Перспектывы супрацоўніцтва са швейцарскай трэйдынгавай кампаніяй Glencore International AG абмяркоўваліся ў пятніцу на сустрэчы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам гэтай кампаніі, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
«Шмат пра вас чуў, аб вашых поспехах ў бізнэсе апошнім часам. Напэўна, ненармальна, што такая магутная кампанія — шостая ў Еўропе — не мае ніякага бізнэсу, не мае нармальных вытворчых кантактаў у Беларусі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Хацеў бы, каб мы дамовіліся і змаглі разам працаваць па тых ці іншых кірунках», — дадаў Лукашэнка.
На сустрэчы прысутнічалі генеральны дырэктар кампаніі Айван Глазенберг і іншыя прадстаўнікі Glencore, а таксама расійскі бізнэсмэн Міхаіл Гуцэрыеў.
Glencore International AG - адзін з найбуйнейшых у свеце пастаўшчыкоў сыравінных тавараў і рэдказямельных металаў. Прадстаўляючы здабыўныя прадпрыемствы і кампаніі ўсяго свету, Glencore пастаўляе металы, мінералы, сырую нафту, прадукты нафтаперапрацоўкі, вугаль, сельскагаспадарчую прадукцыю сваім заказчыкам у аўтамабільнай, металургічнай, харчовай і энергетычнай галінах.
Гуцэрыеў і Glencore з'яўляюцца асноўнымі ўласнікамі «Русснефть», валодаючы адпаведна 60% і 25% кампаніі. «Русснефть» - шостая па аб'ёмах здабычы нафты ў Расіі кампанія.