Трагічная гісторыя адбылася ў Салігорску ў пачатку сакавіка.

38-гадовая Вольга Усік паўтара года таму выйшла замуж. Праблем са здароўем Вольга не мела, хранічных захворванняў таксама. 

Вольга зацяжарыла — гэта было яе першае дзіця.

Вольга Усік.

Вольга Усік.

«Яна здавала аналізы і ляжала ў Мінску на абследаванні ў пачатку цяжарнасці — усё ж узрост. Але ўсе было нармальна. Ніякіх праблем лекары не бачылі, усё працякала абсалютна нармальна, — распавяла «Нашай Ніве» Паліна, стрыечная сястра Вольгі. — Пасля праходзіла абследаванні. Таксама ніякіх праблем дактары не бачылі».

Нараджаць Вольга мусіла 24 сакавіка.

Праблемы пачаліся ў мінулую суботу, 2 сакавіка. У Вольгі падвысіўся ціск, спачатку да 130, потым да 145. Жанчына звярнулася да доктара, і яе паклалі ў аддзяленне паталогіі цяжарнасці.

Увесь панядзелак, 4 сакавіка, ёй ўводзілі кропельніцы і давалі таблеткі, каб знізіць ціск. У той жа дзень папярэдне запланавалі кесарава сячэнне, але толькі на сераду, 6 сакавіка.

«4 сакавіка Вользе зрабілі УГД. Лекары сказалі, што ў малога слаба б'ецца сэрца, — узгадвае Паліна. — 5 сакавіка ўдзень ёй званілі, яна казала, што хадзіла па кабінетах. А пад вечар Вользе дактары паведамілі, што ў малога сэрца не б’ецца, ён памёр унутры яе.

Дактары сказалі, што трэба тэрмінова выклікаць роды, каб пазбавіцца мёртвага дзіцяці».

У той жа вечар дактары выклікалі штучныя роды. Вольга нарадзіла мёртвае дзіця. Гэта быў хлопчык.

Вользе далі малога, яна абняла яго, пацалавала і самлела. Больш яна не апрытомнела.

«Мы дакладна не ведаем, што здарылася. Ходзяць чуткі, што быў разрыў маткі, але дактары гэта нібыта абвяргаюць.Сваякі кажуць, што Вользе рабілі пераліванне крыві, шмат крыві прывозілі ў аперацыйную, — распавядае Паліна. — Вядома, што раніцай 6 сакавіка ў Салігорск тэрмінова прыбылі дактары з Мінска, да Вольгі. Я не ведаю дакладна, што яны там рабілі… Бачыла толькі ўжо пасля цела сястры, напэўна, стаяла куча кропельніц, бо ў яе былі сколатыя рукі і ногі…

6 сакавіка ноччу Вольга памерла».

Па словах сястры, да родаў Вользе ставілі дыягназ — перадэклампсія. Гэта праблемы з артэрыяльным ціскам. Але гэты дыягназ дастаткова бяспечны пры належным доглядзе дактароў.

У заключэнні аб смерці прычынамі смерці названы крывацёк атанічнага характару ў раннім пасляродавым перыядзе і вострая жалудачкавая недастатковасць. Гэта значыць, быў крывацёк з маткі і не вытрывала сэрца. Атанічны крывацёк развіваецца хутка, нават сучасная медыцына не заўсёды здольная яго спыніць.

Нармальная страта крыві ў жанчыны пасля родаў — 0,5% ад масы цела жанчыны. Скажам, пры вазе 70 кг гэта прыкладна 350 мл. Матка пасля родаў пачынае скарачацца, дзякуючы гэтаму крывацёк спыняецца. Аднак бывае атанія, калі матка цалкам губляе тонус, не скарачаецца. Такое здараецца прыкладна ў 2—3% ад усіх родаў, але толькі ў адзінкавых выпадках лекарам не ўдаецца жанчыну выратаваць.

«Мёртвае дзіця забралі ў Мінск, сказалі, праз месяц будуць вынікі аналізаў, — кажа сястра Вольгі. — 7 сакавіка цела дзіцяці аддалі сваякам».

8 сакавіка дзіця разам з мамай пахавалі ў адной труне.

«Перад сям’ёй нават не выбачыліся. Выдалі заключэнне аб смерці — і ўсё. На кантакт з сям’ёй ніхто з медыкаў не выходзіў, — сцвярджае Паліна. — Муж Вольгі цяпер нібыта не тут знаходзіцца. Гістэрык няма. Але ён у шоку».

«Наша Ніва» звяжацца з дактарамі і Міністэрствам аховы здароўя ў панядзелак, каб яны расказалі, чаму здарылася такая трагедыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?