Як Украіна ператварылася ў аднаго з галоўных вытворцаў шоу для расійскага тэлебачання  22

Аўтар: Максім Маханькоў

«Я саромеюся свайго цела», «Пацанкі», «Арол і рэшка»… Рывок украінскай тэлеіндустрыі адбыўся ў апошнія пяць гадоў. Дайшло да таго, што нават эфір газпрамаўскага тэлеканала «Пятница» на траціну складаецца з украінскай тэлепрадукцыі.

Завяршаецца пяты год расійска-ўкраінскага ўзброенага канфлікту. За гэты час краіны настолькі аддаліліся адна ад адной, што, здавалася б, аніякія кантакты на розных узроўнях проста немагчымыя. Асабліва калі ўлічваць шалёную антыўкраінскую прапаганду, якая ўжо амаль 5 гадоў бесперапынна ліецца з вуснаў крамлёўскіх прапагандыстаў.

Нягледзячы на пераважна варожае стаўленне расіян да Украіны і ўкраінцаў, што фіксуецца шматлікімі сацыялагічнымі апытаннямі, здарылася цікавая рэч — Украіна за апошнія некалькі гадоў ператварылася ў аднаго з найбуйнейшых пастаўшчыкоў забаўляльных тэлеперадач і серыялаў для расійскага тэлебачання. Пакуль цэнтральныя расійскія СМІ бязлітасна пляжылі і ганьбілі Украіну, забаўляльныя расійскія каналы запаланілі свой эфір украінскімі шоу альбо іх расійскімі адаптацыямі. Дайшло нават да таго, што эфір газпрамаўскага тэлеканала «Пятница» на траціну складаецца з украінскай тэлепрадукцыі.

І гэта пры тым, што ў самой Украіне расійскія тэлеперадачы амаль цалкам зніклі з эфіру мясцовых тэлеканалаў. Украінскія тэлешоу любяць глядзець у Расіі, і пры разумнай дзяржаўнай палітыцы ўкраінскіх улад гэты феномен мог бы ператварыцца ў інструмент «мяккай сілы» ў інфармацыйным супрацьстаянні з Крамлём.

Цікава, што над некаторымі звышпапулярнымі шоу для ўкраінскага тэлебачання працуюць і беларусы, якія не бачаць для сябе ніякіх перспектыў у Беларусі, дзе ўсе каналы дзяржаўныя і канкурэнцыі зусім няма.

Чытайце таксама: Беларускі кавээншчык стаў адным з самых папулярных тэлевядучых Украіны. Дзмітрый Танковіч: «Беларусь застыла, а Украіна стане еўрапейскай краінай»

* * *

Як усё пачыналася?

Украінскія тэлевізіёншчыкі яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў сталі дамінаваць на ніве расійскага забаўляльнага тэлебачання. Менавіта ўкраінскія студыі стварылі на прасторах былога СССР такія культавыя тэлеперадачы, як «Маскі-шоу», «Каламбур», «Джэнтэльмен-шоу», «СВ-шоу» і іншыя.

Да сярэдзіны 2000-х гэтыя перадачы страцілі сваю папулярнасць і перасталі выходзіць у эфір. Хаця некаторыя ўкраінскія забаўляльныя перадачы і трансляваліся ў Расіі, яны ўжо не мелі той папулярнасці («Голыя і смешныя», «Украінскі квартал» і іншыя).

Новая хваля папулярнасці ўкраінскага забаўляльнага тэлебачання ў Расіі паднялася пасля 2014 года.

Украінская тэлеэкспансія ў лічбах

Паводле даных KVG Research, Украіна з'яўляецца другім, пасля ЗША, пастаўшчыком кантэнту для расійскага тэлебачання. Калі ў 2014 годзе доля ўкраінскага кантэнту на расійскім ТБ складала 11,9%, па выніках 2016 года — ужо 20,5%.

Калі б адносіны дзвюх дзяржаў не сапсаваліся ў 2014 годзе, лічбы маглі б быць яшчэ больш уражальнымі. Вядома, што некаторыя ўкраінскія перадачы, якія закупілі расійскія каналы, пасля пачатку ўзброенага канфлікту вымушана паклалі «на паліцу».

Не менш уражваюць і лічбы ў серыяльнай вытворчасці. Паводле KVG Research, большая частка серыялаў на расійскім тэлебачанні — украінскай вытворчасці. Галоўнымі вытворцамі серыялаў для расійскіх тэлеканалаў сталі Star Media украінскага прадпрымальніка Улада Рашына і кампанія Film.ua.

Калі папулярнасць украінскіх тэлешоу ў Расіі тлумачыцца ў першую чаргу крэатыўнасцю ўкраінскіх тэлевізіёншчыкаў і якасцю прадукту, то з серыяламі сітуацыя больш празаічная — ва Украіне ёсць прафесіянальная база і досвед, каб рабіць гэтыя серыялы танней, чым у Расіі.

Поспех украінскіх шоу (у параўнанні з расійскімі) абумоўлены іх дэмакратычнасцю (героямі там звычайна выступаюць не зоркі, а самыя звычайныя людзі з правінцыі), смеласцю, вольнай атмасферай, а таксама крэатыўнасцю сцэнарыстаў.

Ёсць некалькі прыкладаў таго, як нейкае міжнароднае тэлешоу спрабавалі запусціць расійскія тэлевізіёншчыкі — і праграма аказвалася суцэльным правалам (расійскія «Детектор лжи» і «Х-фактор»). А калі за адаптацыю перадачы браліся ўкраінцы — гэтыя ж самыя шоу станавіліся звышпапулярнымі («Детектор брехні», «Х-фактор»). Здавалася б, фармат і шаблоны для праграм аднолькавыя — а вынікі абсалютна розныя. Заходнія фарматы добра кладуцца на украінскую глебу з усімі яе праблемамі.

Аналагічны лёс напаткаў і перадачу «Топ-модель по-русски». Расійскі канал «Ю» паказваў расійскую адаптацыю міжнароднага шоу, але яна не стала папулярнай — тэлеканал у выніку быў вымушаны паказваць расіянам «Супермодель по-українськи», якая стала адной з самых рэйтынгавых перадач на «Ю».

Каментар ад расійскага гледача шоу «Супермодель по-українськи» на сайце расійскага тэлеканала «Ю», скрыншот.

Але ўкраінскія тэлеканалы не толькі капіююць заходнія шоу — яны паспяхова ствараюць і ўласныя фарматы, што прадаюць за мяжу.

Якія ўкраінскія тэлешоу сталі папулярнымі ў Расіі?

«Арол і рэшка»

Вядомае ўкраінскае шоу пра падарожжы з’явілася на ўкраінскім тэлеканале Інтер яшчэ ў 2011 годзе. Прыдумалі і распрацавалі канцэпцыю праграмы ўкраінцы — Жанна Бадоева, Яўген і Алена Сінельнікавы.

Вядучая «Арла і рэшкі» Рэгіна Тадарэнка.

Сюжэт «Арла і рэшкі» просты. Двое вядучых адпраўляюцца ў розныя гарады свету. Па правілах праграмы, адзін з іх павінен пражыць суботу і нядзелю на 100 даляраў, а другі можа займацца марнатраўствам на неабмежаваныя сродкі. Каб вырашыць, як хто з іх правядзе гэтыя выхадныя ў рамках праграмы, вядучыя перад кожным падарожжам кідаюць манетку.

У 2013 годзе перадачай зацікавіліся ў Расіі, і яна пачала выходзіць на тэлеканале «Пятница». Расійскі канал, разам з украінскім «Інтерам», браў на сябе выдаткі на перадачу, хаця вытворчасцю шоу працягвае займацца ўкраінская студыя Teen Spirit.

У выніку перадача стала самым папулярным тэлепрадуктам расійскага забаўляльнага канала «Пятница».

Выйшла ўжо ажно 19 сезонаў арыгінальнага шоу, а таксама некалькі сезонаў паралельных шоу «Арол і рэшка. Шопінг», «Арол і рэшка. Расія» і іншыя.

«Хата на тата»

Кожная праграма — гэта гісторыя адной сям'і, дзе ёсць бацька, маці і дзеці. Па ўмовах праекта змучаная шматгадовым выкананнем хатніх абавязкаў маці едзе ў адпачынак на тыдзень і робіць тое, пра што заўсёды марыла, ці тое, на што бракавала часу.

Напрыклад, скача з парашутам, або нырае з аквалангам, ці атрымлівае асалоду ад спа-працэдур — словам, робіць усё, што ёй захочацца.

Тым часам бацька застаецца дома з дзецьмі, выконвае ўсе бацькоўскія і хатнія абавязкі, а таксама пэўныя заданні жонкі. Тата павінен даказаць, што можа ўпарадкаваць побыт, стаць сябрам і сапраўдным бацькам для дзяцей. А галоўнае — тата павінен змяніцца і зразумець, як моцна ён кахае сваю жонку і недаацэньвае яе працу.

Героя чакаюць сур'ёзныя выпрабаванні. Ён атрымае абавязковыя заданні, і калі выканае ўсе, то можа атрымаць грашовы прыз. Цікава, што вытворчасцю «Хата на тата» з 2018 года займаецца Vaverka Production папулярнага беларускага кавээншчыка Дзмітрыя Танковіча.

Дзмітрый Танковіч, фота: СТБ.

У Расіі гэта перадача ўкраінскага канала СТБ ідзе пад назвай «Папа попал».

Гэты праект таксама з'яўляецца арыгінальным украінскім — фармат перадачы паспяхова прадалі ў краіны Балтыі, Польшчу і Францыю.

Вось так выглядае літоўская «Хата на тата» па ўкраінскай франшызе.

«Ревизорро»

«Рэвізор» — рэаліці-шоу пра якасць працы устаноў сферы абслугоўвання Украіны. Яшчэ адзін украінскі арыгінальны фармат, на гэты раз вытворчасці «Нового канала».

Як правіла, аб'ектамі рэвізіі становяцца ўстановы грамадскага харчавання (рэстараны, кафэ, сталовыя), гатэлі, інтэрнаты і супермаркеты.

Асаблівасць праграмы — здымка рэвізіі адбываецца ў рэальным часе, ніхто з работнікаў і ўладальнікаў ўстаноў не ведае аб праверцы.

У кожным выпуску каманда рэвізора прыязджае ў адзін з гарадоў Украіны, дзе наведвае розныя ўстановы і праводзіць іх ацэнку па шэрагу крытэраў.

Пасля праходжання рэвізіі каманда рэвізора раіцца, пасля чаго вядучы выносіць рашэнне. У выпадку станоўчага рашэння вядучы прамаўляе фразу «Рэвізор рэкамендуе (назва ўстановы)», і ўручае установе таблічку рэвізора з рэкамендацыяй. У адваротным жа выпадку вядучы прамаўляе фразу «Рэвізор не рэкамендуе».

Шоу стала настолькі папулярным, што ўкраінскія ўстановы, якія паспяхова прайшлі праверку «Рэвізора», вешалі таблічку ад перадачы з рэкамендацыяй на самае прыкметнае месца — людзі ўспрымалі гэта як сапраўдны знак якасці.

Першай вядучай тэлепраграмы стала ўкраінская мадэлька і журналістка Вольга Фрэймут. Планавалася, што яна таксама будзе весці расійскую версію праграмы пад назвай «Ревизорро». Але ў выніку расіяне зрабілі сваю версію праграмы, хаця і былі вымушаны купіць ліцэнзію ў украінскіх тэлевізіёншчыкаў. Расійская «дачка» ўкраінскага «Рэвізора» таксама стала вельмі папулярнай праграмай.

«Від пацанки до панянки»

Гераіні праекта — маладыя дзяўчаты з цяжкім бэкграўндам, «пацанкі», пазбаўленыя бацькоўскай любові, разумення з боку грамадства, закладніцы няшчаснага акружэння і ладу жыцця.

Падчас шоу прафесійныя педагогі і псіхолагі будуць ставіць перад гераінямі новыя задачы, каб «пацанкі» маглі ператварыцца ў сапраўдных паненак.

Вытворчасцю «Пацанак» для Расіі займаецца ўкраінская студыя Friends Production. Гэтая ж студыя робіць расійскія версію ўкраінскага шоу «Панянка-селянка».

«Я соромлюсь свого тіла»

У 2015 годзе канал «Ю» пачаў паказваць украінскую версію брытанскага тэлешоу «Я соромлюсь свого тіла». Лекары раз'язджаюць па ўкраінскай глыбінцы і спрабуюць дапамагчы людзям з самымі неймавернымі гісторыямі хвароб.

Гледачам адкрыта дэманструюць шок-кантэнт: хірургічныя аперацыі, гіганцкія пухліны, выродлівыя калецтвы, палавыя органы і іншае.

Праграма выдатна дэманструе, як пераважная большасць жыхароў правінцыі не разбіраецца ў элементарных законах фізіялогіі і панічна баіцца дактароў.

«Кохана, ми вбиваємо дітей»

Яшчэ адзін брытанскі фармат, запазычаны ўкраінскім ТБ у Брытаніі і паказаны ў Расіі, — «Кохана, ми вбиваємо дітей».

Шоу распавядае аб праблемах бацькоў і дзяцей. Знізіць градус нянавісці дапамагае вядучы-псіхолаг.

У перадачу звяртаюцца бацькі некіруемых дзяцей, якія ненавідзяць бацькоў, паводзяць сябе правакацыйна і агрэсіўна. У сям’ю пасылаюць аператара, які штодня нон-стоп здымае сямейныя разборкі, якія потым падрабязна разбіраюцца на праграме.

«Вагітна у 16»

Украінская адаптацыя амерыканскага тэлешоў, гераіні якога — цяжарныя дзяўчаты ад 13 да 17 гадоў, якія, самі будучы яшчэ дзецьмі, рыхтуюцца стаць бацькамі.

Галоўная задача праекта — растлумачыць і паказаць падлеткам, што ранняя цяжарнасць часта ператвараецца ў вялікія праблемы.

Праграма тлумачыць — для зачацця асаблівага ўмення не трэба, а вось каб вынасіць, нарадзіць і выхаваць здаровае дзіця спатрэбяцца вялікія намаганні. Малалетнім бацькам прыйдзецца адмовіцца ад ранейшага жыцця і вельмі хутка пасталець.

Украінскія шоу папулярныя толькі ў Расіі?

Цікавасць да ўкраінскіх шоу ўзрасла і ў іншых краінах. Асабліва паспяховымі выявіліся праекты студыі «95 квартал», якую стварыў цяперашні кандыдат у прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі.

Напрыклад, украінцы прадалі правы на трансляцыю сваёй вядомай у Беларусі перадачы «Рассмяшы коміка» не толькі ў краіны былога СССР, але нават у Кітай і В'етнам.

Вось так выглядае в'етнамская версія гэтай украінскай праграмы пад назвай Thách thức danh hài:

З поспехам прадаюцца і серыялы «95 квартала». Студыя прадала правы на паказ свайго папулярнага серыяла «Слуга народу» найбуйнейшай інтэрнэт-платформе Netflix.

Анонс «Слугі народу» ў Польшчы.

А вось з бізнэсам у Расіі ў кампаніі Зяленскага зараз не ладзіцца — праз падтрымку Зяленскім украінскай арміі і антыўкраінскую істэрыю ў Расіі «95 квартал» згарнуў амаль усе свае праекты ў Расіі.

Іншыя ўкраінскія вытворцы таксама стараюцца не адставаць. У 2014 годзе фармат украінскага серыяла «Нюхач» набыў адзін з найбуйнейшых французскіх каналаў TF1, а ў 2015 годзе — японскі тэлеканал NHK.

Як украінскі тэлепрадукт можа ўплываць на імідж дзяржавы?

Пры граматным пазіцыянаванні і кропкавай падтрымцы з боку дзяржавы ўкраінскія шоу, папулярныя ў Расіі, маглі б стаць эфектыўным інструментам мяккай сілы ў інфармацыйнай вайне з Крамлём.

Праз такія шоу, як і іншыя атрыбуты масавай культуры, Украіна магла б данасіць да суседзяў, у тым ліку да расіян, свой наратыў і парадак дня.

Хаця большасць папулярных у Расіі ўкраінскіх шоу — трэшавы кантэнт з маргінальнымі героямі, сама наяўнасць такіх шоу разбівае шматлікія крамлёўскія міфы і стэрэатыпы наконт Украіны.

Расійская прапаганда вакол Украіны будуецца на класічным прыёме дэгуманізацыі — крамлёўскія СМІ паказваюць расіянам, што ніякіх украінцаў няма, а ёсць неразумныя «майданутыя хахлы», «русафобы і марыянеткі Захаду», якія і не людзі зусім. Між тым украінскія шоу, наадварот, паказваюць расіянам хай і складанае, але рэальнае жыццё простых украінцаў.

Расіяне, якія глядзяць украінскія шоу, бачаць, што Украіна не такая, як у сюжэтах крамлёўскіх прапагандыстаў (з нацыстамі, вечнымі майданамі і русафобіяй). Яны бачаць, што ва Украіне ніхто нікому не забараняе размаўляць па-руску, што там няма голаду і такой галечы, пра якую кажа Дзмітрый Кісялёў у сваіх тэлепраграмах. Расіяне бачаць, што гэта самая звычайная краіна з людзьмі, якія радуюцца жыццю, засмучаюцца, ставяць перад сабой мэты, памыляюцца, працуюць над сабой альбо цалкам дэградуюць і гэтак далей. І што для ўкраінцаў характэрны такія ж самыя праблемы, як і для жыхароў іншых краін нашай планеты (у тым ліку Расіі).

Каментар ад расійскага гледача шоу «Я соромлюсь свого тіла» на сайце расійскага тэлеканала «Ю», скрыншот.

Здаецца, для разбурэння крамлёўскіх прапагандысцкіх міфаў вакол Украіны гэтыя маргінальныя трэш-шоу зрабілі больш, чым усё міністэрства інфармацыйнай палітыкі Украіны.

Поспехі ўкраінскіх шоу спарадзілі таксама вялікую колькасць інтэрнэт-мемаў, у тым ліку ў Расіі. Найбольш папулярнай з’яўляецца суполка ўкантакце «Я смотрю украинские шоу и радуюсь жизни», у якой высмейваюцца найбольш адыёзныя і абсурдныя моманты з украінскіх тэлеперадач. Адметна, што большасць удзельнікаў суполкі — расіяне.

Галоўным героем інтэрнэт мемаў «Я смотрю украинские шоу и радуюсь жизни» з’яўляецца тэлевядучы Дзмітрый Карпачоў, які вядзе найбольш папулярныя шоу на ўкраінскім ТБ («Кохана, ми вбиваємо дітей», «Детектор брехні», «Вагітна у 16» і іншыя).

Дзмітрый Карпачоў, фота: СТБ.

Цікава, што папулярнасць украінскіх шоу за мяжой таксама абуджае інтарэс сярод расіян да ўкраінскай мовы.

Папулярныя ўкраінскія шоу і ў рускамоўным сегменце ютуб-блогераў. Агляды ўкраінскіх перадач робіць беларускі блогер «Приятный Ильдар», якія збіраюць мільённыя прагляды на ютубе.

183
вася чэсных / Адказаць
16.01.2019 / 13:00
Все просто, разделение людей в нашем регионе на русских, украинцев, белорусов является искусственным. У нас единый менталитет и главным этому доказательством является одинаковое восприятие юмора. Границы - они нужны политикам, чтобы доить собственные "стала", а для обычных, нормальных людей граница - ненужный и мешающий барьер. Языки наши не имеют серьезных отличий, грамматические формы едины. Юмор объединяет. В ЦРУ серьезно изучали русскоязычный юмор, а в 90-х с помощью Петросяна и К была попытка изменить тип восприятия юмора у советского человека и,соответственно, изменить основные типы мышления, но эффект оказался временным, время показало, что место Петросяна и его "кривого зеркала" на свалке.
36
Nokia / Адказаць
16.01.2019 / 13:30
Трэш-кантэнт 
10
Niemand / Адказаць
16.01.2019 / 13:47
Нават у такіх дробязях, як ТБ-шоу пацвярджаецца відавочнасць пра тое, хто творца, а хто здольны толькі няздарна малпаваць у сваім "запаребріке". :)
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру