Вы не паверыце, што гэтую мэблю робяць у Беларусі ФОТЫ 6

Аўтар: Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

Беларускія мэблевыя майстры распрацавалі зручны анлайн-канструктар Geometree Variation. Цяпер кожны можа ў рэальным часе ствараць дызайны камодаў і шафаў для свайго дома. 

Усе элементы, якія ёсць у канструктары, — гэта ўнікальныя распрацоўкі дызайнераў, якія натхняліся традыцыямі розных частак свету. Вы знойдзеце тут і афрыканскія, і аўстралійскія матывы.

Вось такую шафу можна сабраць віртуальна самастойна.

Дэталі падабраныя так, што любая камбінацыя выглядае прыгожа, адметна і густоўна. Так што можна смела эксперыментаваць, не баючыся памыліцца. Самі паспрабуйце.

Стварыць дызайн мэблі ў канструктары

Канструктар.

Канструктар — праект уласнікаў фірмы «Вудберы» Аляксея Баркоўскага і Ігара Шумака.

Уласнікі фірмы «Вудберы» Аляксей Баркоўскі і Ігар Шумак.

Дрэвам яны ў дуэце займаюцца з нулявых. Аляксей раней працаваў на вытворчасці касметыкі, пасля гандляваў паркетам. Ігар будаваў дамы і вырабляў падлогі.

«У мяне дзед цясляр, усе сваякі па бацькавай і матчынай лініях звязаныя з дрэвам. Можна сказаць, я з малаком маці апілкі ўдыхаў, — жартуе Ігар. — І калі ўжо ў паркеце вырабіў усю лінейку, стала зразумела, што ў нас вельмі шмат напрацовак у плане аздаблення. Немагчыма ўсё ўкласці ў паркет, бо часам такую колькасць маніпуляцый з дрэвам трэба зрабіць, што ў грошах на квадратны метр гэта кладзецца непад’ёмным цяжарам».

Мэблю фірма пачала вырабляць у 2016-м. Першы зэдлік, сабраны сваімі рукамі, дагэтуль стаіць у шоуруме. Пачыналі са стылю лофт.

«Бо гэта самае простае, што можна было рабіць. Груба кажучы, металічны каркас, нейкія дзеравякі наверх — і ніякіх праблем, — тлумачыць Ігар. — Тады яшчэ на лофт асабліва не было моды — толькі сярод дызайнераў. Яны стваралі эфектныя праекты: не стаяла задачы рабіць танна — гэта былі сур’ёзныя, складаныя вырабы. Як з шафамі-купэ: некалі яны былі элітнай часткай інтэр’еру, а потым сталі аднымі з самых танных шафаў».

Напачатку ў «Вудберы» замаўлялі рэплікі вядомых фабрык. Пасля, набіўшы руку, майстры сталі вырабляць рэчы свайго дызайну. Стварылі лінейку індывідуальнай мэблі, а праз пэўны час задумаліся пра больш даступныя варыянты.

«Індывідуальны дызайн — гэта змена ўсіх памераў, колераў. А гэта дарагая ручная праца. Для многіх гэта непад’ёмныя грошы. Таму ў нас з’явілася ідэя стварыць серыйную мэблю, аўтаматызаваць працэсы, каб і выбар быў, і нармальны кошт», — тлумачыць Ігар.

Галоўная фішка праекта Geometree Variation — анлайн-канструктар. На сайце можна сабраць мадэль на свой густ: пагуляцца з фасадам, колерам, гарнітурай. У адным корпусе можа быць некалькі сотняў камбінацый — з абсалютна рознымі характарамі.

Збярыце самі мэблю ў канструктары.

«Анлайн-канструктар адразу разлічвае кошт. Калі чалавек разумее, што не можа сабе дазволіць рэч у такой камплектацыі, ён можа перайграць і сфарміраваць выраб на свой бюджэт. Цана можа адрознівацца ў паўтара разы. На сайце мы прапануем даць мадэлі назву. Калі яна добрая, мы размяшчаем гэты варыянт з назвай ад кліента», — кажа Аляксей.

Лінейку мэблі распрацоўвалі цягам года разам з дызайнеркай Наталляй Кукрэш. Кірунак — этна-мадэрн. Для аўстралійскай тэматыкі натхненнем сталі работы тамтэйшай сучаснай мастачкі Ліны Ньядбі, для англійскай — шаўроны на параднай форме каралеўскіх гвардзейцаў. На іншых фасадах можна ўбачыць матывы марскіх хваляў і геогліфаў (гіганцкіх рукатворных выяў на зямлі). Апроч звычайных ручак — яркія матылькі і малпы.

Усе рэчы вырабляюцца з беларускага дубу — вытворчасць «Вудберы» знаходзіцца ў Рэчыцы. Там і родныя мясціны Ігара, і дрэванарыхтоўчая база пад бокам.

«Сам корпус вырабляецца з масіву. Фасады — з МДФ з цікавай апрацоўкай: пакрыццё тактыльна прыемнае, падобнае на мінерал. Фурнітура нямецкая», — расказваюць на прадпрыемстве.

Калі індывідуальная мэбля вырабляецца два месяцы, то з серыі канструктара — тры тыдні. У планах скараціць час чакання ўсяго да аднаго тыдня.

«У нас няма задачы прымусіць чалавека перыядычна нешта купляць, — тлумачыць Ігар філасофію майстэрні. — Мы заклапочаныя рэсурсамі і іх расходам. Не хацелася б, каб нас асацыявалі з сусветным трэндам на бясконцую вытворчасць. Калі чалавек праз нейкую колькасць год вырашыць змяніць інтэр’ер, ён можа замовіць у нас фасады іншага колеру, каб не мяняць рэч цалкам».

Мэблю з новай серыі ўжо замаўляюць. Праўда, пакупнікі пакуль асцярожнічаюць: выбіраюць спакойныя камбінацыі. Але ў майстэрні ўпэўненыя, што за этна-мадэрнам будучыня.

«Гэта наступная хваля дызайну. Такія эмацыйныя вырабы ў Італіі на выставах толькі-толькі пачынаюць з’яўляцца. Яшчэ не ўсе стаміліся ад адсутнасці ручак, усім трэба «пракціш-квадраціш», — усміхаецца Ігар. — Але трэнд на этна-матывы ўжо пачынаецца ва ўсім».

Стварыць дызайн мэблі ў канструктары

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?