Раніцай 13 кастрычніка 1998 года айца Міхала Сацюка знайшлі ва ўласным аўтамабілі ў ляску ля вёскі Вычулкі, што на мяжы Брэста, са шматлікімі нажавымі ранамі. Адна з іх стала смяротнай. Праз нейкі час па справе быў затрыманы дыякан Свята-Мікалаеўскага прыходу Генадзь Калеснікаў, суд першай інстанцыі прызнаў яго вінаватым, але абласны суд адмяніў прысуд. «Наша Ніва» паспрабавала разабрацца ў гэтай гісторыі.
З «Ростсельмаша» ў святары
Міхаіл Сацюк ад малых гадоў марыў стаць святаром. Ягоны бацька Андрэй спяваў на клірасе ў царкве вёскі Покры пад Брэстам. Гэта адна з блакітных драўляных цэркваў Палесся, якія хочуць унесці ў спіс матэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Бацька браў з сабой і сына, гэтак і перадаў Міхасю веру ў Бога. Вера ў гэтых раёнах Берасцейшчыны ніколі, нават у часы савецкага атэізму, не згасала.
Па шляху служэння Міхаіл пайшоў не адразу, адвучыўся ў Арэхаве-Зуеве пад Масквой у індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме. Працаваў прадстаўніком «Ростсельмаша» ў Брэсцкай вобласці. Потым сышоў у царкву. Адбылося ўсё ў пачатку 1980-х, самы пік эпохі застою. Гэта ўжо быў далёка не сталінскі і нават не хрушчоўскі час, але да свабоды сумлення было яшчэ далёка.
Сын Міхаіла Сацюка Андрэй (названы ў гонар дзеда) кажа, што бацька хрысціў дзяцей дома, вянчаў, там жа прымаў вернікаў, пакуль не было царквы. Храм на вуліцы Савецкай, ля аўтавакзала, праваслаўным аддалі ў 1989 годзе, настаяцелем стаў якраз Міхаіл Сацюк.
«Я помню яго з самага светлага боку», — кажа нам айцец Павел Рамановіч, крэпкі мужчына 37 гадоў. Ягоны бацька Пятро Рамановіч стаў новым настаяцелем царквы пасля смерці Міхаіла Сацюка. «Айцец Міхаіл сабраў вакол сябе каманду аднадумцаў, людзей, якія верылі ў Бога.
«Каб вы разумелі, гэта не былі людзі простага лёсу, шмат хто з іх прайшоў праз вайну. Царква на той момант была ў жахлівым стане», — дзеліцца ўражаннямі айцец Павел. Ён прымае нас у настаўніцкай нядзельнай школцы, частуе чаем «Залатая чаша», а яшчэ выдатна размаўляе па-беларуску. «Можам і па-расейску, і па-польску, і па-ўкраінску спілкуватися», — кажа ён нам. Ягоны бацька некалі прыехаў у Беларусь з Валыні, так і застаўся тут. Дынастыі святароў на Берасцейшчыне — нярэдкі выпадак.
Рухавік зменаў
«У савецкія часы ў царкве быў архіў. І архітэктары зрабілі перакрыцці, падзяліўшы будынак на паверхі. Вы б бачылі, што было, калі мы ўсе ламамі збівалі тое перакрыцце. Пыл стаяў такі. Зверху падалі аграмадныя пліты. Божым цудам ніхто не пацярпеў», — працягвае Павел Рамановіч.
Бацюшка Міхаіл пабудаваў некалькі памяшканняў пры царкве, шукаў майстроў, якія маглі б распісаць. «У 1993 годзе была адкрытая царкоўная школа, і я быў яе першым слухачом. Гэта было вельмі запамінальна, як проста ў царкве ставілі лаўкі і айцец Міхаіл праводзіў заняткі, стоячы пасярэдзіне. З’явіўся дзіцячы хор, сёстры міласэрнасці. Ён першым прыходзіў у храм і апошнім сыходзіў», — кажа айцец Павел.
Забітага святара знайшоў сын
Андрэй Сацюк, сын Міхаіла, прымае нас ва ўласным кабінеце кампаніі, якая займаецца грузавымі перавозкамі па Еўропе. Ён заснаваў гэтае прадпрыемства разам з партнёрам па бізнэсе ўжо каля дваццаці гадоў таму. Офіс кампаніі месціцца ў вёсцы Вялікія Косічы, за некалькі кіламетраў ад Брэста, побач возера з платным пляжам. Брэст — рай для прыватнага бізнэсу.
У працоўным кабінеце Андрэя Сацюка.
Андрэй працуе намеснікам дырэктара, кабінет вельмі прасторны. На сценах вісяць карты Беларусі, Польшчы, Германіі, а яшчэ з паўтузіна іконак. «Я адвучыўся тры курсы ў Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Але прыняў рашэнне не сканчваць яе і не станавіцца святаром. Наступнік павінен быць у нечым лепшым за свайго настаўніка, а я так і не змог дарасці да ўзроўню таты», — разводзіць рукамі Андрэй.
«Бацька быў чалавекам пастаянным. Ён прыязджаў дадому ў адзін і той жа час, ездзіў у адзін і той жа магазін, на адну і тую ж запраўку», — расказвае мужчына. Калі айцец Міхаіл не з’явіўся на ноч дома, то стала ясна, што тут нешта не так.
Андрэй не памятае, ці падключалі міліцыю. «Магчыма, прасілі дапамагаць у пошуках знаёмых вайскоўцаў», — кажа ён. Знайшлі «Фальксваген-Вента» Міхаіла Сацюка якраз сын і швагер. Гэта было зусім недалёка ад дома святара ў вёсцы Вычулкі. Мужчына на той час быў ужо мёртвым ад шматлікіх удараў нажом у сэрца. Міхаіла Сацюку на той момант было 47 гадоў.
Гудзеў увесь горад
Да гэтага нічога падобнага ў найноўшай гісторыі Беларусі не здаралася. «Я памятаю пачуццё агульнага шоку, калі мы даведаліся пра забойства. Мы тады знаходзіліся зусім недалёка ад царквы, на вуліцы Пушкінскай. Я ведаў айца Міхаіла, ён аднойчы падарыў мне кіпарысавы крыжык, які прывёз з Ерусаліма», — расказвае рэдактар «Брестского курьера» Мікалай Аляксандраў.
Ад студзеня «Кур’ер» спыніў выхад на паперы. У былой рэдакцыі пуста, некалькі старых камп’ютараў у «ньюсруме», не дзейнічае туалет. Сам Аляксандраў яшчэ часу ад часу прыходзіць у гэты будынак на вуліцы 17 верасня, але робіць адзін. У хуткім часе ён спадзяецца прадаць гэты будынак.
«Увесь горад гудзеў. Калі мы даведаліся падрабязнасці справы, то зноў быў шок», — кажа Аляксандраў, гартаючы падшыўку газеты за 1998 год. «Усе чыталі. Наклад даходзіў да 28 тысяч», — успамінае Аляксандраў.
Справа гонару
Кіраўніком следчай групы па гэтай справе быў тагачасны начальнік следчага аддзела па асабліва важных даручэннях пракуратуры Брэсцкай вобласці Віктар Валаско. «Гэта было самае рэзананснае расследаванне ў маёй працы. Для мяне было справай гонару раскрыць забойства», — кажа Віктар Пятровіч. Хаця падключыліся спецыялісты і з Мінску, не абыходзілася і без КДБ.
Віктар Валаско сустракае нас ля Брэсцкага абласнога ўпраўлення «Беларусбанка», дзе пасля выхаду на пенсію са следчых структур працуе ў ахове. «Аператыўнымі дзеяннямі было вылічана, што да забойства датычны дыякан царквы Генадзь Калеснікаў», — канцылярскай мовай адказвае Валаско. Як менавіта выйшлі, нават праз 20 гадоў наадрэз адмаўляецца расказваць.
Следства сумленна адпрацоўвала ўсе магчымыя версіі здарэння. Андрэй Сацюк кажа, што першым чынам збіраліся затрымліваць яго і швагра, бо менавіта яны знайшлі цела бацюшкі.
Айцец Павел Рамановіч адзначае: «Жах быў у тым, што следства цягала ўсіх. Мой бацька — айцец Пятро — таксама трапіў пад раздачу. Яго падазравалі ў тым, што ён мог здзейсніць забойства, каб заняць пасаду айца Міхаіла. Бывала такое, што забіралі раніцай на допыт, а адпускалі толькі пасля 17», — кажа святар.
«Я асабіста апытваў Калеснікава. У мяне склалася ўражанне, што гэта адэкватны чалавек. Мне здалося, што ён раскаяўся. На відэа расказаў, як усё. Ён нанёс каля трынаццаці ўдараў нажом-мятлікам у вобласць сэрца, а яшчэ адзін — у нагу», — расказвае Валаско.
Таксама на раніцу высветлілася, што мінімальна была абрабаваная царква. Бракавала нейкіх грошай і трошкі каштоўнасцяў. Пазней следства прыйдзе да высновы, што гэта была інсцэніроўка з мэтай адцягвання ад сапраўдных матываў.
Сакратар епархіі
Праводзіліся шматлікія следчыя эксперыменты, якія цалкам даказвалі словы і віну Калеснікава. Напрыклад, ён адразу накіраваў следчых на сапраўднае месца забойства. Справа здавалася вельмі простай. І суд першай інстанцыі прымае рашэнне, што Генадзь Калеснікаў вінаваты ў забойстве айца Міхаіла Сацюка і прысуджае яму 20 гадоў калоніі.
Падрабязнасці працэсу, якія сталі вылазіць у прэсу, нарабілі шуму. Айцец Міхаіл Сацюк быў не толькі настаяцелем храма, але і сакратаром Брэсцкай епархіі. Вельмі старэнькі ўжо на той момант архіепіскап Канстанцін (Хоміч) не даваў рады большасці абавязкаў, якія і клаліся на плечы айца Міхаіла. У тым ліку рашаў ён і кадравыя пытанні ўсёй епархіі.
Гэтак, ён перавёў дыякана Калеснікава з прыходу ў Брэсце ў Кобрын. Пры пераводзе ў меншы горад Калеснікаў шмат губляў у грошах, таму ўсяляк спрабаваў вярнуцца назад.
Хадзіў з тоўстым залатым ланцугом
Хто ж такі быў гэты Калеснікаў? «Я памятаю, як прыйшоў на службу і ўбачыў вялізнага, моцнага дыякана. У яго быў выдатны бас. Добра ўрэзалася ў памяць, як напрыканцы ўсяночнага трывання ён спяваў «Утвердзі, Божа», — расказвае айцец Павел Рамановіч.
У Брэст Калеснікаў прыехаў з Гомеля, дзе прадаў кватэру. Калеснікаў быў жанаты з дачкой вельмі вядомага і паважанага гомельскага бацюшкі Фёдара Харыка, у пары было двое дзяцей — сын і дачка.
«У мяне было ўражанне, што гэта неардынарны чалавек. У размовах ён быў вельмі адэкватным, мог шмат пра што размаўляць. Але ў яго было загана, ён пакутаваў на так званы «расійскі грэх», — кажа нам святар, намякаючы на п’янства.
З гэтай прычыны дыякан часта прапускаў богаслужэнні.
«Айцец Міхаіл вельмі змагаўся за службу, каб яна праходзіла па ўсіх канонах, не адступаўся ад іх, таму яму не маглі падабацца такія знікненні дыякана.Для перавыхавання яго адправілі ў Кобрын. Я помню, што сустрэў яго на аўтавакзале, калі ў ехаў у семінарыю ў Жыровічы. Генадзь быў вельмі пакрыўджаным на свет у той момант. Канечне, не казаў, што заб’е айца Міхаіла, але быў шмат чым незадаволены», — расказвае Павел Рамановіч.
«Мы не надта шмат з ім камунікавалі. Аднак было бачна, што гэты чалавек не свяшчэннік. Бо ў яго былі іншыя інтарэсы. Ёсць людзі на сваім месцы, а ёсць — не на сваім. Калеснікаў быў не на сваім. Ён да нас трапіў па просьбе людзей з Гомеля», — расказвае Андрэй Сацюк.
Кажуць, што ён нават выглядаў вельмі спецыфічна. «Калеснікаў быў падобны да крымінальнага аўтарытэта. Валасы зачэсваў назад, ззаду валасы былі караценька пастрыжаныя, бараду галіў пад расчоску, а яшчэ насіў аграмадны залаты ланцужок з крыжам. Была тады такая мода, іх прывозілі з Турцыі», — дзеліцца ўражаннямі айцец Павел.
Справа аб сэксуальных дамаганнях
Падчас следства Калеснікаў заявіць, што «ўсе ведалі» пра нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю протаірэя Міхаіла Сацюка. І што, маўляў, у тую ноч бацюшка спрабаваў выбіць сабе ласкі ў абмен на вяртанне ў Брэст.
У выніку, сцвярджаў, Калеснікаў, ён не вынес такіх абразаў, прыціснуў святара да сядушкі аўтамабіля і стаў наносіць удары нажом. «Генадзь Калеснікаў відавочна разлічваў на паблажлівасць, гуманнасць закона і на… мужчынскую салідарнасць. На тое, што па абодва бакі следчага стала — мужыкі. Няхай адзін дапытвае, іншы адказвае. Але ім абодвум павінна быць аднолькава невыносная думка пра тое, што супярэчыць чалавечай існасці, нармальным палавым сувязям. Увогуле ж ніякага перабольшання наконт гэтай самай салідарнасці не было», — пісаў у той час «Брестский курьер».
Спачатку справу вялі як «забойства ў стане афекту, душэўнага хвалявання», але пазней перакваліфікавалі «ў забойства ў стане алкагольнага ап’янення, з асаблівай жорсткасцю». Калі па першым артыкуле Калеснікаў атрымліваў толькі пяць гадоў, ён нават прасіўся, каб яго пасадзілі ў калонію Мінскай вобласці, то па новым артыкуле яму гразіла больш за 20 гадоў.
Жонка Калеснікава ездзіла прасіць прабачэнні
Пракурор Весярчук папрасіла для Калеснікава 22 гады турмы, суддзя Барысаў вынес вырак — 20 гадоў. Пракурор Віктар Валаско намякае, што далей у Калеснікава маглі з’явіцца магутныя заступнікі. Але не кажа, хто менавіта.
Андрэй Сацюк не выключае, што магла ўмяшацца БПЦ, для якой забойства святара дыяканам было б вялікай іміджавай стратай.
Як бы тое ні было, але ўжо пры разглядзе скаргі Калеснікаў займае ўжо зусім іншую пазіцыю. Ён кажа, што даваў паказанні пад ціскам. «Я нікога не забіваў», — упэўнена адказваў ён. Пры гэтым у следства былі нават аўдыязапісы з СІЗА (праслушка была пастаўленая законна), дзе Калеснікаў казаў, што забіў святара. «Я пакараў гэтую свінню», — хваліўся ён сваім сукамернікам.
Ніхто так да канца і не зразумеў, што адбылося, але Брэсцкі абласны суд цалкам апраўдаў грамадзяніна Калеснікава і вызваліў яго проста ў зале суда.
«Я — чалавек, таму было крыўдна ад такога рашэння суда. На сёння злосць да гэтага чалавека ў мяне прапала», — кажа Андрэй Сацюк. Ён расказвае, што жонка Калеснікава ўжо пасля апраўдальнага прысуду для мужа прыязджала ў Вычулкі да ўдавы айца Міхаіла, матушкі Марыі і прасіла прабачэння за свайго мужа.
Дыякан страціў сям’ю
Мы адшукалі Генадзя Калеснікава, ён, як і калісьці, жыве ў Гомелі. Зарабляе тым, што рамантуе абутак. «Не памінайце маё імя намарна, — кажа ён. — Калі будзе публікацыя, то я буду звяртацца ў пракуратуру. Гэтая справа забрала ў мяне здароўе, забрала сям’ю», — кажа ён і кідае слухаўку.
«Нашай Ніве» ўдалося даведацца, што жонка Калеснікава памерла ў хуткім часе пасля гэтай справы ад анкалогіі, а сын загінуў. Яго вельмі доўга не маглі знайсці, а знайшлі ўжо памерлым. Засталася адна дачка.
Блізкія не вераць
«Я столькі гадоў пражыў з бацькам, але не заўважаў у яго такіх схільнасцяў. Урэшце, у яго была сям’я, двое дзяцей. Сам я не з’яўляюся прыхільнікам людзей з такой арыентацыяй. Я лічу, што за столькі гадоў хоць нешта было б заўважна», — кажа сын Андрэй Сацюк.
«Гэта версія ўжо неправяральная. Доказаў ніякіх няма, апроч словаў самога Калеснікава. Сам я такога ніколі не бачыў. Ні мяне, ні каго яшчэ з вучняў нядзельнай школы ён не дамагаўся. Адбыўся такі негатыў. Веруючыя людзі не надалі гэтаму вялікай увагі. Але ў мяне шмат пыталіся сябры ў кампаніях, ці было такое, ці чулі», — расказвае айцец Павел.
Зрэшты, па нашай інфармацыі, айцец Міхаіл Сацюк быў не адзіным святаром у Брэсце, які ў той час падазраваўся ў нетрадыцыйнай арыентацыі.
Капалі дзве магілы
Развітанне з Міхаілам Сацюком праходзіла на Пакроў, 14 кастрычніка. Сведкі ўспамінаюць, што быў ясны, сонечны дзень. Да апошняга не было вядома, дзе ж адбудзецца развітанне. Адначасова было выкапана дзве магілы: адна на тэрыторыі царквы, якую адбудаваў святар, іншая — на могілках у вёсцы Плоска пад Брэстам. Па адной з версій на пахаванне ля царквы да апошняга згоды не давалі гарадскія ўлады, па іншай — думаў мітрапаліт Філарэт. Ён і прысутнічаў на пахаванні, было шмат людзей, труну з целам праносілі вакол царквы.
Усё ж у апошні момант было вырашана, што пахаваюць бацюшку пад сценамі царквы. Ягоная магілка акуратна дагледжаная. На ёй выкладзены крыж, гарыць знічка. Гэта адзінае нядаўняе пахаванне на цвінтары ў цэнтры горада.
І праз дваццаць гадоў у гэтым крывавым трылеры, які разыграўся ў Брэсце, яшчэ шмат недагаворак. Гэта было адно з самых рэзанансных забойстваў другой паловы 1990-х гадоў, але адпаведная кропка ў ім так і не была пастаўленая.