А вы ведалі, што калі ў вас адключылі гарачую ваду, то можна памыцца на запраўцы?  24

Аўтар: nn.by

«Мы ўжо ўсё, сваё адпакутавалі. Найцяжэйшы маральна — восьмы дзень. Галоўнае — не запіць». У вас, напэўна, таксама ёсць пара тройка анекдотаў пра адключэнне вады, блізкія і зразумелыя кожнаму беларусу. Іранізаваць у гэтай сітуацыі можна бясконца, але мы сабралі ідэі, як сабе дапамагчы.

У самых блізкіх (фігуральна)

Народная мудрасць сцвярджае, што моц сяброўства правяраецца падчас адключэння гарачай вады. Падумайце, хто з вашых блізкіх жыве найдалей ад вас і праверце па графіку, ці ёсць у яго гарачая вада. Калі ёсць — хапайце ручнік, шампунь і цукеркі (ну, у госці ж нібыта ідзяце). Але будзьце гатовыя, што хутка яны прыйдуць да вас у звароткі.

У лазні

Тут два варыянты: па-багатаму і бюджэтны.

Па-багатаму — адшукаць лазню ля возера ці ракі, якую можна арандаваць на пару гадзін, ды паехаць з сям’ёй ці сябрамі. Адпачыць, паплаваць, папарыцца. Можна і шашлыкі арганізаваць, і ў мяч пагуляць.

Ну а калі тое арганізаваць цяжка, тады — грамадская лазня. У Мінску дзве гадзіны ў агульных грамадскіх лазнях каштуюць у сярэднім 8 рублёў, а вось гадзіна ў саўнах — 25 рублёў (на кампанію).

Там, дзе спорт і вада

Спартыўныя залы, басейны, аквапаркі як правіла абсталяваныя душам (хаця лепш пазваніць удакладніць, перш чым ісці, бо мала ці што якое). Калі вы не гатовыя радыкальна заняцца спортам, то можна пачаць з больш простага варыянту: запісацца, напрыклад, на некалькі гадзін бадмінтону ў «Мінск-Арэну» (там у распранальнях таксама ёсць душы).

У офісе (сацпакет і ўсё такое)

А чаму не? Ён жа хіба для гэтага там існуе. Толькі дачакайцеся, пакуль калегі разыдуцца па дамах, каб нікога не траўмаваць эфектным выхадам у ручніку.

Ды набудзьце ўжо воданагравальнік

Узгадваеце выраз твару шчаслівага чалавека, які мае воданагравальнік, калі ў офісе заходзяць размовы пра адключэнне вады? Вось і вы з такім будзеце хадзіць.

Тым, у каго дома газ, бывае карысна мець газавыя калонкі і катлы, але іх усталяванне — справа сур’ёзная, і гарачую ваду дадуць раней, чым вы паставіце дымаходы.

Нашмат хутчэй і прасцей усталяваць электраводанагравальнікі. Тут ёсць некалькі варыянтаў: праточныя, якія грэюць ваду, пакуль яна ідзе, і назапашвальныя — бойлеры, яны падтрымліваюць высокую тэмпературу вады, якая знаходзіцца ўнутры іх.

Моцны праточнік можа дазволіць прымаць душ бясконца, але і электраэнергіі з’есць шмат. Таму перад пакупкай варта глядзець на кілаваты (кВт), пазначаныя на ўпакоўках, і раіцца з прадаўцом. Ну альбо ўзяць бойлер.

УНП 101541947

Каб не памыліцца з назапашвальным воданагравальнікам, трэба падлічыць усіх членаў сям’і і хатніх гадаванцаў, якія будуць плёскацца ў нагрэтай бойлерам вадзе. Ад гэтага залежыць колькасць патрэбных літраў. Яшчэ важна, што ў бойлера ўнутры: эмаль, нержавейка, ізалятар ці нешта іншае. У кожнага матэрыялу свая спецыфіка.

Калі абраць бойлер з розумам, то ім можна будзе карыстацца фактычна пастаянна, а не толькі ў час адключэння гарачай вады.

А наконт эканоміі — тут трэба лічыць індывідуальна, у некаторых выпадках бойлеры больш эканамічна выгадныя, чым спажыванне гарачай вады з агульнай магістралі.

У нашых партнёраў Pawetra.by ёсць розныя варыянты воданагравальнікаў па розных коштах і можна пракансультавацца наўпрост з імі, які патрэбны менавіта вам.

Вазьміце воданагравальнік у арэнду

Майце на ўвазе, што некаторыя кампаніі прапануюць воданагравальнікі ў арэнду. Прывязуць, усталююць, дадуць два тыдні пакарыстацца, а потым самі забяруць — за 55 рублёў.

Час прыдбаць сухі шампунь

Гэта варыянт хуткай дапамогі. Сухі шампунь каштуе звычайна ў некалькі разоў даражэй, чым звычайна, але ў такі цяжкі час можна сабе дазволіць. Ім вы, канечне, не памыецеся, але прынамсі асвяжыце валасы і нададзіце ім больш дагледжаны выгляд.

Запішыцеся ў цырульню

Звычайна ж як выходзіць? Памылі галаву раніцай, а ў цырульню толькі ўвечары — ізноў мыюць. Тут такой накладкі ўжо не атрымаецца. Можна за пару тыдняў без вады нават некалькі разоў запісацца на розныя працэдуры.

Зірніце на пральную машыну па-новаму

Варыянт, натуральна, для бясстрашных і адчайных. І лепш два разы падумайце, перш чым спрабаваць гэта правярнуць. Абіраеце самы хуткі рэжым з кіпячэннем, але не закідваеце бялізну і парашок. Чакаеце, пакуль машынка набярэ ваду, нагрэе яе, зымітуе мыццё і пачне зліваць. Вось у гэты момант накіроўваеце шланг у ванну — і вуаля, можна мыцца.

Заедзьце на запраўку

У сеткі заправак «Беларусьнафта» ёсць паслуга «Душ». Вас пусцяць памыцца за 3,5 рубля, але трэба мець свой шампуль, гель і ручнік. У Мінску дзве запраўкі з такой опцыяй, яшчэ некалькі — непадалёк ад горада. А ўвогуле актуальна па ўсёй краіне.

Здыміце кватэру ў іншым раёне

Не самы бюджэтны варыянт, гэта праўда, затое змена абстаноўкі можа дапамагчы не толькі перажыць адключэнне гарачай вады, але і палепшыць эмацыйны стан, «абнуліцца» і пачаць па-іншаму ўспрымаць свой пастаянны дом і арганізаваную ў ім прастору.

Скарыстайцеся «бабуліным» спосабам

Актуальна, калі ў вас ёсць лецішча непадалёк ад горада і аўтамабіль. Напоўніце вялікія тары вадой, пакіньце на цэлы дзень на сонцы. І ўвечары пасля працы вас будзе чакаць цудоўны летні душ!

Фота rb7.ru

А можа проста ў адпачынак?

Наведаць бацькоў, у тур па Беларусі ці за мяжу — чаму б і не? У цёплых краінах прымаць ванну можна наўпрост у моры, а калі вернецеся — ужо і дома гарачую ваду ўключаць, і праблемы як не было зусім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?