Кіраўнік лукашэнкаўскага сацыялагічнага цэнтра ECOOM Сяргей Мусіенка адказаў на пытанні «Нашай Нівы» адносна ўкраінскага крызісу.

«Наша Ніва»: Сяргей Рыгоравіч, вы ўраджэнец Украіны. Моцна перажываеце?

Сяргей Мусіенка: Канечне, гэта мой вялікі боль.

«НН»: Бачыце шляхі выхаду з палітычнага і вайсковага крызісу?

СМ: Я перакананы, што тыя, хто заварыў гэтую кашу, і павінны яе вырашыць. Калі свет на мяжы Трэцяй сусветнай вайны, не час мерацца, у каго з парубкаў даўжэйшы… Ва ўсіх вельмі многа амбіцый, а іх трэба трошку зацугляць дзеля міру і спакою ва Украіне.

«НН»: Вы верыце ў імавернасць Трэцяй сусветнай?

СМ: Калі з усіх бакоў пра гэта кажуць, то іншым разам і задумаешся. Гэта не нашы гульні, у якіх не хочацца браць удзел.

«НН»: Чаму беларускія эліты палічылі ў гэтай сітуацыі за лепшае адмаўчацца?

СМ: Занадта высокія стаўкі. Адбываецца новы перадзел свету. Калі замоўца ўсёй гэтай сітуацыі гуляе мечанымі картамі, то лепш устрымацца. Беларусь не ўнікальная ў гэтым плане краіна. Той жа Кітай, які мае аграмадныя інтарэсы ва Украіне, лічыць за лепшае захоўваць нейтралітэт.

«НН»: Нурсултан Назарбаеў выказаўся за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

СМ: Ёсць яшчэ людзі, што цвяроза мысляць. Сітуацыя вельмі запушчаная, знайсці адзіную праўду ўжо наўрад ці ўдасца. Славяне ідуць на вайну са славянамі. Гэтага і дабіваюцца замоўцы. Стандартныя механізмы ўрэгулявання сітуацыі тут ужо не дзейнічаюць.

«НН»: Чаму?

СМ: Бо разбуранае міжнароднае права. Так было ў Сірыі. З Божай дапамогай Папы вайну там удалося спыніць. Цяпер увага «Еўраньюса» перакачавала з Сірыі на Украіну. Вайна падышла занадта блізка да нашых межаў — гэта бяда. Цяпер не час разбірацца, хто вінаваты, а хто не. Час садзіцца за стол перамоваў. Не могуць брацкія краіны ваяваць. Чые ж інтарэсы яны так зачапілі? Я не ўяўляю, каб у выпадку сутычак у Алабаме ці Мічыгане з расійскага боку была такая вялізная ўвага.

«НН»: Вы абвінавачваеце ЗША?

СМ: Паглядзіце, а хто прыязджаў на Майдан? Хто казаў, чаму там няма ніводнага амерыканскага сцяга, а на наступны дзень яны з’явіліся? Чаму ў ЗША так раздражнёна ўспрымаюць спробы Германіі нармалізаваць адносіны?

«НН»: А як Вам пазіцыя Еўрасаюза?

СМ: Яна няўцямная. Я чарговы раз пераконваюся, што гэта часовы саюз, які не мае агульнага яснага бачання. На чым грунтуецца паспяховасць міждзяржаўных саюзаў? На магчымасці хуткага рэагавання. Канечне, я разглядаю вельмі пазітыўна ініцыятывы Ангелы Меркель, якая спрабуе задзейнічаць Кэмерана ў вырашэнні канфлікту. Аднымі крэдытамі, як спрабуе зрабіць тое ЕС, справу не вырашыць.

«НН»: Ці ёсць імавернасць таго, што расійскія вайскоўцы будуць на вуліцах Мінска ці Гомеля?

СМ: У гэтым жыцці нічога выключаць нельга. Але я думаю, што мы гэтага не дапусцім. І сённяшняя ўзважаная пазіцыя кіраўніцтва — таму сведчанне. Няма ніякай розніцы, ці гэта расійскі, ці натаўскі салдат будзе на нашай зямлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?