Вы ўсё яшчэ кіпеціце? Няёмкія пытанні пра ваду з-пад крана  10

Аўтар: Піліп Каваленка

Некаторыя баяцца піць ваду з-пад крана: яна пахне хлорам, у ёй могуць быць мікробы і небяспечныя рэчывы.

Разам са спецыялізаванай крамай фільтраў для вады Watershop адказваем на банальныя пытанні пра ваду і тлумачым, ці мае яна ўплыў на наша здароўе.

1. Адкуль бярэцца вада ў нашых кранах?

Згодна з падпраграмай «Чыстая вада» дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» 98% гарадскіх і 69% вясковых жыхароў Беларусі маюць цэнтралізаваныя сістэмы водазабеспячэння.

У асноўным вада ў краны беларусаў паступае з падземных свідравін, і толькі тры раёны Мінска (Маскоўскі, Кастрычніцкі і Фрунзенскі) забяспечваюцца з наземнай крыніцы — вадасховішча Крылова. Далей вада ідзе на ачышчальныя збудаванні, пасля чаго помпавымі станцыямі накіроўваецца ў водаправодную сетку.

2. Чым адрозніваецца вада з падземных і паверхневых крыніц?

Вада з артэзіянскіх свідравін звычайна не патрабуе дадатковай ачысткі і апрацоўкі хлорам. Вада з падвышаным утрыманнем жалеза і марганца паступае на станцыі абезжалезвання, дзе праходзіць аэрацыю і фільтраванне. Вада з падземных крыніц часта больш жорсткая. Менавіта таму большасці мінчукоў знаёмая праблема з'яўлення налёту пры кіпячэнні.

Паверхневыя крыніцы больш схільныя да бактэрыяльнага забруджвання, таму вада з іх патрабуе больш глыбокай і дарагой ачысткі. Каб выдаліць з яе ўсе мікраарганізмы, неабходная дэзынфекцыя. Сёння для гэтых мэтаў выкарыстоўваюць ультрафіялетавае апрамяненне, азанаванне і хлараванне.

Для выдалення з вады дробнадысперсных часціц ужываецца асаджэнне, каагуляванне і флакуляванне. А для паляпшэння паху, смаку і колеру паверхневай вады прымяняюць вугляванне.

3. Чаму ў мяне вада з-пад крана пахне хлоркай? Яе ўвогуле можна піць некіпячонай?

Хлараванне — найбольш распаўсюджаны метад дэзынфекцыі вады. Ён не толькі надзейны, але і эканамічна выгадны. Аднак пабочны эфект такой ачысткі — з'яўленне рэшткавага хлору ў апрацаванай вадзе.

Пах — гарантыя, што вада абеззаражана. Такую ваду піць можна, бо ўтрыманне хлору ў ёй звычайна значна ніжэйшае за дапушчальныя значэнні.

Дарэчы, у Мінску ў найбліжэйшы час плануюць замяніць вадкі хлор пры дэзынфекцыі вады на больш бяспечны гіпахларыт натрыю. 

4. Што можна зрабіць з такой вадой, каб палепшыць яе смак?

Самы элементарны спосаб паменшыць канцэнтрацыю хлору — пакінуць адкрытую ёмістасць з вадой на некалькі гадзін. Адстойванне пазбавіць вадкасць ад хлору і іншых лятучых прымешак. Аднак солі цяжкіх металаў з адстаянай вады нікуды не знікнуць, у лепшым выпадку яны асядуць на дне.

Таксама можна паспрабаваць ачысціць ваду актываваным вуглём: абгарніце ў марлю таблеткі (з разліку 1 таблетка на 1 літр вады) і пакіньце ў пасудзіне з вадой. Але і тут прыйдзецца чакаць.

Паскорыць і спрасціць працэс пазбаўлення вады ад хлору дапаможа побытавы фільтр з вугальным картрыджам. Актываваны коксавы вугаль, які выкарыстоўваецца ў такіх фільтрах, выдаляе ад 95 да 99% рэшткавага хлору, што гарантавана ліквідуе непрыемны пах.

Варта адзначыць, што вада без хлору можа стаць асяроддзем для размнажэння бактэрый. Таму захоўваць ачышчаную ваду больш за суткі непажадана.

5. А адкуль у вадзе бярэцца ржа?

Вадаканалы адказваюць за якасць вады толькі да падвядзення да будынка. А ўжо за тое, якой яна становіцца ў водаправодных трубах, адказваюць іншыя службы.

Каб пітная вада дайшла да свайго спажыўца, ёй трэба прайсці па трубах да некалькіх кіламетраў. І стан водаправоду таксама адбіваецца на якасці вады.

Перыядычна сеткі прамываюцца і апрацоўваюцца. Калі ж гэтая праца не праводзіцца, то ў тупіковых участках пачынаюць развівацца мікраарганізмы. Акрамя таго, размнажэнне жалезабактэрый можа прывесці да перакрыцця прасвету труб і справакаваць аварыі.

Таксама віной з'яўлення ржы ў вадзе можа быць яе крыніца. Як правіла, гэта адбываецца праз павышанае ўтрыманне двухвалентнага жалеза, якое акісляецца ў працэсе дастаўкі вады да спажыўца.

Але важна памятаць, што рэальную прычыну забруджвання вады можна вызначыць толькі ў лабараторыях.

6. А што скажаце наконт кіпячэння?

Высокая тэмпература знішчае паразітаў і мікробы, але не спраўляецца з магчымым хімічным забруджваннем вады. Больш за тое, выпарванне часткі вады павышае канцэнтрацыю забруджвальнікаў і дазваляе ўтвараць новыя хімічныя злучэнні.

Недахопы кіпячэння асабліва адбіваюцца на вяскоўцах, якія п'юць ваду з калодзежаў без папярэдняй ачысткі. Адна шклянка такой вады чалавека, вядома ж, не заб'е, але рэгулярнае ўжыванне можа адбіцца на здароўі.

7. Як праверыць якасць вады ў маім доме?

Можна скарыстацца платнымі паслугамі акрэдытаваных лабараторый, напрыклад, у тэрытарыяльных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі.

Перад адборам проб лепш прыехаць у выбраную арганізацыю і прайсці ўсе неабходныя папярэднія працэдуры. Там жа вас праінфармуюць аб правілах адбору пробаў, таму што самастойна дастаўлены ўзор могуць расцаніць як няправільна адабраны або прывезены без выканання неабходных умоў.

У 2017 годзе на сайце мінскага водаканала запрацаваў сэрвіс «Якасць вады ў вашым доме». Пасля ўводу адраса дома на старонцы адлюстроўваюцца значэнні паказчыкаў і гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі. Штогод робіцца больш за 100 000 пробаў, маніторынг якасці пітной вады вядзецца 7 дзён на тыдзень, а табліцы на сайце абнаўляюцца штомесячна.

Памятайце: спецыялісты водаканалаў не праводзяць даследаванні якасці вады непасрэдна ў кватэрах і не займаюцца ўсталёўкай побытавых фільтраў. Калі вам прапаноўваюць усталяваць фільтр, назваўшыся супрацоўнікам водаканала, звяртайцеся ў праваахоўныя органы!

8. З горадам усё ясна, а як ачысціць ваду ў вёсцы?

700 тысяч беларусаў карыстаюцца крыніцамі нецэнтралізаванага водазабеспячэння, у асноўным шахтавымі калодзежамі. Утрыманне нітратаў у такой вадзе — адна з актуальных праблем для нашай краіны. Найбольш цяжкае наступства ўжывання вады з высокім утрыманнем нітратаў — парушэнне дастаўкі кіслароду да клетак арганізма, якое асабліва цяжка пераносяць дзеці на першым годзе жыцця.

Ачыстка вады ад нітратаў даволі складаная, тут ёсць два спосабы:

  • з выкарыстаннем аніённых іонаабменных матэрыялаў, што звычайна прадугледжваецца ў катэджных сістэмах;
  • з выкарыстаннем тэхналогіі зваротнага осмасу.

У фільтрах зваротнага осмасу асноўную функцыю выконвае напаўнепранікальная мембрана, якая прапускае толькі невялікія па памерах малекулы вады. Больш буйныя па памерах малекулы забруджвальнікаў затрымліваюцца і змываюцца ў дрэнаж аўтаматычна.

У такіх фільтрах выманне нітратаў дасягае 96%, але яны — самыя дарагія і складаныя сярод сістэм побытавага водаачышчэння.

9. Дык ці трэба фільтраваць ваду?

Вядома. Самыя распаўсюджаныя тыпы бытавых фільтраў — праточныя і фільтры-збаны. Стацыянарныя сістэмы падключаюцца проста да водаправоднай трубы і замацоўваюцца пад кухоннай мыйкай, а вычышчаная вада паступае праз асобны кран. Такія фільтры могуць хутка ачысціць вялікі аб'ём вады, але каштуюць даражэй і патрабуюць усталёўкі.

Фільтр-збан — самы просты і надзейны варыянт, асабліва калі правільна падабраць касету ў залежнасці ад забруджвання вады і своечасова яе мяняць. Збанны картрыдж ачышчае ад 200 да 350 літраў вады, яго замена патрабуецца адзін раз на месяц ці паўтара.

10. Як зразумець, які фільтр мне патрэбны?

Ён падбіраецца, зыходзячы з дадзеных лабараторных даследаванняў або паказчыкаў на сайце мінскага водаканала.

Любая прылада павінна мець дастатковую прадукцыйнасць і якасна выдаляць з вады ўсе шкодныя прымешкі. А таксама быць надзейнай і простай у выкарыстанні.

Збан — найбольш просты і танны спосаб ачысціць ваду, але трэба разумець, што фільтраванне ідзе некалькі хвілін, а картрыджы трэба даволі часта мяняць. Калі дазваляе бюджэт, то лепш за ўсё адразу купляць шматступеневыя фільтры для ачысткі вады ці фільтры зваротнага осмасу. Такія сістэмы дазваляюць атрымліваць чыстую ваду імгненна і гарантавана прыбіраюць з яе небяспечныя для здароўя прымешкі.

Фільтры зваротнага осмасу незаменныя для сем'яў з маленькімі дзецьмі, бо выдаляюць усе забруджванні амаль са стапрацэнтнай гарантыяй.

Партнёрскі матэрыял сумесна са спецыялізаванай крамай фільтраў для вады Watershop.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?