Паглядзіце на два самыя незвычайныя офісы праграмістаў у Беларусі ФОТЫ 

Аўтар: СМ, фота Стася, Сяргея Гудзіліна

Мець офіс у шкляным хайтэкавым будынку — ужо не трэнд. ІТ-сфера пачынае асвойваць гістарычную гарадскую прастору. Як? Мы пабачым гэта на прыкладзе офісаў кампаніі VRP Consulting у Віцебску і Брэсце.

Віцебск: марская школа

Віцебск — горад вялікага князя Альгерда, Шагала, Малевіча, Быкава.

Горад так моцна пацярпеў у апошнюю вайну, што яго, кажуць, нават збіраліся адбудоўваць на новым месцы. Тым больш дзівосна, што ў Віцебску захаваліся мясціны, дзе можна адчуць подых 1000-гадовай гісторыі.

Мы часта звужаем уяўленне пра старажытныя гарады да замкавых умацаванняў ці ратушнай плошчы ды вузкіх вулічак старога цэнтру. А як жа перадмесці-пасады? Яны былі лёгкімі, якімі дыхаў горад, яго працавітымі рукамі.

Задзвінне, Задзвінская Слабада ляжыць на нізкім правым беразе Дзвіны насупраць цэнтральнай часткі Віцебска. Задзвінне роўнае векам віцебскім замкам, калі не старэйшае: археолагі сведчаць, што культурны слой на Задзвінні сягае двух метраў у глыбіню.

Кіраўскі мост — шлях з цэнтра на Задзвінне. 

Здаўна тут жылі рамеснікі. Прычым не толькі арыентаваныя на старажытны шырспажыў, кшталту керамікі ды кавальскіх вырабаў. Віцебск здаўна меў сваю высокатэхналагічную спецыялізацыю: тут рабілі караблі.

Цяжка сёння сабе ўявіць, але многа ў якіх мясцінах Беларусі выраб рачных ды нават марскіх суднаў быў звыклым бізнэсам. Карабельнага лесу ў Беларусі хапала, правільна заточаных рук — таксама. Пра тое, што крывічы будавалі караблі вікінгам, яшчэ тысячу год таму пісалі візантыйскія хронікі. Ці не ў крывіцкім Віцебску гэта было? Ён у часы Рагвалода не саступаў памерамі Полацку.

І гэтая складаная тэхналагічная вытворчасць квітнела тут аж да ХІХ стагоддзя. Гэта было выгадна: да з'яўлення чыгунак Дзвіна была ў літаральным сэнсе залатой ракой. Па ёй у Рыгу сплаўлялі штогод на мільёны рублёў тавару.

Дзвіна была залатой ракой.

Пра тое, што на Задзвінні будавалі драўляныя чаўны, баркі, лайбы, віціны, сведчаць і даўнія выявы Віцебска, і ўспаміны, і самі назвы вуліц Задзвінскай слабады: Канатная, Рычажная, Сталярны завулак.

Славуты этнограф Мікалай Нікіфароўскі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя апісаў гэтыя задзвінскія верфі: паўсюль суднавы матэрыял і шкілеты суднаў, у паветры лётае валаконнае павуцінне ад віцця канатаў, велізарныя кучы кастры і драўляных габлюшак… Грукаюць сякеры, вішчаць пілы, гамоняць ды пяюць рабочыя… Далей на набярэжнай грузілі на гатовыя ўжо дзвінскія судны лён, пяньку і хлеб, каб везці ў Рыгу на продаж.

Такім бачыў Віцебск у пачатку ХІХ ст. мастак Юзаф Пешка.

Мінула дзвесце год.

Калі судны пачалі масава рабіць з жалеза і іх кустарная вытворчасць у Задзвінні прыпынілася, Віцебск не страціў свой «марскі» імідж.

У 1919-м горад стаў базай Заходнедзвінскай вайсковай флатыліі. Роля рачных флатылій у бітвах савецка-польскай і грамадзянскай войнаў недаацэненая. Тым часам колішнія цывільныя параходы і катары маглі разганяць цэлыя кавалерыйскія палкі, падтрымліваючы пяхоту агнём сваіх гармат і кулямётаў. Чатыры кананерскія лодкі флатыліі, пераробленыя з калёсных параходаў і дзве «плаўбатарэі» (з баржаў) дапамагалі чырвоным стрымліваць наступ палякаў між Дрысай і Полацкам. Таксама флатылія запомнілася абстрэлам прыбярэжных вёсак, дзе супраціўляліся нарыхтоўкам драўніны.

Флатылію расфарміравалі ў канцы 1920-га. Яе базай у Віцебску быў маёнтак Лукішкі, што месціўся ў раёне сучаснага мосту Блахіна, на месцы мемарыялу «Тры штыкі».

Якраз у тыя нямірныя гады ў Віцебску працаваў Марк Шагал — і дзівосна, якія радасныя карціны ён ствараў сярод разрухі ды нянавісці. Напрыклад, яго славутая «Прагулка» датуецца 1918-м. Магчыма, як большасць людзей у той час, мастака жывіла надзея на светлую будучыню.

Шагал таксама нарадзіўся на Задзвінні, на вуліцы Пакроўскай. Цяпер там яго музей.

Ушанаваная ў Віцебску і Заходнедзвінская флатылія. Не так даўно на вуліцы Сярэдненабярэжнай, каля дома, у якім ад 1948 месціўся спачатку Ваенна-марскі клуб, а потым — Марская школа, адкрылі невялікі памятны знак ёй.

У гэтым дарэвалюцыйным будынку вучылі на марскія спецыяльнасці, а таксама рыхтавалі спартоўцаў — судамадэлістаў і яхтсменаў. З віцебскай Марской школы выйшла нямала майстроў спорту і нават некалькі чэмпіёнаў СССР.

У 2000-м Марскую школу зачынілі і будынак застаўся без гаспадара. Яго б чакаў лёс соцень такіх самых камяніц пачатку ХХ стагоддзя: паступовае разбурэнне, прызнанне немэтазгоднасці рамонту і знос. Але знайшоўся інвестар, які здолеў пабачыць прыгажосць пад аблупленай бруднай фарбай фасаду.

Выгляд, які займеў будынак пасля рэстаўрацыі, можна лічыць узорным. Звяртае на сябе ўвагу і стратэгія ІТ-кампаніі, якая ўклала грошы не ў хайтэкавы будынак з шкла і бетону, а ў аднаўленне стагадовай камяніцы на атмасфернай ціхай вуліцы, куды не ходзіць грамадскі транспарт.

Густоўнае спалучэнне чырвонай цэглы з акуратнымі белымі элементамі тынкоўкі робіць будынак адным з найпрыгажэйшых у горадзе. 
Брама да рэмонту была проста закладзеная цэглай. І звярніце ўвагу на швы паміж цаглінамі і каваную рашотку.

Сярэдненабярэжная вуліца вельмі старая.

Яна ёсць яшчэ на гарадскіх картах мінулых стагоддзяў.

У канцы пазамінулага стагоддзя вуліца мела назву 3-й Ніжненабярэжнай. У сістэме віцебскіх верхне-сярэдне- і ніжненабярэжных вуліц можа разабрацца толькі спецыяліст. У царскія часы ў Віцебску былі па 2 верхненабярэжныя і 2 ніжненабярэжныя вуліцы.

Фрагмент карты Віцебска 1910-х гадоў.

Віцебскі краязнавец Віктар Барысенкаў мае тэорыю, што іх нумары пазначалі часткі горада, у якіх вуліцы знаходзіліся: «3-я Ніжне-Набярэжная месцілася ў 3-й частцы города (Задзвінне), 2-я — у 2-й (Заручэўе), на процілеглым беразе Дзвіны. 1-й — не было зусім. У 1-й частцы горада (Узгор’е) была 1-я Верхне-Набярэжная, а ў 3-й — 3-я Верхне-Набярэжная».

Будынак VRP (за ракой, чырвоны) ёсць на адным з першых каляровых фота Віцебска, якое зрабіў у 1912-м Пракудзін-Горскі.

Граніцай паміж парамі Верхне- і Ніжненабярэжных вуліц быў Дзвінскі мост, каля якога ў 1919-м разбіўся параход «Надзея» і загінула сто пасажыраў. Мост збудавалі ў 1860-я, калі ў Віцебск прыйшла чыгунка. Да таго масты цераз Дзвіну былі сезонныя: іх штогод зносіла паводкай, а ў пачатку лета жыхары дружна наводзілі новую пераправу.

А ўзімку «мастом» рабіўся тоўсты лёд на Дзвіне. На ім адбываліся традыцыйныя зімовыя бойкі паміж моладдзю з розных частак горада — звычка, што захоўвалася ў Віцебску ці ні з часоў варажскай вольніцы.

«У даўнія часы, калі Задзвінская слабада злучалася з замкавай часткай Віцебска з дапамогай чаўноў, а пазней — па адзіным свайным драўляным мосце, здавалася, што гэтая частка горада трохі адасаблялася і спаборнічала з левабярэжжам і ў промыслах, і нават у кулачных баях», — кажа Віктар Барысенкаў. Тыя, апісаныя яшчэ Нікіфароўскім баі на дзвінскім лёдзе дажылі як традыцыя да ХХ стагоддзя.

Пасля Другой сусветнай на месцы Дзвінскага паставілі Кіраўскі мост.

На Сярэдненабярэжнай суседзяць камяніцы ХІХ стагоддзя і прыватныя драўляныя дамкі з аканіцамі.

Непадалёк яшчэ адзін цагляны будынак, які з год дзесяць таму палохаў сваім выглядам мінакоў. Цяпер у ім месціцца ЗАГС Чыгуначнага раёна горада.

Калі ён толькі адчыніўся, віцебцы, незалежна ад месца жыхарства, утварылі чаргу на многа месяцаў наперад, каб тут распісацца. 

Брэст: офіс пры Мільённай

У Брэсце ІТ-кампанія VRP Consulting абрала іншую стратэгію асваення гарадской прасторы. Яе офіс размясціўся на пешаходнай вуліцы Савецкай — у самым сэрцы брэсцкага Сіці.

ТРЭБА ОФІСНЫЯ ФОТКІ — ЗВОНКУ І ЎСЯРЭДЗІНЕ

Брэст — вялікі горад на 350 тысяч жыхароў — не мае вызначанага галоўнага праспекта. Адна з вуліц, якая прэтэндуе на ролю артэрыі гарадскога жыцця — Савецкая. Яна пранізвае ўсю цэнтральную частку горада ад чыгуначнага вакзала да ракі Мухаўца.

Савецкая гістарычная, наколькі гістарычны ўвесь сучасны Брэст — горад, які ўзнік на цяперашнім месцы 180 год таму. (Старое тысячагадовае Берасце знаходзілася там, дзе цяпер крэпасць. Каб яе збудаваць, горад разбурылі, а жыхарам загадалі перасяліцца на два кіламетры на ўсход.)

Пешаходная Савецкая, якая стала адным з брэндаў сучаснага Брэста, у часы Расійскай імперыі была спраектаваная ў выглядзе дзвюх вуліц: Мільённай (ад чыгункі да вуліцы Гогаля) і Паліцэйскай (ад Гогаля да Мухаўца). Кожная з частак была прэстыжная па-свойму. На Мільённай жылі камерсанты, людзі з капіталамі, а Паліцэйскай аддавалі перавагу чыноўнікі.

Калі ідзеш ад вакзала, на пачатку Савецкай мінаеш універсітэцкую аранжарэю. На двух яе ярусах мноства рэдкіх трапічных раслін — гэта ўздымае настрой у шэры пераходны сезон.
А зусім побач нечакана трапляем, як і ў Віцебску, на марскую тэматыку. Адзін з самых выяўных брэсцкіх храмаў — царква Святога Мікалая, была збудаваная на сродкі берасцейцаў — удзельнікаў руска-японскай вайны — у памяць загінулых таварышаў.
Вуліца Савецкая сама па сабе — другі па значнасці турыстычны аб'ект пасля крэпасці працягласцю амаль у 2 кіламетры.
Хто толькі не хадзіў па ёй! Царскія генералы, міжваенныя модніцы, дзеячы нацыянальнай культуры і бальшавіцкая дэлегацыя, што прыехала ў Брэст у 1919-м дзяліць Усходнюю Еўропу.
А побач у дварах міжваенны канструктывізм сустракаецца з готыкай.

Хоць гарадская забудова ХІХ стагоддзя ні на Савецкай, ні ў гістарычнай частцы Брэста агулам не дамінуе. Горад быў спалены расійскімі войскамі падчас адступлення ў 1915-м. Леў Троцкі, які ўзначальваў дэлегацыю бальшавікоў на мірных перамовах у Брэсце ў 1918-м, згадваў, што Брэст як горад на той момант «амаль не існаваў».

Большасць будынкаў брэсцкага цэнтра належыць да міжваеннага дваццацігоддзя, калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы. Якраз у той час Брэст стаў цэнтрам ваяводства — эквівалент вобласці — атрымаў стымул для росту і дзяржаўныя датацыі на адбудову.

(У царскія часы горад быў усяго толькі павятовым цэнтрам Гродзенскай губерні.)

Таксама за Польшчай з дзвюх вуліц, Мільённай і Паліцэйскай, зрабілі адну вуліцу Дамброўскага — у гонар польскага афіцэра, атрад якога першым увайшоў у Брэст у 1920-м.

У часе Другой сусветнай нямецкія акупанты далучылі горад да рэйхскамісарыяту «Украіна» і нават дазволілі пераназваць вуліцу Дамброўскага ў Тараса Шаўчэнкі. Але ўжо ў 1943-м яна стала Генералштрасэ — Генеральскай.

Цягам ХХ стагоддзя Брэст амаль страціў свой украінскі, польскі, яўрэйскі складнік. Наймацнейшая метафара сыходу брэсцкіх яўрэяў — кінатэатр на Савецкай.

Мала хто ведае, што яго металічны каркас, які трымае шкляныя праёмы, абаперты на сцены колішняй галоўнай гарадской сінагогі. Харальная сінагога была шасцікутная, створаная па праекце аўстрыйскага архітэктара ў 1860-я.

Сённяшні выгляд яна набыла ў 1970-я. Што ж, таксама свайго роду спосаб захаваць архітэктурную каштоўнасць.

Унутраныя сцены кінатэатра — ад старой сінагогі.

Зусім побач з кінатэатрам невялікая трохкутная плошча Свабоды, якая ў царскія часы была цэнтрам павятовага Брэста. На сценах будынкаў там можна пабачыць і адкрытыя надпісы-вывескі польскіх часоў.

Яшчэ там растуць дубы, пасаджаныя, магчыма, у часы адбудовы Брэста на новым месцы.

А гэтая аптэка на Савецкай неўзабаве адсвяткуе стагоддзе — яна адчынілася ў 1925-м.

Радуе, што будынкі на Савецкай, дзякуючы прыватным бізнэсам, якія іх засялілі, аднаўляюцца. У часы СССР тут панаваў рэхрух і ўсеагульная абшарпанасць. Навошта клапаціцца, калі маеш краіну «ад Брэста да Курыл» і жывеш гераічнымі міфамі? 

Пра абарону Брэсцкай крэпасці ў 1941-м чулі ўсе, але мала хто ведае, што першыя нямецкія бомбы ўпалі на вуліцу Савецкую яшчэ ў 1939-м.

Тут, у гасцініцы паміж сучаснымі рэстаранам «Брэст» і «Дзіцячым светам» спынілася стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага польскім войскам, гнаная немцамі з Варшавы. Надоўга яна тут не затрымалася, адступіўшы далей на поўдзень. А следам па вуліцы Пілсудскага, цяпер Леніна, што ідзе паралельна Савецкай, у тым жа 1939-м прагрукатаў супольны савецка-нямецкі парад.

Дзіўна, што Брэст, што Беларусь неяк выруліла ў ХХ стагоддзі паміж махавікамі чужых інтарэсаў і не была здратаваная ды разадраная на кавалкі. Менавіта гэтая ідэя бачыцца ў помніку Тысячагоддзя Брэста, упрыгажэнні галоўнай вуліцы. 

На ім, нарэшце, свае героі. Заснавальнік — святы Уладзімір Васількавіч, Абаронца — Вітаўт Вялікі з грунвальдскім мячом у руках, Асветнік — Мікалай Радзівіл Чорны з Брэсцкай Бібліяй. Яшчэ дваццаць год таму такі помнік быў тут немагчымы. Пройдзе яшчэ час — і вуліцай Тысячагоддзя, магчыма, стане Савецкая. Бо быццё ў сваім доме, на сваёй вуліцы, у сваёй дзяржаве вызначае свядомасць. Пра Курылы тут успамінаюць усё радзей.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру