«Так званая «Вялікая размова» з Лукашэнкам — велізарны піяр і спектакль з мізэрам загадзя не падрыхтаваных эпізодаў, — лічыць Елісееў. — Тое, што за сем гадзінаў не было сказана амаль нічога новага, — для Лукашэнкі не праблема.

Сутнасць доўгай гаварыльні — зусім не ў нейкіх канкрэтных цытатах і выказваннях. Іх усе, якасна новыя, можна было выкласці за 10 хвілін, а не за 7 гадзін. Значнасць «Вялікай размовы» была ў кантэксце і выкладзеных дзяржпрапагандай наратывах:

— Фактычна «Вялікая размова» стала водападзелам другой, больш актыўнай фазы прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі. Сама кампанія пачалася яшчэ ў мінулым верасні і ідзе поўным ходам ужо паўгода, — піша Елісееў. — Той факт, што Лукашэнка адназначна выказаўся, што будзе балатавацца зноў, проста пазначыў старт наступнай фазы кампаніі.

— Замацаванне вобразу надзвычай адкрытага, мудрага кіраўніка, спагаднага да праблем «простых людзей». Захапленню дзяржпрапаганды не было мяжы: «Далёка не кожны лідар на такое адважыцца», «Сваё пытанне мог адправіць любы ахвотны», «За прэзідэнтам у жывым эфіры без сумневу глядзела ўся Беларусь» (стварэнне ілюзіі міфічнай праўладнай большасці).

Уся сутнасць у гэтым прагоне на тэлеканале «Беларусь-1»: «Усіх экспертаў прэзідэнт выслухаў уважліва і не перапыняў. На пытанні адказваў грунтоўна і з аргументамі, задаючы высокую планку ў палітычнай культуры. Нам бы, журналісты і эксперты, паміж сабой так навучыцца размаўляць!.. Ні фэйкаў, ні хайпу, ні фабрык ботаў і пастановачных тэлешоу. Ніводнаму тэлеканалу і парталу, як у ЕС, рот не закрылі, замежнымі агентамі не абвясцілі. Ніводнаму журналісту за нязручныя пытанні мікрафона, як у Штатах, не адключылі».

— Цікавы зрух вялікага наратыву «я сам адзінаўладна вырашаю як пасланец народа» на «я патрыярх, але вы ўсе таксама ў справе і несяце адказнасць». Ён узнік не цяпер, але ярка выявіўся ў «Вялікай размове». Правёўшы вельмі грубую аналогію, Лукашэнка ўсё больш яўна прэтэндуе на ролю брытанскай каралевы: жаданне валодаць бязмежным аўтарытэтам і ўладай (у беларускіх рэаліях, дзякуючы цалкам падкантрольным СМІ і ўсім галінам ўлады) і быць галоўным па змаўчанні, але пры гэтым усю адказнасць за падзеі ў розных сферах адводзіць канкрэтным чыноўнікам або сегментам сістэмы (у тым ліку і праўладным экспертам), якія знаходзяцца пад ім. Гэта замах на нешта большае, чым статус кіраўніка «суперпрэзідэнцкай» рэспублікі. Верагодна, у гэтым кірунку Лукашэнка і хацеў бы памяняць канстытуцыю.

Гаворка пра тое, што Назарбаеў дазволіў сабе ў 2010 годзе, а Рахмон — у 2016 годзе — пра статус лідара нацыі (хай і не ў гэтай тэрміналогіі), які забяспечыў бы пажыццёвы імунітэт ад судовага ці іншага пераследу для яго і яго сваякоў, недатыкальнасць актываў, дзяржзабеспячэнне і абавязак дзяржорганаў узгадняць з ім усе асноўныя ініцыятывы ўнутранай і замежнай палітыкі краіны нават пасля пакідання пасады прэзідэнта і інш. Статус гэты можа быць заснаваны спецыяльным законам, як гэта было зроблена ў краінах Цэнтральнай Азіі, але ў сувязі з гэтым некаторыя праўкі ў палітычны лад і неабходную адсылку прыйдзецца ўнесці і на ўзроўні Канстытуцыі.

Прыдумляць тут моцна нічога не давядзецца. За аснову можа быць узяты Канстытуцыйны закон Рэспублікі Таджыкістан ад 14 лiстапада 2016 года. Толькі паправіць Таджыкістан на «Беларусь» і яшчэ мінімальныя моманты. У астатнім усё паважна адпавядае наратыву дзяржпрапаганды. Вось вытрымка: «Заснавальнік міру і нацыянальнага адзінства — Лідар нацыі — з'яўляецца выбітнай гiстарычнай асобай нацыі… якая зрабіла заўважны ўнёсак у стварэнне сістэмы дзяржаўнасці суверэннага Таджыкістана, усталяванне канстытуцыйнага ладу, дасягненне міру, нацыянальнага адзінства і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй 1994 года абраны ўсенародным галасаваннем першым Прэзідэнтам Рэспублікі Таджыкістан, які зрабіў годны ўклад у пабудову суверэннай, дэмакратычнай, прававой, свецкай і сацыяльнай дзяржавы, прадухіліў распад нацыі, знікненне дзяржавы і выратаваў народ ад грамадзянскай вайны, які ажыццявіў вялікія лёсавызначальныя здзяйсненні ў палітычным, сацыяльна-эканамічным, культурна-гістарычным развіцці незалежнай дзяржавы Таджыкістан», — прыводзіць прыклад Елісееў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?