«Напрыканцы свету, калі Зямля будзе спустошана, з’явіцца новае племя. Гэтыя людзі не будуць падобныя да нас ні колерам скуры, ні звычкамі і размаўляць яны будуць на іншай мове. Але тое, што яны зробяць, дапаможа Зямлі зноўку стаць зялёнай, бо яны будуць верыць ва ўчынкі, а не ў словы. А ведаць іх будуць як „ваяроў Вясёлкі“».

Менавіта з нагоды гэтага прароцтва індзейцаў Хопі ў далёкім 1972 годзе падчас святкавання Дня незалежнасці ЗША, тысячы прадстаўнікоў тагачаснай контркультуры, пераадолеўшы ачапленне паліцыі, выйшлі на Сталовую гару ў штаце Каларада. Узяўшыся за рукі, яны прастаялі там гадзіну, не прамовіўшы ні гуку. Гэты маўклівы пратэст супраць вайны ў В’етнаме і за мір ва ўсім свеце ёсць, па сутнасці, першай «Вясёлкай». Натхнёныя ідэямі аб светлай будучыні і задзяўбаныя спажывецкім грамадствам простыя хіпі пачалі ладзіць сход «ваяроў Вясёлкі» кожны год. З цягам часу гэты рух перакінуўся праз акіян і ўжо тры гады запар сход «ваяроў Вясёлкі» праходзіць і ў Беларусі.

Сусветныя Вясёлкі праходзяць кожны раз у новых месцах.
Як правіла, доўжацца яны месяц. «Ваяры Вясёлкі» — даволі закрытая супольнасць. Як правіла, большасць ведае адно аднаго і падтрымлівае сувязь, не зважаючы на дзяржаўныя межы і моўныя бар’еры. Некаторыя з сучасных хіпі падарожнічаюць з «Вясёлкі» на «Вясёлку», наведваючы пакрысе Беларусь, Расію, Украіну, Малдову і гэтак далей.

Беларуская «Вясёлка» вылучаецца тым, што яна, па-першае, «чыстая» — на ёй забароненае ўжыванне алкаголю, мяса і наркатычных рэчываў. Па-другое, яна вельмі сакрэтная, інфармацыі пра яе не знойдзеш у адкрытым доступе. У Расіі нават ходзяць чуткі, што на ўваходзе ў лес, дзе праходзіць беларуская «Вясёлка», стаяць аўтаматчыкі і адбіраюць у наведнікаў алкаголь і мяса.

На «Вясёлцы» спрабуюць як мага больш яднацца з прыродай. Замест электрычных прыбораў людзі імкнуцца выкарыстоўваць усё арганічнае, а часам і архаічнае. Замест ліхтарыкаў — знічка ў слоіку, замест гукаўзмацняльнай апаратуры — акустычная гітара, перкусія ды іншыя жывыя інструменты, што гучаць бясконцымі джэм-сэсіямі кожную ноч.

Даведаўшыся ад сваёй сяброўкі пра такую падзею, я вырашыў з’ездзіць туды і паглядзець на ўсё сваімі вачыма. Доўгае падарожжа аўтаспынам праз спазненне на цягнік было поўнае прыгодаў і выпадковых знаёмстваў. На адным з прыпынкаў я ўбачыў выкінуты з машыны і ўшчэнт разбіты iPad. «Гэта знак!», — падумаў я, і паехаў далей кіламетр за кіламетрам, натхняючыся найпрыгажэйшай у свеце прыродай, сонечнымі краявідамі і чуткімі гаворкамі з тамтэйшымі жыхарамі — пераважна маімі спадарожнікамі.

На адным з вакзалаў я выпадкова сустрэў сваіх сябровак, з якімі мяне разлучыў пунктуальны цягнік у Мінску. Амаль адразу сустрэлі яшчэ адну дзяўчыну з Кіева, якая мела раздрукаваную карту месца правядзення мерапрыемства. Застопіўшы грузавік, мы паехалі насустрач невядомаму.

На месца прыехалі пад ноч.

— Добрай раніцы!

— Што, ужо раніца? — спыталі мы.

— А, вы першы раз на вясёлцы?

Высветлілася, што на постсавесцкім абшары сярод «ваяроў Вясёлкі» існуе традыцыя вітаць адно аднаго «Добрай раніцы!» у любы час. Такім чынам яны могуць адрозніваць навічкоў.

Прыём быў вельмі цёплы — з абдымкамі і ветлівымі словамі на розных мовах.
Ветлівасць знікла, калі я паведаміў, што прыехаў як рэпарцёр — каб зрабіць артыкул пра «Вясёлку» і расказаць пра яе ўсёй краіне. Мне яшчэ раз нагадалі, каб я пытаўся ў людзей іх дазволу на здымкі. Рэшту ночы я правёў у розных лагерах, слухаючы жывую музыку і абпіваючыся гарбатай.

Раніцай, калі паднялося сонейка і ўсе паціху пачалі вылазіць з намётаў да цэнтральнага вогнішча, я зразумеў, што фотарэпартаж тут наўрад ці атрымаецца. Большасць людзей з надыходам цяпла хадзіла без вопраткі і з недаверам глядзела на мяне і камеру, што вісела на шыі.

На «Вясёлцы» ўсё дэцэнтралізавана. Існуюць сустрэчы, на якіх абмяркоўваюцца нейкія бытавыя патрэбы кшталту харчавання, транспарту, а таксама ідэі майстэрняў і тэмы дыскусій, якія ладзяцца тут кожны дзень.

Мне пашанцавала трапіць на ёгу, майстар-клас па масажы і семінар па free love. Амаль усе былі голымі. Мне было вельмі складана адчуць свабоду і адштурхнуцца ад стэрыатыпаў. Доўгі час я не мог адчуваць сябе вольна.

Пасля смачнай вегетарыянскай ежы наступіла ноч, усе размеркаваліся па вогнішчах, і з розных куточкаў лесу пачала барабаніць перкусія. Заплыў у крыштальна чыстым возеры пад бялёсым месяцам у абдымках зор пакінуў мяне на з’яданне эндарфінаў і адчаю, бо з’язджаць неабходна было раніцай.

«Вясёлка» пакінула ў мяне крыху смутку.
Пэўная згубленасць некаторых наведнікаў у межах усходніх рэлігіяў ці жаданне дыстанцыявацца ад так званага Вавілона выклікала ў мяне непаразуменне. Бо я ўпэўнены ў здольнасці кожнага прадстаўніка Вавілона змяніць свае арыенціры пры наяўнасці альтэрнатывы — пры больш шырокім распаўсюдзе ідэй «Вясёлкі» — а менавіта ўстойлівага развіцця чалавецтва ў гармоніі з прыродай, павагі да бліжняга і сусветнага супрацоўніцтва назло спажывецкай сучаснасці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?