Беларускамоўны фермер з Мацкоў, які пабудаваў шыкоўны маёнтак, дзеліцца сваёй філасофіяй жыцця 25

Аўтар: Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

Дом фермера Уладзіміра Матусевіча ў Мацках выбіваецца з агульнай забудовы. Высокі чырвоны маёнтак з садам бачны здалёк. Уладзімір гэтай увагі не баіцца — сам запрашае да сябе на экскурсіі і фотасесіі. «Я такі чалавек — неардынарны, не хачу быць падобным да ўсіх». Прыгажосць мужчына навёў не толькі на сваім участку. Пабудаваў капліцу ў Мацках, штогод вясной высаджвае кветкі ў Курапатах.

10 гадоў таму «Наша Ніва» расказвала пра гэтага цікавага чалавека. А днямі з'ездзіла да яго ў госці зноў, каб паглядзець, чым сёння жыве маёнтак Матусевічы.

Уладзіміру 66 гадоў. Дзень народзінаў у яго быў акурат у дзень нашага візіту. Свята гаспадар адзначаў не ў рэстаране — на полі за працай.

«Летась даехаў на веласіпедзе да Палярнага круга»

Уладзімір толькі прыйшоў з поля. Здымае боты, поўныя вады, і басанож праводзіць экскурсію па сваім маёнтку.

«Люблю кветкі, веласіпед, чырвонае сухое віно і прыгожых жанчын», — расказвае пра сябе Уладзімір.

— Кветкі ўжо паглядзелі? — пытаецца першым чынам гаспадар. Яго ўчастак засаджаны гартэнзіямі, ружамі, вяргінямі.

«НН»: Ваша жонка вырошчвае?

— Не, гэта маё хобі. Глядзіце, якія сланечнікі высокія, прыгожыя. У мяне натургардэн! Не сумны нямецкі палісаднічак, дзе ўсё да травіначкі вылізана. Тут і сабакі, і зайцы бегаюць.

Уладзімір толькі пару дзён таму вярнуўся з велападарожжа — гэта яшчэ адно яго хобі.

— Кожны год езджу. Мяне сын адпускае — гэта мой падарунак на дзень народзінаў. Летась 65 год я адзначаў у Фінляндыі. Даехаў ад Хельсінкі да Палярнага круга і ўзняў там бел-чырвона-белы сцяг. Там жа сядзіба Дзеда Мароза, замежных машын шмат. Я агледзеўся, знайшоў палякаў — з імі можна хутчэй дамовіцца, сцяг падобны ж. Прашу: здымайце мяне. Палякі: ноў, палітычная акцыя. Кажу: не бойцеся, — са смехам успамінае фермер.

Сёлета ён ездзіў на ровары на семінар у Маскву. Стартаваў ад Оршы. 850 км адолеў за шэсць з паловай дзён.

— 300 км дарог — гэта былі лясы, палі і поймы рэк. Потым ужо пайшлі нармальныя дарогі. Пасля ўваліўся ў Падмаскоўе, гэтую агламерацыю. Я і дагэтуль ведаў, што гэта такое, але там зусім не спадабалася.

«Быць буйным фермерам цяжка — ты адрываешся ад зямлі»

— Ужо 6 гадоў я на пенсіі. Галава гаспадаркі цяпер мой сын, — расказвае Уладзімір. — А так у мяне амаль нічога не змянілася. 40 гектараў зямлі так і засталося. Мне шмат і не трэба.

Палі фермер засаджвае пекінскай капустай, брокалі, кальрабі, сельдэреем, кінзой, пятрушкай, цыбуляй-парэем.

— Скардзіцца на ўраджай — грэх. Капуста вунь расце якая, — трымае ён у руках «пекінку». — Гэта самая хуткая капуста. Мы яшчэ ў суботу будзем апошнюю партыю высаджваць.

Гародніну прадаюць перакупшчыкам — самім гандляваць няма калі. Вось-вось прыедуць па кроп — ён у гэтыя дні на прылаўках у дэфіцыце.

— Мы садзім нават і зерневых трохі, для севазвароту. А потым зерне прадамо. Летась у краіне быў малы ўраджай. І ў гэтым годзе, хоць яны хваляцца, у нас ужо стаіць чарга на пшаніцу: прадай, прадай.

Уладзімір — адзін з першых беларускіх фермераў. У 1988 годзе, пасля вучобы ў Талінскім мараходным вучылішчы, працы ва Уладзівастоку і Мінску, ён вярнуўся ў родныя Мацкі. Узяў у арэнду пяць гектараў буракоў і за лета зарабіў на зямлі столькі, колькі атрымлівалі тыя, хто ездзіў шчыраваць у Сібір.

— У самым пачатку руху фермераў было 5 тысяч, а потым гэта лічба зменшылася да 2,5 тысячы. Тыя, хто пачынаў, ужо, можа, паболей зямлі набралі.

Але быць буйным фермерам цяжка. Ты адрываешся ад зямлі і тады ходзіш не босы, а ўжо ў белым каўнерыку і толькі галаву чэшаш: куды прадаць? Гэта не фермер, а менеджар. Мне мэнэджарам ніколі не хацелася быць, — дзеліцца мужчына.

У голадныя 90-я, успамінае ён, гародніну на рынках размяталі.

— Можна было завезці цэлую машыну капусты на Камароўку, не ўпакоўваць, не мыць, і прывезці мех грошай. А цяпер гэта ўсё трэба фасаваць. Канкурэнцыя! І культура харчавання змянілася. Усяго ж многа стала. Цяпер ходзяць на «шопінг». У суботу жонка цягне гэтага мужыка, які сядзеў за камп’ютарам цэлы тыдзень, — яны хоць з каляскай пакатаюцца па краме. Людзі не ведаюць, што ім зараз рабіць. Ходзяць тоўстыя, ядуць усякую гадасць. Потым яшчэ жалеза трасуць потныя ў залі.

Я дык узімку хаджу на танцы. Заўсёды з 1 снежня да 1 сакавіка. Пазалетась і летась хадзіў на лацінаамерыканскія танцы, а цяпер на аргенцінскае танга збіраюся. Жонка мая не ходзіць — розныя ў нас тэмпераменты.

На полі фермер выкопвае гіганцкія цыбуліны.

— Людзі ўсё пытаюць: чым ты яе карміў? А гэта сорт такі — Exhibition. Цыбуля вырастае вагой да кілаграма. Салодкая, толькі менш захоўваецца — тры-чатары месяцы. Я купіў за 20 даляраў маленькі пакецік на 10 тысяч насення, атрымаў 7 ці 8 тысяч севак і потым рассадзіў.

На ўмовы для бізнэсу, ні цяперашнія, ні ранейшыя, Уладзімір не скардзіцца — дзяржава не турбуе, дае зарабляць, і добра.

На сезон фермер наймае 8—9 часовых работнікаў. Прыязджаюць нават са Століна: там вёскі вялікія, дзяцей у сем’ях многа, а зямлі і працы — мала. Многія з памагатых ужо пенсіянеры.

— Я таксама пенсіянер, ведаю, што гэта такое. Я ветэран працы і атрымліваю пенсію з апошнім павышэнем 300 рублёў. Тое, што я працаваў усё жыццё, у Мінску шчыраваў на дзвюх-трох работах, не лічылася, бо незаконна было.

Летась быў у Эстоніі, сваіх хлопцаў з мараходнага вучылішча там знайшоў, яны таксама на пенсіі. Расказвалі, што ў іх і 400 еўра, і 500 можа быць. А ў мяне 130!

«Можа, хто і зайздросціў. Казалі: так шмат працаваць нельга»

Непадалёк ад маёнтка расце высокі разлапісты дуб. Уладзімір пасадзіў яго, калі яму было 30. Перажывае, што электрыкі ўтыркнулі слуп проста перад дрэвам, што замінае яму расці.

— Вось гэта іхняя дзікасць, — ківае на трансфарматарную будку. — Казалі: не, яна не будзе парушаць гармонію і парадак. Гэта падстанцыя зарасла крапівой. А там, дзе Лукашэнка ездзіць, яны слупы беляць і наводзяць марафет. А тут гэта пацёмкінская вёска. Прыгажосць на апошняе пакідаецца. Гэтыя праекты падпісваюць не гледзячы.

Паглядзіце на нашы аграгарадкі — гэта ганьба. Я езджу па Беларусі, бываў усюды. І часта такое непрыгожае. Вось што мяне здзіўляе: мы не навучыліся яшчэ прыхарошваць мястэчкі.

Сам гаспадар пасадзіў у Мацках 1070 дрэваў. Філасофскі заўважае: яго не стане, а ліпавая і яловая алеі будуць працягваць радаваць вока.

Шыкоўны маёнтак мужчына адбудаваў яшчэ ў 90-я. Тры паверхі паспеў узвесці за тры гады.

— Калі будаваў гэты дом, задумваў яго як шляхецкую сядзібу, чытаў пра архітэктуру, займаўся садова-паркавым мастацтвам. Калісьці сядзібы выглядалі так — два флігелі мелі. Я не мог сабе дазволіць два флігелі — значыць, трэба было, каб жылі дзве сям’і. Мой сусед па доме — швагер, ён таксама фермер, — расказвае Уладзімір.

Маёнтак не агароджаны высокім плотам.

— Не люблю гэта — безгустоўшчына. Агароджы з металапрофілю — гэта каробкі, як турэмныя двары. Штодня прачынаешся — у акне бачыш плот.

«НН»: З зайздрасцю не сутыкаліся?

— Тады, можа, хто і зайздросціў. Казалі: так шмат працаваць нельга, ён памрэ хутка. Многія, хто так казаў, ужо памерлі. А я працую.

Двое дзяцей Уладзіміра з сем’ямі таксама жывуць у маёнтку. Сын мог бы быць айцішнікам — скончыў БДУІР. Але замест таго каб сядзець за камп’ютарам, арэ зямлю. Сам зрабіў такі выбар, бацька не настойваў.

Далей за маёнткам — вясковыя могілкі. Тут пахаваны бацькі Уладзіміра. Раней на могілках стаяла царква. Але як пачала разбурацца, сельсавет яе знёс. А Уладзімір аднавіў — цяпер тут стаіць невялікая драўляная каплічка.

«Я даю працу іншым людзям — гэта прыносіць задавальненне»

Калісьці фермер трымаў авечак, кабылу і пяць кароў. Сам даіў уручную. Цяпер засталіся толькі куры.

— Сын сказаў: бацька, калі ты збудзеш гэтую скаціну, то будзеш садзіць кветак, колькі хочаш, і ездзіць на веласіпедзе летам, — усміхаецца Уладзімір.

Мужчына разважае пра сучаснае фермерства. Заўважае, што экалагічна чыстая прадукцыя — не самы перспектыўны варыянт для беларусаў.

— Такая прадукцыя павінна быць дарагой, там не такая ўраджайнасць. Экалагічна чыстае — гэта ўдзел вельмі багатых краін. Германія можа сабе дазволіць. А ў нас… Вось першую партыю пекінскай капусты пагрызлі паразіты. Перакупшчыкі: не прыгожая, не будзем браць. Нават калі падкормліваеш гародніну гноем, гэта не значыць, што яна экалагічная — бо тых кароў кармілі камбікормам, давалі стымулятары росту.

Бульбу Уладзімір не вырошчвае — маленькая гаспадарка для гэтага. Каб бульбу вырошчваць, трэба тысячу гектараў зямлі — тады можна купіць увесь пералік сельгасмашын, бо нармальныя камбайны замежныя каштуюць сотні тысяч еўра. І каб гэтыя затраты апраўдаць, у цябе павінны быць вялікія надзелы.

— У мяне вось суседка займаецца бульбай. І тое цяпер у яе праблема, бо раней у Расію прадавала, а цяпер Расія сама становіцца на ногі. Бранская вобласць вырошчвае бульбы ці не больш, чым уся Беларусь. Чаму ў нас не хочуць малако браць, пастаянна тыркаюць? Не заўсёды беларускае лепшае. Колькі ў нас летась здохла кароў на фермах? 85 тысяч? Ад бяскорміцы, бардаку. Каб не было падзёжу жывёлы, упяляць антыбіётык у гэты шкілет, карова і дае малако. Цяпер шмат апаратуры, якой можна адсачыць сляды антыбіётыкаў у любым малацэ. У расіян яна ёсць.

Сам Уладзімір толькі на адно наракае: часу не хапае на яго задумы.

Інтэрнэтам фермер рэдка карыстаецца. У сацыяльных сетках не сядзіць. Калісьці толькі быў зарэгістраваны ў «Ятут». «Там столькі часу губляеш. Толькі сеў — ужо ноч. Ёсць жа безліч іншых цікавых спраў».

— Я яшчэ не ўсё здзейсніў. Зрабіць вялікі сад хачу. Мяне сёння ўнучка павіншавала: дзед, жадаю, каб у цябе кветак яшчэ больш было. Хочацца таксама пабываць у падарожжах, — дзеліцца мужчына. — У мяне знаёмыя пыталіся: ну колькі ты зарабляеш? І здзіўляліся, што я яшчэ не мільянер. Не ў багацці шчасце.

«НН»: А ў чым? Навошта тады так шмат працаваць?

— Я даю працу іншым людзям, якія не могуць пражыць на пенсію. Гэта датчанка едзе ў Іспанію адпачываць, а нашы бабкі працуюць тут, бо ў іх няма іншага выйсці. Трэба грошы зарабляць, трэба камусьці ўнукаў цягнуць, нешта сабе купіць. Бо на пенсію надта не разгонішся. Вось гэта прыносіць задавальненне — што дапамагаю іншым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?