Адзін апазыцыйны дзяяч у сваім ФБ нядаўна заявіў, што сотнік, які заклікаў не прызнаваць пагадненьне, што падпісалі некаторыя палітычныя лідэры з Януковічам, ды давесьці справу адхіленьня да канца – дурань і гапон. Гэта, маўляў, ён вінаваты ў тым, што Расея акупавала Крым, і Ўкраіна знаходзіцца на мяжы вайны. І дадае, што жахліва, калі палітыкаў ніхто ня слухае, а працэсам руліць нейкі там выскачка з натоўпу.

Нібыта пагадненьне заключалася, калі ўжо не стралялі (ага, аж цэлы дзень), дык і трэба было ім кіравацца. Дзіўна, калі чалавек, які лічыць сябе беларускім палітыкам, ня памятае зусім нядаўняй гісторыі сваёй краіны, і, здаецца, зусім ня ў курсе, як такая самая пагадняльная дзейнасьць спрычынілася да таго стану, у якім мы цяпер і жывем. Абвяшчаючы замірэньне дзеля «кампрамісу», Януковіч працягваў замяняць сілавікоў на больш ляяльных. Напэўна, проста так, у парадку мэдытацыі?

Распусьціўшы Майдан, і апынуўшыся перад фактам недатрыманьня дамоваў, тройца Клічко-Яцанюк-Цягнібок ужо не змагла б пачаць усё спачатку. Ня толькі праз узмацненьне рэпрэсіўнага апарату, але і праз страту ўласнага аўтарытэту.

Інакш, кажучы ніякая дамова, якая не прадугледжвала страты рэальнае ўлады Януковічам не была б для яго абавязковай фактычна.

У Расеі ідэя пра тое, што, калі Ўкраіна хоча на Захад, то хай ідзе без «Наваросіі» ды Крыму, гучыць ужо гадоў дзесяць. Агрэсію выклікаў разварот Украіны на заходні курс, а ня тое, што Пуцін за братана Януковіча пакрыўдзіўся.

А словы сотніка былі не прыватным меркаваньнем. Гэта якраз, скажам, Яцанюк выказваўся за сябе.

Вельмі сумна, што гэты чалавек усур'ёз лічыць канцэпцыю «ляжаць-баяцца» панацэяй ад агрэсіі нэасавецкага імпэрыялізму. Калі б людзі паслухалі тады палітыкаў, украінцы б найхутчэй страцілі б тую адносную свабоду, а грамадзтва б яшчэ доўга не магло б адыйсьці ад расчараваньня, іх вера ў ідэалы ды саміх сябе засталася б утаптанай у разламаную брукаванку на плошчы. А ахвяра загінулых была б змарнаваная.

«Дык што — лепей вайна? Хто адкажа за анэксію Крыма?» — задаецца пытаньнямі дзяяч. Тут гаварыць пра тое, што нежаданьне жыць у імпэрыі ёсьць віной ўкраінцаў у агрэсіі – гэта жахлівае спалучэньне палітычнай бесталковасьці з беспрынцыпнасьцю. І няхай нас Бог уберажэ ад такіх палітыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?