Палітык і журналіст Сяргей Навумчык прыехаў на радзіму пасля 20-гадовай эміграцыі. У 1996 годзе Навумчык разам з Зянонам Пазняком пакінулі Беларусь, бо ім пагражала крымінальная справа за арганізацыю масавага шэсця «Чарнобыльскі шлях».

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

24 мая 2016 Сяргей Навумчык прыляцеў з Прагі ў Мінск. Гэта быў прыватны візіт, накіраваны ў першую чаргу на сустрэчы з роднымі і блізкімі людзьмі. Спадар Сяргей быў у Мінску, Віцебску, Глускім раёне. Пасля тыдня знаходжання Навумчыка ў Беларусі мы папрасілі яго падзяліцца сваімі ўражаннямі ад убачанага на Радзіме.

Суразмоўца адразу падкрэсліў, што ў асноўным будзе гаварыць пра рэчы, не звязаныя з палітыкай, бо ў палітычным плане ў Беларусі нічога не змяняецца на працягу многіх гадоў. «Мае ацэнкі і погляды тут застаюцца ранейшымі», — кажа Сяргей Навумчык.

1. Мінск — гэта магутная еўрапейская сталіца

«Калі мы ляцелі ў Мінск, я паабяцаў сабе не казаць нічога кепскага пра Беларусь пры 14-гадовай дачцэ Ані, якая ўпершыню наведвае гістарычную радзіму (пры гэтым яна мае беларускае грамадзянства). Ведаеце, гэта як прывезці дзіця ў бацькоўскую хату і казаць, вось тут нешта непафарбавана, шкло трэснутае, ганак асунуўся. І нават калі жонка Галіна нешта не вытрымлівае і крытыкуе, то я нічога кепскага не кажу.

Найперш адзначу, што Мінск – гэта магутная еўрапейская сталіца. Я хачу менавіта падкрэсліць гэтае слова магутная, бо часта сутыкаешся з правінцыйнымі сталіцамі. Мінск такім назваць ніяк не выпадае. Гэта вельмі прыемны горад як у цэнтры (але трэба прызнаць, што і «Дом Чыжа», і «Кемпінскі» сілуэт цэнтра Мінска папросту знявечылі), гэтак і на ўскраінах. Я быў ва Уруччы, Сухарава, у раёне вуліц Алібегава і Чурлёніса — гэта ўсё прыстойныя еўрапейскія кварталы. Я ўпершыню пабачыў адноўлены Верхні Горад, адбудаваную Ратушу».

2. Прастор і дарогі

«Калі едзеш на машыне па Беларусі, то бачыш гэтыя бясконцыя палі і лясы, увесь прастор. Разумееш, наколькі яшчэ слаба заселеная людзьмі наша краіна, і які вялізны патэнцыял праз гэта яна мае.

Што тычыцца дарог, то яны розныя, але ў прынцыпе на дастаткова добрым узроўні. Бо і ў Італіі ёсць не ідэальныя дарогі, нават у Нью-Ёрку таксама. Жонка ехала за рулём ад Мінска да Віцебска, дык гэты адрэзак яна параўноўвала якраз з італьянскімі дарогамі».

3. Модна апранаюцца

«Мая дачка кажа, што ў Мінску людзі вельмі прыгожа і стыльна апранаюцца. Магчыма, я не настолькі добра разбіраюся ў модзе, больш кансерватыўны, але мне таксама падалося, што людзі сочаць за сваёй вопраткай, надаюць ёй шмат увагі. Існуе меркаванне, што на Захадзе, у той жа Празе ці Нью-Ёрку людзі не засяроджваюцца на сваім адзенні, гэта сапраўды так. У кожнага народа існуе свая традыцыя стаўлення да адзення. Беларусы любяць выглядаць акуратна і прыгожа. І стаўленне мінчукоў тут мне імпануе больш.

Што тычыцца людзей, то яны не сталі больш разняволенымі ў параўнанні з 20-гадовай даўніной. Калі я з’язджаў, то ў краіне быў магутны пратэставы рух, цяпер такога маштабу няма і блізка. Я б сказаў, што сёння людзі знаходзяцца ў стане палітычнай апатыі».

4. Замест «рэспублікі» сталі казаць «краіна»

«Дваццаць гадоў таму вельмі часта ад звычайных людзей (не пісьменнікаў, апазіцыянераў ці журналістаў) можна было пачуць фразу кшталту: «у нас у Саюзе», ці «у нас у рэспубліцы». Цяпер нічога такога ўжо няма. Адбыўся пэўны крэн у свядомасці людзей. І я чуў толькі: «У нас у Беларусі», ці «У нас у краіне». Я не кажу, што гэтыя людзі абавязкова будуць бараніць Беларусь у выпадку расійскай агрэсіі, але грамадзяне прывыкаюць жыць у незалежнай краіне. І гэта вельмі важна».

5. Пастаноўка «Дзвюх душ»

«Мяне вельмі ўразіла пастаноўка «Дзвюх душ» Максіма Гарэцкага ў Купалаўскім тэатры. Я, можа быць, быў на трэцім ці чацвёртым паказе, а кажуць, для таго, каб спектакль пазбавіўся шарахаватасцяў, трэба не менш за 20 пастановак. Тым не менш, мне падалося, што ў нацыятворчым аспекце гэты спектакль можна паставіць на другое месца пасля «Тутэйшых». Выдатная праца Мікалая Пінігіна.

Калі Беларусь набывала незалежнасць, то яна мела лепшыя пазіцыі ў параўнанні з суседзямі па многіх паказчыках, апроч нацыянальнай свядомасці. І гэты паказчык шмат у чым аказаўся вызначальным. На сёння ўжо Беларусь шмат у чым саступае сваім суседзям. Я б сказаў, што людзі жывуць небагата, хай і няма галечы. Тым не менш, Беларусь застаецца незалежнай краінай, а ўсё астатняе можа хутка дадацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?