«Нам удалося ўсё»: «Наша Ніва» цалкам пераходзіць у інтэрнэт 78

Аўтар: NN.by

З гэтага нумара «НН» спыняе рэгулярны выхад папяровай газеты і працягне сваё існаванне толькі ў электроннай форме як партал NN.BY.

«Наша Ніва» паказала ўсім прыклад, як адаптавацца да новай эпохі. У маі гэтага года NN.BY наведалі 475 тысяч карыстальнікаў, якія прачыталі 7,1 мільёна старонак. А бываюць месяцы значных падзей, і тады лічбы большыя нават удвая. Гэта непараўнальна з аўдыторыяй папяровай газеты. У далейшым друкаванні яе не засталося практычнага сэнсу. Хоць, здаючы апошні выпуск, мы з настальгіяй і захапленнем разглядвалі нашы старыя першыя палосы.

«НН» анлайн — гэта штодзённае выданне, адаптаванае да сучасных тэхналогій. Нам удалося тое, чаго не дасягнулі нашы папярэднікі. У ХХ стагоддзі незалежным беларускім выданням не ўдавалася выйсці на штодзённую перыядычнасць. Украінцы («Діло» і «Рада») і літоўцы (Vilniaus zinios) мелі штодзённыя газеты ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя. «Наша Ніва» ж у 1906—1915 была тыднёвікам.

Украінская эміграцыя выдавала штодзённую «Свободу», эміграцыйны «Беларус» такім не быў.

І ў 1990—2000­-я гады толькі дзяржаўная прэса мела штодзённікі. «Свабода» Ігара Герменчука, «Народная воля» Іосіфа Сярэдзіча, «Наша Ніва» Сяргея Дубаўца залатымі літарамі ўпісаныя ў гісторыю беларускага друку і дзяржаўнасці, але штодзённага выхаду не дабіліся.

Мы ганарымся той аператыўнасцю і аб’ёмам інфармацыі, якія НН цяпер дае анлайн. Мы ганарымся таксама тым, што мы — платформа для дэбатаў. Мы роўна даём трыбуну кансерватарам і лібералам, сацыял­-дэмакратам і нацыяналістам, экалагістам і рыначнікам.

Мы імкнёмся выхоўваць у людзях павагу да чужога меркавання, уменне слухаць і змяняцца. І, як і нашы папярэднікі Антон і Іван Луцкевічы і Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі і Аляксандр Уласаў, мы верым у прагрэс, у магчымасць больш справядлівага ўладкавання грамадства, лепшага разумення чалавекам свету і сябе.

«Нашу Ніву» чытаюць самыя шырокія слаі. Аснову аўдыторыі складаюць чытачы ад 25 да 45 гадоў. Больш за палову нашых інтэрнэт-­чытачоў жыве ў Мінску.

Тое, што аўдыторыя «НН» дасягнула гістарычнага рэкорду, — гэта і люстэрка нацыянальнага станаўлення беларусаў. «НН» мае сёння столькі чытачоў, бо вырасла колькасць людзей, якія лічаць сябе беларусамі, а беларускую нацыю — адной з цэнтральнаеўрапейскіх.

Інтэрнэт — новая эпоха чалавецтва, настолькі ж прагрэсіўная ў параўнанні з паперай, як калісьці вынаходства Гутэнберга — проці рукапісных фаліянтаў.

Мы б даўжэй трымаліся за папяровае выданне, калі б яму не было альтэрнатывы, калі б мы былі адзінай крыніцай інфармацыі для старэйшых, хто не мае доступу да інтэрнэту. Але ж ёсць якасныя, патрыятычныя «Народная воля», «Новы час», «Рэгіянальная газета», іншыя выданні.

А на паперы «Наша Ніва» плануе выдаваць гістарычную літаратуру. Мы рыхтуем новы праект «Наша гісторыя». Інфармацыю пра яго выхад шукайце на сайце NN.BY, мы таксама апублікуем яго анонсы ў «Народнай волі» і «Новым часе».

* * *

Гэты нумар «Нашай Нівы» многія захаваюць як памятку. Таму давайце тут нагадаем асноўныя вехі гісторыі газеты.

1906. Першы нумар газеты

Вільня, 10 (23) лістапада. Рэдакцыйны зварот.

Пачынаючы выдаваць беларускую газету «Наша Ніва», хочам трохі пагаварыць з усімі, каму ў той ці іншы спосаб залежыць на нашай працы, хочам адкрыць свае думкі, каб усе маглі нас пазнаць.

«Наша Ніва» будзе другой беларуской газетай — першая газета «Наша Доля» не жывець: была надта нядоўга, бліснула, як маланка, і згінула дзесьці. Разумеем мы, як важна цяпер беларуская газета, разумеем, якую вялікую работу яна можа зрабіць.

І дзеля таго мы будзем старацца, каб наша газетка глянула ўсюды, каб папала яна і пад страху беднай курной хаты мужыка­беларуса. Не думайце, што мы хочам служыць толькі ці панам, ці адным мужыкам. Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцця, каб ад нас, як ад люстра, святло падала ў цёмнасць… Мы будзем браць усё ад усіх і, злажыўшы ў парадак, зноў аддаваць. Ведайце добра, што «Наша Ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае. Кожны мае права быць выслуханым на старонках нашай газеты і кіраваць ёю, толькі каб было разумна. Мы з сваёй стараны будзем старацца, каб усе беларусы, што не ведаюць, хто яны ёсць, — зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі сваё права і памагалі нам у нашай рабоце.

Не будзем пісаць громка. Будзем спакойна, цвёрда кідаць усім праўду ў вочы, пастараемся быць церпялівымі і панаваць над сабою: няхай халодны розум моцна трымае ў сваіх руках гарачае сэрца.

А цяпер прызываем усіх тых, хто разумее нашы цэлі, адчувае тое, што мы чуем, і захоча нам памагчы:

Падтрымайце нас у рабоце, што цяпер пачынаецца!

* * * 

1908. Янук Купала. Хто ты гэткі?

Хто ты гэткі?
— Свой, тутэйшы.
Чаго хочаш?
— Долі лепшай.
Якой долі?
— Хлеба, солі.
А што болей?
— Зямлі, волі.
Дзе радзіўся?
— Ў сваёй вёсцы.
Дзе хрысціўся?
— Пры дарожцы.
Чым асвенчан?
— Кроўю, потам.
Чым быць хочаш?
— Не быць скотам.

* * *

1907. Якуб Колас. Расейскія вобразы

Куды ні глянь — адно і тое:
Усюды стрэльбы і «шнуры» —
Стаяць па пары і па трое
На скрыжаваннях «каўняры».

Аж у вачах яны мігцяцца,
Усюды іх, як прусакоў…
Куды пайсці і дзе схавацца
Ад гэтых рыл і «каўняроў»?!

* * *

Рэдактар газеты Аляксандр Уласаў і адзін з яе асноўных аўтараў Якуб Колас арыштоўваліся царскімі ўладамі.

Рэдакцыя «Нашай Нівы» пасля паліцэйскага ператрусу.

1908. Ворагам беларушчыны

«Газэта з карцінкамі»

«Першая беларуская газета з карцінкамі» — так пісалася НН. Але карцінак у ёй было няшмат.

1912. «Наша Ніва» выбірае правапіс

Першыя гады газета выходзіла ў двух варыянтах: кірыліцай і лацінкай. Для адзінства трэ' было вызначацца: большасць выказалася за кірыліцу.

1913. Рэклама на старонках «НН»

1914. Вайна

Пачатак першай сусветнай вайны. НН публікуе «Найвышэйшы маніфест» цара Мікалая ІІ. Ніхто не ведае, што ў выніку гэтай распачатай ім вайны ён страціць карону і жыццё.

«Наша Ніва» займала паслядоўна антываенную пазіцыю. У выніку газета ўвесь час выходзіла з белымі плямамі цэнзуры.

1915. Карта

Вайна на дварэ, а Янка Купала друкуе ў «Ніве» карту беларускіх зямель.

1915. Немцы займаюць Вільню і выданне газеты спыняецца

Прарыў немцаў быў нечаканым. Выдаўцы не ду­ма­лі, што першы жнівеньскі нумар газеты стане апошнім.

1920. Антон Луцкевіч спрабуе адрадзіць газету

Суседнія нацыі сілай зброі стварылі свае дзяржавы. Беларусы войска не мелі, і іх тэрыторыі падзялілі чужаніцы.

У 1920-м выйшла ўсяго 9 нумароў газеты.

Апошняя старонка апошняга нумара НН за 1920 год.

1991. Адраджэнне газеты

Вільня, травень. Рэдакцыйная калонка ў №1.

«Наша Ніва» выходзіць зноў. Людзі, якія стварылі яе ў 1906-­м годзе, разлічвалі не на нейкі перыяд, ці этап, ці нейкую праграму­мінімум, пасля чаго трэба было б спыніць выданне, але на ўсю перспектыву беларускага нацыянальнага жыцця. Гэты разлік у 1915-­м сарвала вайна, пасля — рэвалюцыя, часы сацыялістычнага будаўніцтва. Цяпер, калі гэта ўсё адышло ў нябыт, калі спакваля зноў акрыйвае беларускае нацыянальнае жыццё, «Наша Ніва» выходзіць зноў. Як люстэрка дзён і жаданняў… Больш за 70 гадоў моўкнасці няхай стануць для нас не забыццём, а новым, добры забытым досведам, не гнілымі лаўжамі, а крэпкім сухім паленнем ў грубку адноўленае «Нашай Нівы».

1996. «Наша Ніва» пераязджае з Вільні ў Мінск

Ад Рэдакцыі

На дзевяностым годзе свайго існавання «Наша Ніва» пачынае выходзіць штотыднёва. Як фенікс з попелу, з бязладдзя нашага часу вырастае «першая беларуская газета з рысункамі», каб зноў стаць люстэркам жаданняў і патрэбаў свайго народу.

Гісторыя гэтага найбуйнейшага ў Беларусі выдавецкага праекта развівалася гэтак жа сутаргава, як і гісторыя самой нацыянальнай ідэі ў XX ст. Створаная ў 1906 годзе «Наша Ніва» імкліва стала галоўнай трыбунай усяго беларускага: палітыкі, культуры, навукі. На старонках газеты пачыналі сваё ўзыходжанне ўсе без вынятку класікі тае пары… Спыніўся выхад газеты ў I сусветную вайну. Першая спроба аднавіць выданне належыць да 1920 года, калі выйшла ўсяго дзевяць нумароў…

У траўні 1991-­га «Наша Ніва» была адноўленая ў Вільні, там, дзе яна заўсёды й выходзіла дагэтуль — у радавым гняздзе беларускай ідэі, гісторыі й культуры. Тут яшчэ жыў і жыве той беларускі дух, які не зазнаў дэфармацыяў савецкага часу — як гэта адбылося паўсюль у БССР. На працягу пяці апошніх гадоў газета выходзіла раз на месяц і займалася амаль выключна светапоглядам — «прамываннем мазгоў», пастаноўкай беларускай праблематыкі ў нашым часе. Такая «рэанімацыя» ідэі патрабавала чыстага эксперыменту, таму не магло быць і гутаркі пра выдавецкі праект як вытворчы самаакупны механізм. Перад ініцыятарамі стаяла адна задача — навязацца да абарваных каранёў нацыянальнай традыцыі.

Многія чытачы ўспрынялі адноўленую «НН» як выданне элітарнае, замкнёнае ў сабе і далёкае ад рэальнага штодзённага жыцця. Але гэта быў неабходны перыяд, без якога рэдакцыйны калектыў папросту не змог бы стаць адэкватным вытлумачальнікам таго, што адбываецца ў Бацькаўшчыне. Важна было дайсці да сутнасці падзеяў, зыходзячы не з агульнага ідэалу, а з канкрэтных нацыянальных інтарэсаў краіны, якая воляю лёсу стала самастойнай дзяржавай.

Беларусь, аднак, не стала дзяржаваю нацыянальнай. Для калектыву рэдакцыі «НН» гэта быў знак на тое, каб распачынаць новы этап свае працы. У канцы мінулага году рэдакцыя пераехала з Вільні ў Менск.

Новы этап дыктуе новую форму. Дакладней, сёння рэдакцыя мае ўжо дастатковую светапоглядную базу, каб вярнуцца да канцэпцыі 1910 году — г.зн. да канцэпцыі рэгулярнага тыднёвіка, масавага і самаакупнага, адкрытага да ўсіх тэмаў і праяваў нашага жыцця. I калі ў папярэднія гады найважнейшай ацэнкай нашае працы была самаацэнка, то цяпер галоўным экзаменатарам газеты будзе чытач.

Новы этап — рынкавы. «НН» павінна вярнуць сабе колішні вобраз любімай газеты, але не праз спагаду вузкіх колаў нацыянальна ангажаванай публікі, а праз наклад і ўдзел у нашым выданні рэкламадаўцаў. Выпісвайце «Нашу Ніву», прапануйце нам рэкламны матэрыял і гэтым Вы дапаможаце тыднёвіку на новым этапе ягонага станаўлення.

Фенікс адродзіцца з попелу.

Газета выходзіла як грамадска-культурны штотыднёвік толькі 9 месяцаў у 1996-м. Пасля рэсурсаў не хапіла, і выданне перайшло на выхад двойчы ў месяц. Змест ізноў стаў пераважна літаратурна-мастацкім. На фота: першы нумар «НН» за 1997 год.

1999. Газета зноў робіцца тыднёвікам.

2006. Валанцёры

Як і іншыя незалежныя газеты, «Нашу Ніву» забараняюць прадаваць у кіёсках і ўключаць у падпісныя каталогі.

Амаль тры гады газету распаўсюджвала валанцёры — студэнты і пенсіянеры. Дагэтуль з вялікай цеплынёй згадваем гэтых людзей, якія вынеслі беларускае слова ў сваіх заплечніках.

Газета сімвалічна перайшла ў фармат А4, каб лягчэй змяшчацца ў торбах і канвертах.

2008. НН ізноў выбірае правапіс

«Нашу Ніву» і «Народную волю» вяртаюць у кіёскі. Газета, між тым, пераходзіць на школьны правапіс

Рэдакцыйны зварот з нагоды змены правапісу

Шаноўныя чытачы, ад гэтага нумара «Наша Ніва» будзе выходзіць школьным правапісам.

«НН» пераходзіць на яго, бо ставіць перад сабой задачу заваёвы новай аўдыторыі. Вяртанне ў кіёскі «Саюздруку» дае такі шанец. Непрызвычаеным людзям чытаць па­беларуску класічным правапісам цяжэй, моцна цяжэй. Тое адназначна паказвалі сацыялагічныя даследаванні, дый кожны з нас тое бачыў або адчуваў на сабе. Гэты псіхалагічны бар’ер абмяжоўваў аўдыторыю. Мы хочам, каб новыя і новыя людзі пачалі набываць газету, ідэнтыфікавалі беларускую мову як сваю, не адчувалі ад яе адчужэння. Было б недаравальна, каб непрыяцелі беларускага тыкалі: вось, мы іх дазволілі, і што — жменька чытачоў у іх.

Гэты крок ані кан’юнктурны, ані прадыктаваны эмоцыямі. Рэдакцыя даўно адчувала такую патрэбу для пашырэння кола актыўных носьбітаў беларускай культуры.

Лічым патрэбным зрабіць гэты крок цяпер. Спадзяёмся, што яго пазітыўны палітычны і культурны эфект можна будзе ацаніць ужо праз некалькі гадоў.

Незалежнае грамадства не павінна замыкацца ў сваім коле.

Нацыянальная свядомасць глыбока пранікла ў шырокія слаі, а незалежнасць краіны стала нацыянальным кансенсусам, на парадку дня — выхад Беларусі са стану васальнае залежнасці ад Расіі, кансалідацыя паўнапраўнае еўрапейскае нацыі.

«НН» пачатку ХХ стагоддзя выходзіла рознымі правапісамі, мяняла іх, але не змяняла пазіцыі і задач. Так і цяпер. Мяняецца правапіс, але нязменны дух газеты. «НН» застанецца такой сама чыста беларускай, як і была.

Наша святыня — мова. Правапісаў два, яна адна.

У бітвах за долю, бітвах за волю

У 2000-­х журналісты і рэдактары «НН» прайшлі праз арышты. А ў 2010 у адказ на Плошчу адбываюцца пагромы незалежных арганізацый. У Рэдакцыі «НН» і ў яе рэдактараў і журналістаў адбываюцца вобшукі, канфіскуюць тэхніку. Але на заклік «НН» чытачы за дзень прывезлі Рэдакцыі больш камп’ютараў, чым мы мелі да таго, і «НН» ні на дзень не спыніла працы.

Ад 2010. Бурны рост папулярнасці сайта NN.BY

Ад 2016 года «НН» становіцца трэцім па колькасці праглядаў парталам краіны, абганяючы амаль усе рускамоўныя выданні.

2014. Атмасфера ў краіне змяняецца

Пасля Крыма і Данбаса многае мяняецца і ў рэгіёне, і ў Беларусі. Да апазіцыі прыходзіць разуменне, што ажыццяўленне рэвалюцыйных сцэнароў можа прывесці да замежнага ўварвання ў Беларусь. А ўлады бяруць курс на «мяккую беларусізацыю».

3
Філолух / Адказаць
06.06.2018 / 08:52
Прамаўчу

7
NavuchencaBK / Адказаць
06.06.2018 / 08:58
Шкада неяк...
4
Летов / Адказаць
06.06.2018 / 09:09
Жаль конечно. Любил в дорогу купить бумажную версию. В поезде разворачиваешь с гордым видом и если повезет, можно мило пообщаться с шкварочниками и послушать какой я бнфовец нацистский. Ну или хотя бы сразу оценить обстановку вокруг ху из ху по взглядам. Момент истины так сказать. Ностальжи.
Паказаць усе каментары/ 78 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру