Ласункі 80-х: забытыя смакі 33

Автор: Таццяна Барысік

«28 копеек — тот самый вкус!»— рэклама марозіва чарговы раз абяцае мне дзіцячае шчасце, яскравае, як тады. Але я насуперак абяцанкам пачуваюся зусім не радасным дзіцём, што капеек з бацькавай кішэні натрэсла і ляціць у краму па ўлюбёны ласунак. Хутчэй, цёткай, ашуканай махлярамі на кірмашы: смак та мо і той самы, а вага меншая і каштуе ўтрая даражэй!

Сасіскі

Са светлымі згадкамі мясных смакавых сімвалаў савецкага часу — яшчэ горш. Назвы — каўбаса «Доктарская ГОСТ», сасіскі «Малочныя» светлага суму не выклікаюць. Я не памятаю іх смак. Яны для мяне на той час былі ласункамі, якія паспытаць давялося ўсяго некалькі разоў за жыццё ў садку і школе і,м усіць, ці не аднойчы дома. У краме такога ў вольным продажы не было, хоць мясакамбінат напоўніцу працаваў. У нашым доме тады жыло багата наменклатурных супрацоўнікаў і іншых адказных таварышаў, за што дом меў, апроч распаўсюджаных — «Кітайская сцяна», «Маскоўскія вароты», — яшчэ і выбітную мянушку «Дваранскае гняздо». Аднойчы ехалі ў ліфце з цётачкай, а ў той — поўная торба сасісак. Мы з сястрой давай бацьку прасіць:

— Купі і нам такіх сасісак!

— Дзеткі, яны ж не прадаюцца.

— А дзе ж тады цёця ўзяла?

— Украла! — адказаў бацька, ён заўжды называў рэчы сваімі імёнамі.

Цёцю аж перасмыкнула. Варыянты — дастала, вынесла, — па сутнасці, тым самым крадзяжом і былі. А бацька паехаў у Маскву на цягніку і накупіў поўныя сумкі мандарынаў, «Фанты», сасісак, «Доктарскай» і нейкай дзівоснай каўбасы з кітовага мяса, якой больш ніколі пакаштаваць не давялося.

Тата з сябрам ужо пасля адзначалі ўдалыя закупы. Здаецца, дасюль чую іхнюю гаману за сталом: «А яна мне: «Мяшочнікі, панаехалі!» А я ёй: «А ты, дзевачка, думаеш — хлеб на Краснай плошчы расце? Бога за бараду ўзяла, раз у Маскве жывеш?»

Памятаю, я тады зрабіла нечаканае для сябе адкрыццё — сасіскі бываюць не толькі цёплыя, вараныя, але і халодныя сырыя, і яны значна смачнейшыя. Памятаю таксама дзіцячую эйфарыю ад магчымасці есці іх колькі хочаш! Радасць, успамін пра якую выклікае, апроч удзячнасці бацьку, абурэнне. Нешта не хочацца паўтору таго самага шчасця і « таго самага смаку», хай дзеці цешацца іншымі рэчамі.

Так што з афіцыйна ўхвальнымі сімваламі настальгіі неяк не задалося. А вось туга па тых амаль зніклых з жыцця ласунках, што дазваляюць адчуваць напоўніцу стракатасць наваколля, дазваляюць глядзець на свет дзіцячымі вачыма. Прысмаках, што год ад году сапраўды застаюцца тымі самымі, даступнымі без усялякіх прывілеяў.

Фота Дзяніса Раманюка

Бярозавік

Не, не той, са скарбонкі ў зялёны лісцік, што ў «Тройцы» на скідках. Не падсалоджаны, з апельсінам, цяперашнім светам закатаны ў дваццаць трохлітровых слоікаў узорнымі для ўсіх гаспадынямі.

З бярозавіку для мяне калісьці пачыналася вясна, ім жа і сканчалася.

На поплаўчыку ў канцы агароду штогод дзядуля падпускаў спярша клён, а пасля — бярозу. Саладкаваты бярозавік бруіўся па драўляным латку ў вядро. У халаднаватае надвор’е сок ледзьве крапаў ці супыняўся, уночы падмарожвала — дрэва падмярзала, у вядры плавалі колкія халодныя льдзінкі. А калі была пагода — струменіўся маленькім раўчуком. Нахілішся папіць, станеш каленам на лугавіну ­— і адразу мокрая пляма на спарціўках. Але ж хіба на вясновых канікулах мокрыя нагавіцы — гора? Калі, напіўшыся бярозавіку, можна кідаць каменьчыкі ў копанку, засланую леташнім чорным лісцем, вадзіць дубцом па вадзе, слухаць, як звіняць жаўрукі ў нябесным блакіце. Калі сонейка па поплаве скача зайчыкамі, вялізныя чыстыя лужыны з выжарынамі чаргуюцца, а па ўсім лузе цвіце кураслеп!

Бярозавік збіралі ў бочку і бак, ставілі ў варыўню, кладоўку.

Ён падкісаў, рабіўся квасам. На пачатку траўня, як садзілі бульбу, а яблынькі ў садзе нагадвалі вялізныя букеты, бярозавік аказваўся вельмі дарэчы. Раніцай на поле ўся гаманкая чарада сваякоў ды суседзяў ідзе ў гумовіках, але апоўдні ралля награецца, хоць басанож бяжы, а жоўтая штапельная хустка звальваецца на плечы. Араты і той, хто каня вадзіў і насенку ў кашы насыпаў, і тыя, што гной уграбалі, ці за бабу былі — усе замарыліся, адпачыць на разору прыселі. Тады бяжыш у халаднаватую камору, наліваеш трохлітровы слоік падкіслага, асвяжальнага бярозавіку. Яго гаючы смак наталяе смагу і дадае моцы. І ўжо потым, калі ідуць піць магарыч за стол, прыгатаваны з усяго найлепшага, што толькі ёсць у хаце, бярозавік таксама там. Ім частуюцца і малыя, і старыя. Ён гоніць прэч стому, цудоўна дапаўняючы смак самагону дваццацігадовай вытрымкі, вэнджаных паляндвіц ды пер’я цыбулі, у соль памачанага. Выйдзеш на ганак, ад бяседнай гаманы адпачыць — салаўіны спеў чутны, і табе здаецца, што то не салоўка ў сліўняку пяе — а душа твая.

З надыходам летняй гарачыні бярозавік рабіўся сапраўдным кіслоццем, ажно сківіцы зводзіла — з пітва ператвараўся ў ежу. «Ну што на абед — кашу забелім ці халаднічку?»— яшчэ зранку пытала бабуля. Часцей за сечку і макароны, залітыя халодным малаком, абіралі халаднічок. У кіслы бярозавік крышылі зеляніну, вараныя яйкі, гурок, калі быў, дадавалі смятаны. І халаднік разам з прычыненымі аканіцамі ратаваў ад летняй спякоты.

Яблыкі

Бадай, ніводная садавіна не магла пахваліцца гэткай колькасцю гатункаў і смакаў. Хоць старадаўнія гатункі сліў і груш таксама былі кожны па-свойму смачныя, а словы «цукроўкі», «венгеркі», «чарнасліў», «скараспелкі» для мяне як песня гучаць. Але да разнастайнасці і паўсюднай прысутнасці яблычнага смаку ў жыцці астатняй садавіне ўсё ж далёка.

Яблыкі — гэта белы наліў. Першыя зеленаватыя кіслыя паданкі ўжо ў ліпені ўшчэнт збівалі ячмень пад яблыняю, пасля рабіліся белымі духмянымі,а калі пабіць яго аб плот яшчэ больш сакавітымі, а ў сярэдзіне жніўня — сопкімі, наліўнымі — паглядзіш — ледзь не наскрозь свеціцца — семкі бачныя.

Яблыкі — гэта штрыфель, буйны і чырванабокі — хоць на выставу, дробненькія пепінкі далікатнага, вытанчанага кісла-салодкага смаку, барвовыя цыганкі — увосень не ўгрызці, вісяць у варыўні ў кашы падвешаныя ўсю зіму, а напрадвесні хоць ужо пахнуць зямлёй і варыўнёю больш, як садавіной, але не псуюцца.

Раннія жаўтлявыя, з выгляду несамавітыя, а на смак — саладзейшыя за мёд яблычкі з-пад старой разлапістай яблыні, пра каторую бабуля некалі з гонарам казала: «Мой бацька садзіў!» Пачула ўчора пра сучасны гатунак яблыні — растуць у рост чалавека і толькі пяць гадоў родзіць — сумна зрабілася.

Дзед даглядаў сад, прышчэпліваў яблынькі, падпіраў голле і гаварыў пра дрэвы з такой пяшчотай, бы пра дзяцей родных. Аднак бывала: у чужым садзе духмяных антонавак болей, крамяныя пуцімкі буйнейшыя, а хочацца болей соку на «Журавінцы» націснуць, або недзе па суседстве спеюць такія яблыкі, якіх у нас няма.

Сады пакінутых сядзіб у выміраючых вёсках! Ураджай належыць таму, хто першы агледзіць. З-за торбы яблык нашчадкі памерлых гаспадароў за паўтары сотні кіламетраў наўрад ці паедуць, а калі б і прыехалі, дык хапіла б і ім — яблыкі мостам ляжалі. Дый, пабачыўшы, што хата на месцы стаіць нерабаваная — ніхто той знесенай садавіны не шукаў. Лазілі па кінутых садах ўпотайкі — хутчэй з прычыны падлеткавай прагі да прыгодаў або каб яшчэ нехта не агледзеў і ўслед за табой з кашом не прыперся. Здаралася, дарослыя, каб самім пасля сабраць ураджай маглі канечне, паўшчуваць чужых унукаў, але аргумент — «Гэта нашая радня, яны нам напісалі…» — абяззбройваў гэткіх хітрых праведнікаў канчаткова. Найчасцей жа гаспадары самі прасілі напрамілы бог сабраць паданкі тых, хто меў у іх патрэбу. Паход па яблыкі здзічэлага саду у дарослым узросце нагадваў паляванне. Трэба было, прадраўшыся праз лоўж і плантацыі дзядоўніку, апярэдзіць усіх ахвочых. Неяк восенню, ужо маючы малую дачку, выбралася я ў такі сад, дзе і хаты ўжо не было, па сакавітыя пуцімкі. Паданак на зямлі аказалася мала — я ўзлезла на дрэва і пачала яго трэсці. Пачуўшы, што нехта калоціць яблыні побач, з суседняй хаты высунуўся аднавясковец і з ходу пачаў сварыцца. Але, пабачыўшы мяне, надта здзівіўся: « А, гэта вы? А я ж думаў, якія блатныя хлопцы з Гарохаўкі!» — прабачыўся і пайшоў дахаты. Неспакой старога меў падставы: унадзіўшыся ў сад, чужыя падлеткі маглі і па хатах лазіць, цягнучы ўсё што даспадобы. Я тады прыперла яблыкаў заплечнік і вазок — і гэта была мая здабыча! Па дарозе сустрэлася жвавая суседка гадоў пад восемдзесят, з тае кагорты, што свайго нідзе не ўпусціць. Яе ўзяла зайздрасць: «Пабягу ж і я!» Я не стала зараней расчароўваць, толькі цётцы з кашом услед паглядзела, — шанцаў няма — на дрэва яна не залезе!

Фота Дзяніса Раманюка

Яблыкі — гэта антонаўкі, каштоўныя смакам і непаўторным водарам. Менавіта іх замочвалі ў дзежках і бочках, папярэдне саломы падклаўшы. Калі разам з антонаўкамі трапляліся іншыя яблыкі — розніца адразу адчувалася — яны не мелі таго смаку, былі мяккія і разлезлыя, як мялле. Антонаўкі — іншая справа: зімою ўсадзіш руку ў бочку, яна шчыпіць, аж заходзіцца ад холаднага кіслага расолу, дастанеш колькі мочаных антонавак. Крамяныя, жоўценькія, смак рэзкі — аж вочы на лоб. Парэжаш лустачкай — хочаш так пад гарэлачку еш, хочаш цукрам пасып — дзецям ласунак будзе!

Яблыкі — гэта яшчэ і сушкі. Сушкі — бо сушаныя, на сонцы і ў печы. Кіслыя — святлейшыя, салодкія — цямнейшыя. Можна ўзвар з іх гатаваць, можна — як тыя семкі ўзімку сухімі есці. Слівы і грушы сушылі радзей — больш дроваў спаліш, на сонцы яны наогул не высахнуць. Сушак заўжды было шмат, імі нават яйкі ўкручаныя папярэдне ў паперу перасыпалі, каб не пабіліся ў сумцы, пакуль давязеш.

Кісель у брыкетах і смародзіны

Паўфабрыкаты гэтага кісялю і сёння можна адшукаць у краме. Сёння з яго па-ранейшаму вараць кісель у сталоўках, але выкарыстоўваць яго не па прызначэнні нікому не прыходзіць у галаву. А некалі ў кожнай хаце па дзясятку пачак ляжала.

Колішняе стаўленне чалавека да гэтага прадукту сведчыць пра яго біялагічны ўзрост лепш за пашпарт. Калі гадоў дваццаць пяць — трыццаць таму ён быў для вас ласункам, значыць, вы сярэдняга веку. Калі сыравінай для брагі — вы ўжо не першы год як пенсіянер!

Перад вачыма — яскравы ўспамін, пэўна такое бачыў кожны, хто праязджаў праз вёску цёплым летнім адвячоркам. Гарачыня ўжо спала, па вуліцы ідуць каровы з пашы, абціраючы свае наетыя бокі аб пыльны бэз. Пыл залоціцца ў вечаровых промнях сонца. На лаўцы сядзяць старыя, а побач стаіць малое дзіця ў адных майтках, з галавы да ног спрэс выкачанае ў вулічным пяску, такое мурзатае, што здаецца, з самага нараджэння не мыў ніхто. Адною рукой яно трымаецца за маленькі трохколавы ровар, а ў другой — паспрабуй адбяры — заціснула пачак кісялю і з асалодаю грызе яго.

Вядома, не ўсе бацькі і бабулі лічылі падсалоджаны сухі крухмал карысным ласункам для дзіцяці. Але забароненае — заўжды самае смачнае! Нягледзячы на наяўнасць кукурузных палачак, цвердаватых пернікаў і ірысак з вясковай крамы, кісельныя паўфабрыкаты, набытыя з іншаю мэтаю і схаваныя ў дальнім куце буфета, былі жаданымі прысмакамі.

Кісель дзеля закускі дзецям ці на бяседу звычайна варылі са смародзінавага варэння. Ён быў самым папулярным вясковым дэсертам. Разлівалі па вялікіх талерках, накрывалі газэтаю, каб мухі не ўляцелі, а калі застываў, дык яго можна было толькі лыжкамі есці. Густы, халодны, салодкі.

Бадай, са смародзінаў варэнне толькі і варылі. Смародзіны ў нас калісь былі як гуркі ў Шклове. Парэчак жа чырвоных і белых было ўсяго якія тры кусты.У смародніках улетку абіралі ягады па два тыдні ўсёй сям’ёй. Яны былі выдатным гасцінцам для гарадской радні, у горадзе памагалі з ходу вырашыць любое пытанне: ад лячэння зубоў у паліклініцы да выпісвання торфу на зіму. Смародзіны таксама пэўны час былі дадатковай крыніцай заробку. Раней кошыкамі вазілі ў Бабруйск на продаж: «Усё прадала, а гэтую не бярэ ніхто! Жыды ходзяць, насамі круцяць — дробная. Дык я кажу — то ж лясная! Як бачыш — прадала». Пазней здавалі перакупшчыкам на месцы. «Абірай смародзіны — здасі, усе грошы твае будуць», — аднойчы паабяцала бабуля. Мне было гадоў дзевяць-дзесяць, я наабірала вядро і зарабіла першыя ў сваім жыцці тры рублі. З тае пары смародзіны для мяне — успамін, што лашчыць смак і кішэню.

Слівавы клей

Фота Дзяніса Раманюка

Калі б у мяне запыталі пра колер майго дзяцінства, дык я адказала, што яно, мабыць, гэткае як вясёлка над лугам. А калі б пра смак — дык на смак маё дзяцінства дакладна было не такім суцэльна святочным, як рэклама марозіва «28 капеек», і не такім спрэс саладжавым, як колішні зефір з глушанскае крамы, чамусьці заўжды чэрствы — хоць цвікі забівай. Што зробіш: уражанні і ўспаміны ад найлепшай пары не заўжды салодкія — у мяне добрая памяць! Ды і ці ідзе на карысць зашмат цукру?

Дзяцінства маё, хутчэй, мела смак смалы вішнёвай ці слівовай, або клею, як мы яго тады клікалі. Лагодны саладкавата-вязкі смак з ледзь улоўным гаркавым адценнем і садавінным водарам. Ласунак, які бывае розным: цёмна-барвовым, чырвоным, жаўтлявым, мяккім, як воск, або застылым, як палены цукар — гэта ўжо як пашчасціць. А ў роце, як пажуеш, усё адно распадаецца на крупіны! Экалагічна чыстая жуйка — нібыта і ежай не назавеш — спажывы з яго няма, але і шкоды таксама. Яго не купіш нідзе, не згатуеш, не папросіш у дарослых, а можна толькі знайсці і здабыць — на каравым тонкім слівавым камлі ці ўскараскаўшыся на тоўстую галіну старой вішні. Нават зараз, ідучы паўз сліўняк, пільна прыглядаюся да гэтых колкіх вольных дрэваў. І ніколі не лянуюся руку працягнуць ці падскочыць — вось ён слівавы клей — бурштынам свеціцца на сонейку. Азіраючыся на пражытае і перажытае, сведчу — насамрэч той самы смак!

0
Крым и Рым / Ответить
27.05.2018 / 13:02
Ох как в деревню-то сразу захотелось!..
0
давнее / Ответить
27.05.2018 / 13:14
Яблоки....штрифель,шампанка,путинка.  А окорок ,снятый с чердака? А свойская колбаса? А шкурки...  когда свежина? Ковбух,кровянка. Помню "тихоокеанскую сельдь" в больших железных банках.Вкуснее рыбы не было. А сосиски, колбаса, раст.кофе,"Мишка на севере",шок."Вдохновение"-это из златоглавой привозилось. В Питере на Васильевском острове был конд.магазин "Белочка". Там всегда покупали карамель "Онега" и "Вечерний Ленинград"-типа трюфелей. Всё помню и назад туда не хочу.
0
Лора / Ответить
27.05.2018 / 13:15
Дзякуй шчыры! Амаль усе пра мяне... Нiбы у дзяцiнства трапiла, вясковае, басаногае.
Показать все комментарии/ 33 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера