Рэпартаж з завода, які робіць легендарную мінералку «Мінская-4» ФОТЫ 24

Аўтар: Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай

Сёння Мінскі завод безалкагольных напояў выпускае амаль тры мільёны бутэлек мінеральнай вады «Мінская-4» штомесяц.

«Мы адзіныя, хто захаваў двухлітровы аб’ём бутэлькі мінералкі, — расказвае спецыялістка па маркетынгу Кацярына Караім. — Такая ўжо традыцыя склалася ад 1978 года: нашай вады павінна хапаць на ўсю сям’ю. Ужо трэцяе пакаленне беларусаў ведае, што «Мінская-4» — гэта якасць і нязменны смак».

Склад вады за 40 год аніяк не змяніўся. Работнікі завода распавядаюць, што яна здабываецца з глыбіні 390 метраў і амаль не апрацоўваецца. Таму і захоўваецца натуральны склад, мінералізаванасць.

Кожны дзень у лабараторыі абавязкова правяраецца якасць вады, якая трапяе ў крамы.

«Калі мы гаворым пра здабычу «Мінскай», мы згадваем Эйфелеву вежу, якая мае вышыню 324 метры. Уяўляеце, якая глыбокая наша крыніца?», — звяртаецца Кацярына.

Не так даўно на завод прыязджалі спецыялісты з Амана. Яны пакаштавалі ваду і адзначылі, што ў яе вельмі характэрны смак, не падобны да смаку іншых мінеральных вод. Магчыма таму, што «Мінскую» здабываюць проста на тэрыторыі завода. І ўвесь працэс, ад здабычы да разліву па бутэльках, займае менш за гадзіну.

На прадпрыемстве сёння ўсё максімальна аўтаматызавана. Вада разліваецца ў бутэлькі, тут жа на іх клеяцца этыкеткі, пасля чаго бутэлькі пакуюцца. Але калі раптам штосьці пойдзе не так, канвеер спынецца адразу. 

«Са свідравіны вада ідзе на ўчастак водападрыхтоўкі. Там яна фільтруецца і амаль адразу трапляе ў цэх, дзе па нашых сучасных аўтаматызаваных лініях ужо бягуць бутэлькі і коркі. Пад ціскам вада паступае ў бутэлькі, газуецца і адразу ж закрываецца. Пасля на яе наклейваюцца этыкеткі і яна апынаецца ў аддзеле ўпакоўкі, дзе бутэлькі абмотваюцца цэлафанам. На гэтым, уласна кажучы, усё. Далей вада ідзе да пакупніка», — распавядае майстар цэха Сяргей Гарошка.

На стужцы — формы для будучых фірмовых бутэлек «Мінскай-4».
Калі раптам этыкеткі пойдуць не тым бокам, стужка спынецца сама. Такіх выпадкаў, калі этыкеткі выходзілі дагары нагамі, на заводзе не было. 
У цэху працуюць некалькі ліній. Кожная з іх разлівае мінеральную ваду ў бутэлькі рознага памеру. 
Хутка з канвеера з'едзе гатовая ўпакоўка вады, якую адразу пагрузяць у машыну і адвязуць да пакупнікоў. 

Як па «Мінскую-4» прыязджалі на кані

Сам завод пачаў працаваць у 1966 годзе, тады ён быў часткай вялікага прадпрыемства «Белпіва». Завод безалкагольных напояў, які ў далёкіх 1960-х быў усяго толькі цэхам, пачаў выпускаць сокі, затым напоі на аснове чаёў і траў.

І толькі ў 1978 годзе, калі зрабілі 390-метровую свідравіну, пачалася здабыча мінеральнай вады, якая і ўвойдзе ў гісторыю як «Мінская-4».

Трэба зазначыць, што «Мінскую» здабываюць адразу з трох свідравін глыбінёй ад 360 да 390 метраў. 

Так выглядае артэзіянская свідравіна, з якой здабываецца мінеральная вада «Мінская-4». Знаходзіцца яна ў санітарнай зоне, ключы ад якой ёсць толькі ў абмежаванага кола работнікаў.

«Мы не маем права парушаць водны баланс, які захоўваецца на глыбіні, таму вада з гэтых свідравін здабываецца па чарзе. Пакуль ідзе здабыча з адной, іншыя аднаўляюць свой прыродны баланс», — тлумачыць Кацярына Караім.

«Мінская» адразу палюбілася мінчанам, год ад года яе выраблялі ўсё больш і больш. З’явіліся розныя ёмістасці для вады, пашырыўся асартымент.

Аптовыя пакупнікі выстройваліся ў чаргу, каб займець на паліцах сваіх крамаў «Мінскую».

«У нас калісьці вельмі даўно быў выпадак, калі гаспадар невялічкай крамы прыехаў па ваду на кані. А ў накладную трэба ж нумар транспартнага сродку ўпісаць, — прыгадвае Кацярына, — Абышлі воз некалькі разоў і ў выніку ў дакументах запісалі ці то нумар аглоблі, ці то нумар хамута».

Куды зніклі «Мінская-1», «Мінская-2», а таксама 3 і 5

Яшчэ не так даўно на паліцах крамаў можна было пабачыць мінералку «Мінская-1», «Мінская-2», а яшчэ 3, 4 і 5. Цяпер жа засталася толькі «Мінская-4».

«Людзі блыталіся, што значыць пяцёрка, што значыць адзінка на этыкетцы. Каб спрасціць жыццё пакупнікам, мы пакінулі толькі класічную «Мінскую 4», а астатнія для зручнасці назвалі «Лёгкай», «Пітной», «Негазаванай». І правялі рэбрэндынг», — распавядае Кацярына.

«Лёгкая», напрыклад, выпускаецца з ружовай этыкеткай. Яна для тых, хто не любіць, калі вада моцна салёная. Такую часцей бяруць дзяўчаты.

Лінейка «Мінскай-4» сёння выглядае так. 

За 40 гадоў існавання брэнда, вядома, шмат што адбывалася. З’явілася і знікла з паліц пітная вада са смакам маліны і яблыка, не ўпадабаў беларускі пакупнік і мінеральную негазаваную ваду.

«Завод цяпер выпускае дастатковую колькасць безалкагольных напояў, квасу, бярозавіку, але 50% продажаў — гэта «Мінская-4»», — кажа Кацярына.

Работнікі завода самі таксама п’юць «Мінскую».

«Бывае, вяртаешся з камандзіроўкі, заходзіш да дырэктара, а ён пытаецца: «Мінералкі ўжо папілі? Ёсць сілы працаваць?», — дадае Кацярына Караім.

У чым карысць мінеральнай вады

Розны літраж адной і той жа класічнай «Мінскай» пітной вады.

«Мінская-4» лічыцца лячэбна-сталовай вадой і рэкамендуецца да ўжывання ў якасці сталовага напою. Вада станоўча і комплексна ўздзейнічае на ўвесь арганізм. У яе складзе ўтрымліваецца хлор, натрый, кальцый, магній, калій, вуглекіслата.

Можа, таму «Мінскую-4» часта просяць на розныя спартыўныя мерапрыемствы, сустрэчы, у дзіцячыя і лячэбныя ўстановы.

«Мы з задавальненнем дапамагаем шматлікім арганізацыям, удзельнічаем у акцыях. Мы рады, што наш брэнд ведаюць і любяць, некаторыя нават кажуць, што наша вада легендарная», — кажа Кацярына.

Менавіта таму новы слоган «Мінскай-4» гучыць не інакш як «Легенда роднай вады». 

Кацярына Караім паказвае, што за ўсю 40-гадовую гісторыю бутэлька «Мінскай-4» кардынальна мянялася ўсяго тры разы. 

«За 40 гадоў наша вада змянілася мала. Смак не змяніўся наогул. За гэтым сочаць нашы лабаранты, яны кожны дзень правяраюць хімічны склад вады. Упакоўка мянялася ўсяго тройчы».

Першы слоган гучаў так: «У жыцця яркі смак». Мелася на ўвазе, што смак «Мінскай» можна з лёгкасцю адрозніць ад смаку іншай мінеральнай вады. У мінулым годзе — «Іншая глыбіня».

«Для здабычы мінеральнай вады 390 метраў — гэта крута. Таму мы і падкрэслілі тое, што мы іншыя, мы на іншай глыбіні. Цяпер мы вырашылі, што ўжо маем права называцца легендарнай вадой. Хто не памятае нашых этыкетак з выявамі Мінска? Мы і самі ўжо гарадская легенда», — усміхаецца Кацярына Караім.

Першыя бутэлькі «Мінскай-4». 

ЗАТ «Мінскі завод безалкагольных напояў»

УНП 100262573

4
хамса / Адказаць
24.09.2018 / 16:07
'смак «Мінскай» можна з лёгкасцю адрозніць ад смаку іншай мінеральнай вады' гэта праўда.. мінералка №1 для мяне.. а №2 і няма)
5
Алек.RU / Адказаць
24.09.2018 / 16:26
Для мяне заужды застанецца загадкай,што БЕЛАРУСКАЯ поадуецыя на этыкетках не мае анi воднага беларускага слоуца. Гэта ж трэба ТАК сябе не паважаць!!!
1
Олег 1 / Адказаць
24.09.2018 / 16:49
Статья интересная. Очень люблю минералку и Минскую в том числе. Предпочитаю ее боржомам и прочим ессентукам и другим зарубежным, хотя перепробовал все. Аквадив тоже ничего, но что-то с ней стало не так, не знаю, что они с ней там намутили она редко появляется, но купив ее месяц назад больше не хочется снова брать. 
Теперь как любитель минской скажу следующее. Состав Минской-4 все таки изменили на заводе несколько лет назад: она стала менее соленой (я не беру лайт, а именно Минская-4 классическая). Для меня лично это минус, т.к. соленая мне больше нравилась. Минская -3 нравилась мне еще больше, она продавалась далеко не во всех магазинах в моем обл. центре и редко ее можно было купить, но когда находил, покупал впрок) Поэтому исчезновение Минской-3 лично для меня невосполнимая потеря, т.к. аналогичной минеральной воды нет.  И еще я бы с удовольствием покупал Минскую в стеклянной бутылке, т.к. вкус у нее другой был, не знаю это может вкус из детства мне мерещится, но мне кажется что такая вода пользовалась бы тоже спросом, тем более, что пластик вреден сам по себе и в пластиковой таре как оказывается полно частичек пластика. 

Паказаць усе каментары/ 24 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру