25 і 26 жніўня на Эдынбурскім фэстывалі, адным з самых значных тэатральных фэстываляў Эўропы, з пастаноўкай спэктаклю «Trash Cuisine» («Трэш-кухня») выступіць Беларускі Свабодны тэатар.

П’еса для спэктаклю, напісаная кіраўнікамі Свабоднага тэатру Мікалаем Халезінам і Натальляй Калядой, прапануе «мэню», складзенае з жорсткіх эпізодаў нядаўняй сусьветнай гісторыі, якія разглядаюць у розных ракурсах, з выкарыстаньнем эпатажу і чорнага гумару, праблему сьмяротнага пакараньня. Спэктакль ілюструецца жывой музыкай.

Брытанскія культурныя выданьні анансуюць «Трэш-кухню» Беларускага Свабоднага тэатру як адну з самых яркіх падзеяў Эдынбурскага фэстывалю.

«Гэты тэатар настолькі высокакваліфікаваны і прафэсійны, што ён дасягае мастацкага посьпеху аглядам нечалавечнасьці чалавецтва зь вельмі дасьціпнымі і творчымі кулінарнымі канатацыямі. Электрычнае крэсла, павешаньне, сьмяротная ін’екцыя, племянны гвалт, бясчынства ў Паўночнай Ірляндыі разам з жудаснымі рэаліямі роднай для актораў Беларусі — усе гэта атрымлівае належную ўвагу» — піша выданьне SG Fringe, якое прызнае спэктаклю пяць зорак.

«Кулінарныя мэтафары выкарыстоўваюцца ва ўсім. Кáты параўноўваюць сваю тэхніку, спажываючы трускаўкі і шампанскае; жмені мукі выбухаюць у паветры, калі паказ мэтадаў забойства ператвараецца ў балетныя рухі; на сцэне наразаюць і мігам падсмажваюць вялікія кавалкі мяса паралельна з разгортваньнем аповеду пра этнічныя чысткі і забойства дзяцей. (...) Беларускаму Свабоднаму тэатру хапае ўяўленьня і цьвярозасьці, каб пазьбегчы дыдактызму і падаць гледачам яскравае і захапляльнае тэатральнае мэню акторамі, якія знаходзяцца на вяршыні сваіх творчых магчымасьцяў» — піша выданьне Edinburgh Spotlight, якое прызнае спэктаклю чатыры зоркі.

Ня менш высока ацэньваюць спэктакль «Трэш-кухня» выданьні The Fourthwall Magazine і TV Bomb.

Жывую трансьляцыю спэктаклю можна будзе паглядзець на сайце Хартыі-97 ды брытанскім сайце LIFT (www.liftfestival.com) 25 жніўня а 17.30 менскага часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?