Разам з aviasales.ru мы стварылі падборку гасцінцаў, якія трэба абавязкова прывезці дамоў з далёкай краіны, каб з гонарам казаць: я там быў!

Францыя

Спытайцеся ў любога, нават у таго, хто пра гэтую краіну ведае толькі з фільмаў «Таксі», і ён вам скажа, што Францыя — краіна віна, сыру і Эйфелевых вежак, якіх безліч прадаецца на ўсіх турыстычных вуліцах горада.

Каб прывезці дадому ўсё тое, чым багатая Францыя, спатрэбіцца не адзін чамадан. На дно валізкі можаце смела класці габелен ці французскі берэт. Ён не памнецца, бо сапраўдны французскі галаўны ўбор зроблены з якаснага фетру (і каштуе прыкладна 50 еўра). Да яго, напэўна, давядзецца набыць і французскі шалік (толькі гэта ўжо зусім іншыя грошы).

Калі вы гурман, то захапіце незвычайны ласунак — зацукраваныя фіялкі ці макавы сіроп. І тады і беларускія круасаны будуць з сапраўдным смакам Францыі.

Дарэчы, калі сярод вашых сяброў ёсць аматары павазіцца на кухні ў пошуках гастранамічных адкрыццяў, прывязіце ім дыжонскую гарчыцу ці набор з праванскімі травамі.

Вядома, раіць прывезці сувенір з выявай Эйфелевай вежы — гэта як раіць купацца ў моры, калі вы едзеце на курорт. А каб не толькі Эйфелевая вежа ўпрыгожвала вашу кватэру, прывязіце з Францыі падарунак з выявай… цыкады.

У курортных сувенірных лавачках можна набыць бірулькі, магніцікі, фігуркі, кубкі, брошкі, падвескі і скрыначкі з выявамі розных насякомых. Кошт сімвалічны.

Але што б вы ні набылі, нават калі гэта будзе маленькі сувенір з надпісам merci, адмыйце набытак добрым французскім віном. Гэта таго варта!

Калі раптам захацелася выпіць кавы з круасанчыкам, сузіраючы Нотр-Дам, то па гэтай спасылцы можна падабраць танныя авіяквіткі ў Парыж.

Германія

Піва і сасіскі — адразу не. Лепей наядайцеся імі падчас падарожжа. А вось куфаль для піва — чым не сувенір? Тым больш, іх у Германіі безліч, прычым самых розных.

З куфлем, праўда, спаць не будзеш, а вось з плюшавым мішкам — так. Мядзведзь — сімвал Берліна. Бярыце таго, хто найбольш пранікнёна глядзіць вам у вочы з прылаўка, і цягніце дадому. У пару да мядзведзя можна набыць чалавечка з ГДР — Ампельмана. На вуліцах Берліна яго можна заўважыць на святлафорах, а ў сувенірных крамах дык ён і ўвогуле паўсюль: на гадзінніках, кубках, адзенні.

Можна яшчэ купіць адэкалон. Не, не «Рускі лес» або «Саша», а сапраўдную «ваду з Кёльна». Шукайце ў крамах флакончык з надпісам «Kölnischwasser No. 4711».

Калі тры словы па-французску, якія ведаюць усе, гэта «шэршэ ля фам», то на нямецкай гэта — «квадраціш, пракціш, гуд». Рэкламны слоган самага вядомага нямецкага шакаладу «Рытар Спорт». Паверце, у Германіі вы ўбачыце столькі розных смакаў, што вам і не снілася. Выбірайце самыя экзатычныя — не пашкадуеце.

На берлінскай Французішэштрасэ месціцца самая вялікая крама Ritter Sport. Глядзіце тут танныя варыянты па авіяквітках ды накіроўвайцеся па ласункі!

Італія

Калі ў чамадане засталося месца пасля таго, як вы забілі яго макаронай, віном і сырам, то чытайце, на што яшчэ можна звярнуць увагу.

Якія ж італьянскія канікулы, калі вы не прывезяце дадому сапраўдную венецыянскую маску? Адзінае, што трэба памятаць, — яна вельмі крохкая, таму надзявайце яе проста на сябе. У аэрапорце вы дакладна не застаняцеся незаўважаным.

Самай цяжкай рэччу ў вашым багажы можа апынуцца не бутэлька аліўкавага алею ці літр лікёру «Ліманчэла», а выраб з сусветна вядомага цяжкага муранскага шкла ці лялька Пінокіа.

Вам здаецца, што ў інтэр’еры вашай кватэры не хапае статуэткі Папы Рымскага? У Італіі яе можна набыць.

А наогул, не адмаўляйце сабе ні ў чым. Хочаце фігурку Калізея ці Пізанскай вежы, атрыбутыку «Формулы 1» ці гладыятараў з гіпсу — купляйце, прывозьце дадому і хваліцеся імі ўсім сябрам.

Абірайце вось тут кірункі для вашых італьянскіх вакацый, ды ў добры шлях!

Іспанія

Кажам Іспанія — чуем хамон. Выбар вялізны, вы дакладна знойдзеце нешта на свой смак.

Калі вы не аматар свініны, то дзе-дзе, а ў Іспаніі будзе што пакаштаваць. Прывязіце дадому, напрыклад, булачку Ensaimada з начынкай, што называецца «Валасы анёла». Гэта зацукраваныя ніткі з гарбуза.

Але свята жывата — далёка не ўсё, чым павінна запомніцца Іспанія.

Для душы можна прывезці ў Беларусь сонечныя кастаньеты. Іх гук не пераблытаеш ні з якім іншым, і вас круглы год будзе радаваць «рэха» гарачай Іспаніі. Часта вязуць таксама сувеніры, што нагадваюць пра карыду.

Калі з пачуццём гумару ў вас усё ў парадку, то можна прывезці Каганера. Даслоўна перакладаецца як «чалавек, які спраўляе патрэбу». Сярод такіх фігурак можна адшукаць пазнавальныя вобразы вядомых палітыкаў, культурных дзеячаў, футбалістаў і зорак эстрады. А што, хіба яны не людзі?

Саграда Фамілія, Парк Гуэль ды Камп Ноў — усё гэта можна пабачыць не толькі на выявах у Вікіпедыі. Абірайце танныя авіяквіткі ў Барселону і вандруйце!

Швецыя

Не, ні ў якім разе са Швецыі не трэба весці шведскую сценку. Ці, напрыклад, Карлсана. Гэты мужчына ў поўным росквіце сіл — не самы папулярны персанаж.

Сапраўдныя шведскія сувеніры — гэта драўляныя конікі Дала або статуэткі вікінгаў. Таксама ёсць вялізны выбар сувеніраў з выявай лася.

Ласёў у Швецыі любяць не толькі на карцінках: паштэт з ласяціны ідзе ў турыстаў на ўра.

І вы, напэўна ж, чулі пра такі шведскі далікатэс, як сюрстромінг? Гэта кансерваваны «падгуляны» селядзец. Калі ваш нос занадта далікатны, не адкрывайце селядзец у памяшканні. Ад рэзкага паху збівае з ног.

Найтанней дабрацца да Стакгольма беларусу будзе з Вільні. Але можна ляцець і наўпрост з Мінска.

Нідэрланды

З гэтай краіны трэба везці ўсё, што звязана з млынамі, цюльпанамі або драўляным абуткам (кломпамі).

Выбар сувеніраў багаты. Асабліва каларытна глядзяцца статуэткі двух дзетак ці розныя варыяцыі галандскіх домікаў.

Зноў жа, не можам не параіць галандскі сувенір для людзей са спецыфічным пачуццём гумару — дэкаратыўны прэзерватыў. Прадаюцца такія штуковіны, вядома, у квартале чырвоных ліхтароў. У краме вы знойдзеце начэпнікі ў выглядзе Гамера Сімпсана, Эйфелевай вежы, млына.

Калі казаць пра гастранамічныя сувеніры, то галандскі сыр і галандскія вафлі — тое, што абавязкова прыйдзецца даспадобы.

Па гэтай спасылцы можна паглядзець усе магчымыя варыянты па авіяквітках у Амстэрдам.

Ісландыя

Калі вас якім-небудзь ветрам занясе на прасторы Ісландыі, то раскрывайце чамадан шырэй, каб у яго змясціліся вырабы з вулканічнай лавы і смярдзючая акула.

Што датычыцца акулы, то гэта самы папулярны гасцінец з Ісландыі. Называецца хакарл. Мяса страўніка або мышачнай тканкі акулы папярэдне закопваюць у зямлю на 6—12 тыдняў. Пакаштуйце, але папярэдне зацісніце нос.

Абавязкова набудзьце ў Ісландыі швэдар. Цёплы сувенір з традыцыйным ісландскім арнаментам гарантавана сагрэе беларускай зімой. Не горш за швэдар сагрэе і ісландская гарэлка з бульбы або гарчыца.

А калі вы патрацілі ўсе грошы і ў вас засталася толькі дробязь, смела прэзентуйце сябрам ісландскія манеткі — яны ж такія прыгожыя! Яшчэ адзін бюджэтны варыянт падарунка з Ісландыі — чорны пясок з пляжу. Набірайце ў маленькія слоічкі і дарыце знаёмым.

З Мінска наўпрост у Ісландыю ніяк не дабрацца. Трэба шукаць іншыя варыянты, напрыклад, з Вільні.

Грэцыя

Было б дзіўна, калі б з краіны, дзе ёсць усё, не было чаго прывезці.

Калі ў дзяцінстве вашай любімай кнігай былі «Міфы Старажытнай Грэцыі», то парадуйце сябе грэчаскай керамікай. Яна традыцыйна аздобленая асаблівым арнаментам — залатыя грэчаскія матывы на чорным фоне.

Адзін з самых распаўсюджаных незвычайных сувеніраў з Грэцыі — кубак Піфагора. Або, як яго таксама называюць, кубак сквапнасці. Калі наліць у яго віно ці любую вадкасць вышэй за практычна незаўважную метку ўнутры, то напой выльецца.

З Грэцыі многія прывозяць «сваякоў» Спанч Боба — марскія губкі. Яны каштуюць нядорага, а ў гаспадарцы могуць спатрэбіцца.

Калі браць аліўкі, то іх можна везці ў кансерваваным выглядзе, у выглядзе алею ці ў складзе касметычных сродкаў.

Абірайце танныя кірункі і збірайцеся ў дарогу!

Падсумоўваючы ўсё сказанае, хочацца дадаць толькі адно: што б вы ні прывезлі з падарожжа, эмоцыі і ўражанні — галоўнае, як ні круці.

Партнёрскі матэрыял з aviasales.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?