Хутка пойдзе трэці месяц жыцця чалавецтва ў новых каранавірусных умовах. Гэта, канечне, не магло не паўплываць на музычную індустрыю: пераносяцца канцэрты, адмяняюцца фестывалі, адкладваюцца прэзентацыі альбомаў. Нягледзячы на гэта, мы, як заўсёды, здолелі сабраць дзясятку найцікавейшых рэлізаў.
Yves Tumor — Heaven To A Tortured Mind
Амерыканскі арт-эксперыментатар напачатку красавіка прэзентаваў свой чацвёрты альбом, натхнёны рок-музыкай.
Іў Цюмор насычае свае трэкі таемнымі і разнастайнымі вобразамі, пры гэтым пакідаючы сваю асобу загадкавай. Усё гэта кладзецца на сумесь з глэм-року, псіхадэлічнай поп-музыкі і соўлу.
The Strokes — The New Abnormal
Шосты ў дыскаграфіі і першы за сем год альбом гурта, які некалі назвалі першымі зоркамі XXI стагоддзя. Яго падрыхтоўка пачыналася яшчэ ў 2016-м, але новыя песні прыхільнікі The Strokes змаглі пачуць толькі летась.
The New Abnormal разлічаны на тых, для каго рок-н-рол — гэта перш за ўсё музыка, якая спрыяе паляпшэнню настрою. Альбом не нясе за сабой ніякіх мэсэджаў, яго проста прыемна ўключаць і слухаць.
Tesla Boy — Андропов
Лідар Tesla Boy Антон Севідаў, які, дарэчы, нарадзіўся ў Мінску, назваў свой першы рускамоўны альбом у гонар генсека камуністычнай партыі. Андропаў — гэта як мяжа свабоды, сімвал самакантролю: дзе мы сябе спыняем у нашых памкненнях.
У інтра да альбома слухачу раяць расслабіцца і атрымліваць асалоду ад музыкі, якую натхнілі савецкая архітэктура, музыка латвійскага гурта Zodiacs і серыял «Чарнобыль».
Rina Sawayama — Sawayama
Дэбютны рэліз брытанскай спявачкі японскага паходжання, які з рознай смеласцю называюць ад альбома месяца да альбома года ў альтэрнатыўнай поп-музыцы.
Sawayama — гэта вельмі якасны мікс поп-музыкі, вайбу 90-х, металічных нотак і такой прыцягальнай, але часова недасяжнай Японіі.
Enter Shikari — Nothing Is True & Everything Is Possible
Enter Shikari заўсёды былі трэндсэтарамі ў рок-музыцы. Яны не баяліся выказвацца на палітычныя тэмы і кранацца глабальных праблем, аднымі з першых пачаўшы эксперыменты з электроннай музыкай.
Новы альбом таксама атрымаўся вельмі разнастайным і, як заўсёды, поўным эксперыментаў. Адзін з трэкаў, напрыклад, быў запісаны разам з пражскім сімфанічным аркестрам.
Fiona Apple — Fetch the Bolt Cutters
Мэсэдж альбома, які збірае адну ўхвальную рэцэнзію за другой, застаецца адным з самых важных для сучаснага заходняга грамадства.
Жанчыны ва ўсім свеце сутыкаюцца з гвалтам, здзекаваннямі і дыскрымінацыяй у сваёй дзейнасці. І кожны трэк — гэта асобная гісторыя пра тое, як жанчынам трэба «згуртавацца і супрацьстаяць», узяўшы лёс у свае рукі, а заадно, і тыя самыя ментальна-эмацыйныя «кусачкі», каб перастаць дазваляць мужчынам дамінаваць і дыскрымінаваць.
Nürnberg — Paharda
Беларускамоўны пост-панк калектыў вяртаецца з другім альбомам, поўным рамантычнай настальгіі і красавіцкага сонца.
Пад такую музыку добра як пасумаваць па мінулым леце, так і аддацца ў палон марам.
АукцЫон — Мечты
Каранавірус наклаў адбітак на прэзентацыі адзінаццатага альбома ў дыскаграфіі легендарнага гурта.
Па-першае, ва ўмовах рэжыму самаізаляцыі, які дзейнічае ў Маскве, былі знятыя два кліпы. А па-другое, прэзентацыя альбома прайшла ў рэжыме інтэрнэт-стрыму, падчас якога музыкі сыгралі новыя песні, а таксама адказалі на пытанні прыхільнікаў.
Trivium — What The Dead Men Say
Канчатак красавіка адзначыўся выхадам двух важкіх альбомаў у цяжкай музыцы. Першы — дзявятая пласцінка амерыканскіх металістаў з Trivium.
Як заўсёды адбываецца з навінкамі ў гэтым музычным напрамку, меркаванні слухачоў падзяліліся: адны палічылі альбом занадта цяжкім, другія — што ў ім шмат усяго лішняга, трэцім усё падабаецца.
Толькі час пакажа сапраўдную моц What The Dead men Say.
ДРЫГВА — Вайдэлот
«Нібы агонь, мы запальваемся, гарым ярка і непазбежна згасаем…»
Вайдэлотамі называлі паганскіх жрацоў, якія служылі на капішчах і з'яўляліся ў першую чаргу захавальнікамі свяшчэннага агню. Калі па іх віне зніч згасаў, іх саміх спальвалі на новым агні.
Доўгія дзесяць гадоў раздзялілі першы і другі альбом аднаго з найлепшых айчынных гуртоў жанру паган-метал. Вяртанне адбылося вельмі моцным.
А што вы слухалі з музычных навінак?