Хто прыдумаў «ў», на чым пісалі ў Полацкім княстве — і іншыя загадкі беларускіх алфавітаў 3

Аўтар: NN.by

Сучасны чалавек за месяц атрымлівае столькі інфармацыі, колькі нашы далёкія продкі за цэлае жыццё. Гэта магчыма дзякуючы графічным сістэмам — літарам і лічбам, якімі мы карыстаемся ўжо тысячу год. Добра англічанам: як узялі лацінскі шрыфт у рымскія часы, так дагэтуль ім і пішуць. Гісторыя ж беларускіх алфавітаў нагадвае прыгодніцкі раман. 

Разам з БНБ-Банкам, які сёння пераасэнсаваў сучасны беларускі алфавіт і ўзяў літару «ў» у якасці сімвала нацыянальнай валюты, мы раскажам вам гэтую захапляльную гісторыю.

Першыя летапісы і духоўныя казанні, якія дайшлі да нас ад ХІІ стагоддзя, пісаныя без падзелу тэксту на словы — пагадзіцесяняпростатакоечытаць.

Першая старонка «Аповесці мінулых гадоў» ХІІ стагоддзя — найстаражытнейшага летапісу ўсходніх славянаў.

Кірылічнае пісьменства на землі Русі прыйшло разам з хрысціянствам. Ранейшыя паганскія «чэрты і рэзы», пра якія пішуць некаторыя летапісы, былі, найхутчэй, рунамі, прынесенымі са Скандынавіі вікінгамі.

Як і хрысціянства, пісьменнасць скора перастала быць прывілегіяй эліты і вышэйшага духавенства.

Чарапок ад амфары з надпісам «Яраполча віно» данёс нам імя нейкага пінскага самелье канца ХІІ стагоддзя, у Гродне знойдзены кавалак звона ХІІ стагоддзя з надпісам, у Віцебску і Друцку — падпісаныя прасліцы, а сцены храмаў захавалі памяць пра вандалаў-графіцістаў часоў Полацкага княства.

Ёсць надпіс і на славутым крыжы Еўфрасінні Полацкай.

Там зафіксавана імя майстра, які яго рабіў, пералічана, якое дрэва і каштоўныя камяні выкарыстоўваліся і колькі за іх заплацілі, а пры канцы стаіць праклён таму, хто крыж выкрадзе. Спадзяёмся, гэты чалавек зараз яго чытае.

Гарчыца і меч

Найстарэйшы вядомы надпіс на славянскай мове кірыліцай — слова «гарухшта» на глінянай пасудзіне.

Яе знайшлі ў пахавальным кургане пад Гнёздавам — гэта вялізны скандынаўска-славянскі некропаль каля Смаленска.

У Гнёздаве — некалькі тысяч курганоў-пахаванняў тысячагадовай даўніны. Некропаль знайшлі ў канцы ХІХ стагоддзя выпадкова, пракладаючы чыгунку.

Магчыма надпіс — імя ўласніка, але асноўная версія кажа, што «гарухшта» — гэта гарчыца. А падпісвалі амфару для таго, каб не паблытаць з іншымі таварамі. Бо наўрад ці такая прамысловая колькасць гарчыцы — з паўвядра — магла прыдацца ў хатняй гаспадарцы.

Цяпер амфара выстаўленая ў смаленскім гістарычным музеі.

Звяртае ўвагу тое, што надпіс не каравы: чалавек, які яго рабіў па сырой яшчэ гліне, упэўнена трымаў сціло. Не менш упэўнена ён, відаць, трымаў у руках і дарагі меч франкскай работы, знойдзены ў кургане побач з амфарай. Такімі карысталіся вікінгі. Небяспечным заняткай у Х стагоддзі быў гандаль гарчыцай.

А другі па старажытнасці артэфакт з надпісам, дарэчы, паходзіць з Беларусі.

Гэта знойдзеная ў Ноўгарадзе пячатка полацкага князя Ізяслава Уладзіміравіча — таго самага, што, паводле легенды, абараніў маці Рагнеду ад раз’юшанага бацькі, князя Уладзіміра Кіеўскага.

Кірыліца адпавядала мове нашых продкаў досыць умоўна. Былі ў ёй 43 літары, у тым ліку і такія, для якіх у жывой мове не знаходзілася гукаў — вялікія і малыя «юсы», «ксі», «псі», «іжыца», «фіта» і «тэта»… Два апошнія з часам пачалі пазначаць гук «ф», якога, дарэчы, таксама не было раней у мове.

Нататкі на воску

Знаходзяць археолагі і берасцяныя граматы, якія выконвалі ролю смс у княскую эпоху.

Напрыклад, нейкі Сцяпан з Віцебска просіць Няжылу прадаць «порты» (адзежу, якую ён пашыў) і купіць на тыя грошы яму жыта. А калі не ўдасца купіць — грошы вярнуць.

Хоць у Беларусі берасцяных грамат знаходзяць нашмат менш, чым на поўначы Расіі. Мо горай захоўваюцца ў нашай глебе?

Але ёсць версія, што нашы продкі, як і Заходняя Еўропа, для часовых запісаў, чарнавікоў, практыкаванняў карысталіся васковымі таблічкамі.

Васковыя таблічкі былі вядомыя з часоў антычнасці: фрэска з Геркуланума, засыпанага вулканічным попелам разам з Пампеямі.

Пісалаў для іх у розных канцах Беларусі — ад Гомеля да Брэста, ад Браслава да Слоніма — знайшлі болей за 50. Найбольш — у Наваградку.

Як зрабіць васковую таблічку? У дошчачцы трэба выдзеўбсці прастакутнае паглыбленне і заліць яго воскам, пажадана цёмнага колеру. Калі воск застыне, па ім можна пісаць пісалам — металічнай ці касцяной палачкай, вострай з аднаго канца і пляскатай з іншага — каб заціраць напісанае.

З такіх дошчачак рабілі цэлыя нататнікі, свідруючы ў іх дзіркі ды змацоўваючы раменьчыкамі па некалькі штук. Кавалак такой дошкі з адтулінамі знайшлі падчас раскопак старажытнага Берасця.

Васковыя таблічкі ў школах зніклі толькі ў канцы XVI стагоддзя, з пашырэннем паперы.

Папяровыя млыны

Пергаменту — вырабленых цялячых ды авечых скур для пісання — у ВКЛ увесь час не хапала. Яшчэ Альгерд і Кейстут для дамовы з Дзмітрыем Данскім скарысталіся папяровай граматай. А ў 1524 у ваколіцах Вільні адкрылі першы ўласны «папяровы млын», каб не купляць імпартную паперу. Шматлікія беларускія назвы «Паперня» — таксама з тых часоў.

Папяровы млын. Нямецкая гравюра XVII стагоддзя.

Рабілі паперу з льнянога рыззя, старой адзежы і ануч. І чым больш яно было зацёртае, тым лепшая выходзіла папера. Рыззё варылі з вапнай, каб выдаліць гразь, потым яно брадзіла, расслойвалася на валокны. Пасля яго малолі да кансістэнцыі белай вадкай кашы і чэрпалі спецыяльнай формай, у якой маса астывала. Пасля паперу прасавалі, сушылі, мачалі ў клей. І пад канец глянцавалі шліфавальным каменем ці молатам.

Дамова з Рыгай: першае з’яўленне «ў»

Царкоўнаславянская мова Евангелля Кірыла і Мяфодзія была створаная на грунце гаворак, якімі карысталіся славяне ў ваколіцах сучасных Салонікаў. Ясна, што на Дняпры, Дзвіне і Прыпяці так ніхто не гаварыў. І мясцовыя моўныя асаблівасці скора пачалі прабівацца скрозь панцыр чужых правілаў.

Упершыню рысы беларускай мовы ў пісьмовым помніку былі зафіксаваныя 790 год таму — у грамаце смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча 1229 года.

Адзіная выява князя Мсціслава Смаленскага ў летапісах: сцэна з яго пахавання.

Калі чуем «грамата» — уяўляецца нешта такое легкаважнае, на бяросце. Тым часам гэта была дамова, якая на дзвесце год вызначыла правілы гандлю на вялізнай тэрыторыі ад Полацка, Віцебска, Смаленска да Рыгі, Готланда і нямецкага Любека.

Смаленшчыну яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя залічвалі ў арэал пашырэння беларускіх гаворак. Не дзіва, што ў грамаце трапляюцца ўласна беларускія словы «колы», «пагінуці», «часціна». Заўважная ў гандлёвай дамове і адна з галоўных фішак беларускай мовы — «ў» нескладовае: словах «уздумал» і «у ніз» напісаныя з пачатковым «у», замест «вздумал» і «вніз», як трэба было па правілах.

«Ў» — як сімвал нацыянальнай валюты

Сёння літара «ў» — самая адметная і пазнавальная літара беларускага алфавіту. Ёй нават стаіць помнік у Полацку. А БНБ-Банк увогуле зрабіў яе сімвалам беларускай валюты і ўжо сёння актыўна выкарыстоўвае.

Напрыклад, калі вы ўвойдзеце ў мабільны дадатак банка i’mbanking.by, то ўбачыце, што перакрэсленая літара «ў» стаіць побач з «BYN» у акне выбару валюты для бясплатнага адкрыцця рахунка анлайн:

BYN — Ў, GEL — ₾, USD — $, EUR — €, PLN — zł, RUB — ₽ і GBP — £.

І сапраўды: калі даляр і еўра маюць свой сімвал, то чаму б і нашаму рублю не займець графічнае абазначэнне? І чаму тады не зрабіць ім самую беларускую літару нашага алфавіта?

Візуальнае рашэнне сімвала нацыянальнай валюты для БНБ-Банка распрацавала дызайнерка Вольга Карынчук. Яшчэ адным аргументам на карысць менавіта гэтай літары было тое, што «ў» прысутнічае на ўсіх без выключэння сучасных беларускіх грошах.

Устаў, паўустаў, скорапіс

Усе, хто б што ні пісаў на землях Русі ў тыя часы, карысталіся адным шрыфтам — уставам. І летапісцы, і перапісчыкі святых кніг, і нашы знаёмыя Сцяпан з Няжылам, і ананімныя графіцісты, што драпалі на сценах Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы — усе пісалі вялікімі прастакутнымі літарамі. Пэўная разнастайнасць у шрыфтах на беларускіх землях з’явілася ў часы Вялікага Княства Літоўскага.

Менавіта дакумент, а не меч і вуснае звычаёвае права, стаў тады інструментам кіравання дзяржавай. Вялікі князь раздаваў землі падначаленым, выдаваў загады і інструкцыі, вёў перапіску. Копіі дакументаў заносілі ў актавыя кнігі. Ствараліся канцылярыі, у якіх працавалі пісары, якія складалі дакументы, а таксама дзякі, якія выконвалі ролю ксераксаў.

Патрэба пісаць хутка выклікала змены ў тэхналогіі пісання і шрыфтах. Устаў застаўся для няспешнага перапісвання царкоўных кніг.

Для дзелавой перапіскі і юрыдычных дакументаў у канцылярыях вялікіх князёў Ягайлы і Вітаўта з’явіліся новыя шрыфты — паўустаў і скорапіс.

Спачатку яны мала чым адрозніваліся. Хіба што ў скорапісе літары былі меншыя, а ў паўуставе — з большымі «хвастамі». З’явіліся і кропкі, якімі спачатку падзяляліся групы словаў ці асобныя словы.

Радзівілаўскі летапіс. Дзіўнае паведамленне пра нашэсце мерцвякоў на Полацк. Групы словаў падзеленыя кропкамі.

Пасля замест кропак сталі рабіць прабелы. З часам скорапіс развіўся ў курсіў — злітнае напісанне. Тады сама з’явіліся на малюнках выявы пісцоў за сталом: толькі так, абапіраючыся далонню, можна пісаць хутка. Да таго пісалі паклаўшы кнігу на калені ці на нахіленую тумбу.

Сучасная ж пунктуацыя з’явілася разам з кнігадрукаваннем. У кнігах Францыска Скарыны кропкі і коскі ўжо больш-менш адпавядаюць сваім сучасным функцыям.

Старонка Бібліі Скарыны. Кропкі і коскі выкарыстоўваюцца па прызначэнні. 

Лайфхакі пісцоў

Пісалі звычайна пяром ястраба, лебедзя, вароны, качкі, цецерука, павы. Але найпапулярнейшымі былі гусіныя, імі карысталіся да ХІХ ст.

Пяро ўтыкалі ў пясок ці попел, каб зняць перапонкі, выдалялі тлушч, награваючы, пасля заточвалі, расшчаплялі канец, каб чарніла раўнамерна трымалася.

Каб пісаць правай рукой, пяро бралі з левага крыла — зазвычай трэцяе ці чацвертае па ліку.

Пісец, які вострыць пяро. Галандская карціна XVII ст.

Чарніла рабілі або з сажы, або з чарнільных арэшкаў — паразітаў, што бываюць на дубовым лісці.

Росквіт перад заняпадам

Чым болей пашыралася кнігадрукаванне на Беларусі, тым выяўнейшым быў адыход ад царкоўнаславянскіх канонаў.

У мове кніг Скарыны можна адшукаць усе сучасныя рысы беларускай мовы — і «ў» нескладовае, і «яканне» з «аканнем», і прыстаўныя гукі, і зацвярдзелыя «ж» і «ш». У «Катэхізісе» Сымона Буднага, выдадзеным у Нясвіжы, з’яўляюцца канчаткі, характэрныя для беларускай мовы — «гарады», «будуць», «разумеюць».

У Евангеллі Васіля Цяпінскага маса ўласна беларускіх словаў: блюзнерства, лекар, прыкрасць, гумно, вельмі, ростані, краіна, бот…

Сапраўдным полем для эксперыментаў сталі зводы законаў. Статуты ВКЛ і Трыбуналы прызначаліся для частага ўжытку і хуткага разумення. Таму іх складальнікі і рэдактары імкнуліся пазбягаць закручаных стараславянскіх выразаў і граматыкі. Пісалі на агульназразумелай мове.

Але найжывей беларускае маўленне адлюстравалася ў лістах і прамовах. «Кажучы праўду, не так вінават кароль, як гэтыя радныя баламуты, што пры ім сядзяць да круцяць. Многа тута гэтакіх ёсць, што хоць наша костка, аднака сабачым мясам абрасла», — пісаў невядомы аўтар «Прамовы Мялешкі», беларускага стэндапу канца XVI ст.

Час Статутаў быў росквітам перад заняпадам. Апроч школ пры цэрквах і манастырах старабеларускую мову і навуку скорапісу вывучалі ў шматлікіх брацкіх школах канца XVI стагоддзя.

Старабеларускую ў якасці метамовы (мовы для тлумачэння правілаў) выкарыстоўвалі ў першых усходнеславянскіх граматыках Зізаній і Сматрыцкі. Гэта былі зводы правілаў царкоўнаславянскай мовы, але апісвалася яна па-беларуску.

Па граматыцы Сматрыцкага вучыўся, дарэчы, Міхайла Ламаносаў, стваральнік першай расійскай граматыкі.

Дзвесце год у падполлі

Але па меры паглыблення інтэграцыі Вялікага Княства Літоўскага з Польскім каралеўствам абсяг карыстання кірыліцай звужаўся. Тое збліжэнне з Польшчай было выкліканае пагрозай з Усходу.

Абстаноўка тых часоў добра адбіваецца ў славутым «Лісце да Абуховіча», напісаным ужо лацінскім алфавітам. Піліп Абуховіч быў смаленскім ваяводам і здаў горад маскоўскаму войску ў 1654-м:

«От нам за тое, што дзешава Масква сабалі прадавала: усю Русь з людам адабрала… Мы, дурныя, у кажухах сем лет Смаленска здабывалі, а вы, мудрыя, у сабалях за чатырнаццаць тыдняў аддалі».

У 1696-м пастановай Сойму Рэчы Паспалітай усё дзяржаўнае справаводства ў ВКЛ было пераведзенае са старабеларускай на польскую мову. Шляхта ВКЛ пагадзілася на гэта, каб ураўняцца ў правах з польскай. Да чаго давялі Рэч Паспалітую шляхецкія вольнасці праз няпоўныя сто год мы добра ведаем з гісторыі.

Кітабы

Асобна ад кірыліцы і лацінкі стаіць традыцыя пісання па-беларуску арабскім шрыфтам. Яе 400 год захоўваюць беларускія татары. Найстарэйшыя іх кнігі — кітабы і хамаілы — датуюцца XV—XVI стагоддзямі. Ужо на той час татары, пераселеныя ў Беларусь вялікім князем Вітаўтам, карысталіся беларускай мовай. Іх кнігі — скарб для лінгвістаў, бо арабскімі літарамі паслядоўна перадаюцца фанетычныя рысы мовы, якія кірыліцай натаваліся нерэгулярна. Аканне, яканне, фрыкатыўнае г, афрыкаты дж і дз. Захаваліся ў кітабах і фразеалагічныя выразы: «галаву звесіць», «чыніць паклон», «сэрца баліць».

Кітабы напісаныя арабскім шрыфтам на чысцюткай беларускай мове.

Усё XVIII стагоддзе беларуская мова пражыла нібыта ў падполлі. Яна выходзіць на святло дзе-нідзе ў польскамоўных ды лацінскамоўных мемуарах ды п’есах — у вуснах персанажаў-мужыкоў. Напрыклад, каларытнага Сёмкі з «Камедыі» Марашэўскага.

Быў у гэтым падпольным існаванні і плюс, лічаць даследчыкі: усе стваральныя сілы беларускага народа ішлі ў фальклор. У выніку сёння маем найбагацейшы збор з больш як сарака тамоў.

Новая беларуская літаратурная мова, якой мы сёння карыстаемся, таксама сфармавалася на аснове жывой народнай гаворкі. Бо пісьмовая традыцыя была перарваная.

Першыя творы новага часу — ананімныя паэмы, «Мужыцкая праўда» Каліноўскага, п’есы Дуніна-Марцінкевіча — друкаваліся лацінскім алфавітам.

Так выглядала «Мужыцкая праўда».

Гэта «маскіравала» іх сярод польскамоўных тэкстаў. Хоць, напрыклад, станавы пісар Кручкоў з «Пінскай шляхты» гаворыць цалкам сабе сучаснай беларускай «трасянкай».

Гэтыя выданні нагадвалі рух вады пад ільдом: цягам усяго ХІХ стагоддзя па-беларуску было надрукавана ўсяго 75 кніг — пераважна лацінкай і за межамі Расійскай імперыі.

Так выглядалі кніганошы — людзі, якія пры канцы ХІХ стагоддзя нелегальна праносілі ў Расійскую імперыю надрукаваныя за мяжой літоўскія, а часам і беларускія выданні.

А пасля паўстання Каліноўскага ў Беларусі трыццаць год не выдавалася нічога па-беларуску. Хоць якраз на гэты перыяд прыпадае з’яўленне літары «ў».

Хто прыдумаў «ў»

Якая іронія лёсу: літару, па якой сёння беларускую мову пазнаюць у свеце, у гонар якой стаіць помнік і называецца рок-гурт, прыдумаў чалавек, якому беларушчына была зусім не блізкая.

Упершыню «ў» выкарыстаў падчас запісу беларускага фальклору навуковец-панславіст Пётр Бяссонаў. У часе паўстання Каліноўскага ён быў супрацоўнікам адміністрацыі віленскага генерал-губернатара Мураўёва і напісаў пасля мемуары «Сепаратизм в Северо-Западном крае. Рассказ очевидца».

Пётр Бяссонаў.

А літара яго, павандраваўшы па фальклорных зборніках, спадабалася і прыжылася.

Пасля рэвалюцыйных забурэнняў 1905 года, калі ў Расійскай імперыі была знятая негалосная забарона на друк па-беларуску, з’явіліся першыя выдавецтвы, а следам і газеты «Наша доля» і «Наша Ніва».

Лацініка або гражданка

«НН» пачатку ХХ стагоддзя была сапраўдным плавільным катлом: газета друкавала карэспандэнцыю з усёй Беларусі, паступова выпрацоўваючы агульныя для ўсіх моўныя правілы. Напрацаваны тады матэрыял лёг у аснову першай граматыкі беларускай мовы Браніслава Тарашкевіча, выдадзенай у 1918-м.

Славуты рэдактар «НН» Аляксандр Уласаў. На стале перад ім бачная «Наша Ніва» лацінкай.

«Наша Ніва» да 1912-га выходзіла двума шрыфтамі: кірыліцай і лацінкай. Гэта цягнула дадатковыя вытраты, а светапоглядна існаванне двух шрыфтоў падзяляла беларусаў на праваслаўных і каталікоў. І рэдакцыя арганізавала дыскусію, каб выбраць адзін.

Прыйшло мноства водгукаў. Хтосьці хацеў кірыліцу, якую тады называлі «гражданкай», г.зн. «грамадзянскім шрыфтам», другія лацінку, трэція і тое, і другое разам, а чацвёртыя — нейкага зусім новага шрыфту, «каторы б задаволіў усе вымогі беларускай мовы». Але рэальнасць была ў тым, што кірыліцу ведала большасць беларусаў, бо яе вучылі ў царскіх школах. «Лацінскіх літар нават іншыя інтэлігенты (асабліва праваслаўныя) не разумеюць, падчас калі гражданку бадай кожны болей-меней вучоны беларус знае», — пісала Канстанцыя Буйло з Вішнева.

«Прымаючы пад увагу тое, што ў нашым краю бадай кожны граматны знае рускія літары, а не лацінскія, — я і прылучаюся да прыхільнікаў аднаго шрыфту ў беларускім друкаваным слове і падаю свой голас за тыя літары, якімі суджана было друкавацца першай беларускай свецкай кніжцы — Статуту Літоўскаму», — пісаў каталік Янка Купала.

На аргумент, што лацінкай карыстаюцца ўсе культурныя народы свету рэдакцыя адказала, што «культуру не шрыфт шырыць, а ідэі і знаёмства чужых моў».

Большасцю чытацкіх галасоў было вырашана надалей выдаваць «НН» кірыліцай. Галасавалі за яго і рублём: «НН» на кірыліцы раскупалася ўдвая лепей.

Няспраўджаныя мары

Канчаткова пытанне беларускага алфавіту збіраліся вырашыць у 1926-м, падчас Акадэмічнай канферэнцыі па пытаннях рэформы правапісу і азбукі. Усё ж кірыліца не да канца дазваляла перадаць гукі беларускай мовы. І паэт Уладзімір Дубоўка ды мовазнавец Язэп Лёсік прапаноўвалі свае варыянты яе ўдасканалення — прыдумаць літары для гукаў «дж» і «дз», пазначыць беларускае выбухное «г».

Праект Уладзіміра Дубоўкі.

Але распрацаваны падчас канферэнцыі праект беларускага правапісу быў скасаваны. Скончылася беларусізацыя, пачаліся рэпрэсіі. І новы праект, прапанаваны ў 1933-м, набліжаў беларускі правапіс да рускага. У ім з’явілася -е перад націскам, была скасаваная перадача на пісьме спалучэння мяккіх зычных перад галоснымі пярэдняга раду — г.зн. мяккія знакі, іншамоўныя запазычанні афармляліся без уліку правілаў беларускай мовы.

Трошкі перагледзелі гэтыя нормы ў бок здаровага сэнсу толькі ў 1957-м.

«Тарашкевіца» і лацінка вярнуліся ва ўжытак у Беларусі толькі пасля абвяшчэння незалежнасці. Доля іх у агульным масіве тэкстаў па-беларуску невялікая, але важна, што яны захоўваюцца як традыцыя. Дый зрэшты «не ў шрыфце беларуская справа. Справа ў нашай душы, у нашай мове. …Шрыфт гэта быццам лыжка, а думкі — страва», — пісалі ў 1912-м рэдактары НН, падсумоўваючы дыскусію пра шрыфты. Дык не будзьма ж фармалістамі, панове: кожны, хто любіць Беларусь і мову, — наш чалавек, хоць бы і іерогліфамі пісаў.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?