Выканкам Федэрацыі хакея Беларусі на пасяджэнні 31 мая назваў Андрэя Стася найлепшым гульцом краіны па выніках сезона-2015/2016.

Найлепшым трэнерам сезона названы Міхаіл Захараў («Юнацтва», Мінск), паведаміла прэс-служба ФХБ.

Юрый Файкоў зацверджаны на пасадзе галоўнага трэнера маладзёжных зборных каманд (U17, U18 і U20). З наступнага сезона моладзевая зборная будзе выступаць у экстралізе адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі.

Спартыўны дырэктар ФХБ Аляксандр Храмылёў прадставіў папярэдні каляндар Кубка Руслана Салея (Кубка Рэспублікі Беларусь) і 25-га адкрытага чэмпіянату Беларусі. Звыклыя тэрміны правядзення турніраў будуць зменены з прычыны ўдзелу нацыянальнай зборнай у фінальнай алімпійскай кваліфікацыі з 1 па 4 верасня. Першая стадыя розыгрышу кубка пройдзе з 1 па 11 жніўня, паўфінальныя матчы будуць згуляныя ў верасні, фінал — у кастрычніку. Чэмпіянат пачнецца 8 верасня, сёмая гульня фінальнай серыі запланаваная на 5 красавіка 2017 года.

Зменены фармат авертаймаў. У выпадку станоўчага вопыту арганізацыі авертаймаў ў фармаце гульні «3 на 3» у розыгрышы Кубка Руслана Салея прымяненне новага фармату магчымае і ў матчах чэмпіянату.

Акрамя выступлення на чэмпіянаце свету, Андрэй Стась запомніўся канфліктам з журналістамі пасля прайгранага матчу з венграмі. Хакеіст адмовіўся ад экспрэс-каментарыя, а на заклік ўсё ж выказацца адказаў з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі. Старшыня ФХБ Ігар Рачкоўскі заявіў, што будзе «грудзьмі абараняць» гульца, і назваў «стукачом» і «казлом» карэспандэнта, які паскардзіўся на Стася ў Міжнародную асацыяцыю спартыўнай прэсы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?