Непрызнаная мастачка Алена Кіш, райскія дываны якой праз дзясяткі год пасля яе смерці ратавалі з-пад кароў у хлявах 10

Аўтар: Кацярына Карпіцкая, ілюстрацыі Волі Афіцэравай

Гэта сёння Алену Кіш ставяць у адзін шэраг з Анры Русо і Ніко Пірасмані. А 70 гадоў таму, калі яна, з фарбамі за плячыма, бадзялася па вёсках у пошуках замоў, на яе глядзелі як на дзівачку. Аднак Алене было ўсё роўна. Праўда, роўна да таго моманту, пакуль яе рай, які яна дарыла беларусам праз дываны на сценах іх дамоў, быў запатрабаваны…

Мастачка Алена Кіш — яшчэ адна асоба нашага цыклу «Беларускія гераіні», які мы ствараем разам з Samsung Galaxy S9|S9+. Раней мы распавядалі гісторыі жыцця Эміліі Плятэр, Веры Харужай, Ларысы Геніюш, Алаізы Пашкевіч і Жанны Капуснікавай. Усе яны вартыя таго, каб пра іх ведалі, каб імі ганарыліся і памяталі.

«Гультайка і нахлебніца»

Алена Андрэеўна нарадзілася ў вёсцы Раманава Слуцкага павета (сёння гэта аграгарадок Леніна). Дакладны год нараджэння мастачкі невядомы. Даследчыкі называюць дзве даты: 1889 і 1896 гады. Алена была другой дачкой у шматдзетнай сям’і. Амаль кожны з Кішаў у часы, вольныя ад сельскагаспадарчай працы, любіў бавіць час за маляваннем ці майстраваннем. Старэйшы брат Алены Мітрафан увогуле лічыўся першым у ваколіцах цесляром. Нейкі час ён нават аднаўляў роспісы на сценах Варварынскай царквы, якія выцвілі (вядома, што тады пробашчам быў протаіерэй айцец Міхаіл Мар’янскі). Але найбольшым жывапісным талентам лёс узнагародзіў менавіта Алену.

Адзіны партрэт Алены Кіш, які захаваўся, — з яе пашпарта.

Згадваецца, што пасля смерці бацькоў, перад вайной, сям’я Кішаў жыла ў Слуцку, бо там было прасцей пракарміцца. Пасля вайны ўсе перабраліся ў вёску Грозава да Ніны Дзядзюшка, адзінай сястры Алены, якая выйшла замуж і стварыла сваю сям’ю. Прадстаўнікі прозвішча Кіш, каб выжыць у галодны час, як і раней, трымаліся разам. Тое, што Алена і ў такі няпросты момант працягвала маляваць, у многіх аднавяскоўцаў выклікала нянавісць.

За вочы, а часам і адкрыта, яе называлі гультайкай і нахлебніцай. Маўляў, замест таго, каб разам з усімі працаваць у калгасе, яна тут малюе.

Каб больш не сядзець на карку ў сястры, Алена чарговы раз закінула за плечы торбу з фарбамі і палотнамі і пешшу пайшла па навакольных вёсках. Узамен за сваю работу яна брала зусім нічога: дзе мех бульбы, дзе хлеб. Зарабіць грошай мэты не ставіла. 

Маляванкі як савецкая арт-тэрапія

На час працы Алена спынялася ў хаце сваіх замоўцаў.

Акрамя самога малявання, многім жыхарам Случчыны Алена запомнілася як аматарка народных спеваў і абаронца жывёл.

Перад тым, як пачаць працаваць, Алена рыхтавала сваю «майстэрню». Прыбівала да падлогі льняное палатно, сшытае з некалькіх кавалкаў. Набірала ў рот вады і апырсквала вадкасцю «прасціну», а пасля пачынала накідваць эскіз: спачатку алоўкам, без аніякіх трафарэтаў — чыстая імправізацыя. Пасля расфарбоўвала яго. Зразумела, што ў беднай сялянкі не магло быць якасных алейных фарбаў. Некаторыя сучасныя мастакі лічаць, што яна выкручвалася, як і многія савецкія жыхары, з дапамогай анілінавых фарбавальнікаў, якія, на жаль, з часам пачыналі сыпацца на канапы і ложкі, над якімі звычайна віселі.

Самымі папулярнымі сюжэтамі, што замаўлялі ў Алены, былі тры: «Рай», «Лiст да каханага» і «Дзева на водах». Каляровыя і экзатычныя, нават казачныя, яны адразу зачароўвалі і станавіліся цэнтрам увагі, адзіным яркім месцам у хаце.

Іх назвы выдатна адлюстроўваюць, што гэтыя дываны прыўносілі ў жыццё працаўнікоў вёскі. У моманты, калі будаванне камуністычнага раю больш нагадвала на пекла, іх супакойваў альтэрнатыўны «Рай», створаны рукамі Кіш. Калі гублялася апошняя надзея дачакацца ліста ад зніклага на вайне каханага мужчыны, яны таксама шукалі суцяшэнне ў рамантычным дыване мастачкі. У некаторых сем’ях, дзе былі маладыя, незамужнія дзяўчаты, нават лічылася, што намаляваны Аленай «Ліст да каханага» абавязкова прынясе шчасце. Можна сказаць, што Алена стала свайго роду арт-тэрапеўткай для пакалечанага сталінізмам і вайной пакалення.

Адзін з дываноў Алены.

«Машына жарэ чалавека»

Попыт на рукатворныя дываны падаў паралельна з пранікненнем у вёскі фабрычных тавараў. На змену дыванам Алены прыходзілі модныя, яркія, вырабленыя на прадпрыемствах габелены. Палотны Кіш амаль імгненна зрабіліся неактуальнымі і ў большасці выпадкаў з парадных сцен адпраўляліся на падлогу.

Стаяць на кірмашах Алена не прызвычаілася ды і не лічыла сябе таго вартай. Не знайшлося ў той момант і чалавека з боку, які мог бы падтрымаць: «Ты малайчына! Абавязкова працягвай маляваць». Яна працягвала чуць кпіны.

Не вытрымаўшы эмацыйных і матэрыяльных цяжкасцей, у 1949-м годзе жанчына ўтапілася ў рацэ…

Некаторыя даследчыкі дапускаюць і варыянт няшчаснага выпадку: паслізнулася і звалілася. Але большасць крыніц схіляецца менавіта да самагубства. У любым выпадку, Беларусь у той няшчасны дзень згубіла так і не раскрыты самародны талент.

Паштоўка з Аленай Кіш.

З хлявоў у музеі

Мы з вамі так і не даведаліся б пра існаванне Алены Кіш, калі б не некалькі шчаслівых выпадкаў. Большасць з іх звязаная з жыццём яшчэ аднаго беларускага мастака, выхадца са Случчыны Уладзіміра Басалыгі. Тое, што ён стаў менавіта мастаком, ужо шчасце, бо змог высока ацаніць работы, створаныя яго зямлячкай. Але сама гісторыя пачынаецца нашмат раней.

Уладзімір Басалыга.

Уладзіміру Басалыгу сёння 78 гадоў, разам з жонкай Валянцінай ён жыве ў Мінску. Ягоныя карціны вывучаюцца на ўроках гісторыі Беларусі.

У гутарцы з намі Уладзімір узгадвае:

«На лета бацькі адпраўлялі нас са Слуцка ў вёску да бабулі і дзядулі. Падчас вакацый мы гасцявалі і ў іншых сваякоў. За лета паспявалі наведаць шмат вёсак: Забалаць, Заполле, Васілінкі, Бокшыцы… На сценах у хатах сваякоў я пастаянна сустракаў падобныя сюжэты: ільвы, незвычайныя птушкі, дрэвы. Дываны, нібыта сонейка, асвятлялі хату і днём, і ўначы. Гледзячы на іх, мне здавалася, што я патрапіў у казку. А намаляваныя персанажы мне нават сніліся. Я бачыў іх у снах вельмі часта, ішоў ім насустрач. І як толькі у сне датыкаўся да льва, прачынаўся ад страху і радаваўся, што гэта ўсяго толькі сон».

Гэтыя дзіцячыя перажыванні адклаліся ў галаве надоўга. І калі ўжо Уладзімір скончыў мастацкую вучэльню, паступіў у інстытут і сустрэў там сваё каханне, згадаліся зноў. Уладзімір і яго нявеста Валянціна рыхтаваліся да вяселля, калі родныя цёткі запыталіся пляменніка: «Які падарунак ты хочаш атрымаць на ваша свята?». Хлопец амаль сходу адказаў: «Калі ў вас засталіся жывыя вашы дываны, я б хацеў атрымаць іх». Для сваячак яны не ўяўлялі аніякай каштоўнасці, таму яны з задавальненнем прывезлі іх Уладзіміру з вёскі. Так ён стаў уладальнікам першых дываноў Кіш, а пасля задаўся мэтай адшукаць іншыя і як мага больш даведацца пра іх стваральніцу.

У вандроўках па вёсках дзяцінства ён назбіраў 13 прац Алены Кіш (і шкадуе, што не змог больш), а паралельна з гэтым здабываў і кароткія біяграфічныя факты. Праўда, кажа, што савецкія, запужаныя людзі баяліся казаць ці паказваць лішняе, таму этнаграфічнае даследаванне давалася нялёгка.

Некаторыя з дываноў даводзілася ў самым прамым сэнсе ратаваць з гною. Адно палатно Уладзімір дастаў з хлява, дзе яно служыла пярэгарадкай паміж бадлівай каровай і кабаном. Пабітыя жыццём дываны жонка Уладзіміра спачатку лапіла, абшывала краі. Пасля Уладзімір Самойлавіч у сваёй майстэрні браўся за іх мастацкую рэстаўрацыю.

У 1978 годзе гэтыя працы ўпершыню «загучалі» для масавай публікі: на Першай рэспубліканскай выставе народных маляваных дываноў у залах мінскага Палаца мастацтваў. Сярод іншых экспанатаў творчасць Кіш вылучалася непаўторным мастацкім бачаннем. Многае з таго, што было намаляванае на яе палотнах, Алена ніколі ў жыцці не бачыла. Ні інтэрнэту, ні тэлебачання, ні каляровых часопісаў тады не было. Але яна нейкім невядомым чынам знаёмілася з сюжэтамі ў сваіх снах, фантазіях, а пасля, без грама хцівасці, дзялілася чароўным светам з усімі ахвотнымі.

У 1990-я гады Уладзімір прыняў рашэнне перадаць сабраныя дываны ў музей, які мог бы захоўваць іх і даць магчымасць пазнаёміцца з Кіш шырокім колам. Кажа, спачатку прапаноўваў іх Слуцкаму краязнаўчаму музею (як ні круці, Кіш — дачка Случчыны, але тады супрацоўнікі толькі пасмяяліся з Басалыгі, не палічылі «нейкіх лебедзяў» вартымі. Разгледзелі значнасць Кіш супрацоўнікі Заслаўскага музея, куды спадар Уладзімір і перадаў 11 яе прац.

«На тыя грошы, што мне за іх далі, я хацеў выдаць кніжку пра Алену Кіш, але неспадзявана планы парушыла дэвальвацыя, праз якую на руках засталіся сродкі, за якія ўжо і паперу не было як набыць. Да мяне, канечне, звярталіся з прапановай выкупіць дываны іншыя людзі. На рэспубліканскай выставе адзін калекцыянер з Масквы гатовы быў даць мне любую суму за серыю Кіш, але я адмовіўся. Відавочна, што дываны яму былі патрэбныя дзеля нажывы. Мне ж важна, каб яны засталіся тут».

Дзве працы мастак пакінуў у спадчыну сваёй сям’і. На памяць пра 10 год сваіх пошукаў і працэсу вяртання Беларусі імя зоркі наіўнага мастацтва.

«Дываны, з якімі я так і не змог развітацца, урэшце падарыў сыну, таксама мастаку. Даў загад ніколі іх не прадаваць, толькі ў выпадку вельмі цяжкага становішча. І з умовай, каб ён добра падумаў, каму аддае скарб, у якія рукі. Для мяне спадчына Кіш — галоўны скарб майго жыцця, шчасце зноў адкрыць чалавека, які аказаўся зоркай на нашым небасхіле», — тлумачыць Уладзімір.

Алена Кіш і наш час

Нярэдка, каб творчасць землякоў пачалі шанаваць на радзіме, трэба, каб пра іх загаварылі за мяжой. У нейкім сэнсе гэта адбылося і з Аленай Кіш. Пасля таго, як імя Алены ўключылі ў «Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва», пра яе ўсур’ёз загаварылі нават тыя, хто нядаўна смяяўся з гэтай «дзіцячай мазні».

У 2002-м годзе пад кіраўніцтвам сацыёлага Алены Гапавай Цэнтр гендарных даследаванняў ЕГУ выдаў ілюстраваны каляндар «Жанчыны Беларусі: творцы культуры». Сярод 12 артыкулаў пра мастачак, якія ў розныя часы стваралі на Беларусі, адзін быў якраз пра Алену Кіш. Пасля Алена Гапава з каляжанкамі не раз звярталася да вобразу мастачкі ў сваіх даследаваннях, прысвечаных ролі жанчыны ў беларускім грамадстве.

У 2010-м годзе на «Беларусьфільме» выйшла дакументальна-мастацкая стужка Галіны Адамовіч «Маляваны рай», пачалі адкрывацца новыя выставы па ўсёй краіне.

Зусім нядаўна з’явіліся шаўковыя хусткі і галаўныя павязкі па матывах маляваных дываноў мастачкі. Украінка Аксана Ціпліцька і беларуска Марына Ахмедава стварылі ўласны брэнд «Muraška Adziennie», адной з галоўнай мэтай якога стала менавіта папулярызацыя творчасці Кіш праз спалучэнне сучаснай моды з беларускай гісторыяй.

Гэтаксама як Аксану і Марыну, Кіш як асоба не так даўно ўразіла маладую пісьменніцу і рэкламістку Зараславу Камінскую.

Зараслава Камінская са сваёй кніжкай, на стварэнне якой яе натхніла творчасць Алены Кіш.

«Гадоў сем таму сябар-дызайнер распавёў мне пра гэтую мастачку. Я даўно цікавілася беларускай культурай і гісторыяй, таму была вельмі здзіўленая, што зусім нічога не ведала пра Кіш. Пры гэтым была знаёмая з творчасцю Ніка Пірасмані, але нават і не здагадвалася, што ў нас ёсць свой прадстаўнік наіўнага мастацтва. Мяне вельмі зачапіла яе творчасць. Лягла на сэрца, як кажуць. Я ўсё больш паглыблялася ў матэрыял і знаходзіла ўсё новыя факты з яе біяграфіі», — згадвае Зараслава.

Тады яна не ведала, як хутка гэтыя веды спатрэбяцца ёй і натхняць на сюжэт для дэбютнай кніжкі «Русалкі клічуць». «Калі мне трэба было прыдумаць ідэю для кніжкі падчас навучання ў «Школе маладога пісьменніка», я адразу згадала біяграфію Кіш. Яе асоба мяне моцна цікавіла і натхняла. Але выданне атрымалася не біяграфічным. Я раскрывала яе не як гістарычнага персанажа, а як жанчыну, творцу, чалавека, які меў нешчаслівае жыццё і шчаслівае ўваскрасенне».

Зараслава спадзяецца, што яе кніжка стане для чытачоў першым штуршком, каб захацець даведацца пра Алену больш. І верыць у тое, што грамадская цікаўнасць да мастачкі ў самых розных праявах будзе толькі пашырацца (пакуль што тых, хто яе не ведае, куды больш). І калі ўвядзеш у гугл яе прозвішча, будуць адкрывацца артыкулы пра яе працы, а не толькі рэцэпты пірагоў з розным начыннем і трэкі гурту «КіШ».

5
Балканскі Башта / Адказаць
10.06.2018 / 21:44
 Дзякуй за артыкул.
4
,Лявониха / Адказаць
10.06.2018 / 22:42
Платки вообще класс...
3
Васіль Астрэйка / Адказаць
10.06.2018 / 22:53
Дзякуй, Наша Ніва. Пішыце больш пра сапраўдную культуру.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру