Доўг Беларусі за спажыты расійскі газ расце і ўжо перавысіў 200 млн. долараў, заявіў журналістам у Маскве 31 мая намеснік старшыні праўлення ААТ «Газпром» Аляксандр Мядзведзеў.

«Ёсць неплацяжы ў адрас беларускай кампаніі (маецца на ўвазе ААТ «Газпром трансгаз Беларусь») з боку беларускіх спажыўцоў. Ужо там сума назапасілася вельмі і вельмі сур`ёзная — ужо за 200 млн. долараў».

Прадстаўнік «Газпрома» выказаў здагадку, што беларускія спажыўцы «не самі па сабе вырашылі так плаціць, а ім нехта падказаў». «Мне здаецца, гэта не лепшы спосаб», — дадаў ён.

Нагадаем, у пачатку мая стала вядома, што ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» звярнулася ў міжнародны арбітражны суд пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце з іскам у дачыненні да беларускіх газазабеспячальных арганізацый «у сувязі з наяўнасцю запазычанасці з боку газазабеспячальных арганізацый па аплаце пастаўленага прыроднага газу».

Магчымасць зніжэння для Беларусі цаны на прыродны газ, а таксама сітуацыя вакол запазычанасці за пастаўленыя рэсурсы абмяркоўвалася 30 мая на сустрэчы віцэ-прэм`ераў Расіі і Беларусі Аркадзя Дварковіча і Уладзіміра Сямашкі. Па яе выніках Дварковіч паведаміў, што «прагрэсу няма».

Раней міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак заяўляў, што цяперашняя цана паставак расійскага газу для Беларусі складае 132 долары за тысячу кубаметраў. Паводле дадзеных расійскага Мінэнерга, доўг Беларусі перад «Газпромам» за першыя чатыры месяцы 2016 года складаў больш за 125 млн. долараў.

У сваю чаргу міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык і віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка адмаўлялі наяўнасць доўгу. Патупчык заяўляў, што Беларусь лічыць справядлівай цану на расійскі газ, які пастаўляецца ў рэспубліку, 73 долары за тысячу кубаметраў. Ён таксама падкрэсліваў, што беларускі бок «гаворыць не аб скідцы, а аб рыначных роўнадаходных цэнах» на газ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?