Якія кліпы ў 2000-я здымалі тыя, каго не круцілі па тэлебачанні ШМАТ ВІДЭА 11

Аўтар: Піліп Каваленка

«Наша Ніва» ўжо згадвала пра 75-працэнтныя квоты беларускай музыкі ў эфіры айчынных радыёстанцый, якія нараджалі як якасны прадукт, так і шчыры трэш.

Чытайце: Фіеста на перыферыі. Якія кліпы здымалі беларускія поп-выканаўцы ў 2000-я — шмат ВІДЭА

Цяпер мы сабралі яшчэ 25 відэа тых, хто не трапляў у фармат, чые кліпы складана было пабачыць на дзяржаўным тэлебачанні, а песні — пачуць па радыё. Часцяком іх канцэрты адмяняліся праз «чорныя спісы». 

Gods Tower — Civilization

У канцы дзевяностых Gods Tower былі бясспрэчнымі лідарамі мэталёвай сцэны ў Беларусі — іх альбомы выдаваліся еўрапейскімі лэйбламі, а каманду запрашалі на найбуйнейшыя музычныя фестывалі.

Кліп на трэк «Civilization» быў зняты ў 2001 годзе, а праз год гурт распаўся. У 2010-м Gods Tower уз'ядналіся, але альбомаў ад новага складу музыкаў пакуль не было.

Мантана — Маникюры

У аглядзе кліпаў поп-выканаўцаў мы адзначылі два відэа гурта Merry Poppins. Але да эксперыментаў з сінці-попам і вандровак у Японію сёстры Берулавы гралі бадзёры фарматны поп-рок, які актыўна круцілі на радыё і паказвалі на тэлебачанні.

Як і ў выпадку з Gods Tower, Мантана пасля доўгага маўчання таксама вярнулася на сцэну. Запісвае трэкі і здымае кліпы.

Крамбамбуля — Абсэнт

«Абсэнт» быў галоўным хітом «Застольнага альбома», з якога пачалася дыскаграфія «Крамбамбулі» ў 2002 годзе.

Кліп, у якім паспрабавалі ўзнавіць атмасферу даваеннага Парыжа, пратрымаўся ў чарце на БТ цэлых восем месяцаў, што было на той момант рэкордам праграмы.

Крамбамбуля — Люблю

Праз год пасля выхаду «Застольнага альбома», які выйграў у трох намінацыях «Рок-каранацыі», Крамбамбуля запісвае яшчэ адзін культавы альбом «Каралі раёну». У яго запісе бралі ўдзел таксама Сяргей Міхалок і Аляксандр Кулінковіч. 

Да запісу песні «Госці» галоўным хітом альбома разглядалася «Люблю». У выніку абедзве песні сталі хітовымі, але «Люблю» так і не сталі сапраўдным беларускім шлягерам.

Стары Ольса — У карчме

Гурт, мэтай якога стала рэканструкцыя музычных традыцый ВКЛ, у гэтым годзе адзначыць сваё 20-годдзе.

«У карчме» — гэта пераклад сярэднявечнай застольнай еўрапейскай песні. А кліп на яе, зняты ў 2003 годзе, паказвае нам тое, як забаўляліся людзі ў 16-м стагоддзі.

ТТ-34 — Джек

Самы пазнавальны трэк яшчэ адной гомельскай метал-каманды. У нулявыя іх трэкі актыўна выкарыстоўваліся як саўндтрэкі ў расійскіх фільмах, але гісторыя гурта так і не стала паспяховай.

Пасля летаргічнага сну ў 12 год ТТ-34 запісалі альбом «Падая И Задыхаясь Добиваешься Единой Цели», але нядаўні канцэрт гамельчукоў у Мінску не адбыўся праз «нізкі мастацкі ўзровень».

Ляпіс Трубяцкой — Сочи

З багатай дыскаграфічнай ды відэаграфічнай спадчыны «Ляпісаў» мы вырашылі дастаць два кліпы, каб прадэманстраваць эвалюцыю творчага шляху легендарнага гурта.

Кліп на песню «Сочи» быў зняты летам 2001 года. Як і па тэксце песні, так і ў відэа Міхалок скрадае прыгажуню і звозіць яе ў сочынскую ноч.

Але тады франтмэн «Ляпісаў» выглядаў зусім не так, якім мы прывыклі яго бачыць сёння. Таму рамантычная гісторыі з выкраданнем дзяўчыны крышачку дысаніруе з вобразам «тоўстага хлопца з гармонікам».

Ляпіс Трубяцкой — Капитал

У красавіку 2007 года ў інтэрнеце з'явіўся аніміраваны кліп на песню «Капітал». У ім Сяргей Міхалок прадстаўлены ў выглядзе шматрукага і шматлікага боства са свінкай-капілкай замест сэрца, якое вандруе па разваленым глабалізацыяй свеце.

Таксама на відэа можна пабачыць палітычных лідараў розных эпох.

Нейра Дзюбель — Жыццё

У 2004 годзе гурт Аляксандра Кулінковіча трапіў у «чорны спіс» праз выступ на апазіцыйным мітынгу.

Тэма забароны становіцца асноўнай у альбоме «Stasi», прэзентацыю якога ў Мінску ў лістападзе 2007 года адмянілі ў апошні момант. 

У той жа год «Нейра Дзюбель» зняў кліп на песню «Жыццё», дзе музыкі знятыя ва ўціхамірвальных кашулях і з заклеенымі ртамі. Метафара, здаецца, ясная.

IQ48 — Святло ў цемры

Тэкст на гэтую песню напісаў Міхал Анемпадыстаў. Кліп быў зняты ў 2006 годзе і трансляваўся на польскіх каналах.

IQ48 за сваю нядоўгую музычную дзейнасць шмат паспелі паэксперыментаваць з жанрамі, стаўшы ў дзясятыя нечым кшталту беларускіх Rage Against the Machine, але ў выніку гурт спыніў сваю дзейнасць.

Tav. Mauzer — Беларусь будзе вольнай

Некалі магілёўскі гурт называлі лідарамі новай хвалі беларускага року. За сваё кароткае музычнае жыццё Tav. Mauzer паспеў стаць лаўрэатам некалькіх музычных фестываляў, запісаць два лонгплэі і мноства раз патрапіць у цэнтр увагі.

Музыка «Маўзэраў» адрознівалася моцным сацыяльна-палітычным мэсэджам — музыкі адкрыта казалі пра заганы дзяржаўнай сістэмы і бясконцую хлуслівую прапаганду з боку дзяржаўных тэлеканалаў.

Дзецідзяцей — Не надо

Акцёры Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык, Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч збіраліся ў грымёрцы пайграць песні адно аднаго. З гэтага нарадзіліся «Дзецідзяцей», якія праіснавалі пяць гадоў, пасля чаго распаліся на два калектывы: ili-ili ды Sounduk.

Кліп на песню «Не надо» стаў першым у відэаграфіі гурта.

N.R.M. — Менск і Мінск

Кліп быў зняты ў 2007 годзе шведскім рэжысёрам-дакументалістам Томасам Норданстадам. 

Мэсэдж песні і кліпа актуальны і па сёння — ёсць дзве рэчаіснасці, у якой існуюць беларусы: забудаваная лядовымі палацамі і якую паказваюць па тэлебачанні супраць той, аб якой людзі мараць і без якой сумуюць.

Серебряная Свадьба — Пилоты

Плюньце таму ў твар, хто будзе казаць, што беларуская музыка — бедная і ў нас няма каго слухаць. У нас былі і ёсць гурты на любы густ: метал, рэгі, этна, ска-панк і нават свой кабарэ-бэнд.

Кліп быў зняты легендарнымі асобамі для беларускай музыкі: Анатолем і Аксанай Вечар. 

Partyzone — Смутак

Некалі «Партызоны» першымі паспрабавалі ўскараскацца на новую нямецкую хвалю і граць нешта падобнае да Rammstein.

Складана сказаць, ці атрымалася гэта ў поўнай меры, але ў спадчыну ад гурта засталіся чатыры альбомы і кліп на песню «Смутак».

Тройца — Тры янгалы

Мультыплікацыйны кліп для легендарнага гурта стварыла маладая аніматарка Юлія Рудзіцкая. «Тройца» шукала рэжысёра для кліпа, і прапанаваная Рудзіцкай канцэпцыя вельмі спадабалася музыкам.

Гэта гісторыя пра бясконцае вяртанне чалавечай душы з зямлі на нябёсы і пра немагчымасць забраць з сабой усё нажытае за жыццё.

Відэа выйграла некалькі некалькі міжнародных конкурсаў.

ZET — Калгас

 

У маніфесце таямнічага гурта, музыкі якога хавалі твары пад маскамі, было сказана, што, «каб пазбегнуць «фармату», гурт ZET будзе выконваць песні ў розных стылях, з рознымі тэкстамі на розных мовах. Імідж будзе пастаянна змяняцца». Трэба, каб ніхто не ведаў, што ў наступны раз зграе і як будзе выглядаць гурт. Гэта робіцца, каб пазбегнуць гарачай любові слухачоў грання аднаго і таго ж цягам дзесяцігоддзяў. Ад скрайніх метал-плыняў да блатняку! Каб не прызвычайваліся».

Але пазнавальны голас Лявона Вольскага было не схаваць.

Naka — Мой герой Т.Б.

Гэты кліп гурта Насты Шпакоўскай станавіўся пераможцам на фестывалі рэдкіх кліпаў. Праз 12 гадоў пасля ягонага выхаду мы здуваем пыл і прэзентуем яго наноў.

Ведаеце, хто такая Таня Буланава?

Без Білета — Мечтатели

Ужо больш за дваццаць гадоў «Без білета» з вечна маладым Віталікам Артыстам радуюць прыхільнікаў сваёй творчасцю. Рэдкі прыклад даўгалецця на беларускай музычнай сцэне.

Праз гурт прайшлі шматлікія вядомыя музыкі: Дзяніс Стурчанка і Дзяніс Шураў гралі ў «Ляпісах» і Brutto, а Алесь-Францішак Мышкевіч з'яўляецца бас-гітарыстам «Крамбамбулі» і франтмэнам Superbullz.

:B:N: — Цягнік

Кліп яшчэ адных доўгажыхароў беларускага року. Сёлета гурту з Бярозы спаўняецца 20 гадоў, і гэтую падзею «Бяз назвы» вырашылі адсвяткаваць незвычайнымі канцэртамі — першы з якіх прайшоў у трамваі.

Адыс Абеба — Дзеці

Неверагодна, але гэта факт: у Беларусі, дзе, здаецца, няма куды пусціць карані жанру рэгі, у розны час існавалі і існуюць вельмі крутыя гурты, што гралі ў гэтым стылі.

«Адыс Абеба», напэўна, найбольш вядомы з іх. Адметна, што першы кліп быў зняты на беларускамоўную песню.

Петля Пристрастия — Дышать и смотреть

10 гадоў таму ў «Петли Пристрастия» выйшаў дэбютны альбом «Всем доволен». Амаль адразу ён быў заўважаны і названы галоўным адкрыццём у рускамоўнай рок-музыцы.

За гэты час гурт запісаў яшчэ чатыры плыткі, прысвечанныя надзённым праблемам звычайнага чалавека, і па сёння застаецца запатрабаваным і збірае поўныя залы.

Лявон Вольскі — Эўравізія

Божа, беражы Вольскага і дай яму доўгага здароўя!

Пяты кліп з удзелам Лявона Артуравіча ў нашай падборцы. На гэты раз — на песню з сольнага альбома «Куплеты і прыпевы», што быў запісаны ў стылістыцы арт-брутал і трэш-шансон.

Дай Дарогу! — Д.С.П.Г.

Асцярожна! У кліпе ёсць нецэнзурная лаянка!

Брэцскія панкі на чале з Юрыем Стыльскім заўсёды былі адметныя сацыяльнай лірыкай пра вечны недахоп грошай, безпрацоўе і пахмурныя жыццёвыя перспектывы.

Гэтаму прысвечаная і песня, кліп на якую вы можаце назіраць. Расшыфроўваць назву мы не будзем, гэта вы ўжо зрабіце самі.

Rockerjoker — Америка

І на дэсерт — мінімалістычнае, але вельмі грунтоўнае відэа гурта, што некалі спяваў пра Саню, што застанецца з намі.

Калі коратка — гэта «прыгожая гісторыя аб любві да жыцця і пагардзе да ілюзорных каштоўнасцяў». У ім жорсткім працэдурам грамадства спажывання падвяргаецца герой кліпа, яно ж яго ў выніку і забівае.

А якія кліпы вы яшчэ можаце прыгадаць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?