Пра беларускую мову, лацінку, камунізм і Лазуткіна. Гутарка з Ігарам Карпенкам, частка 2 36

Аўтар: Арцём Гарбацэвіч. Фото Надзеі Бужан

Інтэрв'ю з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам атрымалася аб'ёмным, таму тэматычна мы падзялілі яго на дзве часткі. Першая была прысвечана сістэме адукацыі, другая — ідэалогіі.

«Наша Ніва»: Скажыце, чаму на некаторыя лісты, адрасаваныя вам, па-хамску адказвае ваш супрацоўнік Андрэй Лазуткін?

Ігар Карпенка: Гэта вы пра «Пахне чабор»? Ну тады накінуліся: «Не паставілі ў праграму!» Аказваецца, паставілі, але ў іншы клас. А тут лісты публічныя да міністра — я сёння адкрыты, калі мне прыходзіць ліст ад настаўніка ці прафесара, то я яму адказваю. Але чалавек не бяжыць у СМІ: «Я тут ліст міністру напісаў!» А я як палічыў патрэбным, так і адказаў. 

Чытайце. «Чаму ў праграмах «Барадзіно» ёсць, а «Пахне чабор» няма?» Настаўніца рускай мовы напісала адкрыты ліст міністру адукацыі

Мінадукацыі адказвае Ганне Севярынец: Каб патлумачыць вучням вершы Кляшторнага, давядзецца выкарыстоўваць выраз «хадзіць пад мянтамі»

Ганна Севярынец пра адказ Мінадукацыі: Гэта дыскрэдытацыя сістэмы, татальнае невуцтва

Міністэрства адукацыі сцвярджае, што не выключала «Пахне чабор» з праграмы. Гэта праўда?

Вырашылі паштурхаць міністра, а міністр адбрыкнуўся. Я ж не магу забараніць карэспандэнту Лазуткіну пісаць у нейкіх сваіх фармулёўках. Гэта нейкая форма ідэалагічнага супрацьстаяння.

Але ведаеце, мяне заўсёды публічна папракалі ў тым, што я ненавіджу ўсё беларускае, што мне гэта чужое, што зараз Карпенка закапае ўсю беларушчыну.

Але я нідзе ніколі не выказваўся на гэтую тэму! Ніхто не прывядзе цытату, каб я сказаў: «Давайце забаронім беларускую мову» ці яшчэ нешта. 

Вось на мяне Лемцюгова за беларускую лацінку на вуліцах апалчылася, ні разу са мной не гаварыла асабіста! Хаця я да яе вельмі добра стаўлюся, светлая ёй памяць. 

Чытайце. Прафесар Лемцюгова: Не перавяліся дзяржаўныя чыноўнікі, якім не дае спакою ўсё беларускае

Пытанне ў чым было? Ніхто не ўдакладніў у мяне, што я там канкрэтна пытаў на той тапанімічнай камісіі. А было як? Я задаў два пытанні: чаму мы транслітарацыю робім не англійскім гукавым шэрагам, гук «Ч» не як ch, а як č?

Чаму мы ў «Плошчы Перамогі» транслітаруем яшчэ і «плошчу», а не пішам square? Кітаец, японец, іспанец вучылі англійскую мову, прыехалі — не разумеюць нічога. 

Вось у чым былі пытанні! Я абсалютна згодны, што ў нас усе тапонімы павінны быць на беларускай мове, у нас беларуская нацыянальная дзяржава!

Я вельмі паважліва да гэтага стаўлюся, нягледзячы на тое, што я нарадзіўся дзесьці там у Расіі. Дзякуй богу, я тут з 1974 года жыву, школу тут скончыў. 

«Наша Ніва»: Дык вы беларус ужо ці яшчэ рускі? Як вы сябе адчуваеце? 

Ігар Карпенка: Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. 

«Наша Ніва»: Гэта ясна, гэта па пашпарце. А адчуваеце як? 

Ігар Карпенка: Ведаеце, калі я прыязджаю на радзіму ў Новакузнецк ці нават у Маскву, мне здаецца, што я гавару па-руску, але мне кажуць, што я ўжо не па-руску размаўляю: акцэнт, недзе прарываюцца беларускія словы.

Калі ўжо разважаць, то жыву я ў гэтым асяродку, калі адкрываю «Нашу Ніву», чытаю яе па-беларуску, хаця ёсць рускамоўная версія.

Дакументы ў мяне на розных мовах: па-беларуску, па-англійску бывае. Украінцы выключна па-ўкраінску дасылаюць, вось. 

Ніколі, ні ў школе, ні ва ўніверсітэце, я не выказваўся супраць беларускай культуры ці мовы. 

Традыцыі ў сям'і нашай — беларускія традыцыі. У жонкі польскія карані, у мяне рускія, сын у нас — беларус. 

«Наша Ніва»: Дык што рабіць з выкладаннем беларускай мовы? Тут некалькі праблем: Беларусь — гэта адзіная славянская краіна, дзе навучанне не вядзецца на нацыянальнай мове. А другое — школьнікі хаця і неяк вучаць мову, але гаварыць не ўмеюць, яны там разбіраюцца, якой рыскай падкрэсліваць дзеепрыслоўі. Я вось дагэтуль не ведаю, як правільна, гэта няважна. 

Ігар Карпенка: Я нядаўна быў у Татарстане. І даведаўся, што яны прыбіраюць з абавязковай праграмы вывучэнне татарскай мовы. Гаварыў з высокімі чыноўнікамі і рэзюмаваў: гэта няправільнае рашэнне.

Так, нам цяжэй, мы і рускую, і беларускую ў школе вучым, больш часу трацім, плюс замежную мову, але так павінна быць, іншага быць не можа! Я абсалютна згодны з Макеем, што калі мы хочам захаваць нацыю, то трэба больш увагі надаваць беларускай мове.

Калі недзе былі канфліктныя сітуацыі, што не хочуць ствараць беларускамоўную групу ці клас, то міністэрства ўмешвалася ў гэта. Пакуль што беларускамоўная адукацыя залежыць ад патрэбаў вучняў і іх бацькоў, трэба спакойна вырашаць гэтыя пытанні.

Так, ёсць пытанні з выкладаннем на беларускай мове ў ВНУ. 

Мы пачалі і рэформу гуманітарнага блоку, таксама няпростая работа. Гэта ўсё ж з нагрузкай звязана, а тут з'явіліся модулі філасофіі і педагогікі, напрыклад: у школе скончылі курс гісторыі Беларусі, ва ўніверсітэце зноў вучыць, губляць час.

«Ну дык там на павышаным узроўні», — кажуць. Ну добра, на павышаным узроўні для гісторыка, а інжынеру трэба? З улікам таго, што перайшлі на чатырохгадовую адукацыю? 

Але заўважце, мы моўную падрыхтоўку не ўзялі ў гэты блок. У нас засталася «Беларуская мова, прафесійная лексіка», хаця таксама можна было задаць пытанне: «Ну ў школе ж вучылі, навошта яшчэ раз?». 

Ва ўніверсітэтах трэба ствараць моўны асяродак. Мае аднакурснікі не дадуць схлусіць: у нас быў клуб «Нашчадкі» на гістарычным факультэце, вывучалі абрады, традыцыі, гукалі вясну, калядавалі і хадзілі ў зорныя паходы.

Я з гэтага клуба больш вынес, чым вывучаючы ва ўніверсітэце! У школе ж я не вучыў мову, а літаратуру вучыў.

І я, як міністр, падтрымліваю адукацыю на беларускай мове, але я супраць гвалтоўных метадаў, супраць даплачвання выкладчыкам за выкладанне на беларускай мове, напрыклад, трэба іншыя метады заахвочвання шукаць. 

Раней вось нават у беларускамоўных школах дапаможны матэрыял быў па-руску. Мы праблему вырашылі: дадрукавалі метадычныя матэрыялы на беларускай мове. «Настаўніцкая газета» па-беларуску выходзіць. 

«Наша Ніва»: Але перавод выкладання гісторыі Беларусі і геаграфіі з нацыянальнай мовы на рускую адбыўся гвалтоўна. Што рабіць, як адкручваць? 

Ігар Карпенка: Ёсць рэкамендацыя міністэрства аб тым, каб выкладаць іх па-беларуску. 

«Наша Ніва»: Сэнс ад такіх рэкамендацый, калі яны не выконваюцца? Мо варта адкруціць, вярнуць, як было, прымусова? 

Ігар Карпенка: Зноў будуць крытыкаваць.

«Наша Ніва»: Але вы ж не пераймаецеся крытыкай, як сказалі напачатку. Выкладанне гісторыі Беларусі па-беларуску пры Карпенку — магчыма такое?

Ігар Карпенка: Я падтрымліваю, гэта не нешта з шэрагу вон. Трэба падумаць, як гэта санкцыянаваць. Я згодны, што пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці не толькі для Беларусі вострае. Сама Еўропа кажа: ёсць праблема захавання ідэнтычнасці. І трэба падтрымліваць сёння і мову, і культуру. Але гэта не толькі ад адукацыі залежыць. Сёння паўсюль англа-саксонская дамінацыя, у Дортмундзе ўжо ўсе англійскую мову ведаюць!

«Наша Ніва»: Чаму вельмі шмат камуністаў у адукацыі? Даведаўся пра знаёмага дырэктара школы, што стаў камуністам, пытаюся ў яго — ты ніколі ж не быў такім, як так? «Ды папрасілі, вось і ўступіў».

Ігар Карпенка: Арцём, я скажу адно: я працаваў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, тут працаваў — я ніколі нікому не ставіў задачу ўступаць у партыю. У нас такой задачы ў партыі няма. У нас стабільна 6500 нашых камуністаў, мы не ставім перад сабой мэту нарасціць іх да 20, 30 тысяч ці як некаторыя партыі хваляцца, «што ў нас 50 тысяч членаў партыі»…

Бо мы кіруемся выключна ленінскімі партыйнымі прынцыпамі: ідэйнае адзінства, дысцыпліна, сплата ўнёскаў. Мы адзіная партыя ў краіне, якая збірае партыйныя ўнёскі.

І мы за кожнага з 6500 камуністаў можам паказаць ведамасць са сплатай партыйных унёскаў. Сёння збіраць баласт, які скача ад выбараў да выбараў: «Тут я быў у адной кампаніі, «Гавары праўду», ага, не атрымалася — пабягу яшчэ ў адну партыю…» — нам такія камуністы не патрэбны. Мы прытрымліваемся іншых прынцыпаў.

«Наша Ніва»: Але вы адкрыта адкажыце для нашай аўдыторыі: вы шчыры камуніст ці кан’юнктурны? Лукашэнка папрасіў вас узначаліць партыю — вы і ўзначалілі?

Ігар Карпенка: Лукашэнка мяне не прасіў узначальваць партыю — партыя мяне выбрала. Я ўступіў у партыю ў 1984 годзе, я пакажу партбілет. Вось я, малады сяржант, а вось мой партыйны білет цяперашні. Яны з сабой у мяне, на дзвюх мовах. 

«Наша Ніва»: Дык вы верыце, што мы пабудуем камунізм некалі, да гэтага імкнецеся? 

Ігар Карпенка: Я думаю, камунізм — гэта далёкая будучыня. І аб гэтым не раз было сказана, я толькі хачу сказаць адзінае: у 1984 годзе я ўступіў у партыю, заўсёды такіх поглядаў трымаўся. Скажыце мне, як да мяне паставяцца мае аднакурснікі, аднакашнікі, з якімі я вучыўся, у якіх я быў камсаргам класа ў школе, сакратаром камітэта камсамола ў інстытуце і гэтак далей, калі я раптам у нейкі момант перафарбаваўся і пачаў бы бегаць з партыі ў партыю: падтрымайце мяне там, прыміце ў дэпутаты там…

Вы б першыя мяне перасталі паважаць, сказалі: кан’юнктуршчык.

«Наша Ніва»: Ну людзі ж мяняюцца. Вось і Лукашэнка некалі хацеў жыць з Расіяй у адной дзяржаве, а цяпер кажа «нахрана нам такая інтэграцыя?»

Ігар Карпенка: Давай не будзем чапаць прэзідэнта і інтэграцыю. Разумейце, мы таксама мяняемся, і Кампартыя Беларусі цяпер, і кампартыя, якая была ў 1919 годзе, і кампартыя, якая была ў Беларусі ў 1941 годзе, — гэта розныя рэчы, розныя структуры. Вы павінны разумець, што сёння свет вакол нас змяніўся, мы робім сур’ёзны аналіз і высновы.

Мы ўпершыню напісалі ў партыйнай праграме, што «паважліва ставімся да традыцыйных рэлігійных канфесій», мы ўпершыню заявілі пра тое, што партыя адыходзіць ад гэтага ваяўнічага атэізму.

Мы сказалі: не трэба, мы ў гэта лезці не будзем, штосьці там, можа, ёсць. Дык што мне цяпер, выбачайце, абавязкова трэба перафарбавацца, начапіць на сябе нейкія іншыя сцягі? Я ў партыі, плачу ўнёскі, я не выкарыстоўваю сваё службовае становішча, каб прасоўваць нейкія партыйныя ідэі.

«Наша Ніва»: А школьнікаў на Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі не з вашай падачы выводзілі на плошчу ў Мінску?

Ігар Карпенка: А хто іх прыводзіць? З чаго вы ўзялі, што іх прыводзяць? Я так скажу: ніводнага разу, ні на нараду, ні на сход вы ні адной паперы не знойдзеце, каб я даваў даручэнне.

Як мяне там абвінавацілі: «выпісваць газету «Камуніст Беларусі»… Ды нам не трэба яе выпісваць: па-першае, у нас ёсць падпіска, нашы камуністы яе выпісваюць, па-другое — сайт, які абнаўляецца. Вы ж бачыце, што, у адрозненне ад некаторых партый, наш сайт працуе пастаянна, мы сістэмна працуем. І я нават сам чытаў вашыя публікацыі — можа, не вашыя, а іншых незалежных СМІ, — яны самі прызнаюць, што Кампартыя Беларусі не працуе толькі ў перыяд выбараў. Так, можа быць, не вельмі паспяхова, так, можа, ёсць недахопы, але мы самі іх абмяркоўваем, вырашаем.

«Наша Ніва»: Калі вы з’явіцеся ў сацыяльных сетках?

Ігар Карпенка: Не планую. Я і так публічная асоба, мне хапае рознай крытыкі на розных узроўнях. Для чаго? Каб весці блог, трэба гэтым займацца, у мяне на гэта няма часу.

«Наша Ніва»: Ёсць жа Трамп, які піша лаканічна, сцісла. І вы б пісалі так. А ён не міністэрствам нават — вялікай дзяржавай кіруе. 

Ігар Карпенка: І што? І вы б мяне пастаянна крытыкавалі: вось нейкую лухту напісаў! Я скажу так: у сацыяльных сетках мы прысутнічаем. Я ведаю, што творыцца ў сацыяльных сетках, паверце, я хачу пасля працы тыя імгненні, якія ў мяне ёсць, прысвяціць дарагім мне людзям, якім я ў нейкі час менш удзяляў часу. У мяне цяпер з’явілася ўнучка, нейкія іншыя клопаты, чым сядзець у інтэрнэце і нешта ў тым блогу перапісваць. Мы даём афіцыйныя каментарыі, каму якая розніца, як я жыву? Што я раблю дома, з кім я там. Я, напрыклад, не прыхільнік усё гэта выстаўляць, мне гэтай публічнасці вось так вось хапае.

«Наша Ніва»: Як быць з загонам школьнікаў на спартовыя мерапрыемствы? 

Ігар Карпенка: Заганяць нельга, гэта дрэнна, але не выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе тую спартыўную інфраструктуру, правядзенне тых высокіх мерапрыемстваў, якія праходзяць у нас, — турніраў, чэмпіянтаў, — гэта было б злачынства.

Таму трэба дакладна выбудоўваць гэтую работу, прыйсці да школьнікаў і сказаць: хлопцы і дзяўчаты, у рамках таго і таго мерапрыемства пойдзем на такое і такое мерапрыемства з настаўнікам разам, мы абмяркуем такія і такія пытанні… А можна прыйсці і тупа сказаць: усе пастроіліся — і пайшлі на хакей! Вось гэтага не мусіць быць.

Я не бачу праблемы!

Калі мы ходзім у музеі, на нейкія там культурныя, спартыўныя мерапрыемствы. Ад усяго, бадай што, ёсць карысць, але пытанне ў тым, як настаўнік гэта ўсё робіць.

Памятаеце, як была гэта тэма з загонам у БРСМ, гэты ролік выклалі? Ну і што? Гэта ж нават прыніжэнне для самога настаўніка, калі ён нудзіць: ну ўступіце вы ў БРСМ! Ну ніхто не патрабуе, каб мы іх прымушалі ўступаць. Ніхто не патрабуе і ніхто ў яе не бярэ гэтых справаздач!

«Наша Ніва»: А паходы на датэрміновыя выбары, калі выкладчыкі заахвочваюць студэнтаў: «Прагаласуйце датэрмінова, вы ж усё разумееце…»

Ігар Карпенка: Выкладчык таксама мае пэўную грамадзянскую пазіцыю.

І няма нічога дрэннага ў тым, калі выкладчык, дэкан ці рэктар студэнтам растлумачыць, якія падзеі адбываюцца, як яны адбываюцца, што для гэтага трэба. Канечне, нельга заганяць. Калі там ёсць выпадкі, што нехта недзе кажа «ідзіце, мы вам экзамен паставім», то гэта, канечне, непарадак, такога не павінна быць.

Разам з тым кожны мае права: ёсць права агітаваць супраць выбараў, а ёсць права агітаваць за тое, каб ісці на выбары. Кожны робіць свой выбар.

«Наша Ніва»: Якім бачыце працяг сваёй кар'еры? Мо ў бізнэс пойдзеце пасля міністэрства? 

Ігар Карпенка: Я не чалавек бізнэсу, хаця досвед ёсць. Я сябе адчуваю ў сістэме адукацыі, хаця працаваў і дэпутатам, і ў Мінгарвыканкаме. Я і сёння на грамадскіх пачатках пачытваю лекцыі ў Акадэміі кіравання. Я не хвалююся: буду працаваць у сістэме адукацыі. Але пакуль я над гэтым не задумваўся. Чым далей жывеш, тым больш пачынаеш жыць па хрысціянскіх запаветах, то-бок — сённяшнім днём. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?