У дачыненні радыкальнага паэта Славаміра Адамовіча заведзеная крымінальная справа за «крадзеж, здзейснены з пранікненнем у жыллё».

Справа была заведзеная ў снежні 2018 года, апошнім часам ён знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Славамір Адамовіч, фота Радыё Свабода

Славамір Адамовіч, фота Радыё Свабода

У размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» Адамовіч не стаў расказваць падрабязнасці справы, але патлумачыў, што гаворка вядзецца пра суму каля 300 рублёў. Заяву на яго напісала іншая фізічная асоба.

Адамовіч звязвае пераслед са сваёй грамадскай актыўнасцю.

Суд адбудзецца 22 сакавіка ў Мар’інай Горцы. Адамовічу пагражаюць выпраўленчыя працы на тэрмін да двух гадоў, альбо арышт, альбо абмежаванне свабоды на тэрмін да чатырох гадоў, альбо пазбаўленне свабоды на той жа тэрмін.

***

Славамір Адамовіч быў адным з заснавальнікам Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», здабыў папулярнасць у 1990-ыя.

У 1995 годзе напісаў верш «Убей президента!», за што быў арыштаваны. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд. Пакаранне, да якога прыгаварыў Славаміра Адамовіча суд, фактычна абмяжоўвалася тым тэрмінам, які ён ужо адбыў у зняволенні.

У 1997 годзе на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.

У пачатку 2000-х эміграваў у Нарвегію, але ў 2009 годзе вярнуўся ў Беларусь і пасяліўся ў Мар'інай Горцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0