукацыі, цякучка кадраў жудасная, моцныя педагогі ў нас на вачах разбягаліся.

Не толькі ў белмоўных школах частка настаўнікаў прафнепрыдатныя — тое самае і ў рускамоўных. Мой швагер спачатку быў у шоку, калі ў 3-м класе настаўніца ягонаму сыну выправіла «вецер» на «вецяр». Так, такі цяпер узровень сярэдняй школы.

Рыхтуйцеся займацца з дзецьмі самі, калі хочаце даць ім веды, гэта новая рэальнасць.

Цяпер пра крытычную масу. Кожны з нас таксама бачыць рэальнасць. Многія людзі прынцыпова і свядома возяць дзяцей у беларускамоўныя ўстановы здалёк, гадзіну трацяць на дарогу, і пры гэтым у сям’і яны гавораць па-руску. Людзі хочуць, каб хоць дзеці пачалі гаварыць па-беларуску. Але

часта большасць у класе — прабеларуская, але рускамоўная, а дзеці па азначэнні гавораць на «мове большасці».

«Калі ты беларускамоўны, твае дзеці растуць шматмоўнымі воленс-ноленс. Я ўпэўнены, што гэта дасць ім козыры ў дарослым жыцці».

Мой сябар смяяўся, што яго дзяцей беларускамоўная гімназія русіфікавала, дома яны гаварылі па-беларуску, а ў гімназіі перайшлі на «опшчапанятны». Тым не менш,

з беларускамоўных школ дзеці выходзяць з лепшымі ведамі мовы, чым з рускамоўных, і свая супольнасць у іх там складаецца. Галоўны плюс белмоўных устаноў — падбор дзяцей там. Я з жахам слухаў гісторыі знаёмых і сваякоў пра рускамоўныя школы: там і спайсы, там і цкаванне, і мегаканфармізм. Нічога такога ў нашым досведзе не было. Інтэлігентная большасць робіць сваё».

Што да педагогаў, асабліва старшых класоў, то, на думку Дынько, якасць беларускамоўнай адукацыі вырасла б, калі б дырэктары белмоўных устаноў узялі курс на павелічэнне колькасці пазаштатнікаў, пагадзіннікаў. «Многія сімпатыкі беларускай мовы гатовыя выкладаць дзеля прынцыпу. Уяўляеце, наколькі палепшыў бы прывабнасць школы прафесійны праграміст як выкладчык інфарматыкі, прафесійны перакладчык як выкладчык замежнай мовы і так далей. Для такога падыходу трэба палітычная воля. Але пры ім белмоўныя гімназіі можна было б зрабіць перадавымі, так мне здаецца», — кажа Дынько.

Дынько таксама адзначае, што наконт таго, хто адпраўляе дзяцей у беларускамоўныя ўстановы, ёсць шмат стэрэатыпаў. «Там зрэз грамадства: у класах і групах, куды мае дзеці хадзілі, было дзіця з сям’і вайскоўцаў, дзіця кадэбіста, дзеці МНСнікаў, некалькі дактароў — мы нават лячыцца сталі ў «сваіх», інжынеры вазілі дзіця з Лошыцы ў 23-ю гімназію на Якуба Коласа, галоўны хірург вобласці — са Слабады, якая каля Кургана Славы, праграміст працаваў за мяжой, а жонка ягоная дзіця вадзіла ў белмоўны клас. Унукі Тозіка [кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантролю, пасля віцэ-прэм'ера] хадзілі ў адну гімназію з намі — такі вісус унук у яго. Аднойчы пры мне пабіўся з аднакласнікам маёй дачкі, той яму ўваліў, гэты храснуўся галавой аб падлогу — пацаны, што зробіш.

Навукоўца з Акадэміі навук была сям’я — пасля яны, праўда, у Швецыю пераехалі працаваць. Там невыпадковы падбор дзяцей. Але трыманне беларускасці — адзнака людзей добрых, адназначна. Мне было камфортна на бацькоўскіх сходах».

Яшчэ адзін важны момант, падказвае Дынько, «улічыце, што беларускамоўных устаноў няшмат, і вам, найхутчэй, спатрэбіцца машына, каб камфортней давозіць дзяцей. Мы селі за руль, каб вазіць дзяцей у школу».

«Што мяне раздражняла — гэта арыентацыя на «экспарт дзяцей» у замежныя ўніверсітэты ў некаторых школьных калектывах, — дадае Дынько. — Мы перавялі дзіця ў іншую ўстанову ў выніку». Чаму? «Бо там не было культу ведаў, кар’еры, самарэалізацыі. Галоўнае — вырвацца за мяжу, прабіцца туды хоць як, толькі таму, што там сёння вышэйшыя стандарты спажывання. Такі дух — ён разбуральны».

«Каб дзеці любілі мову, трэба, каб яны любілі сваё жыццё, сваю сям’ю і сваю краіну».

Дынько высока ацэньвае тое, што робяць для паляпшэння беларускамоўнай адукацыі, асяроддзя актывісты: «У пакаленні маіх старшых дзяцей гэта былі Крысціна Вітушка, Аліна Стэфановіч. Сёння падтрымліваю тое, чаго дабіваюцца Аляксандра Баярына, Павел Колас, svaje.by.

Галоўнае — дабіцца, каб кожную сям’ю органы адукацыі ставілі перад выбарам, давалі магчымасць выбару — вучыць па-беларуску ці па-руску. І каб фінансавае забеспячэнне беларускамоўных садкоў і школ было нармальнае».

«Пабачу, што памянялася з магчымасцямі для беларускамоўных дзяцей за апошнія 15 гадоў, калі малодшы пойдзе ў садок. Здаецца мне, што не шмат памянялася.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?