«Так і жыву. Сам сябе баюся». Культавы мінскі сэк'юрыці пра сваю працу і жыццё 33

Аўтар: Наталля Тур, фота Надзеі Бужан

Аднойчы яму ўсадзілі адкрутку ў сэрца. Шчасце, што на ім была бронекамізэлька. Анатоля Семашчука вы, безумоўна, сустракалі, калі наведваеце канцэрты, выступы, фестывалі. Тым больш калі вы спрабавалі хоць раз трапіць за кулісы. Анатоль той, хто сустрэне вас суровым позіркам і максімальна карэктна, хаця і не заўсёды мякка, растлумачыць, чаму нельга значыць нельга.

Анатоль Семашчук — супрацоўнік службы бяспекі. У яго абавязкі ўваходзіць асабістая ахова, суправаджэнне першых асоб, зорак, праца на мерапрыемствах. Акрамя таго, Анатоль — начальнік службы бяспекі некалькіх мінскіх устаноў.

На працы звычайна маўклівы, з «Нашай Нівай» Анатоль Семашчук шчыра падзяліўся тымі думкамі і ўспамінамі, праз якія не спіць начамі ўжо шмат гадоў.

Даводзілася ратаваць маладых і наіўных 

Анатоль Семашчук расказвае, што пад бяспеку і сілу «заточаны» з дзяцінства.

Карэнны мінчук, Анатоль спачатку хадзіў у спартыўныя секцыі, пасля служыў у арміі, у дэсанце, і адразу пасля службы ўладкаваўся ахоўнікам.

«У прынцыпе, я ўсё жыццё і займаюся бяспекай. Хаця працаваў у розных месцах. Быў нават дырэктарам магазіна, пасля — рэстарана. Працаваў у казіно. Цяпер з большага працую па найме, але і падглядаю за бяспекай у некаторых мінскіх установах, таму што і госці бываюць розныя, і супрацоўнікі. Асабліва прыкра бачыць, калі хтосьці з супрацоўнікаў ужывае наркотыкі ці якія псіхатропы. Калі ёсць такі супрацоўнік, значыць, ён падвяргае небяспецы і гасцей установы, і сваіх калег. Неаднаразова даводзілася выяўляць таго, хто краў грошы і з касы, і з асабістых рэчаў сваіх калег. Здаралася, што супрацоўнік-наркаман пад выглядам таго, што ў яго выхадны, падсылаў ва ўстанову сваіх сяброў, якія ў лепшым выпадку палохалі касіра. Здараліся і больш сур’ёзныя выпадкі, калі даводзілася ўжываць фізічную сілу. Але гэта супрацьзаконна, на такія выпадкі ёсць трывожная кнопка. Здаралася і такое, што я маліўся, каб хутчэй прыехала міліцыя, бо не хацелася траўмаваць чалавека. Білі і мяне, рвалі мышцы, ламалі пальцы і рэбры», — кажа Анатоль.

Быў выпадак, калі яму падчас разборак у бары ў Курасоўшчыне ўсадзілі тройчы адкрутку ў сэрца. «На мне была бронекамізэлька. Інакш мы маглі з вамі цяпер і не размаўляць», — кажа Анатоль. 

Анатоль Семашчук просіць адрозніваць супрацоўнікаў службы бяспекі ад проста ахоўнікаў.

«Ахоўнік — гэта той чалавек, катораму сказалі: «Ахоўвай». Ён і будзе ахоўваць, не задаючы пытанне, для чаго і навошта. А супрацоўнік службы бяспекі — гэта чалавек, які пралічвае ўсё на пяць крокаў наперад. Напрыклад, я ведаю, з кім сябруюць мае супрацоўнікі, дзе бываюць, нават якія цыгарэты кураць. Быў выпадак, калі я назіраў, як на адну з дзяўчат, якая працавала ў рэстаране, паклаў вока сябар гаспадара ўстановы. Мярзотны чалавек, не беларус. Ён сядзеў за столікам і казаў афіцыянтцы: «Ці ты ідзеш са мной, ці ты больш тут не працуеш». Мне даводзілася бачыць, як дзяўчаты ішлі за такімі ў нумар гасцініцы. А ён там не адзін, і іх не два. І яны рабілі з той дзяўчынай, што толькі ім хацелася. А яна да гэтага толькі два разы ў жыцці цалавалася. Выходзіць тая дзяўчына з нумара, і я бачу, што ў яе вачах напісана: усё скончана. Пасля гэтага даводзілася ратаваць дзяўчат з пятлі ці з даху гмахаў. Атрымоўвалася ў 90% выпадкаў. Таму,

калі заўважыў, што такое адбываецца ў маёй установе, прыйшлося размаўляць з людзьмі, хлусіў, што афіцыянтка хворая на СНІД, абы толькі яе не чапалі», — расказвае Анатоль.

90-я яшчэ вернуцца. Людзі сталі злыя, усё ідзе да гэтага

Анатоля непакоіць, што з году ў год працаваць становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.

«Людзі сталі злыя. І я заўважаю, што цяпер зброі на кішэнях у людзей трапляецца куды больш, чым нават у 90-я гады. Я думаю, што 90-я яшчэ вернуцца. Усё да таго ідзе», — упэўнены Анатоль.

Ёсць у Анатоля мара, адкрыць сваё прыватнае ахоўнае прадпрыемства.

«Я вельмі спадзяюся, што заканадаўства павернецца ў гэты бок. І ПАПы дазволяць. Глядзіце, што адбываецца. Адкрытыя межы, розныя нядобрыя людзі лезуць з Расіі і Казахстана. Я заточаны пад бяспеку. Калі мой баец з’ехаў ваяваць ва Украіну, мяне накрыла. Разумееце, ён там ваюе, а я ахоўваю, цягаю нейкіх грывачосаў. Адчуваеце розніцу? Але пасля ўзважыў і зразумеў, што, калі я з’еду туды, у Беларусь ужо не вярнуся. Адрэналін — гэта наркотык. Мне будзе хацецца яшчэ і яшчэ», — тлумачыць Анатоль.

«Я капрызны, ведаю, колькі каштую»

Часта Анатоль Семашчук працуе асабістым ахоўнікам зорак, працуе на фестывалях і канцэртах. У яго запісной кніжцы мерапрыемствы распісаныя на тры месяцы наперад.

Аднак прызнаецца, што, калі зорка, якой бы сусветнай велічыні яна ні была, не паважае працу службы бяспекі, ён можа адмовіцца з ёй працаваць.

«Я капрызны, і я ведаю, колькі каштуюць мае паслугі. Калі мне на пустым месцы будуць выказваць незадавальненне маёй працай, я проста развярнуся і пайду. Ёсць зоркі, якія дазваляюць сабе непрыгожа выказвацца пра гледачоў. Тады таксама я падумаю, ці працаваць з імі ў наступны раз. Разварочваюся і сыходжу, калі зоркі плююць на працу службы бяспекі. Калі мы кажам: не хадзіце ў натоўп, там можа быць небяспечна, а артыст робіць, як яму захочацца, я разумею, што магу проста не паспець яму на дапамогу, я не выканаю сваю працу. Нашто тады працаваць з такім чалавекам? Здараецца, што артысты адмаўляюцца з намі працаваць, калі ім падалося, што мы выконваем сваю працу некарэктна», — расказвае Анатоль.

А з тымі артыстамі, якія пакінулі пра сябе прыемнае ўражанне, Анатоль фатаграфуецца. І захоўвае фотаздымкі ў інстаграме.

«У інстаграме 99% фотаздымкаў з тымі зоркамі, з кім я адпрацаваў як асабісты ахоўнік. Гэта не здымкі: «Ой, дзядзечка, можна з вамі сфатаграфавацца». Шмат артыстаў, якія прыязджаюць у Беларусь пастаянна, ужо адмыслова просяць, каб з імі працаваў толькі я. Я працаваў з Лалітай. Вельмі мне імпануе Юры Шаўчук. Разумны, цікавы чалавек, які падтрымае размову на любую тэму. Зараз буду два дні ў Мінску працаваць з Сяргеем Шнуравым», — дзеліцца Анатоль Семашчук.

Істэрыкі дзяўчатак-фанатак — гэта з канцэрта ў канцэрт

Падчас канцэртаў здараецца шмат розных, як кажа Анатоль, пазаштатных сітуацыі.

«Было такое, што на артыста, калі ён падыходзіў да аўтобуса, нейкі вар’ят напаў з заточкай. Мы, чацвёра ахоўнікаў, ледзьве яго паклалі на зямлю».

«Даводзілася бачыць, як на канцэрт сусветна вядомага скрыпача прыехала жанчына з чамаданамі. Яна запэўнівала ахову, што спісалася з артыстам і ён паабяцаў ёй забраць яе з сабой. Мы стаялі і глядзелі, як яна бяжыць за машынай, у якой з’язджаў артыст, з крыкамі: «Пачакай, каханы, ты мяне забыўся», — расказвае Анатоль.

Істэрыкі дзяўчатак-фанатак — гэта з канцэрта ў канцэрт.

«Дзіма Білан шануе сваіх фанатак. На канцэрце ў Мінску ён падышоў да адной дзяўчынкі і доўга з ёй размаўляў пра тое, што ён — звычайны чалавек, што не трэба на яго маліцца, што рваць на сабе валасы — гэта няправільна», — расказвае Анатоль. 

Часам Анатолю Семашчуку даводзіцца браць адказнасць за арганізацыю на канцэрце на сябе.

«Просты прыклад. На канцэрт Лепса прыйшла жанчына ў інвалідным вазку, без суправаджаючага. А месцы для інвалідаў арганізатарамі на гэтым канцэрце прадугледжаныя не былі. Тады я сам пайшоў у першыя шэрагі і асабіста ў тых, хто сядзеў там, запытаўся дазволу пасадзіць побач жанчыну ў вазку. Вы ведаеце, што ў першым шэрагу сядзіць не абы-хто, але ўсе паставіліся з разуменнем. Я назіраў за той жанчынай падчас канцэрту, яна весялілася, прытанцоўвала. Сам Лепс звярнуў на яе ўвагу, падышоў, падарыў нейкі прэзент, нават зняў акуляры і аддаў ёй. Я быў задаволены сваёй працай», — кажа Анатоль.

Чым больш нахабны, тым для журналіста лепей

Асаблівае стаўленне ў Анатоля і да журналістаў.

Ён расказвае, што за тое, каб трапіць у грымёрку да артыста, журналісты прапаноўвалі яму і вялікія грошы, і інтымную блізкасць.

«Са мной дамовіцца нельга. Перада мной стаіць задача, і я павінен яе выканаць. Таму можна і зазіраць у вочы, і трымаць мяне за руку — гэта ўсё адно не спрацуе. Ненавіджу, калі журналісты лезуць як тараканы. Пры гэтым я разумею, што гэта хлеб журналістаў. Чым больш нахабны, тым для журналіста лепей. Проста мы па розныя бакі барыкад. Нельга значыць нельга», — расказвае Анатоль.

Але на людзей ён не крыўдуе.

«Я разумею людзей. Яны заплацілі грошы, прыйшлі глядзець на свайго куміра, а тут нейкі ахоўнік лапае рукамі, забараняе лезці на сцэну ці на агароджу, калі ідзе гутарка пра фестывалі. А вы ведаеце, колькі разоў на буйных фестывалях даводзілася падымаць пустыя бутэлькі з танцполу, каб збегаць за кулісы, набраць вады, хоць з вядра прыбіральшчыцы, каб прывесці ў прытомнасць чалавека, якога занадта моцна прыціснулі да агароджы. А хуткая дапамога ў гэты час сама танцуе, няма іх на месцы. Так, ахоўнікаў не любяць, але, паверце, мы ўсё робім толькі дзеля вашай бяспекі», — кажа Анатоль.

«І гальштук павінен быць на зашпілцы»

Працоўны дзень у Анатоля Семашчука пачынаецца за пяць гадзін да пачатку канцэрта.

«Я асабіста правяраю ўсё. Ад таго, як ляжаць драты, да таго, ці наляпілі святлоадбівальную палоску на прыступкі. Выношу мозг гаспадарам залы, што доступ да запасных выхадаў павінен быць адкрыты. Правяраю нават бэйджы сваіх супрацоўнікаў. Яны не павінны быць на вяроўцы. І гальштук павінен быць на зашпільцы. Паверце, каб задушыць чалавека, дастаткова некалькіх секунд. А ахоўнікі часам працуюць у натоўпе, пацягне хтосьці за вяровачку — і мінус чалавек», — расказвае Анатоль Семашчук.

Анатоль расказвае, што даволі часта артысты запрашаюць службу бяспекі на «працяг банкету».

«Часам даводзіцца хлусіць, што дома чакае жонка»

«Калі адмаўляюся, то могуць і адрэзаць рэзка: «Ну і дурань». А ў мяне прынцып: я не хачу дазваляць панібрацкіх адносін. Работа ёсць работа. Часам даводзіцца хлусіць, што дома чакае жонка, яна не зразумее. Хаця гэта не так. Я ў разводзе», — кажа Анатоль.

Анатоль Семашчук жыве адзін.

«У мяне ў кватэры настолькі ціха, што суседзі часам здзіўляюцца, што я наогул там жыву. Я паважаю людзей і стараюся не глядзець гучна тэлевізар, не слухаць музыку. У мяне збіты рэжым ужо шмат год, памежны стан, я за ноч прачынаюся разоў 5—7. Сёння ўстаў а 4-й. Хацеў закінуць бялізну ў пральную машынку, але падумаў пра тое, што ў поўнай цішыні гук машынкі будзе чутны маім суседзям. Я нават па кватэры стараюся ноччу не хадзіць як мядзведзь-шатун. Сёння ў 4 раніцы гатаваў сабе ежу», — расказвае Анатоль.

Есці раз на суткі Анатоль прывык даўно.

«На працы ніколі не ем. Таму што я знаходжуся на адказным пасце, і я не магу дазволіць сабе бегаць у прыбіральню па некалькі разоў. Ну засяду я там з тэтрысам, а ў гэты час нешта здарыцца. Я сабе ніколі гэтага не дарую. Да таго ж, калі раптам мне пырнуць нажом у жывот, дактарам будзе цяжка ўсё гэта прамыць і сабраць ўнутр», — жартуе Анатоль.

Мой прынцып: дастаў пісталет — страляй

Анатоль Семашчук прызнаецца, што яго вельмі цяжка вывесці з сябе. Нават шумным суседзям заўваг Анатоль не робіць.

«Слухайце, ну калі чалавек не паважае таго, хто побач, калі не думае пра тое, што ён можа перашкаджаць, які сэнс гутарыць з такім чалавекам? Хутчэй за ўсё, ён проста не стане слухаць. Таму, калі мне перашкаджаюць, скажам, спаць, я проста сяду ў машыну і з’еду, дасплю недзе за горадам», — прызнаецца Анатоль.

Але непавагі да сябе Анатоль Семашчук не даруе.

«Неяк ехаў па горадзе, а мяне падразае машына: раз, другі. Сустрэліся на святлафоры. Я апускаю шкло, дастаю пісталет і гавару спакойна: «Паркуемся». Канечне, у мяне папрасілі прабачэння. За рулём былі не славянскія асобы. Але калі б яны дасталі зброю, я б стрэліў. У мяне прынцып: калі дастаў пісталет — значыць, страляй. Палохаць некага няма сэнсу», — кажа Анатоль.

У Анатоля Семашчука ў машыне ёсць усё, каб ён мог сарвацца з месца і пражыць у машыне тыдзень.

«У мяне там паўнавартасны гардэроб: ад белай кашулі і касцюма да рыбацкіх ботаў. Ёсць усе неабходныя сродкі абароны, лекі. У машыне заўсёды падрыхтаваныя паясы, якія я апранаю на мерапрыемствы. Мяне немагчыма заспець знянацку. Верыце, нават зараз пры мне ёсць неабходныя медыкаменты, сантэхнічныя хамуты, на выпадак, калі кагосьці патрэбна скруціць ці экстранна накласці жгут, нож і газавы балончык у куртцы», — кажа Анатоль.

Я — нацягнутая струна. Жыву і сам сябе баюся

Анатоль Семашчук прызнаецца, што за больш чым 20 гадоў кар’еры ахоўніка яму даводзілася бачыць многае. У тым ліку бачыць смерць і самому знаходзіцца пры смерці.

«Ведаеце, калі душа пакідае цела, гэта вельмі лёгка, табе становіцца так светла-светла, лёгка-лёгка, а вось калі душа вяртаецца ў цела, гэта можна параўнаць з тым, што на цябе высыпалі вагон пяску», — дзеліцца Анатоль.

Анатоль Семашчук верыць у Бога, носіць нацельны крыж.

«У царкву не хаджу, грахі не пускаюць. Ды і каб верыць, пасярэднікі не патрэбныя», — упэўнены Анатоль.

Анатоль Семашчук прызнаецца, што за суровым выглядам яго душа ўсё ж не страціла чуллівасці.

«Я плачу, калі гляджу перадачу «Жди меня», вельмі кранальныя моманты бываюць на канцэрце групы «Голубые береты», рабяты спяваюць вельмі правільныя песні, блізкія мне. Плакаў на канцэрце Pink Floyd, калі яны выконвалі песню «Сцяна», музыканты вывелі на сцэну сляпых дзетак. Гэта чапляе. Наўзрыд не плачу, але вочы становяцца шкляныя, — расказвае Анатоль».

Усміхаецца Анатоль Семашчук яшчэ радзей, чым плача.

«Я за шчырасць. Не ўмею і не буду прыкідвацца вясёлым там, дзе мне не весела. Не буду рабіць таго, што не хачу, дзеля таго, каб дагадзіць камусьці. Магчыма, таму сяброў у мяне няма. Для мяне гэта не проста гук. І сям’я — не проста гук. І каханне. Калі няма ўзаемаразумення, лепей сысці, чым ламаць сябе ці чалавека, які побач. Але калі ты знайшоў чалавека, з кім духоўна і фізічна будзеш на адной хвалі, трымайся за яго рукамі і нагамі», — перакананы Анатоль Семашчук.

Усё перажытае ён трымае ў сабе.

«Я ведаю, што гэта дрэнна. Я як нацягнутая струна. І баюся, што калісьці сарвуся. Так і жыву. Сам сябе баюся». 

8
Владимир.Бобруйск / Адказаць
03.11.2019 / 19:43
Я с ним встречался много раз и на концертах и на фестивалях,хороший дядька.А бывает охранники, секьюрите звезд такие гадкие и противные что и вспоминать не хочется.В любой работе человечность превыше всего,А Анатолию,удачи!Подтверждаю,он не хам,Побольше бы таких как он!
8
Зiма / Адказаць
03.11.2019 / 19:45
Добрым людзям не шанцуе атрымаць шчасце.
39
Матёрый / Адказаць
03.11.2019 / 19:48
Беспартийный?!
Паказаць усе каментары/ 33 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру