Як міліцыянер выратаваў ад знішчэння пяціметровы бел-чырвона-белы сцяг і стаў працаваць на беларушчыну 19

Аўтар: Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна і з архіва героя

Пра тое, чаму ніколі не позна змяніць жыццё і пачаць кар’еру з нуля, расказвае Дзяніс Сцяпура, які з міліцыі перайшоў у прыватны бізнэс і знайшоў сябе ў краме нацыянальнай прадукцыі Symbal.by.

Пяць гадоў ён адпрацаваў у міліцыі па кантракце, а потым у нейкі момант зразумеў — не яго. Шукаў сябе і ў інкасацыі, і на пасадзе кантэнт-менеджара мэблевай крамы, спрабаваў стаць тэсціроўшыкам, але да працы мары яго прывяла любоў да беларушчыны. Некалькі месяцаў таму Дзяніс Сцяпура ўбачыў вакансію ў Symbal.by

Дзяніс Сцяпура.

«У беларускамоўную школу аддала маці-расіянка»

— Я нарадзіўся ў Мінску ў мультыкультурнай сям’і: бацька — з Капыльшчыны, а маці паходзіць са старажытнага горада Гарадзец, што на Волзе (Ніжагародская вобласць). У гэтым краі багата развітыя народныя рамёствы (роспісы, пернікі, разьба па дрэве). На радзіме маці я бавіў амаль усе летнія канікулы, таму добра знаёмы з мясцовай культурай і выдатна разумею расіян. Іх з дзяцінства гадуюць з устаноўкай: вы расцяце ў самай магутнай і вялікай краіне. А вось беларускую вёску мне спазнаць не давялося: бацькі таты памерлі рана. 

Мае школьныя гады прыпалі на цікавыя гістарычныя падзеі. У 1990-м я пайшоў у першы клас. У маёй маці быў выбар, куды мяне накіраваць, аднак яна прынцыпова, хоць і была расіянкай, адвяла за руку ў беларускамоўную школу. Калі я нарадзіўся тут, меркавала яна, то абавязаны добра ведаць мову гэтай краіны. 

Памятаю, пасля першага класа нам на лета раздалі кнігі пра Леніна і чырвонаармейцаў. Але ўжо 25 жніўня 1991 года Беларусь атрымала незалежнасць, і вельмі хутка старыя камуністычныя падручнікі замянілі на новыя, з гісторыяй з’яўлення «Пагоні». Нашы бацькі, рыхтуючыся разам з намі да ўрокаў, адкрывалі для сябе ўвесь гэты свет — БНР, ВКЛ… Нашы настаўнікі размаўлялі і выкладалі па-беларуску, і гэта было шчыра, падабалася ім.

Мой настаўнік гісторыі Яўген Галубовіч, напрыклад, быў актывістам Народнага Фронту, яго можна пабачыць на відэа «Чарнобыльскага шляху — 1996». Калі пачаліся маршы апазіцыі, часам ён распавядаў, што там адбываецца, расказваў, дзе «чорнае», а дзе «белае». Цікавыя былі часы.

«Я яшчэ школьнікам зразумеў, што да ўлады прыйшлі пустыя людзі»

Калі толькі абралі Лукашэнку, я, хоць і быў малы, задаваўся пытаннем: як ён можа прадстаўляць нашу краіну? Бацька мой за яго не галасаваў. Перакладчык па адукацыі, у 1990-я ён, як і многія, стаў прадпрымальнікам і гандляваў то рыбай, то малочкай. Лукашэнка ж называў такіх, як ён, «вашывымі блохамі»: бізнэсоўцам тады моцна закручвалі гайкі.

Не зразумеў я і змены сімволікі. У 1990 годзе на другім паверсе школы на сцяне былі намаляваныя піянеры. Калі ўлада змянілася, замест піянераў з’явіліся лясы, балоты, рака, бусел. Над птушкай павесілі ручнік у выглядзе бчб-сцяга, а пасярэдзіне — каляровую «Пагоню». Знізу ж зрабілі нешта накшталт клумбы з замкавымі вежамі. У 1996-м усё гэта разбурылі. Былыя малюнкі замалявалі, узамен там не з’явілася нічога.

Услед за сімваламі ў нас забралі і мову, зрабіўшы рускую другой дзяржаўнай. Клас перавялі на рускую мову, а я застаўся ў ім, не стаў пераходзіць у іншую школу, каб не згубіць сяброў, калектыў.

«Не ведаў, кім хачу стаць»

Мне падабалася чыгунка, таму ў дзяцінстве я марыў стаць машыністам. У 17 гадоў было мноства цікаўнасцяў, аднак я не разумеў, куды іх лепш скіраваць. Бацьку параілі аддаць мяне ў Акадэмію МУС — на той момант гэта лічылася вельмі прэстыжна: конкурс быў 7—8 чалавек на месца, а дыплом юрыста цаніўся. Так я і апынуўся сярод курсантаў.

Найвышэйшая ўзнагарода для найлепшага курсанта — фота пад сцягам. Дзянісу тут 19 гадоў.

Калі мяне ўпершыню загналі (у мой жа выходны) глядзець, як Лукашэнка гуляе ў хакей, я вырашыў, што гэта будзе апошні раз. І не хадзіў больш прынцыпова, хоць і быў загад. Я ведаў, што за непадпарадкаванне прыляціць пакаранне: мне далі тры нарады па-за чаргой і на два тыдні адправілі ў казарму. Аднак, калі ты хочаш чагосьці дасягнуць, трэба ісці на рызыку, нечым ахвяраваць. Дарэчы, на хакей пасля такога маўклівага пратэсту мяне больш не клікалі.

Падобная сітуацыя здарылася і з заклікам уступаць у БРСМ. У 2002 годзе гэтая арганізацыя толькі з’явілася. Курс сабралі і агучылі, што, калі нехта не ўступіць ў шэрагі арганізацыі, будзе разглядацца пытанне аб яго выключэнні з акадэміі (БРСМ толькі стварылі, а ў іх ужо былі такія гвалтоўныя метады працы). Я адказна падышоў да прапановы: пачытаў статут арганізацыі, бо не ведаў, што яна з сябе ўяўляе. Калі б за добрыя справы стаяла, я б, канечне, далучыўся, але ў статуце было: «является продолжателем традиций Всесоюзного ленинского коммунистического союза молодежи».

Я прыхільнікам камунізму ніколі не быў, таму адмовіўся ўступаць у БРСМ. Разам са мной не ўступіла недзе палова групы — вядома, нам за гэта нічога не было, нас проста бралі «на понт». Гэтая сітуацыя выдатна дэманструе, што, калі ты чагосьці не хочаш — не рабі, трэба ўмець казаць «не».

«Тое, што ў міліцыі працуюць толькі ворагі беларушчыны — міф»

Некаторыя думаюць, што ў міліцыі працуюць выключна ворагі беларушчыны, нейкія выгадаваныя дзяржавай у сакрэтнай лабараторыі супрацоўнікі для пэўных мэт. Але гэта міф. Там такія самыя людзі, як і ўсе мы: нехта адэкватны, нехта — не зусім.

Тэма беларускасці ў нашай краіне, на жаль, моцна палітызаваная, а ў міліцыі датычна палітыкі існуе негалосны прынцып: «не пытайся і не расказвай». Нам павінна быць усё роўна, апазіцыянер перад намі ці не. Кіравацца варта выключна законам, а не ўласнымі перакананнямі.

Сам я, калі працаваў участковым, з палітыкай амаль не сутыкаўся, чаму рады. Нейкай ідэалагічна-палітычнай апрацоўкі не было ні падчас вучобы, ні падчас службы. Максімум — маглі выклікаць на нейкія маніфестацыі, масавыя мерапрыемствы ў якасці ўзмацнення, але мы проста сядзелі ў аўтобусах. Я ж стараўся зусім туды не трапляць і добраахвотна заставаўся дзяжурыць на ўчастку, бо не хацеў быць пудзілам для людзей, уся віна якіх была ў іх дэмакратычнасці і прабеларускасці.

Фотаздымак Яўгена Ацецкага з Дня Волі — 2006. Дзяніс тут стаіць у ланцугу «ўзмацнення». Кажа, што ў той дзень пачуў на свой адрас не адну абразу ад мінчукоў: пасля гэтага ён не хадзіў працаваць на мітынгі.

У абавязкі ўчастковага ўваходзіць прафілактыка правапарушэнняў і ахова грамадскага парадку — патруль участка. Гутаркі з сямейнымі скандалістамі, алкаголікамі, крымінальнікамі — усё гэта лічыцца адной з самых няўдзячных спраў, але я любіў дапамагаць людзям. Калі, напрыклад, сямейная пара скандалістаў пасля маіх гутарак мірылася ці, нарэшце, вырашалася раз’ехацца.

Сямейны гвалт — увогуле складаная тэма, бо з сённяшнім заканадаўствам адмежаваць сваякоў ад алкаголіка ці агрэсара вельмі няпроста. Наша міліцыя — архаічная структура, якая функцыянуе па састарэлых савецкіх схемах і не можа якасна вырашыць многія набалелыя праблемы. Ідэальны сцэнар для яе мадэрнізацыі — ліквідаваць усю сістэму і стварыць новую, як зрабілі ва Украіне ці Грузіі.

«Выратаваў з міліцыі бел-чырвона-белы-сцяг»

Недзе ў канцы 2000-х невядомы чалавек з невядомымі мэтамі вывесіў на доме па вуліцы Прытыцкага ў Мінску бчб-сцяг. Матэрыялы праверкі па гэтай справе дасталіся майму калегу, але я папрасіў перадаць іх мне. Я апытаў жыхароў таго дома, правёў міні-расследаванне, але ніякіх слядоў не было. У такім выпадку бчб-сцяг як рэчавы доказ можна было не захоўваць, і я вырашыў пакінуць яго сабе. З адной мэтай: калі ён зноў стане дзяржаўным сцягам (а гэта, я ўпэўнены, адбудзецца пры маім жыцці), я таксама вывешу яго са свайго акна.

У мяне няма нянавісці да сучаснай сімволікі, проста я лічу яе дэкарацыямі пераходнага перыяду ў Беларусі, а ў будучыні мы абавязкова вернемся да гістарычных сімвалаў.

Той самы захаваны Дзянісам сцяг.

«Адзін на 5 участкаў»

Як толькі стаў участковым, папяровай працы было няшмат: ты мог спакойна займацца прафілактыкай. Але, пачынаючы з 2006 года, гэтых матэрыялаў стала разоў у пяць больш. Даводзілася працаваць без выходных і адпачынкаў, каб закрыць усе паперы. Участковыя пачалі звальняцца, пераводзіцца на іншыя пасады.

Памятаю, як у нейкі момант я застаўся на апорным пункце адзін на пяць участкаў і працаваў так цэлы месяц. Мне прыходзілася ў адзіночку выбываць на выклікі накшталт «п'яны мужчына ломіцца ў дзверы з сякерай», нягледзячы на тое, што гэта забаронена, у міліцыянера павінен быць напарнік. 

Спаў па 6 гадзін і нават начаваў на апорным пункце на ссунутых разам крэслах, бо не было часу вяртацца дадому. У канцы месяца я закрыў усе справаздачы за пяцярых, мне нават прэмію далі. Але ў адзін вечар на гэтыя паперы з носу палілася кроў (выклікі хуткай дапамогі ўчастковым праз ператамленне былі нярэдкасцю), і я вырашыў усё кінуць.

Узнагароды хлопца.

Я стаў шукаць сябе ў іншых службах міліцыі, прайшоў стажыроўку ў аддзеле дазнання, потым працаваў у інспекцыі па справах непаўналетніх, нават стаў у 2009 годзе найлепшым маладым інспектарам ІСН сталіцы.

У ІСН было больш вольнага часу, але я адчуваў, што праца з дзецьмі, калі на іх трэба неяк маральна ціснуць, — не маё. Я ўвогуле альтруіст па натуры. Карацей, вырашыў сыходзіць. Праўда,

рапарт аб звальненні мой тагачасны начальнік Алег Гайдукевіч не падпісаў: прыйшлося ўсё ж дапрацаваць да канца пяцігадовага кантракта.

«Беларусіфікацыя ваенкамата за шакаладку»

Апошнія месяцы па кантракце я дапрацоўваў у ваенкамаце ў групе па дактыласкапіі вайсковаабавязаных. Страшна ўявіць: у 2009 годзе супрацоўнікі пісалі ўсе позвы ўручную. Я аўтаматызаваў гэты працэс — мог адзін за працоўны дзень надрукаваць 5 тысяч позваў, пакуль 5—7 чалавек уручную запаўнялі 300. Нашу групу скарацілі ўдвая.

У той час толькі пачынаўся рух у сацсетках, у нас з суседзямі быў лакальны чат. Дарэчы, менавіта там я пазнаёміўся з будучай жонкай, яна жыла ў суседнім доме. Нешта напісаў у гэтым чаце па-беларуску і пачуў на свой адрас знявагу. Раззлаваўся і вырашыў: буду друкаваць позвы з ваенкамата на беларускай мове.

Калі быў гатовы першы наклад, мой калега схапіўся за галаву: ён быў упэўнены, што такія позвы начальнік не падпіша. Я паспрачаўся з ім на шакаладку. Начальнік здзівіўся новаўвядзенню, але нічога не сказаў. У выніку мы друкавалі позвы 50 на 50: палову па-руску, палову па-беларуску.

І па беларускамоўных позвах у ваенкамат прыходзіў большы працэнт людзей, чым па рускамоўных!

Дзяніс з жонкай спяваюць у фолк-рок-гурце «Тутэйшая шляхта»: наш герой адказвае за бэк-вакал і прадзюсіраванне групы. У наступным месяцы павінен пабачыць свет іх новы альбом «Сармацкі рок».

Галоўны хіт гурту.

«Аддаваць найлепшыя гады жыцця на нелюбімую працу няправільна»

Многія міліцыянеры расчароўваюцца ў сваёй прафесіі, аднак застаюцца працаваць, бо баяцца апынуцца «за бортам», не знайсці сябе. Я, канечне, мог даслужыць да канца, рана выйсці на пенсію, але калі самыя лепшыя гады працуеш там, дзе не хочаш, — гэта няправільна.

Пасля звальнення я сапраўды доўга шукаў працу. Потым быў інкасатарам і вядучым эканамістам у банку, затым вырашыў паспрабаваць сябе ў IT-сферы і вывучыўся на тэсціроўшчыка, але без свабоднага валодання англійскай мовай мяне нікуды не бралі, таму на пэўны час я заняў пасаду кантэнт-менеджара ў мэблевай краме.

У мяне заўсёды былі добрыя стасункі з усімі калегамі, але толькі тут, у Symbal.by, я знайшоў каманду, якая цалкам адпавядае мне па духу. Гэта першае месца, дзе я адчуваю сябе настолькі камфортна: тут няма выпадковых людзей, мы працуем на развіццё культуры.

Symbal.by — гэта пра культуру. Тут утварыўся пункт яднання беларускай нацыі.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Лепшы #10YearsChallenge ад супрацоўніка #symbalby Раскажам вам як міліцыя працуе на @symbalby. Ужо некалькі месяцаў у нашай камандзе працуе @kiberdzianis — залаты чалавек і майстар на ўсе рукі, ён і кур'ерам з'ездзіць, і шафу адрамантуе, і ўсе гаспадарчыя справы кампаніі разруліць, і, калі трэба, адлупцуе прыхаванай дубінкай ворага беларушчыны. Дзяніс — капітан міліцыі, працаваў участковым, у свой час сам Алег Гайдукевіч не хацеў падпісваць яму рапарт аб звальненні. Але ён расчараваўся ў службе ў міліцыі і ўсё адно потым сышоў. Дзяніс выдатна гаворыць па-беларуску, даўно стварыў і вядзе ва ўсіх асноўных сацыяльных сетках старонкі @hierbpahonia. Апошнім часам яшчэ Дзяніс стаў медыягероям, ён той самы жыхар мінскага "Дома жахаў", які арганізаваў суседзяў, каб сваімі сіламі зрабіць у пад'ездзе рамонт. А яшчэ ён удзельнік фолк-рок гурта "Тутэйшая шляхта". Калі вы хочаце працаваць у нашай кампаніі, то час ад часу з'яўляюцца вакансіі. Зараз, напрыклад, мы шукаем яшчэ аднаго прадаўца-кансультанта на сталую працу. Запоўніць анкету можна тут: symbal.by/vakansii.

Публикация от SYMBAL.BY (@symbalby)

У «Сымбаль» Дзяніс прыйшоў з вялікім паслужным лістом удзелу ў беларускіх культурных ініцыятывах. Акрамя гурта «Тутэйшая шляхта», ён быў SMM-менеджарам прабеларускага інтэрактыўнага тэатра «Майстэрня ўражанняў», стварыў найбуйнейшы інтэрнэт-паблік, прысвечаны гербу «Пагоня».

Сёння ён займае ў Symbal.by пасаду памочніка кіраўніка, ажыццяўляе тэхнічнае забеспяченне дзейнасці офіса, вытворчасці і крамы. Пры неабходнасці дапамагае калегам з кур’ерскімі дастаўкамі.

«Стаў урбаністам, калі пераехаў у дом са страшным пад’ездам»

Я ніколі не цікавіўся ўрбаністыкай, пакуль не пераехаў з жонкай у дом са страшным пад’ездам. Мне захацелася зрабіць яго ўтульным для сябе і сваіх суседзяў.

Пачаўшы са свайго пад’езда, Дзяніс захапіўся ідэяй рабіць горад навокал лепшым: ад 2017 года з яго ініцыятывы быў рэканструяваны аварыйна-небяспечны ўчастак вуліцы Шугаева ля «Макдональдса», ад аўтамабіляў вызваліўся велаходнік на вуліцы Панамарэнкі, былі заніжаныя бардзюры і адрамантаваныя ходнікі ў многіх месцах горада і не толькі.

Ёсць такое выказванне: кожны народ заслугоўвае ўладу, якую мае. І з беларусамі так, на жаль. Мы заслужылі тое, што маем, сваёй неактыўнасцю.

Усе мае мастацкія, прафесійныя і ўрбаністычныя перамогі я атрымаў не таму, што нейкі унікум, а таму, што ніколі не баяўся быць актыўным. Таму жадаю ўсім чытачам «Нашай Нівы» быць актыўнымі, мэтанакіраванымі, упартымі, паслядоўнымі і падтрымліваць свае словы рэальнымі дзеяннямі — толькі так мы здолеем пабудаваць сучасную, еўрапейскую і, самае галоўнае, беларускую Беларусь.

Дарэчы, выдатная навіна да лютаўскіх і сакавіцкіх святаў: па промакодзе nnby на сайце symbal.by дзейнічае зніжка 10% — спяшайцеся набыць падарункі сябрам і блізкім!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?