«Пайшла рэклама, і цяпер дзеці маюць усе мультыкі па-ўкраінску». Як Украіна стварыла дзіцячыя тэлеканалы 7

Аўтар: Максім Маханькоў

Сітуацыя з дзіцячым тэлевяшчаннем у Беларусі блізкая да катастрафічнай. Цэнтральныя дзяржаўныя каналы бязлітасна ігнаруюць гэтую тэму, яны амаль перасталі выпускаць дзіцячыя перадачы і абмяжоўваюцца, пераважна, нешматлікай колькасцю мульцікаў. Але і з мульцікамі тымі праблема — яны хоць і ідуць на некаторых тэлеканалах, але зусім не агучваюцца па-беларуску. Калі яшчэ 15 гадоў таму сёе-тое на БТ агучвалася па-беларуску, то цяпер і гэтага няма. Дзеці проста нідзе не чуюць роднай мовы і таму не могуць яе засвоіць. Бо ж мультфільмы і адукацыйныя перадачы для дзяцей — не толькі адзін з найважнейшых інструментаў выхавання. Фільмы і праграмы фарміруюць свядомасць дзіцяці, вызначаюць, кім яно сябе адчувае.

Фота: pixabay.

Адсутнасць дзіцячага забаўляльнага і адукацыйнага кантэнту для дзяцей на цэнтральных каналах не была б праблемай, калі б у Беларусі існавалі спецыялізаваныя дзіцячыя каналы. Але праблема ў тым, што такіх каналаў у 10-мільённай краіне проста няма.

У выніку беларускія дзеці вымушаныя глядзець замежныя дзіцячыя каналы, дзе пануе замежны відэапрадукт. Невялікую колькасць беларускага дзіцячага кантэнту можна знайсці на Ютубе і спецыялізаваных суполках, але гэта — кропля ў моры. Знайсці беларускія дзіцячыя відэа — сапраўдны квэст для беларускіх бацькоў.

А якая сітуацыя з дзіцячым кантэнтам у нашых паўднёвых суседзяў, ва Украіне?

Як было раней?

Да 2012 года сітуацыя ва Украіне з дзіцячай тэлепрадукцыяй мала адрознівалася ад беларускай. Усе тэлеканалы, як дзяржаўныя, так і камерцыйныя, фактычна ігнаравалі дзяцей, і абмяжоўваліся паказам невялікай колькасці замежных мультфільмаў. Адзінае, чым сітуацыя ва Украіне была лепшай за беларускую — мульцікі гэтыя перакладаліся ўсё ж на ўкраінскую мову.

Але галоўнай праблемы гэта не вырашала: сваіх тэматычных дзіцячых каналаў ва Украіне не было. Былі альбо расійскія, альбо адаптаваныя пад Расію міжнародныя дзіцячыя каналы.

Праблема была ў жорсткім рэкламным заканадаўстве, якое не дазваляла ніякай рэкламы падчас дзіцячых тэлеперадач. Гэтую норму адмянілі толькі ў 2014 годзе.

У тэлеканалаў не было ніякага стымулу рабіць дзіцячыя перадачы, бо там нельга было ставіць рэкламу, і, у выніку, такая праграма зусім не акуплялася.

Асобныя дзіцячыя перадачы ва Украіне рабіў дзяржаўны тэлеканал УТ-1, бо ён залежаў ад бюджэтных сродак, а не ад рэкламы. Але і там колькасць дзіцячага кантэнту няўхільна меншала.

Фрагмент дзіцячай праграмы на УТ-1, 1990-я гады.

Адметна, што такое ж абмежаванне для дзіцячых перадач на рэкламу існуе зараз і ў Беларусі. Здаецца, забарона на рэкламу мае добры намер, але фактычна знішчае ў тэлевізіёншчыкаў усялякія стымулы рабіць дзіцячае ТБ.

Што было далей?

У 2009 годзе ва Украіне зрабілі першую спробу зрабіць спецыялізаваны дзіцячы тэлеканал — Малятко TV. Хаця тэлеканал і адпавядаў усім неабходным крытэрыям дзіцячага тэлебачання, масавым і прарыўным ён не стаў і трансляваўся пераважна праз спадарожнік. Але сваіх удзячных гледачоў ён атрымаў, і працягвае існаваць дагэтуль. Цяпер яго можна знайсці ў большасці кабельных аператараў Украіны. Яго праграмы накіраваны ў першую чаргу на самых маленькіх гледачоў да 3 гадоў, якія толькі вучацца гаварыць, чытаць і пісаць.

Відэа: Малятко TV.

Відэа: Малятко TV.

У 2011 годзе расійская кампанія НТВ+ стварыла ва Украіне тэлеканал «Моя дитина», але ён не стаў папулярным і пасля захопу Крыма ў 2014 годзе закрыўся.

Сапраўдны прарыў у дзіцячым тэлебачанні Украіны здарыўся ў 2012 годзе. Тады 2 буйныя медыягіганты, «1+1 медіа» (належыць мільярдэру Ігару Каламойскаму) і «Inter Media Group» (належыць мільярдэру Дзмітрыю Фірташу) вырашылі стварыць уласныя дзіцячыя каналы — ПлюсПлюс і Піксель. З самага пачатку яны і сталі безумоўнымі лідарамі гэтага сегмента.

Гэтыя каналы даступныя для абсалютнай большасці ўкраінцаў, ПлюсПлюс ёсць у большасці кабельных аператараў, а Піксель увогуле бясплатна транслюецца ў эфірнай лічбавай сетцы T2.

Абодва каналы дзіцячыя, але маюць невялікія адрозненні. Піксель транслюе пераважна еўрапейскія мультфільмы для дашкольнікаў, а ПлюсПлюс — амерыканскія для дашкольнікаў і школьнікаў.

Амаль усе мультфільмы агучваюцца ўкраінскай мовай, у тым ліку расійскія. Прысутнічае і ўкраінская прадукцыя.

Відэа: ПлюсПлюс.

Відэа: ПлюсПлюс.

Відэа: Піксель.

У 2012 годзе, калі каналы толькі запускаліся, мала хто верыў у іх камерцыйны поспех. Па-першае, жорсткае заканадаўства абмяжоўвала выкарыстанне рэкламы — яе можна было ўстаўляць не пасярод мультфільма ці перадачы, а толькі паміж, і тое, у вельмі абмежаванай колькасці. Па-другое, самі дзеці — не найлепшая мэтавая аўдыторыя для рэкламадаўцаў, бо яны яшчэ не здольныя траціць грошы на тавары і паслугі.

Але досвед гэтых тэлеканалаў паказаў, што дзіцячае тэлебачанне ва Украіне можа быць камерцыйна выгадным.

Крытыкі і скептыкі не ўлічылі некалькі фактараў. Па-першае, дзіцячыя тэлеканалы глядзяць не толькі дзеці, але і іх бацькі і дзяды, нават калі яны самі таго не жадаюць. Яны і становяцца асноўнымі спажыўцамі рэкламы. Па-другое, кантэнт для дзіцячага тэлебачання адносна недарагі (у параўнанні з «дарослымі» шоу) і яго можна паказваць з вялікай колькасцю паўтораў — маленькія дзеці любяць пераглядаць свае любімыя мульцікі некалькі разоў, а потым гэтыя ж самыя мульцікі праз некалькі гадоў будуць глядзець іншыя дзеці. Тэлеканал можа адзін раз закупіць мультсерыялы, а потым паказваць іх некалькі гадоў з паўторамі.

Існаваў ва Украіне яшчэ і канал мультфільмаў QTV, які належаў іншаму медыягіганту — StarLightMedia мільярдэра Віктара Пінчука. Ён таксама быў папулярным, але не такім прыбытковым, як Піксель і ПлюсПлюс.

Прычына ў тым, што Піксель і ПлюсПлюс арыентуюцца ў першую чаргу да дзяцей, а QTV арыентаваўся ўжо на падлеткаў. А падлеткі, як правіла, глядзяць тэлевізар без бацькоў, таму гэты канал быў у меншай ступені цікавы рэкламадаўцам і закрыўся.

ПлюсПлюс можна назваць не толькі дзіцячым тэлеканалам, але і паўнавартаснай мультымедыйнай платформай.

На сайце можна паглядзець усе самыя найлепшыя мультфільмы і ўласныя перадачы,

знайсці цікавыя размалёўкі і флэш-гульні з героямі самых папулярных мультфільмаў.

Ёсць там нават свая крама з вялікай колькасцю дзіцячых кніг і прыродазнаўчых навуковых набораў для развіцця.

Поспех Пікселя і ПлюсПлюс выклікаў прыход на ніву дзіцячага тэлебачання новых гульцоў.

Буйны ўкраінскі кабельны аператар «Воля» запусціў уласны дзіцячы канал «Воля Cine+ Kids». У яго іншая бізнэс-мадэль, ён жыве не за кошт рэкламы, а за кошт знаходжання ў прэміум-пакетах кабельнага ТБ. Кабельны аператар сцвярджае, што канал таксама з’яўляецца прыбытковым.

У 2017 годзе з’явіліся яшчэ 2 дзіцячыя каналы — NIKI Junior і NIKI Kids запусціў медыямагнат Рудольф Кірнос.

Заяўлены кантэнт новых вяшчальнікаў — пераважна еўрапейскія мульцікі. Па словах Кірноса, закуплена больш за 400 гадзін анімацыі (у прыватнасці, за каналамі замацавана эксклюзіўнае права на кантэнт французскай студыі Xilam), а дубляж выключна ўкраінскі. Колькі ўкладзена ў новыя тэлеканалы, Кірнос не ўдакладніў, аднак украінскае выданне «Медіаняня» падлічыла, што такі кантэнт каштуе каля $100 тысяч, яшчэ $100—200 тысяч каштуе ўкраінскі дубляж.

Свой уласны дзіцячы канал хацеў запусціць і медыяхолдынг «Люкс» мэра Львова Андрэя Садавога, але ў выніку гэтую ідэю вырашылі часова адкласці.

Свае дзіцячыя тэлеканалы ёсць не толькі ў украінскіх дзяцей, але і ў крымскіх татар. На канале Lâle, які транслюецца з 2013 года, ідуць дзіцячыя перадачы і мультфільмы на рускай і крымскататарскай мовах. У 2015 годзе канал вымушаны быў пераехаць з Крыма ў Кіеў.

Эфір канала Lâle.

Ці ўсё так добра з дзіцячым тэлебачаннем ва Украіне?

Нягледзячы на буйны рост колькасці тэлеканалаў для дзяцей, шмат якія праблемы вырашыць не ўдалося. Усе дзіцячыя ўкраінскія тэлеканалы транслююць пераважна замежныя мультфільмы. А вось мультфільмаў украінскіх, а таксама ўласных забаўляльна-адукацыйных перадач вырабляецца яшчэ не так шмат.

Мультфільмы — важная для дзяцей рэч, але пажадана, каб на гэтых тэлеканалах былі таксама перадачы, што развіваюць дзяцей у гульнявой форме. На Захадзе такі жанр называюць edutainment, ад слоў education (адукацыя) і entertainment (забава). Украінскія каналы толькі вучацца ствараць такі прадукт.

Яшчэ адна праблема — адсутнасць уцямнай стратэгіі развіцця дзіцячых праграм на 1-ым канале грамадскага тэлебачання.

А што ёсць акрамя тэлебачання?

Вялікая колькасць дзіцячага ўкраінскага кантэнту ёсць і на ютубе. Ютуб-каналы з дзіцячымі песнямі, забавамі і адукацыйнымі відэа не належаць, у адрозненне ад тэлеканалаў, вялікім медыя-групам. Іх робяць валанцёры і грамадскія арганізацыі.

Некаторыя відэа з украінскім дзіцячым кантэнтам набіраюць на ютубе ажно да 10 мільёнаў праглядаў. Самыя папулярныя каналы — HeyKids - Дитячі пісні, З любов'ю до дітей - Дитячі пісні, Ukranima, Хмаринка.

За апошняе дзесяцігоддзе ўкраінцы істотна павялічылі колькасць уласнага дзіцячага кантэнту, а таксама агучылі на ўкраінскую мову ўсе самыя папулярныя мультфільмы.

Гэта не проста вынік самаадданай дзейнасці ўладальнікаў тэлеканалаў, акцёраў і актывістаў. Усё гэта не было б магчыма без статуса ўкраінскай мовы як адзінай дзяржаўнай вось ужо на працягу 27 гадоў — менавіта ўкраінская мова з’яўляецца асноўнай мовай у адукацыі і справаводстве.

Яшчэ адна аснова поспеху — украінцы за 27 гадоў незалежнасці здолелі стварыць хай і алігархічныя, але моцныя камерцыйныя медыя-групы, якія навучыліся рабіць канкурэнтнае і высакаякаснае тэлебачанне (у тым ліку дзіцячае), на фоне якога тэлебачанне беларускае застаецца вялікай шэрай панылай плямай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?