Лічыцца, што прыкладна кожны восьмы чалавек ва ўзросьце за 50 год мае дэфіцыт вітаміну B12. Таксама і строгія вэгетарыянцы маюць падвышаную рызыку хранічнага недахопу гэтага рэчыва.

Вiтамiн B12 (кабаламін) знаходзiцца амаль выключна ў прадуктах жывёльнага паходжаньня: мясе, рыбе, малочных прадуктах, яйках. Строгія вэгетарыянцы, якія такіх прадуктаў не ўжываюць, не павінны забываць пэрыядычна прымаць гэты вітамін у выглядзе дадаткаў, папярэджвае Радыё Свабода.

Функцыі B12

Вітамін B12 неабходны для вытворчасьці чырвоных крывяных клетак альбо эрытрацытаў. Эрытрацыты, у сваю чаргу, неабходныя для транспарту кіслароду ў крыві.

Акрамя таго, вітамін В12 неабходны для належнага функцыянаваньня нэрвовай сыстэмы: B12 падтрымлівае ў здаровым стане абалонку нэрвовых валокнаў і гарантуе іх нармальны рост.

Разам з фалійнай кіслатой (вітамінам B11) B12 адказвае за сынтэз ДНК і РНК. Актывацыя фалійнай кіслаты ў нашым арганізьме залежыць ад наяўнасьці B12. То бок, дэфіцыт B12 можа прывесьці і да дэфіцыту фалійнай кіслаты.

Колькі B12 нам патрэбна

В12 зьяўляецца адзіным водараспушчальным вітамінам, які наш арганізм можа назапашваць і захоўваць доўгі час. Наша печань мае запас В12 — прыкладна 2-5 міліграм. На першы погляд, гэта няшмат. Але рэкамэндуемая сутачная норма вітаміну B12 для жанчын і мужчын ва ўзросьце 19-70 гадоў — 2,8 мікраграма. Гэта колькасьць параўнальная з вагой атраманту у кропцы ў канцы сказу!

Так што запасу ў печані можа хапіць на 2-5 гадоў, у сярэднім — на тры гады. Так што асобам, якія цалкам выключылі са свайго рацыёну ўсе жывёльныя прадукты, запасу B12 можа хапіць на тры гады.

Як арганізм спажывае В12

Аднак дэфіцыт B12 — досыць частая зьява, у тым ліку і сярод мясаедаў. Чаму? Дэфіцыт гэтага вітаміну часьцей за ўсё ўзьнікае не з прычыны яго недастатковасьці ў рацыёне, а з прычыны парушэньня яго ўсмоктваньня.

Вось, коратка, як адбываецца гэты працэс. У страўніку пад дзеяньнем салянай кіслаты і энзыму пэпсіну адбываецца вызваленьне B12 з прадуктаў харчаваньня.

Далей у тонкай кішцы B12 злучаецца з так званым унутраным фактарам (таксама вядомым як фактар Касла) і падарожнічае разам зь ім да канца тонкай кішкі. Там адмысловыя рэцэптары распазнаюць вітамін B12 (але толькі калі ён у кампаніі фактару Касла!), пасьля чаго пачынаецца паступовае ўсмоктваньне вітаміну B12 ў кроў.

B12 ў малых дозах пастаянна паступае ў жоўць, далей — у кішэчнік, і адтуль ён зноў трапляе ў кроў. Цыкл працягваецца доўгія месяцы.

Прычыны дэфіцыту

Недахоп у арганізьме салянай кіслаты альбо ўнутранага фактару (як у выпадку з атрафічным гастрытам) прыводзіць да таго, што вітамін B12 не засвойваецца. У такім выпадку неабходныя ін’екцыі (раз у некалькі месяцаў) або назальнае спажываньне вітаміну B12.

Парушэньне ўсмоктваньня вітаміну В12 можа таксама быць наступствам панкрэатыту, страўнікава-кішачнага хірургічнага ўмяшаньня або прыняцьця некаторых мэдыкамэнтаў.

Часта B12 бракуе ў асоб сталага ўзросту, бо ў іх часьцей не хапае альбо салянай кіслаты, альбо ўнутранага фактару.

Наступствы дэфіцыту

Дэфіцыт вітаміну В12 можа правесьці да так званай мегалабласнай анэміі. Некаторыя сымптомы: стомленасьць, галавакружэньне, пачашчанае сэрцабіцьце, звон у вушах. Гэтая форма анэміі часьцей сустракаецца ў асоб сталага ўзросту, але іншыя ўзроставыя групы ад яе не застрахаваныя.

Да таго ж, дэфіцыт вітаміну В12 можа мець нэўралгічныя наступствы: паколваньне ў пальцах (парэстэзія), страта памяці, парушэньне каардынацыі, мышачная слабасьць у нагах. Крытычны дэфіцыт B12 прыводзіць да незваротнага пашкоджаньня нэрваў і паралічу.

Ні ў якім разе ня варта займацца самалячэньнем. Калі вы выявілі ў сябе якія-небудзь з вышэйапісаных сымптомаў, зьвярніцеся па мэдычную дапамогу. Па выніках аналізаў лекар паставіць дакладны дыягназ і прызначыць адпаведнае лячэньне.

Дзе браць B12

Як гаварылася вышэй, вітамін B12 утрымліваецца практычна выключна ў прадуктах жывёльнага паходжаньня. Водарасьці, грыбы і фэрмэнтаваныя соевыя прадукты ўтрымліваюць некаторую колькасьць B12, але ў не актыўнай форме. Лічыцца, што B12 з расьлінных крыніц не засвойваецца.

Наступныя харчовыя прадукты маюць істотную колькасьць B12:

• 1 шклянка нятлустага малака (150 мл): 0,6 мкг;
Ёгурт зь нізкім утрыманьнем тлушчу (200 мл): 1 мкг;
• 1 кавалак прыгатаванай ялавічыны (75 г): 2,5 мкг;
• 1 кавалак прыгатаванай сьвініны (75 г): 0,8 мкг;
• 1 кавалак прыгатаванай траскі (100 г): 2,0 мкг;
• 1 яйка: 0,6 мкг.

Цікавы факт: мікрахвалевая печ разбурае B12.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?