«Я круты!» Як Васілёк з сіндромам Даўна сустрэў сваё каханне і здолеў знайсці працу — адзіны ў Беларусі 18

Аўтар: Наташа Хамутоўская, «Імёны». Фота: Аляксандр Васюковіч

Васілю Паўлікаву 22 гады. Калі ён нарадзіўся, дзяцей з сіндромам Даўна баяліся паказваць, нават на прагулку іх выводзілі ноччу. Але толькі не бацькі Васілька — так ласкава яго называюць родныя. Вася ведае, што ў яго інваліднасць, але ў сям'і ніколі не вылучалі яго асаблівасць, і патрабавалі з яго, як з малодшых братоў. Сёння Васіль працуе ў мінскім гатэлі і ўсур'ёз кажа, што хоча стаць яго дырэктарам. А яшчэ ходзіць на плаванне, айкідо і спатканні з дзяўчынай. Марыць ажаніцца і ўжо пачаў збіраць грошы на вяселле!

Калі нарадзіўся Вася, лекары не проста ўгаворвалі яго маму адмовіцца ад сына. Яны настойвалі на гэтым.

— Казалі, ён можа быць як біямаса, вырасце «ніякі», не зможа абслугоўваць сябе, — мама Васі з цяжкасцю прыгадвае тыя дні, памяць выцясняе негатыў. — У мяне, вядома, быў шок. Бо аналізы нічога незвычайнага не паказвалі, тады ў медыцыне не было такіх магчымасцяў, як цяпер. А я глядзела на сваё першае дзіця — яно зусім не адштурхвала, піла валяр'янку і раздзіралася паміж «трэба пакінуць» і «нельга пакідаць». Потым узяла свайго Васю і паехала дадому.

«Я хоць і баялася, але старалася не хаваць сына»

Да нараджэння сына Алена Аркадзьеўна нічога не ведала пра сіндром Даўна, ніколі не сустракала такіх людзей.

— Ды і цяпер я іх практычна не бачу на вуліцах, — кажа яна.

Сёння ў 90% выпадкаў маці, даведаўшыся пра тое, што ў іх можа нарадзіцца дзіця з сіндромам Даўна, перарываюць цяжарнасць. 20 гадоў таму большасць такіх дзяцей трапляла ў інтэрнаты, астатніх бацькі баяліся паказваць. На шпацыр малых выводзілі бліжэй да ночы, каб пазбегнуць асуджальных поглядаў.

У гатэлі Вася — чацвёрты месяц. І можа бясконца распавядаць пра сваю працу. Калегі кажуць пра яго: «Залаты чалавек!» І сумуюць, калі ён сыходзіць са змены.

— Я вырашыла — будзь што будзе, вырашым праблемы па меры паступлення. І стала гадаваць сына як звычайнае дзіця, — працягвае мама Васі. — Так, ён быў слабым, былі праблемы з сэрцам. Ён пайшоў не ў год, а ў год і восем. Пазней загаварыў, пазней навучыўся есці, затое на гаршчок стаў прасіцца вельмі рана. Тады не было спецыяльных і развіваючых цэнтраў, я займалася з ім, як і ўсе мамы: чыталі, малявалі, ляпілі, гулялі ў пясочніцы.

Я хоць і баялася, але старалася не хаваць сына — мы ездзілі на ёлкі, хадзілі ў двор, гулялі з дзецьмі. Балазе суседзі ў нас заўсёды былі добрыя, ніхто слова дрэннага не сказаў. На вуліцы бывае непрыемна, калі і цяпер могуць паказаць пальцам, але я стараюся не бачыць гэтага. Кожны з нас думае, што такое не можа здарыцца з ім, што гэта бывае толькі з тымі, у каго праблемы са здароўем. Часам адчуваецца нават асуджэнне. Але ад з'яўлення дзіцяці з дадатковай храмасомай не застрахаваны ніхто, гэта можа адбыцца ў любым узросце, у любой сям'і.

Муж, па словах Алены, значна спакайней адрэагаваў на дыягназ сына:

— Напэўна, таму што мужчыны больш адказныя. Ён абсалютна не саромеўся сына, усюды хадзіў з ім. Зараз мы ў разводзе, але захавалі добрыя адносіны, і Вася з татам часта бачыцца.

Дома Васілёк і гатуе, і прыбірае. Кажа, прыгатаваць каву раніцай маме — яго святы абавязак.

Да трох гадоў Алена была ў дэкрэце. Хацелі аддаць сына ў звычайны дзіцячы садок, але загадчык сказаў, што іншыя бацькі не захочуць бачыць у групе такога малога.

— І Вася стаў хадзіць у спецыялізаваны садок, — успамінае Алена. — Ён быў кругласутачным, але мы кожны вечар забіралі сына дадому. У 8 гадоў ён пайшоў у дапаможную школу-інтэрнат, дзеці там вучацца на год больш, чым у звычайнай. І як з саду мы таксама забіралі сына кожны дзень дадому. Там ён адвучыўся два гады, потым былі аперацыі на сэрца, таму настаўнікі наведвалі яго дома, спецыяльна распрацавалі для Васі праграму. Ён займаўся з лагапедам. Зараз лянуецца, а раней гаворка была яшчэ чысцейшай. Васілёк ўмее чытаць, пісаць, добра разбіраецца ў гаджэтах.

— Але я не гуляю ў гульні. Я незалежны! — уступае ў размову Вася. — Я вяду старонкі ў сацсетках, але яны мне больш для працы патрэбныя.

«Мару стаць дырэктарам гатэля»

Чацвёрты месяц Васіль працуе ў гатэлі «Рэнесанс Мінск». Графік — з панядзелка па чацвер, па чатыры гадзіны. Працоўны дзень пачынаецца ў 11, але Вася прыходзіць загадзя — занадта даражыць работай, каб дазволіць сабе хоць хвіліну спазнення.

Вася адказна падыходзіць да працы, каб ні пылінкі не заставалася на відэльцах-лыжках.

Ён стаіць на кухні рэстарана, шаруе да бляску сталовыя прыборы, кантралюе іх чысціню. І перажартоўваецца з супрацоўнікамі.

— У нас шмат часу сыходзіла на націранне прыбораў, а цяпер яны заўсёды бездакорна падрыхтаваныя. Васіль — выдатны работнік! — кажа яго калега Дар'я.

— А то! — шырока усміхаецца Вася. — Я вельмі задаволены і працай, і калектывам.

Ён даўно марыў аб працы і нават хадзіў у краму ў двары, пазнаёміўся там з прадаўцамі і спрабаваў ім дапамагаць. Але афіцыйна ўладкавацца ў Беларусі з такім дыягназам няпроста. Па-першае, шмат забабонаў. Па-другое, ёсць складанасці з абсталяваннем працоўнага месца, якое б пасавала чалавеку з сіндромам Даўна, заканадаўства таксама мае патрэбу ў дапрацоўцы.

Гатэль «Рэнесанс Мінск» упершыню ў гісторыі Беларусі афіцыйна працаўладкаваў хлопцаў з сіндромам Даўна. Ініцыятарам стаў генеральны менеджар Еспера Францл. У Даніі, адкуль ён родам, гэта нармальная практыка — людзі з сіндромам працуюць у гатэлях, крамах, кафэ, бібліятэках, тэатрах, офісах і на вытворчасці.

— Калі Васю патэлефанавалі з цэнтра сацабслугоўвання і сказалі, што з'явіўся шанец, сын тут жа кінуўся збіраць дакументы, — успамінае яго мама.

Цэнтр працуе ў звязку з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Дзякуючы праекту «Даступная праца» па суправаджальным працаўладкаванні Васю выдзелілі індывідуальнага памочніка. Спачатку ён падрыхтаваў супрацоўнікаў гатэля да з'яўлення новага калегі. Потым некалькі тыдняў суправаджаў Васіля: дапамагаў праходзіць медкамісію, прапрацоўваў маршрут, сачыў за адаптацыяй — трэба прывыкнуць да працоўнага месца, падабраць працу, якой ён сапраўды дасць рады, а яшчэ вызначыць тэмп і камфортныя ўмовы.

Праект «Даступная праца» — прыклад удалага супрацоўніцтва грамадскай арганізацыі і дзяржавы. Хлопцы з інваліднасцю падаюць заяўку ў БелАДДІіМІ, праходзяць гутарку і атрымліваюць працу. Дапамагаюць ім асістэнты.

Стваральнікі праекта падлічылі: за кожны выдаткаваны рубель на працу персанальнага асістэнта вяртаецца 14 рублёў. Так што развіваць гэты кірунак эканамічна выгадна для краіны.

— Спачатку Васіль з калегай працавалі ў сталовай для супрацоўнікаў. Сачылі, ці хапае прыбораў, ці ўсё ў цябе на стале, потым загружалі і разгружалі посудамыйку. Але мы сталі заўважаць, што калі ў сталовай было шмат народу, задача ўскладнялася, Васіль стамляўся, і мы паспрабавалі іншыя варыянты, — распавядае спецыяліст па суправаджальным працаўладкаванні Эдуард Шыпіцын. — Зараз Вася націрае прыборы — з гэтага пачынаюць усе афіцыянты. Ён хутка ўсё схоплівае. Заўсёды аптымістычна настроены, не баіцца спрабаваць новае. Матываваны працаваць. Вельмі радуе, што Васіль прыходзіць у рэстаран крыху раней і асвойвае новы этап — навучаецца сервіраваць сталы. Ён адзін з самых перспектыўных нашых хлопцаў.

— Мару стаць дырэктарам! - сур'ёзна кажа Вася.

— У яго ёсць перспектывы кар'ернага росту, — кажа менеджар гатэля Павел Шамрыкаў. - Працуе Васіль якасна і скурпулёзна, за тры месяцы стаў паўнавартасным членам калектыву. Залаты чалавек! Калі яго няма на працы, мы нават пачынаем па ім сумаваць.

Павел кажа, ёсць ідэя паставіць Васіля на рэсэпшэн — сустракаць гасцей.

Для Паўла ў гэтай гісторыі няма нічога дзіўнага, раней ён працаваў у Ірландыі, дзе практыкуецца «падтрымальнае працаўладкаванне».

— Спачатку здзіўляўся, сустракаючы такіх рабят, але потым убачыў, што ўсе вакол ўспрымаюць гэта як належнае, і вельмі хутка гэта стала нормай і для мяне.

Да Васіля ў «Рэнесанс» працавала яшчэ два хлопцы з сіндромам Даўна 24-гадовы Мгер і 18-гадовы Мікалай. У гатэлі пра іх адгукаюцца вельмі цёпла і гатовыя ўзяць назад, бо хлопцы сышлі не таму, што не давалі рады абавязкам — Мгер рыхтаваўся да аперацыі, а Мікалай жыў вельмі далёка ад месца працы, і кожны раз маме даводзілася прывозіць сына і чакаць яго.

«Пішы мне лісты, Вася!»

Працоўны дзень скончаны. Вася выходзіць праз службовы выхад і з гонарам паказвае магнітны пропуск.

— У мяне зараз ёсць і зарплатная картка, — кажа ён. — Але я асабліва не марную грошы, назапашваю на адну важную падзею. Падзея звязана з яго дзяўчынай Алесяй. Да яе мы і адпраўляемся пасля працы.

Васіль з Алесяй.

— Ну што, хлопцы, пагналі! — Вася падрабязна апісвае маршрут. — Так, спачатку на тралейбусе, потым на метро і яшчэ пешшу. Алесю я ўбачыў у лагеры для маладых людзей з інваліднасцю. Ёй 23 гады. Яна такая прыгожая! Я адразу падышоў пазнаёміцца.

Цяпер маладзёны разам ходзяць на выставы, у кіно і кафэ. Часам Васіль зазірае ў майстэрні пры сталічным храме, дзе яго дзяўчына займаецца вышыўкай.

— Вася прыехаў! — радасна крычыць Алеся, як толькі бачыць яго. Абдымае хлопца і ўскудлачвае яго макушку.

— Алеся — дзяўчына з асаблівасцямі развіцця, яе хвароба звязана з асаблівасцямі паразы цэнтральнай нервовай сістэмы, пакуль яна не можа працаваць паўнавартасна, — тлумачыць мама дзяўчыны, якая прывозіць яе ў майстэрню. — Заняткі дапамагаюць ёй атрымаць навыкі працы. Я рада, што яны з Васем сябруюць. Яго поспехі натхняюць дачку. Ён вельмі добры хлопец.

— Вася збірае грошы на вяселле, — раскрывае ўсе таямніцы Алеся. — Але яно будзе не раней за 2029 год, бо гэта вельмі адказна, у такіх справах не варта спяшацца. А ты, Вася, пішы мне пакуль лісты! А не проста бла-бла-бла. Дакладна напішаш? Глядзі мне!

«Дзеда, я ж у рэстаране працую!»

Далей па плане ў Васі — наведаць дзядулю. Хлопец выдатна арыентуецца ў горадзе. Гадоў у 15 ён упершыню паехаў адзін, бацькі пасадзілі яго на тралейбус, а бабуля з дзядулем сустрэлі. Тады Вася тэлефанаваў маме з кожнага прыпынку. Цяпер ён ведае вуліцы, двары і самыя зручныя сцяжынкі.

Вася ездзіць адзін па горадзе, ён выдатна ведае свой маршрут — і на працу, і ў госці да дзеда.

На святлафоры міргае зялёны. Вася асцярожна папярэджвае:

— Не трэба бегчы. Лепш пачакаць і спакойна перайсці дарогу. І акуратна абыходзь пешаходаў, а то я адзін раз закрануў мужчыну, ён закрычаў: «Гэй, што гэта яшчэ за крэндзель!»

У двары шматпавярхоўкі Васіль вітаецца з усімі жыхарамі і ўсю дарогу распавядае нам пра дзядулю:

- Ён у нас вайсковец, палкоўнік у адстаўцы, у яго шмат медалёў і ордэнаў. Мы разам ходзім на парад.

Вася сам прыгатаваў гасцям каву і прынёс на падносе. Гэтаму ён навучыўся ў калег у рэстаране.

Аркадзь Васільевіч рады гасцям. Вася варыць каву, для яго гэта самае простае:

— Рабіць каву для мамы па раніцах — мой святы абавязак, — тлумачыць ён.

— Васілёк клапатлівы, заўсёды дапамагае: і ў краму сходзіць, і дома прыбярэ, і прыгатаваць што-небудзь можа, хіба што на лецішча ўжо ездзіць не так ахвотна, як раней, — кажа яго дзядуля. — Ён у нас хлопец актыўны. Але занадта ўжо смелы! Нядаўна наведвалі бабулю ў бальніцы, думалі, у палату не пусцяць, але ўнук пайшоў, пагаварыў і правёў нас.

— Я круты! — усміхаецца Васіль.

Аркадзь Васільевіч дастае парцалянавыя кубачкі, Вася ставіць іх на паднос і элегантна нясе на адной руцэ ў гасціную.

— Глядзі, Васілёк, выпусціш! — хвалюецца дзядуля.

— Спакойна, я ж працую ў рэстаране! — Вася упэўнены ў сабе. Часам, пад настрой, ён яшчэ прыгожа сервіруе стол для родных.

Ад самага дзяцінства дзядуля з бабуляй падтрымлівалі Васю. І вельмі ім ганарацца.

— Дзеда, як табе мая новая прычоска?

— Ну… Мама казала, што ты стаў падобны да былога лідара паўночнай Карэі, — Аркадзь Васільевіч гладзіць вожык валасоў.

— Кім Чэн Іра? — рагоча ўнук. — Я знайшоў класнага майстра і братоў ужо да яго запісаў.

Цяпер Вася хоча быць незалежным

— Ну, час на трэніроўку, — Вася глядзіць на гадзіннік. Пунктуальнасці ён навучыўся ў дзядулі. — Хадзем пешшу, гэта карысна. Спорт важны для здароўя. Дарэчы, паглядзіце на мае красоўкі, яны асаблівыя — я нядаўна прабег у іх марафон і нават атрымаў медаль! Я яшчэ на танцы хадзіў, ездзіў праз увесь горад, але зразумеў, што гэта не маё. Зараз па аўторках у мяне айкідо, а ў суботу — басейн. Айкідо я два гады займаюся — мы разам з маім другім татам трэніруемся.

Кожны тыдзень Васіль ходзіць на айкідо, заняткі імкнецца не прапускаць. Патрабаванне да яго такія ж, як да іншых вучняў.

З татамі Васю пашанцавала. Другі тата таксама не лічыць яго асаблівым і не патурае на трэніроўках.

— Васіль стаў лягчэй рухацца, навучыўся правільна падаць, асвоіў тэхніку. Здаў экзамен і атрымаў вучнёўскую ступень — 6 кю, — распавядае Ігар Міхайлавіч.

— Я ганаруся сынам! Ён вельмі актыўны і самастойны, — кажа мама Васіля. — Мы вельмі рады, што ў яго з'явілася праца, пра якую ён гатовы гаварыць бясконца. Адчувае сябе запатрабаваным. У яго з'явіліся калегі, мары, планы — зараз Вася хоча быць незалежным, жыць у сваёй кватэры, атрымаць правы.

Кожнае 700-е дзіця ў Беларусі нараджаецца з лішняй храмасомай. Васілёк пакуль адзіны ў Беларусі чалавек з сіндромам Даўна, у якога ёсць афіцыйная праца. Таму што ў яго паверылі, таму што яму дапамаглі. Сёння супрацоўнікі гатэля «Рэнесанс» вельмі цёпла адклікаюцца пра яго працу і кажуць, ён яшчэ вырасце як работнік. Ёсць ідэя паставіць Васіля на рэсэпшэн — сустракаць гасцей.

Пра свой сіндром Вася, дарэчы, даведаўся нядаўна — яму пра гэта нехта сказаў. Даведаўся і здзівіўся, таму што ў сям'і да яго ставіліся на роўных. Яго заўсёды любілі родныя, цяпер любяць калегі і дзяўчына Алеся. Прызнацца, за нашу кароткую сустрэчу мы таксама палюбілі Васілька — няхітрага, добрага і такога адкрытага свету.

0
гоблін / Адказаць
24.06.2018 / 14:18
Замечательная инициатива, замечательный парень. Надеюсь, всё у него будет замечательно!
11
Прамяністы / Адказаць
24.06.2018 / 14:20
Вось такім людзям трэба дапамагаць і бараніць іх ад дэскрымінацыі, а не мужыкоý, якія па 20 год пражылі з жонкамі, а потым вырашылі, што маюць "нетрадыцыйную арыентацыю".
0
Бенедзікт / Адказаць
24.06.2018 / 14:24
Дапамажы яму Божа і людзям, якія добра да хлопца ставяцца. 
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру