Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў, знаходзячыся ў адпачынку ў нацыянальнай турыстычнай зоне «Аваза», склаў тэкст песні «Спартыўны Туркменістан», а яго 16-гадовы ўнук Керымгулы паклаў словы на музыку. «Падчас адпачынку прэзідэнт Туркменістана нязменна імкнецца ўдзяліць час заняткам музыкай альбо пісьменьніцкай і навуковай працы», — адзначае Turkmenportal.

Працэс стварэння песні, якая была тут жа выканана, фіксавалі тэлекамеры туркменскага тэлебачання. Сюжэт пра гэта апублікаваны на канале «Хроніка Туркменістана» у YouTube.

Песня пачынаецца словамі на туркменскай: «Спорт! Туркменістан! Выдатная «Аваза»! Прасціраецца Шаўковы шлях». Унук прэзідэнта пераклаў тэкст на англійскую мову, пасля чаго пачаў складаць музыку. «Праслухаўшы першыя акорды, кіраўнік дзяржавы адзначыў своеасаблівасць мелодыі і даў шэраг парадаў адносна далейшай прапрацоўкі яе галоўнага матыву, танальнасці і рытму», — гаворыцца ў паведамленні.

Пазней аўтары песні праспявалі яе ў стылі рэп, прэзідэнт граў на сінтэзатары, а ўнук — на гітары. Прычым куплеты спявалі па чарзе — прэзідэнт на туркменскай, а ўнук — на англійскай мове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0