Мерседэс, кулямёт і ніякага пафасу. Апавяданне 8

Аўтар: Руды Кот

Літаратурная замалёўка па некаторых гістарычных фактах.

20 лютага 1918 г. Дом губернатара на Саборнай плошчы.

У фае стаяў кулямёт. Учора прыходзілі палякі на «перамовы», патрабавалі здаць Менск. Убачылі кулямёт і моўчкі сыйшлі. Добрая рэч — кулямёт… асабліва калі пад сталом тры карабы набояў да яго. «Пясняр беларускай долі»…

Фота: Нацыянальны гістарычны музей. Выстава «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава».

На вуліцы холад, аж кур(в)ы чхаюць. Вецер і стрэлы ў горадзе. Палякі ганяюць бальшавікоў. Нашы ганяюць бальшавікоў. Бальшавікі ганяюць цягнікі. На ўсход. «Абаронцы» хе…авы. «Пролетарыі ўсіх старон!» «Распалім пламя революціі!» «Мінск не сдадім!», а немец як папёр 18-га, дык аж боты гарэлі, як яны да вагонаў драпалі.

Пастрэльваюць недзе. Людзі сышліся на Саборную плошчу. Над плошчай сьцяг… белы з чырванню стужкі пасярэдзіне. У баку чыгункі стужкі дыму па небе. Папяроску б задыміць…

- А каб табе добра жылося! І так лам'ём увесь паверх забіты - ну што ты іх сюды цягнеш? Нахалеры гэты матацыклет прыпёр?!

 - Хай будзе, у гаспадарцы ўсё прыдасца… што мы, дарма, хіба, з яго на хаду бальшавікоў збівалі? Але ж гэтыя лярвы нават зваліцца з яго толкам ня могуць, шчыток во пагнулі, каб іх чэрці гэдак гнулі, — прыхінушы да сцяны апарат, прамаўляў малады бялявы з зачосам назад Вінцук.

— Табака ёсць? —коратка спытаў, заходзячы за мной у дом.

- Ага, два мяхі. Схадзі ў гатэль вазьмі, у бальшавікоў «сканфіскаванай» многа было, і мне заадно прынясі.

Пайшоў. Яно і недалёка, да «Еўропы». Але басцяўся недзе больш за гадзіну па «сабачых сцежках».

***

Дабасцяўся. Прыбеглі ўчатырох, заносілі ў фае Яноўскага. Спіхнулі з зэдліка Костуся, які адсыпаўся пасля начных пагонь за Ландэрам, паклалі.

Яноўскі бледны, сціскаў зубы і праз іх мацюкаўся. А яшчэ настаўнік! Чалавек высокай культуры!

Заўсёды казаў па-руску (хаця неяк прызнаўся, што заняткі з дзецьмі пры магчымасці «па-нашаму» вёў). Пэўна, калі з цябе свішча кроў, дык і культура ўжо да сракі. І, як звычайна, у шаліку — жонка звязала, як выпраўляла на фронт. Ён з ім усе гэтыя гады і не раставаўся. Гаварылі з ім раней, як хаваліся на кватэры, пасля арышту Езавітава ды Варонкі.

Паклалі і сталі, не ведаючы што рабіць.

Хутка падыйшоўшы да параненага, абвёў зрокам усяго. Кроў была, але, здавалася, не так шмат.

— Шыя ці плячо… — неяк задуменна працягнуў высокі, дні тры не голены баец.

Аўтаматычна пацягнуўся за нажом каб зрэзаць шалік…і на секунду завіс з «акопнікам» у руцэ над горлам. Гэта ж зараз шалік зрэжу, а ён мне потым за яго ды за памяць пра жонку…

— Режь нахер шарфік, - прасіпеў праз зубы Яноўскі.

Ну добра. Рэжу.

— …Ну іціт тваю бога душу маць, толькі шораху навёў!

Проста «пацалунак ад смерці»: куля прайшла па датычнай. Не так страшна. Хаця каб на сантыметр вышэй ці глыбей…

Ягоны шалік быў самай чыстай анучай у гэтым фае. Разрэзаў на дзве няроўныя часткі. Меншую наклаў на рану, даўжэйшай прыціснуў зверху, прапусціў яе канцы ад шыі праз грудзі і спіну да падпахі і туга звязаў.

Калі Яноўскага знеслі у кабінет і паслалі па фельчара, Вінцук стомлена прысеў на той жа зэдлік.

- Адкуль? Хто?

- Ля вакзала нарваліся на палякаў. Чалавек шэсць, а нас пяцёра. Камандзір нейкі карлік з вусамі. Жыдзенькімі такімі, як папоўскае жыта. І нам сходу: «здавай збрую» адразу ж, во! Яноўскі ў іх і пытае па-цывільнаму: «А на каком основаніі разоружаете?». Гэты корч за наган, а наш Фёдар, той, высокі, за вінтоўку. Ну як за вінтоўку… схапіў за дула і як дубінай зарадзіў гэтаму карліку прыкладам у зубы. А той… можа і саўсім страляць не хацеў, але, падаючы, шмальнуў у паветра, і пацэліў жа, курвіна такая. Яноўскі апаў. Мы ашалелыя і палякі ашалелыя… я за маўзер, нашы за Яноўскага, палякі за карліка з вусамі… ну, аднаго я, здаецца, заваліў… ці раніў. Добра, што нашы на аўто пад'ехалі, закінулі мы Яноўскага, і сюды ходу.

- А на вакзал ты чаго папёрся?

- Ракевіч загадаў, сказаў, ідзі з мальцамі, забярыце, калі засталася, выбухоўку ў чыгначнікаў нейкую.

Прыйшоў Костусь з кабінета.

- Ну што ён?

- Нармальна, жыць будзе.

- Як на Роменскую схадзілі ўчора? Праводзілі?

- Праводзілі…— штось у ім было схаванае, наша - кашэчае і хітрае, не бывае такога ў сібіракоў, а ў ім было.

- Прыйшлі мы, значыць… пакуль туды-сюды, курам вады… жалезнадарожнікі выцягнулі яшчык бомбаў. Выцягнулі з дэпо, дзе мы пасля з'езду на савішчанні сядзелі. Ну, як сядзелі… калі гэты яшчык тады там ляжаў, дык маглі б і палётаць… пуці мы карацей раздзярбанілі знатна. падарвалі, два вагоны, а штабны толькі кульнуўся. Ландэр праз вакно із яго як вылазіў, дык усю сраку аб шкло пакалоў. І, свецячы кальсонамі, рвануў да бліжэйшага паравоза…

Костусь, пакуль распавядаў, расцягваўся ўсё больш шырокай усмешкай, а Вінцук, зарагатаў на усё фае.

- Дык Рачкевіч нас за гэтай выбухоўкай, мусіць, і пасылаў.

Па сходах спусціўся Езавітаў. Усталі.

Пасля пабегу з гаўптвахты, здаецца, за двое сутак ён нават не спаў. Як і большасць з нас. Я яго так толькі і бачыў, па некалькі секунд, заўсёды на нагах. Стальны. Было такое уражанне. Ці як бальшавікі прыйшлі арыштоўваць, ці як да гэтага тапілі зброю ў Свіслачы, каб не дасталася тым жа бальшавікам. Ні цёмны, ні светлы, ні добры, ні жорсткі. Нават калі смяяўся або крычаў на кагось — стальны.

- Боты стаптаў, механік? — яшчэ не дайшоўшы, з усмешкай спытаў Вінцука.

- Нармальна. Галоўнае, каб халявы начышчаныя былі, а на падэшвы пані не глядзяць.

- Ага, табе да тых пані, як да Масквы ракам. З тваімі-та патрэбнасцямі і прэдлажэньямі…— паддзеў маладога сібірак.

 - Не вучы бацьку, бацька тройчы на возе куляўся. Цяперашнім часам можа і княжну дзе ўхопіць, абы было на чым падвезці, — хітра глянуўшы на Вінцука, парыраваў за маладога Езавітаў.

- Спаў хоць троху? — аглядаючы кулямёт і набоі, ужо звярнуўся да мяне. Кулямёт стаяў на стале. Стол быў абкладзены мяшкамі з пяском. Стужка запраўленая. Засцерагальны рычаг падняты.

- Не, зараз вось Костусь падменіць, ды троху пакімару.

- Добра. Палякі сцягваюцца да Лібава-Роменскага вакзала. Ждановіч кіруе туды сваю міліцыю, але калі часам нехта сунецца сюды, завадзі сваю цацку і сячы ўсіх у капусту. Чорта мы ім гэту плошчу аддамо, — кінуў вокам на карабы з набоямі. - І прыцягніце болей набояў.

Кіруючыся да выхаду, затрымаўся на секунду, і ў паўабороце прамовіў:

— Ну і віншую! Цяпер вы не проста «банда буржуазных спекулянтов і контры» — па загадзе ад сённяшняга дня ўсе ўзброеныя часткі аб'ядноўваюцца ў Першы Менскі беларускі полк. Існай Беларускай Рэспублікі.

Фота: Нацыянальны гістарычны музей выстава «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава».

Выйшаў.

А мы неяк і аселі.

— Табаку хоць прынёс?

- Ага.

- Сып.

Закурылі.

Маўчалі паўпапяросы.

- А нахера нам, мальцы, гэта ўсё? — гледзячы ў адну кропку, дзесь паміж карабамі і мяшкамі з пяском, рытарычна спытаў малады.

Паўза.

- Ты ведаеш, як сюды во гэтая лялька папала?- кіўнуў я на кулямёт.

- Ну? - зацікавіўся Костусь, пакуль Вінцук зацягваўся папяросай.

- Як па горадзе пайшлі чуткі, што немец прэ, мы з Яноўскім адразу памыслілі, што можна выходзіць да сваіх, бальшавікам ужо было не да нас. Вырашылі, што там ужо разам будзем думаць, што рабіць далей. Разышліся па горадзе. І нейкі чорт мяне дзёрнуў прайсціся па Паліцэйскай.

Выходжу да будынка былой нашай Вайсковай Рады і бачу маладога бальшавічка-каравульнага. Стаіць, трасецца, ці то ад холаду, ці то ад голаду. Перад самым уваходам (доўбня, нават пазіцыю нармальную выбраць не змог). З кулямётам. Глянуў я - нікога больш. Нават будынак пусты, здаецца.

Думаю: зараз стрэну сваіх, пагамонім, ды трэба загад і людзі, каб скіравалі нас за гэтым кулямётам пры такіх прыдатных умовах. Дамы тры прайшоў. І усё думаю: а калі набягуць да гэтага хлопчыка яго таварышы? А калі ён сам з кулямётам куды здзёрне? А калі аддадуць іншы загад? Ай, думаю, гары яно гарам, тыя загады і чаканні, і сустрэчы. Сам не зробіш — ніхто не паможа. Развярнуўся і назад. Забраў кулямёт…

- А з каравульным што?- перабіў Вінцук

- Нічога… Зарэзаў.

- …Вось і іду з кулямётам па горадзе. І вальней адразу неяк стала. Два тыдні, хаваючыся з адным наганам на дваіх. Па кватэрах і хатах у сваім жа горадзе… і прыгадаўся і арышт Вайсковай Рады, і разгон з'езду, і гэтая безнадзейнасць за два месяцы.

Першы можа раз за гісторыю гэтыя сяляне, гэтыя салдаты - такія, як я, сабраліся каб штось вырашыць для краю…Самі! А іх штыкамі і прыкладамі…падлы. Хоць бы нам тады вінтовак якіх, ці той кулямёт… Цёмныя мы былі. І доля наша цёмная, мальцы. І пакуль самі мы штось не зробім, нічога нам ніхто не дасць. Ні зямлі, ні волі, ні Рэспублікі. І кожная гніда, ці царская, ці бальшавіцкая, ці польская будзе нас толькі штыхамі і прыкладамі…пакуль Самі, Сваё не здабудзем! А кулямёт гэты — гэта заклад волі.

І зноў замаўчалі. На траціну папяросы. І зноў кожны думаў пра сваё.

Вінцук — як яго біў паручнік ботамі ў жывот на фронце ў 16-м за тое, што чытаў у акопах «Дудку беларускую». Біў і крычаў, што «соціалісты проклятые, страну разваліць хотіте? Кайзеру продалісь, бесы!» А ён і не ведаў тады, хто такія сацыялісты.

Дудку хоць бачыў, а пра беларусаў дык і не чуў увогуле. Ды і «страна» у яго была толькі ў выглядзе арла на спражцы, партрэта Мікалая ў школцы, ды ботаў паручніка. А проста была кніжка… і як яна патрапіла ў тыя акопы? Але нават на нейкай сваёй гаворцы, і нават з яго трыма класамі можна было ў ёй нешта зразумець. А цяпер, значыць, гэта ўжо не проста мова беларуская, не проста край такі, Беларусь, а цэлая Рэспубліка!

Костусь — пра свайго дзеда, які партызаніў яшчэ пры Каліноўскім. Як бацька яму распавядаў пра гэта, як чытаць вучыўся па нейкай старой газеце з назвай «Мужыцкая праўда», як дома па-беларуску гаварылі, нават там, у Сібіры, дзе й застаўся дзед. А ўнук во — да Беларусі даехаў, хаця б і ў салдацкім вагоне. А можа тут, як выпадзе, і застанецца — ці ў зямлі, ці на зямлі. А можа, тут які клапцік выдадуць, каб не варочацца туды, дзе адна тайга.

І я. Пра баб.

Згадаў Стасю. Як доўга тым летам у Будславе на фэсце ішоў хросны ход: ікона, людзі, ксяндзы… што нам, праваслаўным, карцела там? Хіба: кірмаш, карчма, паненкі -«полькі»… хаця якія там «полькі»? Калі навобмацак у іх грудзі беларускія?

І талія тонкая, як чырвоная стужка на штандары. І гарачая яна была… як наша сонца. І белыя, цёплыя, ды салодкія як малако беларускія грудзі з залатымі чырвонцамі пасярэдзіне. Ляжыш на іх і думаеш, што глоткі гатоў рваць любому прышламу, хто на іх паквапіцца. І якая розніца пасля гэтага, што яна прышла ў Буду памаліцца, а я напіцца, што яна каталічка, а я праваслаўны? Маладыя былі — ёй васямнаццаць і мне дваццаць два. І чатыры гады вайны пасля гэтага. Чужой вайны, чужой бойні…

Дакурылі.

- Самі і Разам. Бо нязручна аднаму такой цацкай кіраваць. Пайду я за набоямі карацей, - кіўнуў на кулямёт, устаў і скіраваўся углыб будынка Сымон.

Р.S. А мерседэс рэквізавалі палякі, калі сыходзілі з «перамоваў». Пагэтаму Вінцук і бегаў «на сваіх дваіх» усе гэтыя дні. Ну як «рэквізавалі»… спёрлі. Праўда, пакаталіся толькі пару дзён. У іх яго «рэквізавалі» немцы, але таксама ненадоўга. Мы ў яго гранату кінулі, 25 сакавіка раніцай…

Фота: Нацыянальны гістарычны музей выстава «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава». 
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?