Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама адхілены ад працы, ён падазраецца ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

У гарвыканкаме паведамілі, што начальнік аддзела з 5 мая ў адпачынку. «Пакуль ідзе следства, ён адхілены ад працы, але ніхто яго не звальняў», — дадалі ў прыёмнай.

У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама пацвердзілі, што ў дачыненні да чыноўніка вядзецца следства па факце крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учыненага ў буйным памеры (ч. 3 арт. 210 КК). Санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч у каментарыі БелаПАН падкрэсліў, што абвінавачанне чыноўніку пакуль не выстаўленае, сума шкоды ўстанаўліваецца.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, у 2011—2012 гадах начальнік аддзела адукацыі ўвайшоў у змову з дырэктарам прыватнага прадпрыемства — сваячкай, зрабіў за сродкі бюджэту закупку ў яе будматэрыялаў па відавочна завышаным кошце.

Шаршаневіч падкрэсліў, што мера стрымання ў дачыненні да падазраванага не абіралася. Аднак вядома, што на яго маёмасць, у тым ліку на некалькі аб'ектаў нерухомасці, накладзены арышт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?